Нядаўна ў газэце «Вечерний Гродно» быў надрукаваны праект рэканструкцыі Савецкага пляцу. Замест таго, каб зрабіць увесь цэнтар места пешаходным (аддаушы яго толькі грамадзкаму транспарту), плянуецца пусьціць плынь аутамабіляў па адным з бакоў пляцу. Пры гэтым сытуацыя на вулщах Кірава і К. Маркса аніяк ня зменіцца да лепшага.

 Другая плынь аўтамабіляў будзе накіраваная па вул. Давыда Гарадзенскага, у 30 мэтрах ад Новага Замка, каля самага сэрца места. Гэга, канешне, недадасьць Замкам атракцыйнасьці для замежных і айчынных турыстаў і пераробць іх у засмуроджаны выхлапнымі газамі закуток. На тэрмін рэканструкцыі Старога мосту Замкі наогул трапяць у абцугі аўтамабільных плыняў, што пойдуць па вул. Рыбацкая. Як адаб'ецца магутная вібрацыя, што зьявіцца ў выніку гэтых пераўтварэньняў, на сьценах Замкаў і Каложы, можна толькі здагадвацца. Але вулачкі ў ваколіцах Замкаў імкліва пашыраюцца, прычым за кошт Замкавай Гары. Актыўна працуюць экскаватары і бульдозэры, а археолягаў не відаць. Апошніх, мабыць, папросту не падпусьцілі да месца работаў. Брук, якім ганарыцца кожнае эўрапейскае места і які стварае непаўторнае пачуцьцё даўніны, бязьлітасна зьнішчаны разам з асвальтам, які тонкай шэрай коўдрачкай ляжаў зьверху. На месца бруку прыходзіць усе тая ж плітка, якой сёньня выкладаецца кожны вольны лішак зямлі ў нашым месьце. Ствараецца ўражаньне, што галоўная мэта будаўнікоў - вызваліць як мага больш месца (пасекшы дрэвы, разабраўшы брукаванку і г. д.) для таго, каб пакрыць яго пліткай. Мабыць, моцных апекуноў мае недзе ва ўладных структурах гэтая плітка і яе вытворцы.

У жудасным стане знаходзіцца мост ля брамы Старога Замка, адзін з самых старых мастоў у Беларусі (ХVІІ-ХVIII стст.). Пародыя рэстаўрацыі цягнецца вось ужо некалькі гадоў. Пачалі яе зьверху, разабраушы цыгляныя парэнчы і пабудаваўшы новыя. Пры гэтым цэгла XVIII ст. знікла, а новую агароджу можна разабраць рукамі. Тое ж самае можна сказаць і пра плітку, якой пакрылі мост. I гэта ня дзіўна, бо работы вяліся ў пачатку зімы, у змаганьні зь лёдам, дажджом і сьнегам. Рэстаўрацыя апораў (самая важная справа), пэўна, і не плянуецца - з-за адсутнасьці патэнцыйных рэстаўратараў, здольных граматна яе ажыцьцявіць. Мост працягвае пакрысе разбурацца. Затое вакол вядуцца актыўныя дарожныя работы, а пад сам мост падкопваецца экскаватар. Знаходка зусім побач кавалка сьцяны з цэглы XII-XIII стст. летась магла б у іншых умовах стаць сэнсацыяй (а раптам старажытная царква?!), яе ж папросту засыпалі хутчэй, каб не перапыняць работы.

Нешта падобнае адбываецца і на Савецкім пляцы, які ў гістарычныя часы меў назву Ратушнага, а пасьля - пляцу Стэфана Баторыя. Пляц зарадзіуся у ХІV-ХVI стст. Падчас II Усясьветнай вайны яго найбагацейшае архітэктурнае аблічча панесла значныя страты. Сёньня ўлады шматгалоса крычаць пра рэстаўрацыю пляцу, аднак размова йдзе не пра аднаўленьне зьнішчаных колісь будынкаў, а пра грандыёзныя земляныя работы, у выніку якіх пад пляцам зьявяцца некалькі падземных пераходау, а сам ён будзе выкладзены ўсё той жа знакамітай пліткай. У Празе ці Варшаве напярэдадні падобных работ быў бы закладзены гракдыёзны раскоп, дзе на працягу трох ці чатырох месяцау археолягі з усёй Эўропы шукалі бы сьведчаньні мінуушчыны, якімі без сумневаў папросту набітыя нетры аднаго з самых старых сярэднявечных местаў Эўропы. Па-беларуску ўсе выглядае значна прасьцей: некалькі сумных студэнтаў корпаюцца ў маленечкай ямцы памерам каля 20 квадратных мэтраў. Часу ў іх толькі да канца траўня, калі на пляц выйдуць бульдозэры.

Зараз пяройдзем да парку імя Э. Жьлібэра. Дрэваў у ім і так было ня вельмі шмат, але напярэдадні 9 траўня парк быу канчаткова пераўтвораны ў сквэр. Уладам спатрэбілася новае месца для гучных сьвяткаваньняу, а пляц Леніна з разьмешчаным на ім помнікам “правадыру” страціў былую актуальнасьць. Вось і зрабілі перад помнікам загінулым салдатам-вызваляльнікам яшчэ адзін пляц, выкладзены пліткай, дзе будуць піць піва маладзёны, катацца роллеры і раз на год гучаць словы кшталту «Никто не забыт, ничто не забыто». На месцы помніка, праўдападобна, пахаваньняў няма, а сапраўдныя могілкі знаходзяцца далей - на месцы танцавальнай пляцоукі у парку Жылібэра. Дык вось, замест таго, каб заняцца перазахаваньнем загінулых у 1944 г. салдатаў і зьдзейсьніць гэтую сапрауды шляхетную справу (ну хто скажа, што таньчыць на костках вызваляльнікаў - гэта добра?!), была зробленая чарговая дэманстрацыя дасягненьняў айчыннай будаўнічай індустрыі.

Падобнае дзеецца па ўсім месьце. Да прыкладу, зусім нядаўна быў разбураны абсалютна цэлы ўнікальны будынак адной зь першых у Беларусі санітарна-мікрабіялягічных станцыяу па пр-ту Касманаўтаў, у якім апошнія гады месьціўся відэасалён. Будынак быў упрыгожаньнем места, аднак, на жаль, не ўпісаўся ў пляны горадабудаунікоў, за што і паплаціўся. Па вул. Антонава ж месьціцца шэдэур беларускай рэстаурацыйнай душы – гандлёвы дом «Сямашка». Будынак узьнік на месцы сьціплага, але вельмі прыгожага драўлянага дамка з цагляным фасадам. Той сумнай памяці дамок быу разбураны, а на яго месцы з новай цэглы пабудаваны падобны фасад і яшчэ два паверхі вышэй. Падчас будоулі на плоце весела зьдзеклівая шыльда з надпісам: «Реставрация дома 1910г. постройки»...

Уся апісаная вышэй сытуацыя дзеецца пры маўчаньні грамадзкасьці, работнікаў установаў культуры і адукацыі. Нехта баіцца, хтосьці скажа, што гэта яшчэ ня самае страшнае і што нашае места перажывала і горшыя часы. Але ж калі гэтыя горшыя часы надыйдуць, і будзе тады што абараняць? Ды I каму?

Валера РУСЕЛІК,

День, 26 траўня 2005 года

 

Наш каментар: Агрэсіўны, але даволі справядлівы артыкул. Прачытайце і напішыце нам.

Scroll to top