Што страціць Горадня пасля пабудовы дублёра вуліцы Вялікая Траецкая

Пра чацвёрты мост у абыход гістарычнага цэнтра, за які на працягу некалькіх апошніх гадоў змагалася грамадскасць горада, можна ўжо забыцца. Увосень быў адчынены пашыраны ўдвая Стары мост. Пашыраная вуліца Падгорная і запланаваны да будаўніцтва дублёр вуліцы Вялікай Траецкай уладамі прымаюцца як адзіна правільнае вырашэнне арганізацыі падыходаў да Старога моста. Такім чынам далейшая логіка праведзенай рэканструкцыі Старога моста непазбежна запатрабуе пераўтварэння бліжэйшых да моста вуліц (Давыда Гарадзенскага, Вялікая Траецкая, Маставая, Падгорная) у буйныя транспартныя артэрыі.

У сваю чаргу ўсе даследчыкі гісторыі развіцця Гродна адназначна сцвярджаюць, што верхняя тэраса правага берага Гараднічанкі, а таксама Падол адносяцца да найбольш старажытных месцаў пасялення людзей у нашым горадзе. Больш таго, мінскі архітэктар Ю. Кішык пераконвае, што Гродна ўзнік якраз там, дзе сучасныя гарадзенскія ўлады збіраюцца вывесці з даліны Гараднічанкі на верхняе плато вуліцу-дублёр Вялікай Траецкай, зрыўшы ўсё гістарычнае гарадзішча. Давайце больш уважліва прыглядзімся да гэтых двух цяпер рэдка абстаўленых будынкамі тэрыторый.

На ўсіх вядомых старажытных гравюрах і картах гэтыя раёны пакрыты густой сеткай квартальных забудоў, гэта як і бедная драўляная забудова, так і мураваныя сядзібы магнатаў і шляхты. Асабліва вылучаюцца на Падоле палацы XVIII ст. Агінскіх, Мураўскіх, Пшэздзецкіх, Сапегаў, Александровічаў, Радзівілаў, унікальная для гродзенскай архітэктуры царква-ратонда. Іх не вывучалі археолагі, на іх забыліся гарадзенцы, як і пра прызначэнне Падола – бойкага цеснага утульнага фасада горада з боку Нёмана. Цяпер жа праектантамі прапануецца на гэтых месцах аўтамагістраль з аўтастаянкамі і запраўкамі, якая падмінае пад сябе ўсе горадабудаўнічыя традыцыі і не прыкрыта тырчыць у занёманскай панараме гістарычнага цэнтра.

З тэрасай Гараднічанкі яшчэ больш пытанняў чым з Падолам. Усе прымаюць каштоўнасць Старога замка часоў Вітаўта, хаця ад яго засталіся толькі парэшткі (комплекс замка знаходзіцца ўдалечыні ад дарог і камунікацый, таму лёгка прызнаваць яго каштоўнасць). Але Гродна X-XV ст. – гэта не толькі адзін пагорак з ўмацаваннямі Вітаўта, не толькі пяць вежаў Старога замка. На працягу ўсёй тэрасы над Граднічанкай зямля пакуль яшчэ захоўвае старажытныя дамы, майстэрні, муры і вежы, даследаванне якіх прынесла б шмат для разумення мінулага, а музефікацыя іх – дадатковую плынь турыстаў. Раён горада паміж старым Рыбным, або Нямецкім рынкам (заканчэнне вуліцы Дамініканскай у раёне крамы “Крышталь”) і галоўнай сінагогай, што ледзь не адзіная захавалася з ўсяго гэтага раёна дасюль, можна па аналогіі з Кракавам смела назваць гродзенскім “Казімежам”, раёнам з найбольш цікавай яўрэйскай спадчынай у горадзе. Толькі каля харальнай сінагогі ў пачатку ХХ ст. было яшчэ тры сінагогі. Як цудоўна выглядаў гэты раён з яго вузкімі вулачкамі і невялікімі гандлёвымі пляцоўкамі!

Гістарычная забудова ў гэтым раёне таксама як на Падоле знішчана, але яшчэ сёння мы маем магчымасць за кошт гэтых раёнаў як бы павялічыць гістарычны цэнтр Гродна, забудоўваючы іх сучаснымі будынкамі. Як атракцыйна выглядае ідэя аднаўлення старога іудзейскага квартала з арганізацыяй у ім музея Гродзенскага гета і ўсталявання на старых могілках памятнага знака.

Што гораду лепш: мець у цэнтры дзве пустых санітарных тэрыторыі вакол вялікіх чатырохпалосных транзітных магістраляў, ці гандлёва-турыстычны мініяцюрны Падол і не менш прывабны для гасцей яўрэйскі квартал побач з замкамі і цэнтральнай плошчай?

Па-сутнасці, стварэнне дублёра вуліцы Вялікая Траецкая ставіць пад пагрозу не толькі існаванне гродзенскіх замкаў і галоўнай сінагогі, але і ставіць крыж на далейшым развіцці цэлых раёнаў гістарычнага цэнтра горада.

Адзіны правільны выхад з сітуацыі сёння – пераарыентацыя транзітных транспартных плыняў у абыход гістарычнага цэнтра горада і адпаведна ў абыход Старога моста як складовай часткі гэтага раёна. Проста не трэба імкнуцца загрузіць пашыраны рэканструяваны мост і пазбавіцца намераў пашырэння пад’язных вуліц да гэтага моста. Будаўніцтва новых дарог праз гістарычны цэнтр можа нанесці непапраўныя страты археалагічнай і архітэктурнай спадчыне горада. Прапануем шэраг выяў раёна старажытных яўрэйскіх могілак, а таксама эскіз праекта запланаванага да будаўніцтва дублёра вуліцы Вялікая Траецкая.

Эскіз праекта пабудовы дублёра вул. Вялікая Траецкая

 Карта раёна сучаснай вуліцы Вялікая Траецкая ў 1937 г., ад вялізарнага квартала паміж харальнай сінагогай і Рыбным рынкам сёння засталося толькі некалькі дамоў

Сінагога і жыдоўскія кварталы

Рыбны (нямецкі рынак) і жыдоўская забудова

 Забудова ля сінагогі. Від з даліны Гараднічанк

Выгляд забудовы па вул. Вялікая Траецкая з заходняга боку

Scroll to top