3-га красавіка ў Менску ў памяшканні інстытута БелНДІ “Горадабудаўніцтва” адбылася нарада па справе альтэрнатыўнага праекта, распрацаванага прадстаўнікамі гарадзенскай грамадскасці і сябрамі таварыства “Этна”.

У абмеркаванні прымалі ўдзел намеснік старшыні гродзенскага гарвыканкама Кунаш, галоўны архітэктар Анісімаў і кіраўнік Грамадзянпраекта Дзяшко, намеснік кіраўніка дэпартамента па ахове помнікаў Чарняўскі, супрацоўнікі міністэрства будаўніцтва і БелНДІ “Горадабудаўніцтва”.

Прадстаўнікі грамадскасці рабілі акцэнт на неабходнасць спачатку пабудаваць прапанаванае малое кальцо, а потым займацца працамі ў цэнтры, калі транзітны транспарт будзе з цэнтру выведзены і стане зразумела, ці гэтыя працы наогул патрэбныя.

Гарадскія чыноўнікі патрэбы малога кальца не адмаўлялі, ганарыліся тым, што на Фолюшы не забудавалі калідор для такога кальца коштам у 19 млрд. рублёў, але па-ранейшаму ціснулі на неабходнасць прац у раёне Вялікай Траецкай.

На пытанне аб тым, што новая вуліца пройдзе занадта блізка ад сінагогі, было адзаначана, што дарога будзе аж ў 10 метрах ад яе. Кожны жадаючы можа схадзіць пад сінагогу і убачыць, што без падсыпкі схіла дарога будзе праходзіць максімум у 6 метрах ад сцяны старажытнага храма, а ў 15 метрах ад выхаду з яго на месцы сучаснай стаянкі будзе скрыжаванне.

Па-ранейшаму выглядае туманна пытанне аб тым, хто пры ўмове пачатку будоўлі дарогі будзе займацца грандыёзнымі археалагічнымі раскопкамі ў раёне Сінагогі і Падгорнай. Спадар Чарняўскі заявіў, што гарадзенскія археолагі на гэтыя працы дазволу не атрымаюць. Хутчэй за ўсё такіх прац наогул не будзе, так што неабыякавым гарадзенцам ізноў прыйдзецца збіраць тое, што выкінуць сваімі каўшамі экскаватары.

У сваім выступленні кіраўнік гродзенскага Грамадзянпраекту спадар Дзяшко заявіў, што пабудова вуліцы-дублёра Вялікай Траецкай, працы на Падгорнай і рэканструкцыя Старога Моста – аксіёма. Пабудова новага моста ў раёне чыгуначнага немагчымая на ягоную думку з-за фінансавых цяжкасцёй. Калі рэканструкцыя Старога моста будзе каштаваць 10 млрд. рублёў, то пабудова новага з усімі пад’ездамі да яго аж 400 млрд. рублёў. Даўжыня новага моста мусіць складаць 700 метраў, вышыня апор 40-50 метраў (у Старога моста 150 метраў і 10 метраў). Названыя спадаром Дзяшко грашовыя сумы і гігантычныя памеры моста (увесь стары горад займае прастору прыкладна 1х1 км) выклікалі смех сярод мінскіх архітэктараў, маўляў, за гэтыя грошы можна адбудаваць Замкі, Фару Вітаўта, Ратушу і бадай увесь стары горад. Удакладніць адкуль узятыя такія лічбы сп. Дзяшко не змог. Нагадаем, што раней у афіцыйнай прэсе кошт новага моста называўся каля 50 млн. у.а.

У канцы нарады вядучая падсумавала усю справу. У яе выступленні ўсё звялося да таго, што галоўнае – не адступаць ад генплана, а гарадскія ўлады ўсё роўна зробяць, што ім захочацца. Стварылася ўражанне, што большасць мінскіх архітэктраў і чыноўнікаў выступаюць за пабудову новага моста, але іх насамрэч мала хто збіраецца слухаць. Адным словам хутчэй за ўсё ужо гэтым летам над далінай Гараднічанкі з’явіцца дублёр Вялікай Траецкай і да пробкі на скрыжаванні Давыда Гарадзенскага-Маставая-Парыжскай Камуны аўтамабілісты будуць ехаць ужо дзвюма вуліцамі.

Нагадаем, што праект быў высланы больш чым у дзесяць афіцыйных установаў і СМІ. Адказу пакуль не было ніводнага.

Scroll to top