З’яўленне матэрыяла пад назвай "Чаму на Стары мост не пускаюць пешаходаў" вылікала ў некаторых чытачоў адмоўныя эмоцыі. Яго аўтара вінавацілі ледзь не ў правакацыі. Але адна справа кідацца абвінавачваннямі ў пагоні за таннымі сенсацыямі, а другая справа рэальна ацаніць абстаноўку самім, у святле неабвержных фактаў, асабліва з улікам тых дакументаў, якія сёння прапануюцца чытачам.

12 ліпеня гэтага года прэм’ер-міністр краіны загадаў гарадзенскаму чынавенству падрыхтаваць план мераў па ўпарадкаванні гістарычнага цэнтра Горадні. Ужо праз месяц 13 жніўня 2007 года Ул.Саўчанка даслаў прэм’еру адказ з праектам прац па ўпарадкаванні гістарычнага цэнтра Горадні і… О ЦУДА – першым пунктам гэтай праграмы з’яўляецца будаўніцтва ў горадзе новага (чацвёртага) аўтамабільнага маста праз Нёман ў 2008-2011 гг. як працяг вуліцы Будзёнага.

Аказваецца, што гарадзенскія чыноўнікі даказваюць гарадзенцам, што пабудова чацвёртага моста для нашага горада – гэта вельмі аддаленая перспектыва, а самі патаемна плануюць пачаць будаваць чацвёрты мост ужо ў 2008 годзе. Нашто? Ды таму, што выдатна разумеюць, што задуманая і разрэкламаваная рэканструкцыя Старога моста ніякіх праблем у горадзе не вырашыць. Аднак задуманае да ажыццяўлення нельга проста так кінуць, тым больш, што на гэту ідэю столькі часу працавала афіцыйная праганда, а грошы ўжо заплочаны. Вось і працягваюць працу каля Старога моста. Хаця зараз, калі трэба акумуляваць сродкі на будаўніцтва каля новага моста, гэта рабіць зусім і не варта.

Цяпер, безумоўна, рэканструкцыя Старога Моста будзе ажыццяўляцца як мага хутчэй і як мага больш танна, каб не ўзнікла ў грамадзян пытання: ці ж нельга было пачакаць з рэканструкцыяй Старога Моста, пакуль не з’явіцца чацвёрты мост. І ці наогул патрэбна яго рэканструкцыя, калі можна было абмежавацца рамонтам.

Аднак рэканструкцыя Старога моста – гэта яшчэ не самае горшае. Разам з прапановамі, якія сталі для Горадні жыццёвай неабходнасцю (пабудова транспартнага кальца з пуцепровадамі над чыгункай, вынас з цэнтра турмы і вайсковай камендатуры і г.д.), прапануецца будаўніцтва дублёра Вялікай Траецкай. Нашто гэта рабіць зараз, калі плануецца будаваць чацвёрты мост і транспарт можна накіраваць на яго ў абыход гістарычнага цэнтра? Прычына тая самая, што і з працягам будаўніцтва Старога моста. А насыпаць многа пяску, пакласці шмат пліткі і бардзюрын – гэта куды прасцей, чым мучыцца з апорамі Старога моста.

Сёння найбольшую пагрозу для гістарычнай спадчыны нашага горада ўяўляе будаўніцтва гэтак званага дублёра вуліцы Вялікая Траецкая. Пабудова гэтай дарогі не нясе гораду ніякіх плюсаў нават у сэнсе размеркавання руху транспарта. Ва ўсім іншым гэта проста злачынства.

Па-першае – будуць знішчаны самыя старажытныя пасля Замкавай Гары археалагічныя слаі ў горадзе (прыкладна 2,5-4 метры, больш, чым на Савецкай плошчы).

Па-другое – да непазнавальнасці зменіцца рэльеф даліны Гараднічанкі. Яна будзе забрукавана пліткай і пераўтворыцца ў вялікі шэры бетонны амфітэатар.

Па-трэцяе – новая дарога рассячэ гістарычны цэнтар на дзве часткі. Замкі і Каложа будуць аддзеленыя ад рэшты гістарычнага цэнтра вялізарнай аўтамагістраллю. Тады сённяшнія пробкі на Давыда Гарадзенскага і стаянка, у якую пераўтварылі вуліцу Замкавую, будуць здавацца нечым зусім мілым.

Па-чацвёртае – пабудова гэтай вуліцы нясе пагрозу архітэктурным помнікам Горадні. Найперш Сінагозе, бо скрыжаванне новай вуліцы з Вялікай Траецкай будзе размяшчацца на месцы аўтастаянкі акурат каля ўвахода ў сінагогу. У наступную чаргу нясоладка прыдзецца і Новаму Замку, непасрэдна пад вокнамі якога пройдуць машыны па пашыранай вуліцы Давыда Гарадзенскага.

Ніякага дублёра Вялікай Траецкай быць не павінна. Грамадскасць горада і ўсёй краіны ўсімі сіламі павінна дамагацца адмены гэтага праекта.

 Дакумент аб напраўленні на ўзгадненне праекта пастановы Савета Міністраў

 Пастанова Савета Міністраў

 Праграма першачарговых працах па здзейсненні распрацоўкі і рэалізацыі праектаў рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Гродна

  Праграма першачарговых прац па здзейсненні распрацоўкі і рэализацыиі праектаў рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Гродна

 

Scroll to top