На Старым мосьце, які злучае дзьве часткі абласнога цэнтру, спынены рух транспарту. Па адных зьвестках, рэканструкцыя працягнецца да ліпеня, па іншых – да верасьня.


У сувязі з гэтым зьменены тры маршруты тралейбусаў, дванаццаць аўтобусных і шаснаццаць экспрэсных, яны накіраваны на два іншыя масты, якія існуюць у горадзе. Уся транспартная схема цалкам парушана, даўжыня некаторых маршрутаў павялічана прынамсі ў паўтары разы. Гэтую меру ўлады адклалі да другой паловы студзеня, хаця закрыцьцё плянавалася ў "год сьвіньні", які толькі закончыўся.

У цэнтры зьніклі заторы, няма больш пастаяннага натоўпу на прыпынку аўтобусаў і тралейбусаў на Савецкай плошчы, стала менш пакупнікоў у навакольных крамах. Затое ў першы вечар мы назіралі, які сотні і тысячы гарадзенцаў пешшу накіроўваліся ў дол, на Нёман, дзе над самай вадой пастаўлены пантонны мост для пешаходаў. Далей яны мусілі ўзьнімацца наверх па пагорках, каб трапіць на прыпынкі грамадзкага транспарту ў зарэчнай частцы.

Хто ведае Горадню, арыентуецца: людзям даводзіцца пешшу прайсьці лішнія паўтара-два кілямэтры, каб трапіць на працу, а ў канцы дня зноўку прайсьці гэты шлях у адваротным кірунку. Адзін з гараджанаў нам прызнаўся, што цяпер трэба выходзіць з дому мінімум на паўгадзіны раней, каб не спазьніцца. Добра, на цяперашні час няма сьнегу, а калі ён выпадзе, ды прымарозіць, хадзіць празь Нёман стане яшчэ больш турботна.

Гараджане моўчкі падпарадкаваліся, хаця пры нагодзе лаюць улады. Чаму? Таму што зрабілася яшчэ відавочней: тыя ня здольныя па-сапраўднаму зыходзіць зь інтарэсаў людзей, адпаведна вызначаць прыярытэты ў будаўніцтве і рэканструкцыі.

Можна было спакойна пабудаваць новы мост цераз раку – за некалькі соцень мэтраў ад старога, як заплянавана Генэральным плянам разьвіцьця. Улады наракалі, што пабудаваць новы каштуе даражэй, чым перабудаваць стары. Маўляў, эканомія. Але часта можна пачуць абураныя галасы: колькі грошай пайшло на рэканструкцыю Савецкай плошчы, а вуліцу Савецкую пачалі сьледам таксама выкладаць сапраўдным гранітам! Новы мост быў больш патрэбным, з брукам можна было пачакаць.

Трэба сказаць, улады абстрактна разглядалі патрэбы саміх гарадзенцаў. Яны нават не зважалі на тое, што людзі ў цэнтры гораду ня змогуць трапіць на другі бок Нёману. Толькі пасьля крытыкі было загадана ваенным паставіць пешаходны пантонны мост. Грошы на гэта не далі, часовы мост цалкам на балянсе вайскоўцаў.

Сёньня плыня транспарту накіраваная з цэнтру на ўскраіны – на масты ў Румлёве і ў Пышках (гэта назвы ўрочышчаў). Падлічана: кожнай машыне ў сярэднім давядзецца зараз праехаць лішнія пяць кілямэтраў. Такім чынам, агульны перарасход паліва за дзень будзе роўны прыблізна 15 тонам. За год гэта 5500 тонаў або чыгуначны эшалён з цыстэрнамі паліва. Калі справяцца за паўгады, значыцца зэканомяць паліва. Дарэчы, адмыслоўцы лічаць – усё гэта пагоршыць экалягічную сытуацыю ў Горадні.


Алесь Кавалёў
http://www.bulletinonline.org

Scroll to top