11 красавіка “Гродзенская праўда” надрукавала артыкул гродзенскага архітэктара Рышарда Кацынеля, пад назвай «Время наводить мосты, или как предлагается развязать гордиев узел транспортной проблемы в Гродно». Няма сумніваў, артыкул гэты эпахальны і стане вехай у гарадзенскай гісторыі. Чаму?

Ён, па-сутнасці, з’яўляецца кароткім выкладам усіх прынцыпаў гэтак званай рэканструкцыі, што вось ужо два гады вядзецца ў нашым горадзе.

Артыкул гэты з’яўляецца хаця і завуаляваным, але ўсё ж такі даволі яўным адказам гарадскіх уладаў на спробы гарадзенскай грамадскасці нейкім чынам звярнуць увагу на нерацыянальна арганізаваную рэканструкцыю транспартных плыняў горада. Аб гэтым сведчаць пастаянныя спасылкі аўтара, накшталт: “Если же кто-то думает…,” “как некоторым желающим хочется…,” “для непосвящённых скажу…, а то некоторые представители общественности интернетовскими публикациями договорились до того…” і г.д. Прыемна, адно толькі шкада, што “Гродзенская...” наўрад ці калі надрукуе дасланы ў яе рэдакцыю наш альтэрнатыўны праект.

Аўтар артыкула пачынае даволі аптымістычна, прызнае неабходнасць пабудовы малога транспартнага кальца, даўно распрацаванага гарадзенскімі архітэктрамі, быццам нават пагаджаецца з прапанаваным грамадскасцю праектам. Аднак далей падае абсалютна алагічную, адваротную паслядоўнасць рэканструкцыі транспартных плыняў:

Першы этап – рэканструкцыя Савецкай плошчы. І тут няма чаго спасылацца на падпісаны Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам у снежні 2003 года генплан Гродна. Паводле генплана плошча павінна быць пешаходнай (гл. дакументы аб парушэннях генплана).

Другі этап – запланаваная рэканструкцыя Старога моста.

Трэці этап – пабудова пад’ездаў да яго па вул. Вялікай Траецкай і Падгорнай.

Чацвёрты этап – малое транспартнае кальцо.

Пералічыўшы такую этапнасць рэканструкцыі, аўтар падводзіць вынікі: «значит, нужно решать транспортную проблему комплексно по всему городу. А это связано и с окончанием внешнего объездного кольца, и со строительством кольца внутреннего, с объездом вокруг самого ядра центра на ул. Будённого и Горького. Но на внутреннее можно попасть только с центрального моста. Другого способа на ближайшие 10 лет нет».

Адразу адзначым, “унутранае кальцо” навокал “ядра” гістрычнага цэнтра па вуліцах Будзёнага і Горкага-Траецкай-Гарадзенскага – выдумка. Пад словамі “ядро” цэнтра ў гэтым сэнсе архітэктар разумее Савецкую плошчу, што зусім не так. Прапанаваным Кацынэлем “унутраным” кальцом ядро горада, якое складаецца разам з плошчы і двух замкаў, рассякаецца шчыльнай плынню машын на дзве часткі. Гэта бачым мы ўжо сёння, калі каб перайсці каля пажарнай вежы дарогу пешаход мае на светафоры ўсяго 12 секунд, а машыны больш за хвіліну для руху. Але і гэта не выратоўвае і бліжэй да вечара і днём на вуліцы Давыда Гарадзенскага утвараюцца пробкі. І так будзе нават пры пашырэнні гэтай вуліцы на пару метраў. Затое пераўтворана ў стаянку аўтамабіляў самая старая вулка гораду – Замкавая. Затое пешаходы дабрацца да замкаў не могуць, затое турыстам будзе цікава стаяць на гэтым светлафоры, затое будзе зусім супер, калі у выніку пашырэння гэтай дарогі яна наблізіцца да Новага замка яшчэ на дзесятак метраў.

Больш таго, нават калі прыняць пад увагу ідэю кальца вакол “ядра” горада ўсё роўна паўстае пытанне: дзе логіка? Ці не лепш было б спачатку перабудаваць Траецкую, Давыда Гарадзенскага, Парыжскай Камуны і Падгорную і толькі пасля зачыняць мост. Новыя вуліцы хоць бы ў нейкай ступені залагодзілі той транспартны апакаліпсіс, які пачнецца ў цэнтры праз пару тыдняў, калі Стары мост такі зачыняць для руху.

Такім чынам самае бліжэйшае да цэнтра транспартнае “унутранае” кальцо – акурат прапанаванае ў нашым праекце кальцо, завязанае на два іншыя, апроч Старога, масты.

Да класікі “жанру” адносяцца і лічбы сп. Кацынеля наконт колькасці аўтамабіляў на Старым мосце. Маўляў, зараз праз яго ў гадзіну едзе 2500 аўто, а можна толькі 1000. А вось новы чатырохпалосны мост дасць магчымасць прапускаць адразу 3000. Наш адказ стары і той самы, 80% аўтамабіляў праз цэнтар – транзіт. Пабудуйце спачатку малое транспатрнае кальцо і патрэба у рэкантрукцыі Старога моста адпадзе сама сабою.

Хочам таксама заўважыць, што ў параўнанні з выступленнем сп. Дзяшко на нарадзе ў Мінску 3 красавіка, сп. Кацынель назваў зусім іншыя грашовыя сумы, што тычыцца рэкантрукцыі Старога маста. Калі ў сп. Дзяшко гэтая рэканструкцыя каштавала 10 мільярдаў, то ў новай публікацыі кошт вырас ужо да 30-40 мільярдаў. Як бачыце, рост у 3-4 разы. Што ж тычыцца пабудовы Новага маста каля маста чыгуначнага, то сп. Дзяшко назваў фантастычную суму ў 400 мільярдаў рублёў. Сп. Кацынель яе моцна удакладніў. Паводле яго: «В то же время строительство нового моста с подъездами обойдётся в 200 млрд. рублей, на окончание объездного кольца с путепроводом через ж.д. станции Гродно и Лососно потребуется ещё 200 млрд. и времени – не менее 10 лет». Як бачым, новы чацвёрты мост нават па іх падліках будзе каштаваць не больш 200 млрд. і гэта разам з усімі неабходнымі развязкамі, якія на многія дзесяцігоддзі вырашаць у Горадні транспартнае пытанне. Атрымоўваецца – нехта са спадароў архітэктараў мовіў, мягка кажучы, не зусім праўду.

Уводзіцца сп. Кацэнелем і экалагічны аспект. Па яго словах без рэканструкцыі старога моста і ў выпадку пабудовы малога кальца гарадзенскія аўтамабілісты дадаткова будуць спальваць 5500 тон бензіну (100 цыстэрн) коштам да 40 млрд. рублёў. Байка пра адмоўныя экалагічныя наступствы пабудовы малога транспартнага кальца асабліва здзеклівая. Растлумачым чаму па пунктах.

1. За апошні год цэнтар горада страціў не менш за палову ўсіх дрэваў, пры чым самых старых і ў найбольш загазованых месцах. Былі спілаваныя дрэвы на Замкавай гары, Савецкай плошчы, вуліцы Горкага, была спілаваная ліпавая алея каля рэстарана “Тры пескары” і спілаваныя больш 10 старых вязаў у Швейцарскай даліне, карані якіх былі пашкоджаныя “рэканструктарамі”.

2. Пададзеныя сп. Кацынелем лічбы ўзятыя з паветра, бо улічваюць толькі дадатковы кіламетраж-прабег машын па новаму кальцу вакол горада. Ніхто зараз не ў стане падлічыць, колькі бензіна спальваюць машыны на сфетафорах у цэнтры горада і будуць спальваць і надалей.

3. Дадатковы бензін, нават калі ён і будзе спальвацца на хуткасным кальцы вакол цэнтра горада, усё роўна будзе спальвацца не ў самым яго цэнтры.

Не можам таксама ўстрымацца і не даць магчымасці нашым чытачам прачытаць і ўзор вернаподданіцкай рыторыкі ў выкананні старога паважанага архітэктара: “Скажем честно, что ни у одного из предшественников нынешнего председателя облисполкома Владимира Савченко руки не доходили до градостроительных проблем. А если он взялся за их разрешение и в короткие сроки, то было бы просто преступлением проигнорировать такую инициативу, помешать этому и упустить, может, исторический шанс.» Цікава было б убачыць, як нехта з гарадзенскіх архітэктараў паспрабаваў бы перашкодзіць ініцыятыве губернатара.

У канцы свайго артыкулу сп. Кацынель, прапануе чытачам нешта накшталт рэферэндуму. Ён прапануе кожнаму адказаць самому сабе на наступныя пытанні. Аб фармулёўках гэтых пытанняў канешне можна было б напісаць болей, але і так ясна, пад каго сп. Кацынель “капае”. Таму мы адразу прапануем яму і чытачам свае адказы.

Такім чынам: 

можно ли запретить горожанам покупать автомобили и на них ездить?

Адказ: канешне нельга забараніць, але адразу папярэджваем гарадзенцаў – на час рэканструкцыі моста (г.зн. на бліжэйшыя два гады) зачыніце свае машыны ў гаражах, у цэнтар вам на іх лепш не савацца. 

хотели бы вы доезжать только до ул. Калиновского, а далее до Немана ходить только пешком?

Адказ: канешне не, толькі паводле нашага праекта без усялякай рэканструкцыі Старога Моста па вуліцах Сацыялістычная, Траецкая і Давыда Гарадзенскага ўсё роўна будзе хадзіць грамадскі транспарт, падыход пешшу ад прыпынкаў да касцёлаў, замкаў і гандлёвых аб’ектаў будзе складаць максімум 200 метраў.

можно ли запретить цивилизацию и оставить Гродно со всеми тогдашними “прелестями” на уровне ХIХ века?

На гэтае пытанне дазвольце не адказваць, яно чыста правакатарскае і дэмагагічнае, ды і застаецца вялікае пытанне, што насамрэч называць “цывілізацыяй”, ці не цяперашнюю Савецкую плошчу?

хотелось ли бы кому-то ради сдерживания некоторых эмоций возвратиться к печному отоплению, вывозке на лошадях нечистот и т.д.?

Таксама чыстая дэмагогія, ды ячшэ і не зусім сэнсава ясная “хотелось ли бы кому-то ради сдерживания некоторых эмоций” (?!)

лучше ли на улицах и площадях асфальт с канцерогенным смрадом или всё-таки бетонная плитка?

На гэтае пытанне адказваем адназначна: на вуліцах найлепш старадаўні брук, а яго ў старым цэнтры досыць, толькі бяры і здзірай канцэрагенны асфальт. Спадзяюся дзяўчаткі, якім на каблучках нязручна па бруку хадзіць, ня стануць яшчэ адным аргументам сп. Кацынэля ў дыскусіі з намі.

следует ли идти на пережигание в городе вышеуказанного количества топлива, нести убытки 40-50 млрд. рублей в год и погрузить город в экологический смог?

Аб гэтым пытанні мы, здаецца, няблага напісалі вышэй.

На заканчэнне свайго артыкула сп. Кацынель спадзяецца на патрыятызм грамадзян і просіць іх (гэта значыць ВАС), пісаць свае водгукі і развагі па тэме па адрасу: 

УП «Институт Гражданпроект», ул. Дзержинского, 2/1

ці тэлефанаваць

74-45-03 («Институт Гражданпроект»),

а таксама 

75-75-11 (рэдакцыя газеты “Гродзенская праўда”).

Ну што ж, гарадзенцы, за Вамі слова. Мы можам толькі далучыцца да просьбы паважанага архітэктара, пішыце, Ваша сумленнае слова вырашыць шмат!

 

Scroll to top