Гістарычны цэнтар Гародні ўсё больш і больш нагадвае недарэчна пабудаваныя дэкарацыі да тэатральнай пастаноўкі пра 18-е ці 19-е стагоддзе. Амаль поўная адсутнасць зеляніны, выкладзеныя плітачкай і гранітам ходнікі, гладка абтынкаваныя сцены і паўсюдная падсветка да будынкаў.

Толькі, на вялікі жаль, дэкаратыўным выглядам фасадных сценак “тэатральнае” аблічча горада і заканчваецца. За шэрагамі ружовенькіх і аранжавых фасадаў усё той жа бруд, недагледжаныя дворыкі, адсутнасць каналізацыі і гарачай вады. Грошы, якія маглі б пайсці на стварэнне нармальных умоваў для жыцця жыхароў гістарычнага цэнтра, убуханыя ў граніт, плітку і тынкоўку. Улада не робіць жыццё ў цэнтры камфортным, не спрабуе ажывіць цэнтар, а, надаючы яму выключна дэкаратыўныя функцыі, працягвае выціскаць тых, хто яшчэ жыве на цэнтральных вуліцах, у Вішнявец і Дзевятоўку. Робіцца гэта стандартным метадам – дом дзесяцігоддзямі даводзіцца да напаўразбуранага стану а пасля ўлада аб’яўляе аб тым, што будынак адрэстаўраваць немагчыма. У выніку дома няма, а на яго месцы новая пляцоўка для машын (такое ўражанне, што ўлады часам хочуць даць магчымасць размясціцца адразу ўсім машынам гарадзенцаў у цэнтры горада адначасова). Ужо высяляюць жыхароў з дома па вуліцы Калючынская 23, што каля дома купца Мураўёва на Савецкай плошчы. Больш трох гадоў на нашым сайце гаворыцца аб неабходнасці захавання гэтага дома, канешне, пры ўмове яго нармальнай рэстаўрацыі. Цяпер, гледзячы па ўсім, дом такі будзе зруйнаваны пад аўтастаянку для будучага “Мураўёў-гатэля”. Савецкая плошча ў выніку стане яшчэ даўжэйшая і будзе цягнуцца аж да кінатэатра “Гродна”. У сваю чаргу “рэканструкцыя” самога дома купца Мураўёва пераўтварылася ў чарговы падман, будынак трэці год завешаны шырмачкай і працягвае разбурацца далей. Таксама, як і разбураецца не адзін дзясятак дамоў па ўсім горадзе – дом па вуліцы Сацыялістычная 44, дом Заменгофа па вул. Кірава, некалькі дамоў па вуліцы Урыцкага, дамы на Будзёнага, Гараднічанскай, Карла Маркса і іншых вуліцах. Ды і што казаць аб дамах. Бурныя газетныя крыкі “Гродзенскай праўды” і Гарадзенскага тэлебачання аб хуткай і непазбежнай ці тое рэканструкцыі, ці тое рэстаўрацыі Старога Замка (помніце эскізы, якія друкавалі ўсе газеты?), гарадзенскай сінагогі, кірхі і іншых выключна важных архітэктурных помнікаў, так і скончыліся крыкамі. Стары Замак пычыналі рэстаўраваць восенню, пасля хуткую рэстаўрыцыю перанеслі на весну. Хутка пачнецца летам, а Стары Замак як радаваў наведвальнікаў пахамі свайго першабытнага туалета над Нёманам, так і працягвае радаваць. Тое самае і з сінагогай. Адзін час яе нават завесілі шырмачкай са слонікамі і нават павесілі прыгожы праект “рэканструкцыі”. Праект даўно знік, а шырмачку са слонікамі перавезлі ў іншае месца. Аб’ект працягвае разбурацца.

Затое рэканструкцыя гарадской шэраговай забудовы вядзецца ў самых лепшых саўчанкаўскіх традыцыях. Разбурана гарадзенская электрастанцыя, будынак якой быў узведзены аж у 1912 г. Ніхто нават не паспрабаваў заікнуцца аб магчымасці рэнавацыі гэтага выдатнага будынка і прыстасавання яго пад офісы ці майстэрні. Пасля зносу млына на вуліцы Васілька і электрастанцыі на вуліцы Будзёнага з помнікаў прамысловай архітэктуры канца ХІХ – пач. ХХ ст. у горадзе засталіся толькі піўзавод ды ваданапорныя вежы. Пры гэтым лёс піўзавода, у аснове якога знаходзіца палац XVIII ст., можа аказацца такім жа трагічным.

“Рэканструкцыя” вядзецца ўсё так жа па-варварску. У былым будынку Ленінскага РАУС па вуліцы Тэльмана знішчаюцца ўсе унутраныя перагародкі, самазвалы вывозяць тоны старой цэглы, невядома які лёс чакае дэкаратыўныя раштокі балконаў і лесвіц.

У бліжэйшы час адбудзецца знос яшчэ аднаго гістарычнага квартала Новага Свету – улады плануюць знесці ўвесь няцотны бок вуліцы Валковіча. Агулам гэта каля дзесяці цагляных і драўляных дамоў канца ХІХ ст., сярод якіх адзін з самых вялікіх і прыгожых драўляных будынкаў у горадзе – дом па вул. Валковіча 23 а таксама цагляная крамка каля яго. На месцы квартала плануецца пабудаваць краму-супермаркет. У выніку зносу гэтага квртала горад страціць яшчэ адну выключна цікавую і аўтэнтычную частку свайго аблічча, звязаную з многімі гістарычнымі асобамі. Між тым каля аднаго з дамоў па вуліцы Валковіча захавалася не толькі цагляная крамка, але і сапраўдная кузня канца ХІХ ст. з усім унутраным абсталяваннем. Гаспадар дома гатовы зрабіць з яе функцыянуючы музей, але замест музея мы у хуткім часе будзем яшчэ адну пустэчу, такую, якую ўжо амаль тры гады маем на Залатой горцы па вуліцы Горкага.

Варта адзначыць, што подласць “рэканструктараў” праяўляецца не толькі ў дзеяннях, але і на словах. Напрыклад гаворыцца аб тым, што будынак нельга захаваць, бо на яго месцы запланавана пабудова, скажам, сучаснага гатэлю. Пасля аказваецца, што ніякага гатэлю і не планавалася, а ўзведзены звычайны офісны будынак. Так аказалася з млынам 1930-х гг. насупраць заапарка. Сёння на ім вісіць расцяжка – “здаюцца памяшканні ў арэнду”, хаця раней гаварылася, што будынак прызначаны для гасцініцы.

Цэнтар Гародні ўсё больш пераўтвараецца ў Пацёмкінскую вёску. За прыгожымі фасадамі крыецца галеча мазгоў, сквапнасць, жаданне нахапаць як мага болей і звычайная недальнабачнасць. Лепшае, што можна пабачыць па-за фасадам такой “гістарычнай” Гародні – басейн для супрацоўнікаў аблвыканкама і КДБ.

 Класічны выгляд гарадзенскага дворыка ў гістарычным цэнтры. Гараднічанская 23. Будынак руйнуецца і толькі цудам ацалелы цудоўны балкон нагадвае аб былой прагажосці.

Будынак Ленінскага РАУС па вул. Тэльмана. Знішчаюцца ўсе ўнутраныя перакрыцці. Рэстаўрацыя па прынцыпу выбуха.

Квартал па вул. Валковіча хутка пойдзе пад знос

Дом па вул. Валковіча 23. Унікальны вялізарны драўляны будынак – гонар гарадзенскай архтэктуры, дажывае апошнія месяцы.

Псеўдарэканструяваны будынак млына насупраць заапарка. Арыгінальны будынак разбурылі мытывуючы тым, што на яго месцы збіраюцца пабудаваць гатэль. Гатэлю няма, памяжканні прадаюцца і здаюцца ў арэнду.

Убіраецца ў сілу будынак басейна для супрацоўнікаў аблвыканкама і КДБ. Адпачываць пасля працы змагары за народнае шчасце будуць плаваючы пад шкляным дахам.

Scroll to top