У двары дома па вуліцы Вялікая Траецкая 23 экскаватарам выкапалі вялікую яму.

 Праблема так званай “рэканструкцыі” Горадні не перастае быць актуальнай. Так літаральна за апошнія пару дзён па тэлебачанні (РТР і ОНТ) былі паказаныя актуальныя рэпартажы а таксама гарадзенскія ўлады арганізавалі прэс-канферэнцыю, на якой гаварылі пра рэканструкцыю і добраўпарадкаванне Горадні. Дарэчы, Аляксандар Антоненка, мэр Горадні, падзякаваў усім, хто пісаў пра праблему і станоўча і адмоўна, і нават тым, хто піша ў Інтэрнэт. Сама прэс-канферэнцыя прынесла мала цікавага, апроч новых стратэгічна-мілітарыстычных выказванняў архітэктара Анісімава і яго фразы, што знішчаны флігель палаца віцэ-адміністратара па вушы стаяў у… зямлі. Ул. Дзяшко ў сваю чаргу ізноў заявіў, што рэканструкцыя Старога моста – аксіёма і сказаў, што ўжо ў кастрычніку ён будзе такі зачынены на рэканструкцыю і да вясны рух па мосту будзе адноўлены. Што ж, смела і адказна, калі не лічыць, што мост абяцалі зачыніць ужо ў маі. Але найболей цікава выказаўся спадар Антоненка ў сваім інтэрв’ю для РТР, дзе заявіў, што калі у дзейнасці гарадзенскіх горадабудаўнікоў будзе знойдзена хоць адно парушэнне закона, то ён з’есць свой гальштук. Ну што, дамо яму такую магчымасць. Факт самы свежы, літаральна сённяшні. Ніжэй – фотаздымкі ямы, выкапанай экскаватарам у двары дома па вуліцы Вялікая Траецкая 23. Знішчаны культурны слой, выкінутыя чалавечыя косці, пабураныя скляпенні, і ўсё гэта ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра. Склад злачынства яўны, нават калі ў паперах археолагаў усё ў парадку. Выбірайце сабе гальштук, Аляксандр Ільіч. Спадзяемся, працэс яго з’ядання пакажуць на гарадзенскім тэлебачанні ці прынамсі надрукуюць фота ў “Гарадзенскай праўдзе”.


 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Scroll to top