19 красавіка 2007 года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры фактычна адобрыла разбурэнне значнай часткі гістарычнага цэнтра Гродна.

 Пачнем, як гаворыцца, з пачатку.

Пасля грандыёзных земляных работ на Савецкай плошчы, якія характарызаваліся злачынным знішчэннем археалагічных слаёў і гістарычнага вобліку плошчы, і пад час разбурэння квартала дамоў па вул. Горкага і адчайнага змагання за захаванне будынка “Гарачы хлеб” у Новым свеце, тыя, хто спрабаваў гэтыя будынкі захаваць, вырашылі звярнуцца ў Мінск з просьбай правесці ў Гродне Беларускую рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. На тое, што мінская рада, якая па-сутнасці з’яўляецца найвышэйшай інстанцыяй у справе аховы помнікаў у нашай Беларусі, скажа ў справе разбурэння Гродна сваё важкае слова, шмат у каго былі вялікія спадзванні, менавіта таму гарадзенцы і мінчукі пачалі пісаць у Мінск у міністэрства культуры з просьбай гэтую раду ініцыяваць.

Разбурэнне Горадні

Старая Грандзіцкая (цяперашняя вул. Горкага)

У канцы жніўня 2006 года зацікаўленыя мінчукі і гарадзенцы атрымалі ад намесніка міністра культуры РБ Грыдзюшкі ліст, у якім чорным па беламу было напісана наступнае: “Пытанні выканання рэстаўрацыйна-аднаўленчых у межах гістарычнага цэнтра г. Гродна, рэалізацыя якіх можа прывесці да істотнага змянення мятэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, плануецца вынесці на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ў парадку, вызначаным Саветам міністраў РБ. Афіцыйныя запрашэнні зацікаўленым будуць накіраваны дадаткова з вызначэннем тэрмінаў і часу правядзення паседжання.” Такім чынам і мінчукі і гарадзенцы добрасумленна чакалі раду, чакалі запрашэнняў на яе да самай вясны.

Разбурэнне Горадні

Камяніцы па вул. Горкага

Паведамленне аб тым, што рада будзе, прыйшло нечакана і трэцімі каналамі. Ніякіх запрашэнняў ніхто з тых, хто гэтую раду ініцыяваў, не атрымаў. Да апошяняга нават не было вядома, дзе гэтая рада мае адбыцца, калі яна будзе праходзіць і ці каго з грамадскасці на яе навогул пусцяць.

Так прайшла ноч з 18 на 19 красавіка.

Раніцай 19 красавіка ў чацвер члены рады паехалі на экскурсію па горадзе Гродна. Сярод членаў рады былі – Абламскі (старшыня дэпартамента па ахове помнікаў пры мінкульце РБ), Ігар Чарняўскі (намеснік старшыні), Сардараў (архітэктар з БНТУ, адзін з найбуйнейшых у Беларусі спецыялістаў па мостах), Лакотка (гісторык архітэктуры, аўтар шматлікіх цікавых манаграфій), галоўны архітэктар Менску, археолаг з Інстытута гісторыі НАНБ Ляўко і яшчэ некалькі асобаў. Кіруе радай намеснік мінстра культуры ужо цытаваны намі Грыдзюшка.

Разбурэнне Горадні

вул. Урыцкага 21 - пад знос

Экскурсія праходзіла арыгінальна, паколькі за ёй гналіся на таксі прадстаўнікі гродзенскай грамадскасці і т-ва “Этна” ў надзеі пагаварыць з членамі рады да пачатку паседжання. Сп. Мацко, што курыруе ахову помнікаў у гарадзенскім гарвыканкаме, убачыўшы прадстаўнікоў таварыства “Этна”, змянілася на твары і хутчэй заганяла радаўцаў у мікрааўтобус.

Калі ж нарэшце прадстаўнікі грамадскасці змаглі дагнаць раду, сп. Грыдзюшка зрабіў выгляд, што быў страшна ўражаны, убачыўшы Паўла Каралёва, старшыню таварыства “Этна”, хаця і ведаў, што сябры таварыства “Этна” на раду ў Гродна прыедуць. Сп. Ігар Чарняўскі рабіў выгляд, што ўвогуле нікога са сваіх знаёмых этнаўцаў не бачыць, глядзеў праз іх, як праз пустое месца.

Выйшаўшы на Савецкую плошчу члены рады былі проста ўражаныя. Архітэктар з БНТУ Сардараў сказаў: “Да, дурной прімер заразіцелен”. Сп. Чарняўскі дадаў: “Горадні больш няма, бо калі я прыязджаю ў Парыж, я хачу бачыць Парыж, а зараз, прыязджаючы ў Горадню, я бачу плошчу незалежнасці ў Менску”. Але гэта былі словы не для публікі і тым больш не для прэсы. На самой Радзе пачалося што кольвек іншае.

Па заканчэнні экскурсіі рада рушыла ў гарвыканкам, дзе яе ўжо чакалі мэр, архітэктары Кацынэль, Захарчук і некаторыя іншыя. Першы намеснік мэра Кунаш быў вельмі ўзрушаны, убачыўшы прадстаўнікоў таварыства “Этна” і хацеў іх выгнаць з самага пачатку, аднак пасля яго размовы на калідоры з намеснікам міністра Грыдзюшкам ім было дазволена застацца.

Разбурэнне Горадні

вул. Урыцкага 23 - знесены

Рада пачалася з таго, што намеснік міністра культуры Беларусі сп. Грыдзюшка сказаў: «Тут явились некоторые представители общественности и они нечто хотят нам сказать, ну так дадим им слово, а после в рабочем порядке, исключительно в составе рады и заинтересованных лиц продолжим наши заседания.» Апошнія яго словы прагучалі намёкам, што прадстаўнікі грамадскасці на ўсёй радзе прысутнічаць не будуць.

І калі кіраўнік таварыства “Этна” Павел Каралёў папрасіў намесніка міністра дазволіць прадстаўнікам грамадскасці прысутнічаць на ўсім паседжанні Рады, паколькі гэтая рада была ініцыявана менавіта грамадскасцю і праводзіцца дзякуючы грамадскасці, сп. Грыдзюшка заявіў, што тав. Каралёў памыляецца, паколькі гэтая рада – гэта зусім не тая рада, якую ініцыявала грамадскасць. Гэтая рада вырашае рабочыя пытанні і праводзіцца планава, таму прадстаўнікі грамадскасці да яе ніякага дачынення не маюць.

Разбурэнне Горадні

вул. Урыцкага 15 - пад знос

Пасля каля 5 хвілін было дадзена аднаму з прадстаўнікоў грамадскасці выказаць свае засцярогі наконт таго, што зачыненне Старога моста прывядзе да транспартнага калапсу ў цэнтры Гродна і што неабходна спачатку пабудаваць малое транспартнае кальцо вакол гістарычнага цэнтра. Прадстаўнікі рады шматзначна ў гэты час маўчалі.

Па заканчэнні выступлення сітуацыю даволі карэктна паспрабаваў патлумачыць мэр горада Гродна Аляксандр Антоненка, за што яму вялікае дзякуй, аднак ён быў фактычна перарваны Грыдзюшкам, які сказаў, што яны гэта пытанне ўжо абмеркавалі і на гэтым яго абмеркаванне скончаць.

Такім чынам самае важнае на сённяшні дзень пытанне аб этапнасці рэканструкцыі цэнтра Гродна і неабходнасці зачынення Старога моста ці пабудовы Новага моста абмяркоўвалася на радзе чыста фармальна і не больш 10 хвілін.

Разбурэнне Горадні

вул. Урыцкага 12 - пад знос

Пасля чаго сп. Грыдзюшка, усё так-жа перад сабой гледзячы, сказаў: “А теперь до свидания.” Прадстаўнікі гарадзенскай і менскай грамадскасці былі фактычна выгнаныя з паседжання навукова-метадычнай рады, якую яны самыя ініцыявалі больш паўгода таму назад.

Калі яны пакідалі залу паседжанняў, перапужаная журналістка гродзенскага тэлебачання ўсхапілася з месца і сказала: “Скажыце, а мне можна застацца?” Сп. Грыдзюшка адказаў ёй: “Можна, можна,” – і дадаў гучна-супакойваюча: “Гэта наш дзяржаўны Першы канал”.

Першым пытаннем абмяркоўваўся новы спіс гістарычных помнікаў нашага горада. Сп. Мацко выступіла з інфармацыяй па спісу. Нагадваем, што яшчэ ў 1986 годзе Савет міністраў БССР зарэгістраваў гістарычны цэнтр Гродна як адзін суцэльны помнік культуры. Так ёсць дасюль, але некаторыя дамы ўнесены ў спіс помнікаў яшчэ і асобна і ахоўваюцца асабліва.

Разбурэнне Горадні

вул. Урыцкага 5 - пад знос

Да яе дакладу было зроблена дзве заўвагі. Першая: чаму прапанаваныя помнікі не маюць ніякага навуковага апісання, чаму няма на іх грунтоўных даведак, фотаздымкаў. Яна адказала, што ёсць навуковыя пашпарты і што праца па апісанню і вывучэнню новых помнікаў вядзецца агромністая. Другая: калі раптам нейкі будынак не ўнесены ў спіс помнікаў асобна, але знаходзіцца ў гістарычным цэнтры і яго хочуць знесці, як гэтая працэдура будзе ажыццяўляцца. Сп. Мацко заявіла, што ўсё робіцца нармальна ў такіх выпадках і што гарадское начальства ведае правілы гульні і ўсё робіць законна. У якім парадку гэта робіцца і па якіх правілах гуляе сп. Мацко мы ведаем пасля зносу дома “Гарачы Хлеб”, гісторыі з разварочваннем могілак у пажарнай частцы і выкапаных зімой без усялякага археалагічнага нагляду ямаў па Гараднічанскай і Маладзёжнай. Спіс быў прыняты аднагалосна.

Разбурэнне Горадні

вул. Гараднічанская 23 - пад знос

Па другому пытанню дакладаў Грамадзянпраект. Сп. Тараненка, архітэктар з Грамадзянпраекту пачаў свой даклад. Агучаная ім прапанова кіне ў пот кожнага гарадзенца, які больш-менш ведае і любіць свой горад. Ён прапанаваў знесці агромністую частку старой Горадні паміж вуліцамі (ТРЫМАЙЦЕСЯ) Горкага – Астроўскага – Дзяржынскага - 17 верасня - Міцкевіча, фактычна ўвесь гарадзенскі Новы свет, і забудаваць гэты раён новымі будынкамі трох-пяціпавярховай вышыні. Прапаноўваецца пакінуць літаральна каля 20% гістарычных будынкаў гэтага кварталу, рэшту забудаваць дамамі для новых беларусаў (а можа і новых рускіх) накшталт таго, што будуецца насупраць аўтавакзала.

Пасля заканчэння выступу Тараненкі яго даклад быў паддадзены крытыцы членамі рады за негрунтоўнасць і недакладнасць (крытыкаваў найперш галоўны архітэктар горада Мінска). Пасля выступіў знакаміты беларускі гісторык нацянальнай архітэктуры Лакотка, які адзначыў, што любы гістарычны цэнтр – гэта не толькі каменныя кварталы ў цэнтры, але і каменна-драўляныя кварталы бліжэй да гарадской мяжы, і іх знішчэнне абядніць горад на цэлую эпоху. Склалася ўражанне, што членаў рады поста ніхто не вазіў у раён Новага свету і не паказваў ім вуліцы Міцкевіча і 17 верасня. Бо які талковы архітэктар ды тым больш гісторык архітэктуры пагодзіцца напрыклад на знос кварталу дамоў па вуліцы Горкага паміж вуліцамі 17 верасня і Міцкевіча.

Разбурэнне Горадні

вул. Сацыялістычная 44

Варта таксама адзначыць, што па ходу выступленняў членамі рады выказвалася шмат вартых заўвагаў, напрыклад, што нельга фасады дамоў у Гродне вымазваць акрылкай і рабіць з нашага горада яшэ адно штучнае Траецкае прадмесце. Аднак калі даходзіла да галасавання рада ўсё адно галасавала “за” прапановы ўладаў.

Наступнае, трэцяе, пытанне рады гучала як справа аздараўлення гістарычнага квартала па вул. Тэльмана, Кірава, Гараднічанская, Калючынская і які перасякаецца вуліцай Урыцкага (трэба Залатарскай). Дакладаў галоўны архітэктар Гродна Анісімаў.

Сп. Анісімаў найперш падзякаваў радзе, што тая дазволіла знесці будынак па Урыцкага 21/23 (дом 23 знесены літаральна тыдзень таму, дом 21 будзе знесены праз тыдзень-два) і адзначыў, што на вызваленую зямлю ўжо ёсць пакупнікі з Менску, зацікавіліся ёю і «российские ребята». Далей сп. Анісімаў папрасіў Раду дазволіць яму далей знесці наступныя будынкі ў гэтым квартале:

Разбурэнне Горадні

вул. Сацыялістычная 44

Урыцкага 5, Урыцкага 15, Урыцкага 12, Гараднічанская 23 і некалькі іншых. Мабыць і на гэтыя пляцовачкі ўжо заглядаюцца нашы расійскія браты-ребята.

На заўвагі мінчукоў-архітэктараў, што нельга забудоўваць усе дзіркі паміж дамамі, бо гэта будзе і неэстэтычна і нерацыянальна (ліквідуюцца шансы зрабіць паркоўкі), гарадзенцы пагаджаліся, махалі галовамі, але ясна, што рабіць нічога не збіраліся.

Рада праходзіла свабодна, пытанні лёсу цэлых кварталаў гістарычнай забудовы горада займалі ня больш 15-20 хвілін. Члены Рады расказвалі аб сваіх паездках у Страсбург, Фларэнцыю і жартавалі. Асабліва смешна пажартаваў сп. Грыдзюшка, адначыўшы, што “разборка” гістарычнага будынка, гэта зусім не яго знос, гэта розныя рэчы.

Разбурэнне Горадні

вул. Сацыялістычная 44

Пасля трох галоўных пачаліся дадатковыя пытанні. Першае – аб рэканструкцыі палаца ляснога адмінстратара, камплекса будынкаў, вядомых гарадзенцам як анатамічка медыцынскага факультэта насупраць “Рамбыттэхінікі”. У гэтым тызенгаўзаўскім будынку канца XVIII ст. з сярэзіны XIX ст. месцілася праваслаўнае ведамства і сёння яго гэтаму ведамству ізноў перадаюць. Дакладала дзяўчына-архітэктар па прозвішчы Шчасная, якая сказала, што паводле яе даследаванняў правы флігель палаца ў якім была раней карэтная і канюшня, у вельмі дрэнным стане, аварыйны, таму яго трэба “рэканструяваць” выбудаваўшы ў яго цэнтры царкоўку на 500 чалавек. Аказалася, што гарадзенскі архітэктар Жучко прапаноўваў радзе яшчэ колькі месяцаў таму проста знесці гэты флігель 18 стагоддзя, на што рада не пагадзілася. Зараз пад выглядам рэканструкцыі Рада санкцыянавала “разборку” большай часткі гэтага флігеля. Пад канец абмеркавання пытання сп. Чарняўскі кінуў фразу, што на праекце “рэканструкцыі” флігеля ўжо стаіць благаславенны подпіс гарадзенскага ўладыкі, што надта важна ў праваслаўі і таму справа вырашана. Вось так сп. Чарняўскі зрабіў Уладыку Арцемія саўдзельнікам свайго ўласнага зладзейства.

Разбурэнне Горадні

Флігель палаца адміністратара XVIII ст.

Асабліва шакіравала наступнае пытанне. Гарадзенскае начальства разам з архітэктарамі падняло справу “рэканструкцыі” будынка па Сацыялістычнай 44, цудоўнага мадэрновага будынка канца XIX ст. з аптэкай на першым паверсе. Рэканструкцыя была прапанавана стандартная – знос будынка і пабудова на яго месцы нечага аддалена падобнага. Члены рады, што бачылі раней гэты будынак, страшна абурыліся, а пасля… падтрымалі праект “рэканструкцыі”, запатрабаваўшы толькі ў будучыні прадаставіць яго больш дэтальна.

Асобная размова на Радзе вялася пра археалогію. Члены Рады дружна “закапалі” ўсю кафедру этналогіі і этнаграфіі гарадзенскага універсітэта, асабліва адзначаючы зладзействы гарадзенскага археолага Генадзя Сяменчука і невядома чаму яго жонкі, якія па словах сп. Чарняўскага “адпрацоўваюць гранты ў Кракаве, а родны горад ім не цікавы”. Цікава гэта, толькі хочацца запытаць сп. Чарняўскага, чаму ў красавіку-маі мінулага года ён ні разу не прыехаў у Горадню і змагарна не тармазнуў бульдозеры сп. Саўчанкі сам, а паслаў класціся пад іх дзяўчатак і хлапчукоў з “Этны”?

Разбурэнне Горадні

Флігель палаца адміністратара XVIII ст.

Кульмінацыяй Рады стаў прыезд і выступленне на ёй губернатара Уладзіміра Саўчанкі. Той безапелятыўна заявіў, што рэканструкцыя Старога моста будзе і заклікаў і Раду і мэра Аляксандра Антоненку зрабіць усё магчымае, каб працэс зачынення моста паскорыць. Адным словам мягенька прыціснуў. Атрымаў ад яго крыху нават і мэр, бо губернатар сказаў: “Дзе гэтая апазіцыя, дайце іх мне. Чаго Антоненка ім тут у ногі кланяўся”.

Такім чынам Рада аднагалосна адобрыла ўсё, што прапаноўвалася гарадскімі ўладамі. Маленькія агаворачкі, выказаныя членамі рады па некаторых пытаннях, што павінны трапіць у пратакол паседжання, нічога не мяняюць. 

Механізм знішчэння запушчаны і гарадзенскае будаўнічае начальства будзе гуляцца з гэтымі пратаколамі як захоча. Напрыклад, флігель палаца адміністратара разбураць часткова, пасля, пад маркай таго, што пачаліся нейкія незваротныя працэсы ў канструкцыі будынка і г.д., яго разваляць канчаткова. У дома па Сацыялістычнай 44 пакінуць пярэднюю сценку а потым скажуць, што яна слабая і яго разваляць. Таксама спрацуе сістэма і па Новаму свету. Атрымаўшы зялёнае святло Кацынэль і кампанія ўжо мабыць пачалі думаць, як напоўніць гэтыю тэрыторыю трох-пяціпавярховікамі, пафарбаванымі “снежкай”.

Разбурэнне Горадні

Флігель палаца адміністратара XVIII ст.

Такім чынам ў планах гарадзенскага начальства на бліжэйшыя гады:

- знішчэнне ўсяго гэтак званага Новага Свету паміж вуліцамі Горкага – Міцкевіча – 17 верасня – Дзяржынскага – Астроўскага і забудова раёна кварталамі дамоў для “новых беларусаў”.

- знос шэрагу будынкаў і выхалошчванне кварталу Тэльмана – Гараднічанская – Калючынская – Кірава.

- фактычны знос правага флігеля палаца адміністратара XVIII стагоддзя.

- фактычнае руйнаванне (з ідыёцкімі агаворачкамі) унікальнага для Беларусі і Горадні будынка ў стылі мадэрн па вул. Сацыялістычная 44.

Вось так, гарадзенцы. Рабочыя, таксісты, студэнты, інтэлігенты і ўніверсітэцкія прафесары-гісторыкі (апошнія асабліва). Праз два-тры гады ня будзе нашай Горадні і ня будзе нам чым ганарыцца. Але, атрымоўваем тое, на што заслугоўваем сваім маўчаннем. Тэлеканалы і прэса іхнія, Горадня і права любіць гэты горад таксама выключна іхняе, права казаць уголас таксама іхняе. Адзінае, чаго яны не маюць – гэта права на праўду.

Гэтая праўда на баку тых, хто мужна абараняў наш горад ва ўсе часы, ад князя Давыда Гарадзенскага, які не пускаў у Горадню крыжакаў, да Міхася Ткачова і Аляксея Карпюка, якія не давалі партыйным бонзам канчаткова панішчыць Горадню яшчэ ў 1980-х гг. Праўда на баку тых, хто шануе і любіць гэты горад, і толькі ад нас залежыць ці выкажам мы гэтую сваю праўду і зможам яе дамагчыся.

Жыве Горадня!

Scroll to top