Негатыўная і адназначная рэакцыя гарадзенскай грамадскасці на запланаваную ўладамі “рэканструкцыю” гістарычнага цэнтра Горадні, выклікала у гарадскіх уладаў сапраўдны шок. Але яны пачалі ад яго пакрысе апраўляцца. Пасля двухтыднёвага зацішша пачаўся сапраўдны абвал.

Літаральна за некалькі дзён прысвечаныя “рэканструкцыі” артыкулы надрукавалі “Савецкая Беларусь”, “Гродзенская праўда”, “Вячэрні Гродна”.

З’явілася некалькі тэлерэпартажаў. Тон усіх іх аднолькава апалагетычны. Маўляў, усё, што робіцца ў цэнтры горада выдатна.

Што і казаць. Падуладным архітэктарам, чыноўнікам ад культуры і журналістам трэба неяк абгрунтаваць будаўнічы свёрб найвышэйшага начальства, у выніку якога Горадня пераўтвараецца ў запылены шэры бетонна-пліткавы мяшок, таму прыходзіцца вычварацца. Як, напрыклад, даказаць гарадзенцам, што можна запраста знесці будынкі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, а то і XVIII стагоддзя? Бо, скажам, будынкаў Гарадніцы, узведзенай Тызенгаўзам, у Горадні засталося 11 (пасля вайны іх было больш за 20) і проста разваліць фігель палаца лясной адмінстрацыі па вул. Горкага 2, так як проста ўзарвалі восенню 1961-га Фару Вітаўта, сёння ўжо нельга. Тады быў прыдуманы наступны ход – улады аб’яўляюць гістарычныя будынкі аварыйнымі, быццам яны пасля пажару 1885 года будаваліся на хуткую руку і зараз развальваюцца. Працытуем некалькі такога кшталту выказванняў:

Уладзімір Анісімаў, галоўны архітэктар Гродна:

“Бедняки для восстановления своих жилищ собирали стройматериалы на пожарищах. Можно себе представить в каком состоянии они сейчас» (“Савецкая Беларусь”, 11 мая, 2007).

Яўгеній Басаў, галоўны архітэктар праектаў “Грожнажылстроя” (пра будынкі па вул. Тэльмана-Урыцкага):

«Застройка квартала, сформированная буквально за 2 десятка лет, на выдающуюся архитектуру не тянет. Тогда ведь зачастую использовали бывший в употреблении кирпич, порой в одном здании встретишь три-четыре вида. Да и архитектурные приёмы одни и те же. И если здание рушится, нет в нём канализации. Ну зачем его сохранять» (“Вячэрні Гродна”, 16 мая, 2007).

Няпраўда і некампетэнтна. Большасць будынкаў да пажару 1885 года ў нашым горадзе былі фахверкавыя, драўляныя, і таму ніякую цэглу на іх папялішчах было проста нельга. А вось кім трэба быць, каб падобна сп. Басаву, сказаць, што шэраговая забудова канца ХХ ст. у цэнтры Горадні не цягне на выдатную архітэктуру!? Адно з двух: або сусветна знакамітым архітэктарам, якім сп. Басаў, зразумела, не з’яўляецца, або чалавекам з як мінімум завышанымі амбіцыямі, што да сваіх ведаў і пасады.

Дык вось, з усёй адказнасцю заяўляем, што знос гістарычных будынкаў “пад нуль” і пабудова на іх месцы аддалена падобных да арыгіналаў муляжоў не маюць нічога агульнага з еўрапейскай практыкай рэстаўрацыі. Будынкі канца ХІХ – пачатку ХХ ст., а тым больш помнікі другой катэгорыі каштоўнасці (як флігель палаца адміністратара па вул. Горкага 2, ці цудоўны будынак у стылі мадэрн па вул. Сацыялістычная 44) не зносяць, называючы гэта прыгожа “разборам аварыйнага будынка”. Іх рупліва аднаўляюць і ахоўваюць. З іх не робяць офісаў, гандлёвых цэнтраў ці адміністрацыйных будынкаў, а пакідаюць там людзей (папярэдне, канешне, правёўшы ім усе неабходныя камунікацыі), каб дзіцячы смех і свет у вячэрніх вокнах ажыўлялі вулкі старога горада.

Будынкі па вул. Урыцкага 5, 23, Горкага 2 ці Сацыялістычная 44 можна аднавіць, не разбіраючы іх. Яскравы таму прыклад – адноўлены пасля пажару лямус часоў Тызенгаўза, ў якім размяшчаецца рэстаран “Стары лямус”, ці дом лекара Заменгофа па вул. Кірава. Яшчэ год таму ўлады крычалі, што ў падмурку дома жудасная шчыліна, а зараз, калі знайшоўся талковы інвестар, пра страшную шчыліну хутка забыліся.

Таму матыў “разборкі развалюх у цэнтры горада” (так гарадзенскія архітэктары называюць будынкі, што ўжо прастаялі па 120 а то і 220 гадоў) – гэта не нейкае там “аздараўленне” ці “рэканструкцыя” горада, а проста жаданне аблегчыць справу продажу кавалкаў зямлі ў цэнтры горада. Інвестар з Масквы ці Мінску ў нармальнай сітуацыі павінен браць на свой кошт не толькі адсяленне людзей з будынку, але і рэстаўраваць будынак, захаваць яго этажнасць, унутраную планіроўку. Але гэта дарагавата, таму лягчэй двухпавярховы дом знесці, а на яго месцы пабудаваць трох-чатырохпавярховую абмазаную акрылкай будыніну са шклопакетамі. А гарадзенскія старажылы няхай едуць дажываць век, паглядаючы са свайго восьмага паверха на дахі шматпавяроховікаў недзе на Вішняўцы. Што ж, на Урыцкага ці ў Новым свеце знойдзецца жыць каму пабагацей.

Шаноўныя журналісты! Помніце, патураючы ўладам, сваім рэдактарам і гарадскім уладам, вы спрычыньваецеся да гістарычнага злачынства не толькі знішчэння старой Горадні, вы спрыяцце пашырэнню сярод нашых грамадзян абыякавасці і нацыянальнага бяспамяцтва.

Гарадзенцы, у гістарычным цэнтры нашага горада усяго каля 900 старых будынкаў. У цэнтры старой Прагі такіх будынкаў каля 20 тысяч. Але нашыя 900 будынкаў – гэта самы вялікі, прыгожы і найлепш захаваўшыся горадабудаўнічы комплекс ва ўсёй нашай мілай Беларусі. Няўжо мы дазволім, каб яго пераўтварылі ў выхалашчанае, нікому не цікавае і пустое Траецкае прадмесце ў Мінску. Спадзяюся ўсім сэрцам – НЕ.

Scroll to top