“Рэканструкцыя” Савецкай вуліцы паднесла гарадзенцам новы сюрпрыз. Бардзюры з надпісам “Магістрат горада Гродна” насуперак ранейшым абяцанкам ўжо не будуць вернутыя на вуліцу.

Калі ўлады пачалі развальваць тратуары вуліцы Савецкай, у гарадзенцаў адразу паўстала пытанне: куды падзенуцца знакамітыя бардзюры з надпісам “Магістрат Гродна”, некалькі дзясяткаў (дакладная лічба – 44), якіх упрыгожвалі вуліцу ад Дамініканскай гімназіі да ўнівермага. Быццам зубы дракона выдраныя трактарам ляжалі яны навокал. Па словах прарабаў, што кіравалі працамі, бардзюры павінны былі быць пастаўлены назад пасля рамонту тратуара. Тое самае сведчыла і вялікая шыльда, усталяваная “горадабудаўнікамі” ў вакне аднаго з дамоў.

Як аказалася, гэта была новая хлусня гарадскіх архітэктараў. 11 ліпеня ў газеце “Вячэрні Гродна” быў надрукаваны артыкул І. Астраўцовай пад назвай «На Советской укладывают гранит», у якой журналістка паведаміла: “А вот старинных бордюров с клеймом гродненского магистрата в историческом центре мы уже не увидим. Они переданы по описи для повторного использования и в качестве “бэушного” материала в жилые микрорайоны.”

Атрымоўваецца, нас ізноў падманулі. І прыгожая вывеска па вул. Савецкай, якая быццам павінна была паказаць гарадзенцам, што ўлады клапоцяцца менавіта пра гістарычную рэканструкцыю цэнтра, аказалася ўсяго толькі падманам. Паведамленне аб тым, што старыя гарадзенскія ратрытэты, бардзюры, якія прастаялі 70 гадоў і прастаялі б ячшэ столькі ж, перададзены ў нейкія там мікрараёны, безумоўна, пустая адгаворка. Ёсць усе падставы баяцца таго, што гарадскія ўлады рыхтуюцца да зняцця бруку з вуліцы Савецкай і замены яго на шэрую бетонную плітку. У выпадку гэтага самая прыгожая і каларытная вуліца старой Горадні проста перастане існаваць як нейкі турыстычны аб’ект.

Пашпарт рэканструкцыі вуліцы, на якім дэкларуецца, што гістарычныя бардзюры будуць захаваныя

 

Scroll to top