Што добрага і што дрэннага было зроблена пад час рэканструцыі Савецкай вуліцы.
Фактычна ўжо завершана рэканструкцыя пакрыцця Савецкай вуліцы. Быццам бы ўсё нармальна. Гранітная костка, якая праляжыць больш за сто гадоў, “міленькія” ліхтарыкі і краты вакол дрэваў, якія нават упісваюцца ў эклектычны стыль забудовы, захаваны стары брук. Што яшчэ трэба? Добры праект, ды і позна ўжо зараз рабіць нейкія заўвагі, працы ўжо заканчваюцца.
Пачакайце. Давайце пачнем усё з пачатку, як гэта прынята ў норме – з разважанняў. З якіх прычынаў мы пачынаем рэканструкцыю пакрыцця вуліцы з падобнымі функцыямі, як вуліца Савецкая ў Гродне?
Першая прычына: пакрыццё ў дрэнным стане і не выконвае свае функцыі (калдобіны – немажліва прайсці, паўсюдна парушана шчыльнасць пакрыцця – падмываюцца падмуркі будынкаў і гэтак далей).
Другое. Прыйшоў час аднаўлення пакрыцця з тэхнічнай нагоды замены камунікацый: ацяплення, вадаправода, каналізацыі.
Трэцяе. Аказійная нагода (нейкі добры дзядзя даў шалёныя грошы, менавіта на рэканструкцыю пакрыцця вуліцы, бо будзе юбілей або фестываль…).
На вуліцы Савецкай з трэцяй прычынай, на першы погляд, усё выдатна. Ёсць грошы, якія трэба патраціць на добраўпарадкаванне перад фестывалем нацыянальных культур і 880-мі ўгодкамі горада.
За кошт папярэдніх будаўнічых аўралаў напярэдадні ранейшых фестываляў ужо добраўпарадкаваны (перакладзены ходнікі і пафарбаваны фасады) вуліцы Замкавая, Маркса, Кірава, Сацыялістычная і, нарэшце, парк і плошча Савецкая. Засталіся толькі Гараднічанская, Урыцкага і Савецкая на якіх будуць фестываліць, а да іх нашы рукі яшчэ не даходзілі. Таму як не Савецкую, галоўную фестывальную магістраль трэба за сродкі на добраўпрадкаванне перакласці. Іншых варыянтаў няма. Праўда, на ленінскай плошчы плітачка ўжо пачынае масава крышыцца, але нічога, мы яе ямачным рамонтам з іншых фондаў упарадкуем.
А, насамрэч, ёсць іншыя варыянты. Горад поўніцца месцамі, якія даўно і пільна сапраўды патрабуюць добраўпарадкавання. У Гродне шмат вуліц, якія не проста маюць выбаіны, некаторыя нават не заасфальтаваныя. Вось, напрыклад, з боку чыноўнікаў пастаянна гучаць выказванні аб тым, што, маўляў, на галоўных вуліцах горада, як на той жа Савецкай і Маркса, ў кватэрах няма прыбіральняў і гарачай вады, і гэта ў ХХІ ст. Дык вось куды ў першую чаргу накіравалі б яны грошы на добраўрадкаванне. Але туалет грамадзяніна гранітнай пліткай не выкладзеш і яго не ўбачыць высокі чыноўнік з Мінску.
Дык можа, асноўнай прычынай рэканструкцыі з’яўляецца крытычны амартызацыйны стан пакрыцця Савецкай? Хіба гэта асноўная прычына. Бо калі б бардзюры “Магістрат Гродна” 1938 года выпуску праляжалі яшчэ 30 гадоў (а яны праляжалі б, калі б іх не краналі), то ў грамадзян міжволі узнікалі б пытанні, чаму гэтыя бардзюры ўсё ляжаць, а на суседняй вуліцы Маркса бардзюры ўзору 2006 года памянялі ужо чатыры разы. Няма бардзюр – няма лішніх пытанняў да ўлады, якая толькі і робіць, што клапоціцца пра дабрабыт народа і добраўпарадкаванне горада.
Гарамадскасць даўно была занепакоена лёсам Савецкай. Улады ў якасці асноўнай прычыны рэканструкцыі вуліцы выстаўлялі замену камунікацый пад брукам: “Каналізацыя не спраўляецца, вадаправодныя трубы прагнілі…” Замена камунікацый сапраўды важкая прычына для рэканструкцыі пакрыцця вуліцы, калі б гэтая замена сапраўды праводзілася. Але ж замянілі толькі размеркавальныя студні з венцелямі і кавалак цеплатрасы, якая шкодзіла пабудове падмуркаў новага будынка “АВС”. Няўжо нас чакае яшчэ і перыяд каналізацыйна-вадаправодных аварый, якія прымусяць улады ў хуткім часе правадзіць чарговую рэканструкцыю Савецкай вуліцы? Ці праводзіў хто экспертызу камунікацый? На колькі яшчэ разлічаны трубы ў Цэнтры? Гэтыя пытанні закрыты ад грамадскасці.
Як бачна, пытанняў, што да мэтазгоднасці правядзення зараз рэканструкцыі вуліцы Савецкай, шмат, як іх многа і да самой формы праекта гэтай рэканструкцыі.
Мэта рэканструкцыі Савецкай з’яўляецца не толькі функцыянальнае ўпарадкаванне дарожнага пакрыцця (іначай гэтую вуліцу можна смела было б закатаць ў асфальт), але і павышэнне, ці, прынамсі, захаванне рэкрэацыйнага патэнцыяла гэтай вуліцы, як пешаходнай турыстычнай зоны. З усіх варыянтаў новага ўпарадкавання Савецкай вуліцы ўладамі быў абраны не горшы, але з той групы, дзе запісаны варыянты, якія зніжаюць прывабнасць вуліцы і з’яўляюцца самымі дарагімі.
Самай яскравай заганай праекта ўсім адразу бачыцца – знішчэнне ліпаў па ўсім заходнім баку вуліцы. Прычым зусім дзіўным выглядае выбар таго, што пакінулі: калі тры дрэвы каля універмага выглядаюць лагічна, то рэшту, заціснутую гранітам, з пакоцанай карой, так і хочацца вырубіць, каб не мучыліся ні дрэвы, ні людзі. А раслі ж выдатныя здаровыя экзэмпляры каля райвыканкама і помніка Сакалоўскаму, ня шкодзілі ні ўваходам, ні падмуркам! На праекце, які выставілі у вітрыне выканкама, вуліца раілася ад вязаў-мутантаў у кратах, якія б хоць троху запаўнялі прастору вуліцы і рабілі б яе больш утульнай. Што ж мы бачым у рэчаіснасці? Ад Дома Прафсаюзаў да універмага ўсё закатана гранітам, не пакінута ніводнай дзіркі нават для запланаваных мутантаў, а апошнія шматпакутныя ліпы і каштаны вырубяць праз год, бо яны засохнуць, як гэта рабілася і робіцца ў парку Жылібера. Будзе гола і спякотна, бо вуліца зарыентавана з поўдня на поўнач і цэлы дзень будзе залітая сонцам, а людзі ўсё меней будуць спецыяльна прыязджаць у цэнтр, каб пагуляцца, выпіць кавы, зрабіць закупы. Запытайце ў адміністрацыі Баторыя, колькі прыбытку яна згубіла пасля рэканструкцыі плошчы…
Хтосці скажа: дрэвы, кветнікі, лавачкі, адпачынак – гэта ўсё добра. Але Савецкая – вузкая старая вуліца. Гэтыя ўсе вышей пералічаныя атракцыі на ёй проста не змесцяцца, не той фармат. Ды і гістарычная праўда патрабуе – паглядзіце на старыя фота – ніводнага дрэўца. Аднак той, хто так кажа, стэрэатыпна працягвае ўспрымаць Савецкую як транспартную магістраль, а не як пешую турыстычную зону. Распрацоўшчыкі праекта рэканструкцыі таксама дзеляць вуліцу на праезжую частку і тратуар. І гэта асноўная памылка. Бо сёння вуліца Савецкая з’яўляецца пешаходнай толькі фармальна: нельга прайсці яе ўсю, каб цябе не сустэў аўтамабіль. Трэба цалкам выключыць заезд транспарта на вуліцу, бо абсалютна проста і без вялікіх грошаў можна рэарганізаваць даезд па паралельных суседніх вуліцах, пакінуўшы ўсю шырыню Савецкай пешаходам і дызайнерам.
Нажаль, нават той праект, які красуецца ў вітрыне на вуліцы, абсалютна не выконваецца. Не таго ўзору ліхтары, зусім не відаць дрэваў і абяцаныя бардзюры з надпісам “Магістрат Гродна” так і не пакладзеныя. Ужо не кажучы пра тое, што няма месца, дзе можна паставіць лаву, тэлефонную будку ў стылі рэтра, запоўніць прастору зелянінай. Яшчэ не позна крыху выправіць стан рэчаў. На вуліцы існуюць тры пустых пляцоўкі : каля Дома Праўсаюзаў, кінатэатра “Гродна” і гандлёвага дома “Нёман”, якія можна максімальна пазбавіць пліткі і дазволіць дрэвам, старым і нова пасаджаным, нармальна развівацца ў атачэнні газона камфортнай рэкрэацыйнай прасторы. Пыходзіцца спадзявацца, што вуліца Савецкая і надалей застанецца любімым месцам адпачынку жыхароў і гасцей нашага горада.
-
Катэгорыя: Праблемы захавання спадчыны
-
Апублікавана 20 Верасень 2007
Апошняе
- Свяцк Валовічаў: мінулае, сучаснасць, перспектывы
- Андрэй Шулаеў. ГІСТОРЫКА-АРХІТЭКТУРНАЕ АБГРУНТАВАННЕ АДНАЎЛЕННЯ КАНСТРУКЦЫІ ГАЛОЎНАГА ЎВАХОДУ Ў КАРАЛЕЎСКІ ПАЛАЦ 2-Й ПАЛОВЫ XVI – 1-Й ПАЛОВЫ XVII СТСТ. У АНСАМБЛІ СТАРОГА ЗАМКА Ў Г. ГРОДНА
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 4
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 3
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 2
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 1
- Аповед старых камяніц. вул. Валковіча № 23
- Duch i chłopiec z byłej Kolonii Oficerskiej
- Dawny Bank Polski – ciekawy wzór architektuty funkconalistycznej