Адрасы і фотаздымкі будынкаў, разбураных у Горадні на працягу апошніх двух гадоў.

1 кастрычніка гэтага года на прэс-канферэнцыі, дадзенай беларускім журналістам, намеснік старшыні дэпартамента па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ігар Чарняўскі, яўна намякаючы на тое, што ў Горадні ніхто нічога не разбурае, заявіў: «Иногда в таких письмах (зваротах грамадскасці) присутствуют фразы — «уничтожено 20 зданий и 70 подготовлено к уничтожению». В таком случае я требую назвать адреса, чтобы было легче разбираться».

Ну што ж, Ігар Мяфодзьевіч. Адпаведна з вашай просьбай прапануем спіс тых дамоў (і крышачку фотаздымкаў да іх), якія былі рэканструяваныя, разабраныя, адрамантаваныя (ці як там у вас яшчэ кажуць у міністэрстве культуры) у нашым горадзе на працягу апошніх двух гадоў, ад пачатку сумнавядомай “рэканструкцыі” Горадні.

Хадзіце па суправаджальных спасылках – працэс “рэканструкцыі” адкрываецца як на далоні.

1. Флігель палаца віцэ-адміністратара 1770-х гадоў пабудовы, вул. Горкага, 2а. “Рэканструяваны” адпаведна з рашэннем навукова-метадычнай рады мінкульта ад 19 красавіка 2007 года

2. Адзін з найбольш цікавых прыкладаў драўлянага канструктывізма па вул.Багдановіча 6. “Рэканструяваны” летам 2007 года.

3. Паравы млын па вул.Васілька 3, 1880-я гады пабудовы. “Рэканструяваны”, не гледзячы на пратэсты грамадскасці ў маі 2007 года.

4. Млын па вул. Ціміразева. На яго месцы зараз збіраюцца ўзводзіць навароб.

5. Зав. Віленскі, 12. Пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. “Рэканструяваны” ўвесну 2006 года. Разам з ім знесены яшчэ 2 драўляныя дамы.

6. Вуліца Горкага 29, выдатны ўзор канструктывізму. “Рэканструяваны” 6 кастрычніка 2006 года, нягледзячы на абяцанку таварышча Чарняўскага ўнесці гэты будынак у спіс помнікаў архітэктуры

7. Вул. Урыцкага 23. “Рэканструяваны” ў красавіку 2007 года. 1880-я гады пабудовы.

8. Вул. Урыцкага 12. Разбураецца да сённяшняга дня, па кавалачках.

9. Вул. Парахавая. Тут “рэканструявана” 6 (!) цагляных дамоў пабудовы пачатку ХХ стагоддзя. Зараз на іх месцы узводзіцца шкляны і бетонны шматпавярховік.

10. Былая фабрыка матацыклаў Старавольскіх па вул. К.Маркса. Цікавы прыклад міжваеннага канструктывізма і проста гістарычны будынак.“Рэканструявана” ў канцы 2005 года.

11. Дом па вуліцы Найдуса 1. “Рэканструкцыя” ідзе акурат зараз. На здымку яе пачатковая стадыя – “разборка” будынка.

12. Дом па вуліцы Завадская 12. Апошні жылы будынак на гэтай вуліцы. Быў надзвычай рамантычны цагляны дамок пачатку ХХ ст. з садам.

13. Дом па вуліцы Горкага 41 на Залатой горцы. Разам з ім у жніўні-верасні 2006 года было знічана яшчэ 8 дамоў з цэглы і дрэва 1920-30-х гг. пабудовы.

14. Будынак адной з першых у Беларусі санітарна-эпідэміялагічных станцыі. Разабраны да падмуркаў яшчэ ў 2005 годзе. На яго месцы ўзведзены навароб.

15. Яшчэ 2 дамы на вуліцы Старазамкавай, будынак на Акадэмічнай і колькі сімпатычных дамкоў з цаглянымі фасадамі на Антонава. У дадатку да ўсяго 2 дамы на вуліцы 11 ліпеня і апошні дом на завулку Смелым.

Вось такі кароценькі спісачак будынкаў ад канца XVIII да 20-30-х гг. ХХ стагоддзяў. Атрымалася ўсяго (!) каля 30 дамкоў. Нават болей, чым 20. Праўда, усё па “законе.”

Хутка з’явіцца матэрыял аб тым, што збіраюцца разбурыць у Горадні ў бліжэйшы час.

Scroll to top