Вынікам аукцыёну, які пройдзе 10 снежня гэтага году, можа стаць знос будынкаў па вул. Урыцкага 21 і Калючынская 23


вул. Урыцкага 21 - пад зносУ суботнім нумары “Гродзенскай праўды” (10 лістапада) змешчана аб’ява аб продажы праз аўкцыён гістарычных будынкаў у цэнтры нашага горада. У аб’яве аб аўкцыёне гарадскія ўлады вырашылі канчаткова адмовіцца ад ранейшых дэмагагічных выразаў аб “разборцы аварыйных будынкаў” ці іх “рэканструкцыі”. Умова “сноса” будынкаў па Калючынскай 23 і Урыцкага 21 толькі адна – адсяленне жыхароў. Будаваць на іх месцы можна будзе ўсё што заўгодна, нават аддаленага падабенства да ранейшых будынкаў не патрабуецца.

Пра будынак па Калючынскай 23, былое яўрэйскае мужчынскае вучылішча, ужо даводзілася паведамляць раней. Што тычыцца будынка па Урыцкага 21, то яго планавалі знішчыць яшчэ летам, пасля будынка па Урыцкага 23. Калі ж па горадзе пракацілася хваля пратэстаў супраць знішчэння архітэктурнай спадчыны, фасад будынка нават атынкавалі. Але насамрэч ад планаў яго знішчэння не адмовіліся. Такім чынам, у выпадку, калі для дома знойдзецца пакупнік, ён будзе знесены. Загіне будынак з датай 1885 г. на фасадзе, адзін з першых пасляпажаравых дамоў Горадні. У бліжэйшы час вуліца Урыцкага страціць таксама дамы №5 і №12.

Будзе выстаўлены на аўкцыён і помнік архітэктуры ІІ карэгорыі будынак па вул. Сацыялістычная 44. Умова продажу гэтага будынка – захаванне яго гістарычнага аблічча пры рэканструкцыі. Што маецца на ўвазе пад гэтымі словамі, меркаваць не надта цяжка – знос будынка з пакіданнем у лепшым выпадку яго фасаднай сцяны, у горшым – пабудова на яго месцы муляжа.

 

Калючынская 23 былое яўрэйскае мужчынскае вучылішча

вул. Сацыялістычная 44

 

 

 

 

Scroll to top