Горадня — унікальнае места. Тут ёсьць што паказаць турысту — і беларускаму, і замежнаму. Але Горадня з тых свойскіх гарадоў, у якіх і жыць — асалода. Горадня — другая сталіца Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай. Яна была ўлюбёным местам караля Сьцяпана Батуры. Адсюль на Грунвальд ішлі харугвы Вітаўта. Тут Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падпісаўся пад апошнім падзелам «дзяржавы абодвух народаў». Горадня — унікальны помнік гісторыі і культуры ня менш як трох нацыяў.

 У Горадні адбываецца пародыя на рэстаўрацыю. Яна пагражае цэласнасьці Старога Гораду — б’е трывогу краязнаўца Валера Руселік.

Горадня — унікальнае места. Тут ёсьць што паказаць турысту — і беларускаму, і замежнаму. Але Горадня з тых свойскіх гарадоў, у якіх і жыць — асалода. Горадня — другая сталіца Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай. Яна была ўлюбёным местам караля Сьцяпана Батуры. Адсюль на Грунвальд ішлі харугвы Вітаўта. Тут Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падпісаўся пад апошнім падзелам «дзяржавы абодвух народаў». Горадня — унікальны помнік гісторыі і культуры ня менш як трох нацыяў.

У савецкі час, у адпаведнасьці з ідэяй «слияния народов СССР», гістарычная архітэктурная спадчына Горадні пакрысе зьнішчалася. З пачаткам незалежнае Беларусі многія спадзяваліся, што сытуацыя зьменіцца. Былі праведзеныя сур’ёзныя раскопкі на месцы Фары Вітаўта, існаваў плян музэефікацыі падмуркаў касьцёлу і адбудовы самога храму. Аднак жыцьцё паступова пачало ўваходзіць у «спакойнае рэчышча» — і ўсё пачалося наноў па-старому.

Па сутнасьці, былі магчымыя два адменьнікі разьвіцьця падзеяў. Першы — добра і ўважліва распрацоўваецца плян паэтапнае рэгенэрацыі й рэстаўрацыі цэнтральнай часткі места (як палякі 30 гадоў па цаглінцы аднаўлялі разбураную немцамі Варшаву). Гэта складана, бо патрабуе фінансаў, патрыятызму й веданьня гісторыі. Другі варыянт просты — маштабныя дэкаратыўныя работы. Пэўны час улады вагаліся паміж першым і другім. На жаль, апошнія навіны паказваюць, што цяпер яны цалкам спыніліся на другім.

Адносна нядаўна ў газэце «Вечерний Гродно» быў надрукаваны праект рэканструкцыі Савецкай плошчы. Замест таго, каб зрабіць яе пешаходнай, наадварот, плянуецца пусьціць тут плынь аўтамабіляў. Тым больш што прапанаванае рашэньне ня зьменіць да лепшага сытуацыі на вуліцах Кірава і Маркса. Дый другая плынь аўтамабіляў будзе накіраваная па вул. Давыда Гарадзенскага, у 30 мэтрах ад Новага Замку, каля самага сэрца места. Гэта засмуродзіць выхлапамі гэтую старую вулачку. На тэрмін рэканструкцыі Старога моста Замкі наагул трапяць у абцугі аўтамабільных плыняў, што пойдуць па вул. Рыбацкай. Як адаб’ецца магутная вібрацыя, што зьявіцца ў выніку гэтых пераўтварэньняў, на сьценах Замкаў і Каложы, можна толькі здагадвацца.

Але Стары Горад — гэта не гараж, у якім усё павінна быць прыстасавана для аўтамабіляў! Ён мае іншую прыроду й прызначэньне!

Дарэчы, вулачкі ў ваколіцах Замкаў імкліва пашыраюцца, прычым за кошт Замкавай Гары. Актыўна працуюць экскаватары, а археолягаў не відаць. Апошніх, мабыць, папросту не падпусьцілі да месца работаў.

Тое адбываецца й на Савецкай плошчы, што ў гістарычныя часы мела назву Ратушнага пляцу, а пасьля — пляцу Сьцяпана Батуры. Пляц зарадзіўся ў XIV—XVI ст. Падчас ІІ сусьветнай вайны яго найбагацейшае архітэктурнае аблічча было пашкоджана. Сёньня ўлады шматгалоса крычаць пра рэстаўрацыю пляцу, аднак размова ідзе не пра аднаўленьне зьнішчаных колісь будынкаў, а пра грандыёзныя земляныя работы, у выніку якіх пад пляцам зьявяцца некалькі падземных пераходаў. Брук, якім ганарыцца кожнае эўрапейскае места і які стварае непаўторнае пачуцьцё даўніны, бязьлітасна зьнішчаны разам з асфальтам, які тонкай шэрай коўдрачкай ляжаў зьверху. На месца бруку прыходзіць усё тая ж плітка, якой сёньня выкладаецца кожны вольны лапік зямлі ў нашым месьце. Ствараецца ўражаньне, што галоўная мэта будаўнікоў — вызваліць як мага больш месца (пасекшы дрэвы, разабраўшы брукаванку і г.д.) для таго, каб пакрыць яго пліткай. Мабыць, недзе ўва ўладных структурах вытворцы гэтае пліткі маюць усясільных апекуноў. Але параўнайце, яшчэ польскія бардзюры й брук на Савецкай вуліцы выглядаюць амаль як новыя, а наша новая плітка двухгадовай даўніны ўжо крышыцца. Як, урэшце, сатрэцца ў нішто й памяць пра цяперашні рэжым.

...Сёлета напярэдадні 9 траўня старасьвецкі парк імя Э. Жылібэра быў канчаткова пераўтвораны ў звычайны сквэр. Уладам спатрэбілася месца для сьвяткаваньняў, а пляц Леніна страціў былую актуальнасьць. Вось і зрабілі перад помнікам салдатам-вызваляльнікам яшчэ адзін. Дарэчы, а сапраўдныя могілкі знаходзяцца далей — пад танцавальнай пляцоўкай. Каб заняцца перазахаваньнем загінулых у 1944 г. салдатаў, была зробленая чарговая паказуха.

Падобнае дзеецца па ўсім месьце. Да прыкладу, зусім нядаўна быў разбураны абсалютна цэлы ўнікальны будынак адной зь першых у Беларусі санітарна-мікрабіялягічных станцыяў па пр-це Касманаўтаў, у якім апошнія гады месьціўся відэасалён. Будынак быў упрыгожаньнем места, аднак, на жаль, не ўпісаўся ў пляны горадабудаўнікоў, за што і паплаціўся. Па вул. Антонава ж месьціцца «шэдэўр» беларускай рэстаўрацыйнай думкі — гандлёвы дом «Сямашка». Будынак узьнік на месцы сьціплага, але вельмі прыгожага драўлянага дамка з цагляным фасадам. Той дамок быў разбураны, а на яго месцы з новай цэглы пабудаваны падобны фасад і яшчэ два паверхі вышэй. Падчас будоўлі на плоце вісела зьдзеклівая шыльда з надпісам: «Реставрация дома 1910 г. постройки»...

Уся апісаная вышэй сытуацыя дзеецца ўва ўмовах татальнага маўчаньня грамадзкасьці, работнікаў установаў культуры і адукацыі. Нехта збаіцца, хтосьці скажа, што гэта яшчэ ня самае страшнае і што нашае места перажывала і горшыя часы. Але ж калі гэтыя горшыя часы надыдуць, ці будзе тады што абараняць? Дый каму?

Якая можа быць альтэрнатыва? Яна ёсьць. Пойдзем ад прычынаў.

Заторы ў гадзіну пік на адрэзку Філярмонія — Савецкая плошча ўзьнікаюць не ад вузкасьці моста. Галоўная прычына затораў — скрыжаваньне вуліцаў Гарнавых — Савецкіх пагранічнікаў. Зрабіце замест кола клясычную рознаўзроўневую разьвязку (месца для гэтага хапае), і заторы на сутыкненьні дзьвюх асноўных транспартных плыняў зьнікнуць. Заторы не падстава для пашырэньня моста.

Наступны аргумэнт — фінансавы. Рэканструкцыя моста з трыма пасамі й падвеснымі ходнікамі пацягне на мільёны даляраў. Дый ці будзе ў гэтым сэнс, бо асноўныя нясучыя канструкцыі моста зношаныя больш чым на 25%, а ў такім выпадку любая рэканструкцыя без капітальнага рамонту забароненая. Чаму ў такім выпадку не пабудаваць новы мост дзе-небуць у іншым месцы, дзе б ён сапраўды вырашаў транспартныя праблемы, напрыклад, над чыгункай). Кошт адной клясычнай эстакаднай разьвязкі на Гарнавых і кошт літаральна некалькіх кілямэтраў гарадзкой дарогі будуць шмат меншыя, чым усе грандыёзныя праекты ўладаў. За грошы, убуханыя ў мост, можна было б папросту пабудаваць усе прапанаваныя намі разьвязкі і адрэзак дарогі й зьняць праблему загружанасьці Старога моста безь яго рэканструкцыі. Гэтыя транспартныя праекты горад рана ці позна ўсё адно будзе змушаны рэалізаваць.

Сёньняшнія бацькі гораду нават не разглядаюць варыянтаў аднаўленьня ня тое што шараговай гістарычнай забудовы, але нават адметных помнікаў архітэктуры. Ну і чорт зь імі, скажа нехта. Хай брукуюць, хай фарбуюць, абы не руйнавалі. Не, іх дзейнасьць ня такая бясшкодная. як можа падацца. Зьнішчаны старабрук не аднавіць. Выхлапамі нішчацца ўнікальныя помнікі. Я ўжо не кажу пра новыя пакаленьні, узгадаваныя сярод архітэктурнай антыэстэтыкі. Зразумела, што каб спыніць разбурэньне Горадні, патрэбная грамадзянская актыўнасьць насельніцтва. Яна сёньня прыгнечаная. Дык няхай хоць кожны сумленны архітэктар, кожны сумленны чыноўнік робяць усё, каб мінімізаваць шкоду ад цяперашняга «будаўнічага сьвёрбу». Каб некалі новай. разумнейшай уладзе можна было ажыцьцявіць сапраўдную адбудову хутчэй і меншым коштам. Дзеля продкаў і для нашчадкаў.

В.Руселік,

Наша Ніва, 21 кастрычніка 2005 года, №39

 

Наш каментар: Агрэсіўны, але даволі справядлівы артыкул. Прачытайце і напішыце нам.

Scroll to top