Што знеслі, спілавалі, перарабілі, што было страчана і створана ў Горадні апошнімі тыднямі.

Каля гістарычнага архіва 26 жніўня былі спілаваны здаровыя дэкаратыўна спелыя 80-гадовыя два клёны, каштан, два ясеня, а таксам тры баярышнікі савецкай пасадкі. Па меркаванні праектантаў гэтыя дрэвы не ўпісваліся ў новую архітэктурную канцэпцыю плошчы Леніна. Таксама ў парку Жылібера спілавалі каля дзесятка дрэў, у тым ліку чатыры старых клёны. Абгрунтаванне – пашкоджанне дрэў навальніцай.

Па вуліцы Ажэшкі ад скрыжавання з вул. Сацыялістычнай да Шахматнага клуба былі спілаваны ўсе каштаны.

На БЛК уздоўж будынкаў Абласной бальніцы пры арганізацыі парковачных месцаў уздоўж дарогі спілавалі алеі савецкага часу.

Спілаваны ўсе дрэвы і кусты на схіле Бернардынскай гары, у выніку чаго адкрыліся непрывабныя тэхнічныя збудаванні семінарыі і сярэдняй школы №1. У перспектыве прыйдзецца змагацца з эрозіяй глебы на гэтым схіле.

Удалося адстаяць грамадскасці сасновыя алеі па вуліцы Соламавай, ясень Жылібера, і каштан Ажэшкі шляхам збору подпісаў пад зваротамі да мясцовай улады.

Разабрана званіца Уладзіміраўскай царквы (каля Белкарда), якая з’яўляецца помнікам 2-й катэгорыі. Званіца мела рашчыліну, змацаваную абадамі. Абяцаюць перакласці яе нанова.

Працягваюць разбураць будынак старой электрастанцыі па вул. Будзёнага.Вул. Горкага, 2. Дахоўка, шклопакеты, сілікатная цэгла.

Рэканструкцыя моста забрала яшчэ адзін будынак – майстэрня па рамонту абутку “Калі ласка”, адно з апошніх сведчанняў духу местачковай утульнасці. Таксама быў знесены 2-павярховы каменны дом каля Філармоніі. Побач чакае сваёй чаргі яшчэ адзін жылы драўляны дом.

Падчас земляных прац па пракладцы камунікацый праз Нёман на месцы, дзе на працягу многіх стагоддзяў знаходзіліся старажытныя пераправы, з дна і берага Нёмана былі вывезеныя вялікія аб’ёмы глебы археалагічна каштоўнага грунту, які сягае 12 ст.

Катлаван для пажарнага рэзервуара каля апоры Старога моста дасягнуў археалагічных пластоў з рэшткамі драўляных канструкцый.

Работы па выраўноўванню схіла Бернардынскай гары з боку вуліцы Падгорнай знішчылі археалагічныя слаі з рэшткамі падмуркаў і брукаванай дарогі да брамы Бернардынскага замка.Гэтыя дзверы стаялі ў будынку былога  Кастрычніцкага РАУС

Без археалагічнага нагляду быў выкапаны катлаван для падмуркаў будынка фірмы “АВС” па вул. Найдуса.

У будынку казармы сяр. 19 ст. на Маставой (будынак былога тонка-суконнага камбіната) зрэзалі валуны падмуркаў, якія маглі б стаць пікантным дэкаратыўным упрыгожваннем аднаго з уваходаў у будынак.

У будынка палаца Вуніяцкага Біскупа (цяпер жылы дом па вул. Маставой) збіваюць тынкоўку з элементамі дэкору, дэманціруюць карніз. Працягваюць устаўляць шклопакеты у гістарычныя будынкі і крыць іх металадахоўкай. Сапраўдная керамічная дахоўка з’явілася толькі на помніку архітэктуры 2-й катэгорыі на палацы Епіскапа (вул. Горкага 2), але тут таксама шклопакеты, сілікатная цэгла.

Самым абуральным фактам апошняга часу з’яўляецца замена дзвярэй з багатай разьбой на пластыкавыя ў адрамантаваным будынку былога Кастрычніцкага РАУС на вул. Карбышава.

Як і дом лекара на скрыжаванні вуліц Карбышава і Леніна два дамы на Падольнай 8а і 10а у верасні напаткаў працэс замены тынкоўкі. Трывалую рэльефную шубу будынкаў з нейкай нагоды замянілі на новы гладкі тынк, тым самым знявечыўшы стылёвыя асаблівасці будынку.

Лепшы прыклад функцыяналізму ў гістарычным цэнтры крама “Дзіцячы свет”, знявечаная на пачатку года дадатковым уваходам, працягвае губляць свой стылёвы выгляд. Распачынаецца будаўніцтва трэцяга мансардавага паверха над крамай, што прывядзе да ўзнікнення ў цэнтры яшчэ аднаго “франкінштэйна” (функцыянальны будынак з мяшчанскай эклектычнай аздобай).Вул. Падольная 10а. Рэльефная шуба перарабляецца ў гладкі тынк.

Амаль што скончаны капітальны рамонт Драматычнага тэатра, які выклікае шэраг заўваг. Злачынным можна лічыць афарбоўку фасадаў акрылавай фарбай па вільготным губкападобным вапняковым панэлям. Паўстае толькі пытанне, калі гэта фарба пачне лупіцца. Недарэчна выглядае ўваход, складзены з розных матэрыялаў: тут і старыя вапняковыя пліты, і керамічная плітка, і апорныя слупы, аздобленыя мармурам.

Вельмі няўдала падабраныя ліхтары да аздаблення тэрыторыі вакол Драмтэатра, непрапарцыянальна аб’ёму тэатра малыя, багатыя на дэкаратыўныя элементы “пушкінскай пары”, якія кантрастуюць з гладкімі сценамі будынку. Варта параўнаць гэтыя ліхтары з першапачатковым узорам 1986 года. Два станоўчыя моманты: досыць удала падабранае гранітнае пакрыццё вакол Драмтэатра, колер і тэкстура камяню не адбірае ўвагу ад дамінанты тэатра, да таго ж фарміруе пачуццё дагледжанасці і акуратнасці.

Вельмі добра стылізавана пад эпоху пабудовы паезуіцкага касцёла новая брама побач з Фарнай аптэкай. Багатая аздоба, заклёпкі замест зваркі, стылёвая арнаментальнасць працы дае гонар аўтарам і заказчыкам праекта. Засталося толькі аднавіць арку для завершанасці гэтага ўвахода.

Scroll to top