Чаму у нас заплюшчваюць вочы на закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”?.. Чаму , калі ахоўныя зоны ўжо парушаныя, лічаць нармальным парушаць яшчэ?.. Гісторыя і культура – яны ж нежывыя і супраць нічога не скажуць… зараз, у нашай краіне… Чаму Міністэрствы, упраўленні па ахове, ведаючы, што адбываюцца жахлівыя парушэнні, разводзяць рукі і кажуць пра тое, што канчатковае рашэнне ўсё адно будуць прымаць… мясцовыя улады (парушальнікі)… Такія пытанні без адказаў узніклі пасля праведзенай 3 красавіка ў БелНДІ “Горадабудаўніцтва” нарады, на якой разглядаўся альтэрнатыўны праект, распрацаваны прадстаўнікамі гарадзенскай грамадскасці і сябрамі таварыства “Этна”.

На нарадзе прысутнічалі намеснік кіраўніка дэпартамента па ахове помнікаў Чарняўскі, супрацоўнікі міністэрства архітэктуры і БелНДІ “Горадабудаўніцтва”, супрацоўнікі Белэкспертызы, прадстаўнікі ГКТ “ЭТНА”, гарадзенскія краязнаўцы, а таксама прадстаўнікі мясцовых ўладаў: намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Кунаш, галоўны архітэктар Анісімаў і кіраўнік Гроднаграмадзянпраекта Дзяшко.

Галоўная ідэя прапанаванага краязнаўцамі праекта – зрабіць мінімальнай колькасць транспарту ў гістарычным цэнтры – цалкам дасягальная. Гэта пацвердзілі і Барысік, і Чарняўскі, і прадстаўнікі БелНДІ “Горадабудаўніцтва”. Праект жа мясцовых уладаў толькі пагоршыць і гэтак ўжо даволі складаную транспартную сітуацыю, бо пашырэнне Старога мосту і пабудова дублёра вуліцы Вялікая Траецкая, створаць асноўную магістраль горада, што паўплывае на значнае павелічэнне колькасці транспарту ў гістарычным цэнтры. Неаднаразова была звернута ўвага на тое, што дадзеная рэканструкцыя ў перспектыве немэтазгодная, не адпавядае генплану г. Гродна, прыводзіць да шматлікіх парушэнняў заканадаўства, не ўлічвае асноўнае багацце гораду – гісторыка-культурную спадчыну.

На гэта Дзяшко адказаў проста: “Мы ўжо дарослыя і таму ў дзіцячыя гульні не гуляем.” Так, усё лепшае дзецям, і гульні , і гісторыя, і культура. Хай у школе вывучаюць, што гэта ў нас ёсць… ці было… калісьці… А гісторыкі, краязнаўцы, культуролагі, якім няма чым заняцца, хай вучаць у сваіх універсітэтах, што ёсць законы, ёсць кантралюючыя органы, ёсць ахоўныя зоны, ёсць генпланы гарадоў, падпісаныя прэзідэнтам, якія нельга парушаць. Толькі для чаго ўсё гэта ствараецца?..

У Дзяшко няма часу на забавы, затое ёсць час падлічваць грошы… І падлічыў… Аказваецца, што калі рэканструкцыя Старога моста будзе каштаваць 10 млрд. рублёў, то пабудова новага, з усімі пад’ездамі да яго – аж 400 млрд. Даўжыня новага моста мусіць складаць 700 метраў, вышыня апор 40-50 метраў (у Старога моста 150 метраў і 10 метраў адпаведна). Цікава, якім недзіцячым чынам вяліся падлікі, калі гэтыя грандыёзныя лічбы ўразілі і вымусілі спрачацца і транспартнікаў, і сталічных архітэктараў. Удакладніць, адкуль узятыя такія лічбы, сп. Дзяшко не змог. Аднак сказаў, што 400 – гэта так, але можа быць і больш. (Цікава, пры такіх сур’ёзных падліках, адкуль бярэцца “можа”).

Дублёр вуліцы Вялікая Траецкая выклікаў шмат пытанняў: ці будуць праведзеныя належныя археалагічныя раскопкі? Ці не будзе сінагога заціснута з усіх бакоў? Што стане з гістарычным ландшафтам даліны ракі Гараднічанкі? На ўсе пытанні мясцовымі ўладамі былі дадзеныя адказы:

1. Раскопкі будуць праведзеныя належным чынам. (Цікава, на Савецкай плошчы яны праходзілі такім жа чынам? Ці праводзіць раскопкі ў пяску, які ўжо вывезены на сметніцу – гэта норма?)

2. Гістарычны ландшафт зменены не будзе.

3. Сінагога не будзе заціснутай, бо дарога пройдзе ў 10 метрах ад яе. (Калі так і калі ландшафт не змяняць, куды змесцяць дарогу? Ці, можа, яна будзе дзіцячай, ці віртуальнай, ці пройдзе па паветру? Нерэальна? Затое прыгожа і адразу бачна: сур’ёзны падыход да справы).

На пытанне краязнаўцаў, ці не складзецца зноў сітуацыя, як з падмуркамі палаца Радзівілаў, калі студэнтам і краязнаўцам прышлося кідацца пад бульдозеры, каб іх выратаваць, прадстаўнікі мясцовай ўлады адказалі, што гісторыю яны ахоўваюць, а тут проста не ведалі пра знаходжанне гэтых падмуркаў... Тым самым сарвалі апладысменты ўсіх удзельнікаў нарады. Пэўна, краязнаўцам, тады, ці то прыснілася, ці то наваражылі, ці то выкапалі з падсвядомага, а, можа, хто з іх экстрасэнс і адчувае ўсе старыя падмуркі на адлегласці?.. (Прывітанне Ігару:)

Сітуацыя са Старым мостам таксама была старанна прадумана і пракаментавана. Справа ў тым, што колькасць транспарту, якая мусіць праехаць праз мост, вышэй яго прапускных магчымасцей, таму з двухпалоснага ён павінен стаць чатырохпалосным. На колькі прыйдзецца пашыраць мост праз 3-5 гадоў, калі колькасць транспарту зноў павялічыцца? Чаму не думаюць пра вывад транзітнага транспарту з цэнтру? Але ж пашырэнне моста – гэта часовае вырашэнне, а кальцо для транзіту будзе створана, калі-небудзь (калі?), прынамсі месца для яго ёсць. А ці не занадта дорага каштуе такое “часовае вырашэнне”, калі арыентавацца на будучае, і ці не забяспечыць яно гістарычны цэнтр транспартнымі плынямі назаўсёды?

У канцы нарады супрацоўніца БелНДІ “Горадабудаўніцтва” Смірнова Л.М. прыйшла да высновы, што на нарадзе сабраліся людзі, якія не абыякавыя да горада, якія яго любяць. Што ж гэта за любоў такая, што прымушае ісці на такія парушэнні? І за што мы яго так любім? – пэўна, за добрыя дарогі, і прыемны гул машын… Смірнова казала, што Інстытут супраць пашырэння Старога моста, але канчатковае рашэнне застаецца за мясцовымі ўладамі. Выказала спадзеў, што такая нарада як гэта, яшчэ адбудзецца ў Горадні (хто будзе ініцыятарам?). І улады, разам з грамадскасцю прымуць правільнае рашэнне (грамадскасць паслухаюць?).

І яшчэ пытанні: для чаго праводзілася нарада, калі ніякія рашэнні не прымаліся? Выказацца? (Калі пачалася дыскусія з мясцовымі ўладамі, нязгода з імі, нараду прыйшлося спыніць з-за недахопу часу) Ці даказаць сваю любоў? Якая была мэта сустэчы? Зрабіць справаздачу?

Сітуацыя сапраўды абсурдная і камічная, ды толькі гумар у кагосьці – Чорны. Усе усё разумеюць, усе супраць, усе маўчаць, ніхто нічога зрабіць не можа, ці не хоча, ці баіцца? Навошта Горадня, калі можна страціць працоўнае месца. Тым болей, гісторыя – гісторыкам, дык хай разбіраюцца, калі ім так трэба, а мы будзем чакаць, што будзе далей. Яшчэ прыйдзе час для геройства.

                                                                                                          Будучы герой Вольга Чайчыц

 

Scroll to top