У Горадні ўчынілі чарговае руйнаваньне. Гэтым разам быў разбураны будынак 1936 г., помнік канструктывізму.

Слабая надзея на захаваньне яго зьявілася пасьля пастановы Міністэрства культуры пра прыпыненьне будаўнічых работаў да моманту прыняцьця рашэньня датычна неабходнасьці наданьня будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Адпаведнае пытаньне было вынесенае на разгляд Беларускай навукова-мэтадычнай рады ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны. Дзяржаўнае тэлебачаньне паказала адпаведны сюжэт. Неабыякавыя да захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны Горадні месьцічы сабралі больш за шэсьцьсот подпісаў у абарону будынку. Аднак руйнаваньне ўсё адно зьдзейсьнілася. І санкцыя на яго прыйшла адтуль, адкуль яе менш за ўсё чакалі, – з Управы па ахове архітэктурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры.

Будынак не палічылі гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, больш за тое – ён не знаходзіцца ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтру. Падчас разбурэньня абаронцы камяніцы маглі толькі назіраць за працэсам ды фатаграфаваць. Абываталяў разбурэньне яшчэ адной камяніцы відавочна не ўсхвалявала, як, зрэшты, і ўсе папярэднія гарадзенскія «рэканструкцыі». Хіба што жыхарку суседняга са сьвежаразбураным помнікам падзея парадавала: «Нарэшце! Прэч гэты хлам!»

На чарзе ў Горадні яшчэ 28 камяніцаў, якія могуць разьдзяліць лёс помніка канструктывізму на Горкага, 29 у бліжэйшыя гады.

Пераважную большасьць подпісаў за захаваньне вышэйпамянёнай камяніцы паставілі маладыя людзі ды прадстаўнікі гарадзкой інтэлігенцыі. Гэта дае нагоду паразважаць, на каго варта спадзявацца ў справе абароны гарадзенскіх камяніцаў.

Гарадзенскі гісторык Янка Лялевіч лічыць, што пасіўнасьць гарадзенцаў праяўляецца ў дачыненьні ня толькі да зьнішчэньня помнікаў архітэктуры: «Я не магу прыгадаць якой-кольвек буйной акцыі ўвогуле з часу прадпрымальніцкіх мітынгаў вясной 2005 г. А каб сабраць у абарону нейкага будынку з малазразумелай сярэднестатыстычнаму гарадзенскаму абываталю каштоўнасьцю вялікую колькасьць людзей? Гэта нерэальна». Да таго ж амаль штодня ў Горадні нешта руйнуецца – малапрыкметныя дамкі ў глухіх, аддаленых ад вялікіх дарог завулках. Пра гэта ўвогуле мала хто згадвае. Спадар Лялевіч не пагаджаецца з думкаю пра неэфэктыўнасьць інфармаваньня насельніцтва праз СМІ ды збор подпісаў. На яго думку, паказ на тэлебачаньні сюжэту на гэтую тэму гаворыць пра многае. «Так, мы не ўратавалі будынку, але зрабілі розгалас, прыцягнулі ўвагу да праблемы», – кажа Я.Лялевіч. Ён мае надзею наконт некалькіх дзясяткаў гарадзенскіх архітэктурных аб’ектаў: «Яны разьмешчаныя ў ахоўнай зоне, і санкцыяваць іх знос будзе ня так проста».

Гарадзенскія сайты кшталту harodnia.com чытае значная колькасьць мясцовай моладзі, што, на думку абаронцаў гістарычнай спадчыны, дае свой плён, аб чым сьведчыць аналіз сабраных у абарону будынку подпісаў.

Вядомы гарадзенскі актор і бард Віктар Шалкевіч бачыць за ўсім гэтым нашую савецкую мэнтальнасьць: «Калі актор у францускім Ліможы жыве ў доме ХVI ст. ды ня мае права анічога зьмяніць у інтэр’еры сваёй кватэры, то ён зусім па-іншаму ставіцца да гістарычнай спадчыны». Таму, кажа сп.Шалкевіч, наіўна чакаць ад беларусаў, пераважная большасьць якіх жыве ў «хрушчоўках», неабыякавага стаўленьня да старасьвеччыны. Ён падзяляе думку Я.Лялевіча: гарадзенцаў здолеў бы разварушыць хіба замах на Фарны касьцёл. «Гэта маё ўласнае адчуваньне неспэцыяліста ў архітэктуры, але тое, як выглядае цяпер Савецкая плошча, мне падабаецца – адкрылася пэрспэктыва на Фарны касьцёл ды аптэку», – кажа В.Шалкевіч і дадае, што ўсё адно на паўнацэнную адбудову гістарычнага цэнтру няма сродкаў.

Пагаджаецца з Шалкевічам і Мікола Таранда, старшыня гарадзенскага гісторыка-культурнага клюбу «Паходня»: «У Менску, мне падаецца, нарабілі нашмат больш шкоды. Мне падабаецца, як цяпер выглядае цэнтар гораду, нагадвае Прагу». Галоўнае, на думку кіраўніка «Паходні», застаецца магчымасьць у будучыні давесьці ўсё да ладу. Неактыўнасьць грамадзтва ён тлумачыць станам недзяржаўных грамадзкіх аб’яднаньняў, якіх турбуе клопат, як самім выжыць.

Гісторык Андрэй Вашкевіч уважае за прычыну абыякавасьці гарадзенцаў адсутадсутнасьць поўнай інфармацыі. «Калі мы праб’ем гэтую сьцяну маўчаньня, а цяпер існуе негалосная забарона на гэтую тэму для афіцыйных СМІ, тады справа і зварухнецца. А збор подпісаў і ёсьць інфармаваньнем», – упэўнены сп.Вашкевіч. Ён працягвае думку свайго калегі Лялевіча пра тое, што людзі, адказныя за захаваньне гістарычнай спадчыны, якія дэкляруюць сябе патрыётамі і змагарамі за нашую даўніну, у самыя адказныя моманты падпарадкоўваюцца сыстэме. Робяць, што ім загадаюць, не праяўляюць неабходнай настойлівасьці. «Тыя сотні падпісантаў, ды дзясяткі тысячаў гледачоў, што бачылі перадачу на АНТ, апынуліся падманутымі. Людзям паказалі і паабяцалі адно, а зрабілі другое», – кажа А.Вашкевіч. Каб зьмяніць сытуацыю, трэба давесьці людзям пра гэты падман. Ён мае пэўную надзею на пакаленьне 25–30-гадовых гарадзенцаў. На сталае пакаленьне асабліва разьлічваць не даводзіцца: «Былыя «паходнеўцы» амаль ня ўдзельнічаюць у справе захаваньня архітэктурных помнікаў, сярод іх няма лідэра, здольнага арганізаваць людзей». Тым ня менш, сп.Андрэй не губляе аптымізму: «Усё толькі пачынаецца ў Горадні, нягледзячы ні на што».

Сямён Печанко

Наша Ніва

Scroll to top