Афіцыйны часопіс ад Міністэрства архітэктуры Рэспублікі Беларусь "Архитектурра и строительство" надрукавала артыкул, прысвечаны падзеям 2006 года, якія звязаны з "рэканструкцыяй" Гродна.

 Гродна – напэўна, адзіны горад ва ўсёй Беларусі, дзе гісторыя яшчэ жыве на плошчах, вулачках і ў храмах, а не ў музейных сховішчах і архівах. Гэтаму гораду шанцавала: яго менш пляжыла авіяцыя падчас вайны, тут з нейкай прычыны не набылі шырокага размаху ідэалагічныя чысткі помнікаў архітэктуры. І як вынік – кожны з нас можа назіраць зараз амаль цэльны комплекс старажытнага горада з замкамі, касцёламі, цэрквамі і жылой забудовай.

Аднак не заўсёды старое лёгка ўжываецца з сучасным. А іншы раз такое суседства ўвогуле перарастае ў барацьбу за існаванне, што і даказала планавая рэканструкцыя Гродна, найбольш актыўны этап якой пачаўся з вясны 2006 г. За гэты час было зменена аблічча Савецкай плошчы, адрамантаваны мост паміж двума замкамі, вядзецца работа па стварэнні транспартнай развязкі, плануецца рэстаўрацыя Каложскай царквы. Справа, здаецца, добрая – большасць старых і гістарычна важных будынкаў у Гродне патрабуюць дагляду і рэстаўрацыі. А пытанне аўтамабільнай развязкі ўвогуле стаіць вельмі востра: горад расце, расце і колькасць машын. Ужо звыклымі сталі вялікія пробкі на гарадскіх дарогах. Такім чынам, перад мясцовымі ўладамі паўстала пытанне суіснавання двух вельмі розных сусветаў: старажытнага горада і сучаснага абласнога цэнтра. Аднак, гледзячы на ўжо зробленае, ствараецца ўражанне, што работы вядуцца па прынцыпу: “Старое павінна саступіць новаму”, і на гістарычную памяць амаль не звяртаюць увагі, задаволіўшыся вырашэннем надзённых, прагматычных пытанняў.

Найперш, па Савецкай плошчы. Тое, як яна зараз выглядае – гэта пытанне эстэтычнага густу (яе павялічылі за кошт дарогі, высеклі цэлы сквер, што зрабіла плошчу непамерна вялікай), і тут навязваць нейкія меркаванні няправільна. Але як праводзілася добраўпарадкаванне – ужо пытанне іншае. Гэта самы цэнтр горада. На гэтай плошчы горад жыў з часоў сярэднявечча, пакінуўшы пасля сябе ў зямлі безліч каштоўных артэфактаў. А будаўнічыя работы на ёй праводзілі без належных археалагічных раскопак. І багацейшы гістарычны матэрыял больш чым пяці стагоддзяў горада знік у нікуды. Будаўнікі самі прыносілі гісторыкам кафлю XVII ст., якую знаходзілі пад каўшамі сваіх бульдозераў. А калі б не ўмяшальніцтва грамадскасці, то ў друз пераўтварыўся б і падмурак палаца Радзівілаў, які некалькі дзесяцігоддзяў хаваўся пад асфальтам Савецкай плошчы. Праекціроўшчыкі чамусьці не ўлічылі унікальнасці аб’екта, і адзін з пешаходных пераходаў павінен быў прайсці якраз па рэштках палаца. Аднак у гэтай сітуацыі ўдалося спыніць разбурэнне, і пешаходны пераход праклалі трохі наўзбоч. Падмурак збольшага захаваўся, а гэта значыць, што ёсць магчымасць аднаўлення будынка. А вось старой брукаванай дарозе XIX ст. пашанцавала меней (яна таксама шмат часу ляжала пад асфальтам). Яе разабралі. Наконт гэтых і іншых парушэнняў гарадзенскім будаўнікам была зроблена афіцыйная крытычная заўвага ў выглядзе прадпісання № 001 ад 17.04.2006 г. Міністэрства культуры за подпісам першага намесніка міністра культуры У.П. Рылатка.

Яшчэ больш груба праводзіліся работы ў іншых частках Гродна: знесена пажарнае дэпо XIX ст. (таксама моцна парушаны культурны слой), разабралі стары млын, у парку імя Жылібера знішчана значная колькасць старых дрэваў, разбурана некалькі дамоў XIX ст. у розных частках горада.

Вялікія пярэчанні выклікаюць таксама і будаўнічыя работы па вуліцы Горкага. Там да нядаўняга часу захоўвалася вельмі цікавая забудова 30­х гадоў XX ст. у стылі канструктывізма. Цагляныя і драўляныя дамы ўтрымлівалі памяць пра асобную эпоху з гісторыі горада, хоць і не былі па розных прычынах уключаны ў Спіс гісторыка­культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Што самае галоўнае, будынкі ра­­зам з прылеглымі вулачкамі ўтваралі цэласны архітэктурны комплекс. Увесну бягучага года некалькі будынкаў было зруйнавана для пашырэння праезджай часткі, а восенню знеслі найбольш яскравы, характэрны для сваёй эпохі і свайго стылю дамок (крама “Гарачы хлеб”, 1928 г.), хоць за яго прасілі і краязнаўцы Гродна, і мясцовыя жыхары, і адпаведныя дзяржаўныя ўстановы, і грамадскія арганізацыі. Дом нібыта ствараў небяспечную сітуацыю для вадзіцеляў, што паварочвалі з вуліцы 17­га верасня на вуліцу Горкага. Абсалютна не адмаўляючы ўсіх праблемаў гэтага раёна (старая, малапрыдатная для рамонта забудова, сапраўдная небяспека на скрыжаванні дзвюх вуліц), усё­ткі цяжка прыняць такія дзеянні мясцовых уладаў, калі дзеля задавальнення сучасных патрэбаў знікае цэлая эпоха з жыцця горада.

Але самае галоўнае – будаўнікі плануюць правесці новую шматпалосную дарогу па вуліцы Давыда Гара­дзенскага, засыпаўшы частку унікальнага ландшафту старажытнай ракі Гараднічанкі. Новазбудаваная дарога ра­зам з іншымі транспартнымі аб’ектамі (гарадзенскімі ўладамі запланавана пашырэнне старога моста і інш.) утвораць такую транспартную сістэму, пры якой галоўныя транспартныя развязкі будуць знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, павялічыцца транспартная нагрузка на старыя вузкія вулачкі. Па­першае, гэта – парушэнне Закона аб ахове гісторыка­культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, артыкул аб ахоўных зонах. Па­другое, Генеральны план г. Гродна 2003 г., падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, прадугле­джвае разгрузку гістарычнага цэнтра ад транспарту, паступовае ператварэнне старых вулачак у пешаходныя зоны, як гэта зроблена ў Вільні, Кракаве, Брэмене...

Таксама БелНДІПгорадабудаўніцтва неаднаразова даваў афіцыйную негатыўную ацэнку ўжо зробленым працам і планам, якія хочуць рэалізаваць гара­дзенскія ўлады ў будучыні:

“Намеченное строительство противоречит требованиям Закона об охране историко­культурного наследия”;

“Ни в одном из названных выше проектов, разработанных УП “БелНИИПградостроительства”, не предусматривается осуществлять “коренную реконструкцию” исторической площади ради упорядочения движения по ней автотранспорта”;

“Движение общественного транспорта (автобуса и троллейбуса) должно быть снято с исторической площади и направлено в обход центрального исторического ядра”;

“В нынешней ситуации старый мост провоцирует загрузку центра транзитным транспортом, что недопустимо. …Расширение этого моста приведет только к ухудшению транспортной ситуации, а кардинальным решением является строительство моста через р. Неман в створе ул. Буденного параллельно железной дороге”

(вытрымкі з ліста № 04/1018 НП РУП “БелНДІПгорадабудаўніцтва” да Міністэрства культуры ад 23.08.2006 г.).

Па словах старшыні гарвыканкама г. Гродна сп. А.І. Антоненкі, сённяшняя рэканструкцыя Гродна – часовае вырашэнне транспартнага пытання ў гора­дзе, і прыкладна праз 20 год гістарычны цэнтр Гродна будзе адпавядаць генеральнаму плану (сп. А.І. Антоненка апеліруе да таго, што генеральны план горада мае стратэгічны характар). Але, як сцвярджае практыка, новазбудаваныя дарогі і развязкі ўжо назаўсёды застаюцца, і “выправіць” гістарычны цэнтр горада ў адпаведнасці з разумна прапрацаваным і зацверджаным генеральным планам вельмі складана. Таму пасля ўжо выкананых прац робіцца яго “карэкціроўка”. Такім чынам узаконьваюцца ўсе навабуды і так званае “часовае вырашэнне” становіцца канчатковым.

Пытанне новай дарогі і транспартных развязак зараз найбольш хвалюе лю­дзей, зацікаўленых у захаванні гісторыка­культурнай спадчыны Гродна. Вырашальным момантам у гэтай гісторыі будзе разгляд дадзенага пытання на Беларускай рэспубліканскай навукова­метадычнай радзе па пытаннях гісторыка­культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Намеснік старшыні Упраўлення па ахове гісторыка­культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сп. І.М. Чарняўскі паведаміў, што паседжанне рады па гэтым пытанні адбудзецца ў студзені 2007 г.

Гісторыю ў Гродне можна забіць, бо там яна яшчэ жыве. І тыя рэчы, якія недасведчанаму чалавеку здаюцца дробязямі (аскепкі кафлі з будаўнічай яміны, пашарпаны цагляны дамок 1930­х гг.), насамрэч уяўляюць сабой вялізнае значэнне для захавання сутнасці месца. Бо Дух Горада – гэта не велізарныя плошчы і шырокія вуліцы, а тыя месцы, якія набрынялі гісторыяй стагоддзяў. І менавіта ў гэтым горадзе яны павінны захоўвацца як мага ашчадней. Бо Гродна – наш білет у еўрапейскую цывілізацыю, які мы, на вялікі жаль, паціху губляем.

Цімох Акудовіч

http://www.ais.by/content/view/1028/120/

Scroll to top