Пра гэта Еўрапейскаму радыё распавёў былы галоўны архітэктар Гродзенскай вобласці Уладзімір Ісачанка.

 Пасля таго, як з’явілася інфармацыя пра разбурэнне некаторых будынкаў у старой частцы Гродна, Еўрарадыё вырашыла знайсці распрацоўшчыкаў генплана горада і высветліць, што ўсё ж такі адбываецца з гісторыка-архітэктурнымі каштоўнасцямі.

Як высветлілася, генплан ствараўся ў 2003 годзе ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце горадабудаўніцтва пры ўдзеле архітэктараў, гісторыкаў і чыноўнікаў міністэрства культуры. Тады было знойдзена рашэнне, як развіваць горад, не руйнуючы старыя будынкі. Галоўны архітэктар БелНДІ горадабудаўніцтва, былы галоўны архітэктар Гродзенскай вобласці Уладзімір Ісачанка шакіраваны падзеямі ў старым горадзе.

“Усё пайшло наперакасяк. Замест таго, каб ачысціць ад праезду непатрэбнага для цэнтра горада транспарта, яго яшчэ больш узмацнілі. Прычым акурат насуперак таму, што было зацверджана прэзідэнтам у генеральным плане. Там неабходна было прыбраць транспартныя лініі і пусціць іх у абыход”.

Намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва гродзенскага гарвыканкама Уладзімір Халопаў свярджае, што генплан не парушаўся.

“Усё, што робіцца ў горадзе, узгадняецца. Як ён парушаны, я не разумею. У вас выдзернутыя звесткі”

 Аднак спадар Ісачанка кажа, што з распрацоўшчыкамі генплана ніякія змены не ўзгадняліся.

“З намі гэта не было ўзгоднена. Тое, што наш інстытут распрацаваў, узгадніў ва ўстаноўленым парадку, зацвердзіў, яны змянілі ў абыход нас. Відавочна, што вінаватыя ва ўсім мясцовыя архітэктары. Я думаю, што нехта прапанаваў свае рашэнні, зусім з няправільным падыходам да гэтай справы. Відаць, кіраўніцтва прыняло гэтыя прапановы, зусім няўдалыя”.

Дарэчы, “абаронцы Гародні”, на думку Уладзіміра Ісачанкі, абараняюць не тое, што трэба. Напрыклад, нашумелы млын, пабудаваны ў 30-я гады ХХ-га стагоддзя, не ўяўляе сабой ніякай каштоўнасці. Да таго ж стаіць на балоцістай глебе і ў любы момант можа абваліцца. Куды большы клопат выклікае будаўніцтва магутнай магістралі праз цэнтр горада.

Першай ахвярай ужо стала старая галоўная плошча, дзе вырубілі два гістарычныя скверы. А паколькі змены ў генплане трымаюцца ў сакрэце, то невядома, што будзе наступным.

Па словах начальніка Упраўлення тэрытарыяльнага развіцця, горадабудаўніцтва і архітэктуры Міністэрства архітэктуры Валянціны Назарук, ніякага зносу няма і не будзе. Адбываецца рэгенерацыя.

“Ідзе аднаўленне гісторыка-культурных помнікаў, прывядзенне іх у належны стан, але з тым, каб не парушыць функцыянальнасць горада. Нам жа жыць трэба і нашым дзецям далей жыць трэба. Я асабіста выязджала ў Гродна, таму ніякіх праблем там не бачу”.

З ёй не згаджаецца галоўны архітэктар спадар Ісачанка.

“Гістарычную частку горада трэба захоўваць, а не аднаўляць! Рабіць шырокія вуліцы па чатыры паласы руху не варта. Іх трэба рабіць вакол. Яны ж прабіваюцца міма старых замкаў, манастыроў, сінагог, міма ўнікальнай Гараднічанкі”

У цэнтры Гродна больш за 350 будынкаў прызнаныя гісторыка-архітэктурнымі помнікамі. Іх не зруйнавала вайна, іх уратавалі ад савецкай улады. Аднак, відаць, ад памкненняў урбанізацыі гісторыі не ўратавацца.

ДАДАТАК

Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей

Ліст 1

Ліст 2

Ліст 3

 Ліст 4

Ліст 5

 Ліст 6

 Ліст 7

 Ліст 8

 Генплан 1

 Генплан 2

Гродна, які мог бы быць 1

 Гродна, які мог бы быць 2

 

Віталь Малькевіч

Еўрапейскае радыё для Беларусі

Scroll to top