Будаўнічае разбурэнне Горадні працягваецца

Горадня – прыгожы горад, чаго не скажаш пра большасць беларускіх гарадоў. Гэтая большасць з цяжкасцю перажыла войны, нацысцкую акупацыю і сацыялізм. Горад на захадзе краіны, які апынуўся ў трохкутніку Польшчы, Літвы і Беларусі, захаваў шматлікія гістарычныя будынкі, храмы і палацы, якія паходзяць з часоў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расейскай імперыі.

Працяглы час горад быў рэзідэнцыяй польскіх каралёў. Саксонец Аўгуст ІІІ, напрыклад, загадаў збудаваць у Горадні палац па праектам дойлідаў, якія праектавалі палац Цвінгераў у Дрэздэне. Гістарычную спадчыну амаль 900-гадовага горада ў Беларусі ацэньваюць як унікальную і асабліва каштоўную. Тут захавалася шмат мясцін, якія дазваляюць меркаваць пра агульную гісторыю краіны і з’яўляюцца ключом да разумення складанай беларускай самаідэнтыфікацыі. Не дзіўна, што Гарадзенская вобл. з’яўляецца аплотам нацыянальна-кансерватыўнай апазіцыі.

У будучым Горадні пагражае ператварэнне ў няслаўны прыклад адзінага ў сваім родзе дрэннага аднаўлення архітэктурных помнікаў, а, фактычна, іх добраахвотнага разбурэння. З моманту як гістарычны цэнтр горада на Нёмане (Мемеле) у адпаведнасці з зацверджаным у 2005 г. архітэктурным праектам быў “пастаўлены з ног на галаву” пачаўся ўзрастаючы супраціў. Блогеры, крытыкі і актывісты грамадскага супраціву пачалі адкрыта казаць пра “разбурэнне Горадні”. Каля 70 будынкаў канца ХІХ – пачатку ХХ ст. павінны быць знесеныя дзеля пашырэння вуліцаў, расчысткі тэрыторыі для прыбытковых новых будоўляў і прыцягнення інвестараў. Ужо зараз па розных звестках былі знесеныя ад 20 да 40 будынкаў.

На пачатку жніўня быў разбураны будынак ХІХ ст. (На самой справе на пачатку жніўня гэтага году быў разбураны флігель Палаца гарадзенскага віцэ-адміністратара каралеўскага староства XVIII ст.)“З большага гэта робіцца ўладамі ў таямніцы”, - гаворыць адзін з актывістаў. “Органы ўлады выкарыстоўваюць бульдозеры без папярэдняга паведамлення. Калі мы атрымліваем інфармацыю, то размяшчаем свой пост каля помніка архітэктуры і спрабуем спыніць экскаватары. Мы можам затрымаць іх толькі на кароткі час Але пры гэтым мы прыцягваем увагу да таго, што адбываецца. Удзельнікі супраціву ўжо зведалі і турэмнае заняволенне, і грашовыя штрафы. Першыя сутыкненні былі звязаныя з перабудовай Савецкай плошчы, на якой дамінуе вядомы барокавы езуіцкі касцёл. Падчас працаў былі пашкоджаныя падмуркі Палаца Радзівілаў і Ратушы. Археолагі не мелі магчымасці правесці нармальныя археалагічныя раскопкі.

Хаця польскія дэпутаты Еўрапарламента і адзін з лідараў беларускай апазіцыі, гарадзенец Аляксандар Мілінкевіч і зьвярнуліся з адпаведнымі лістамі ў ЮНЭСКА, іхныя дзеянні не прынеслі вялікага посьпеху. Адміністратар сайта harodnia.com, на якім дакладна фіксуюцца ўсе выпадкі разбурэння, спрабаваў у гэтым годзе прыцягнуць увагу да сітуацыі з дапамогай ліста для наведвальнікаў Інтэрнэту. “Гісторыкі, - адзначаецца ў гэтым лісце, - спадзяюцца на будучыню, якая не будзе зруйнаваная бульдозерамі”.

Галоўны архітэктар Горадні Уладзімір Анісімаў абараняе дзеянні ўладаў, заяўляючы, што яны “даюць гораду новыя перспектывы”. “Замежныя госці лічаць, што атмасфера горада змянілася. У Горадні з’явіліся адрамантаваныя фасады, дахі. Горад стаў чысцейшым”. Не сакрэт, што беларускаму прэзідэнту Лукашэнку падабаецца, калі турысты прыязджаюць у яго краіну. Гэтай мэце і служаць “мерапрыемствы па рэканструкцыі”.

Рэальныя вынікі сапраўды жахлівыя. Нараджаюцца нейкія гратэсковыя фасады і будынкі, дзіўныя і неадпаведныя сваім гістарычным арыгіналам копіі. Найчасцей яны пафарбаваныя ў жоўта ружовы і мятна зялёны колеры. Маставыя плошчаў пакрываюцца танным брукам, і на іх ўсталёўваюцца ліхтары ў стылі рэтра. Атрымалася мяшанка штучнага пейзажу і Легаландыі. Дылетанцкая халтура ў часе рэстаўрацыйных працаў і разбурэнні ў стылі савецкіх традыцыяў не з’яўляюцца для Беларусі нейкім адзінкавым выпадкам. Падобнае можна назіраць ў старых кварталах Менску, Берасця, Нясвіжу, Навагрудку. Як вынікае з матэрыялаў Міжнароднай Рады па ахове помнікаў і гістарычных месцаў (Icomos) “за апошнія 10 гадоў Беларусь страціла 100 археалагічных аб’ектаў”.

Неўзабаве можна будзе сказаць: “Горадня была цудоўным горадам”.
Süddeutschzeitung
Пераклад Марыі Смалянчук

Scroll to top