У інфармацыйнай даведцы падаюцца спісы знішчэнняў археалагічнай спадчыны на Плошчы Савецкай, разбурэнняў будынкаў пры рэканструкцыі вуліц і іншых разбурэнняў археалагічнай спадчыны на працягу 2005 і 2006 гг., чаканыя неўзабаве знішчэнні і неабходныя захады па спыненню знішчэнняў спадчыны горада Гродна.


Знішчэнні археалагічнай спадчыны на Плошчы Савецкай на працягу 2005 і 2006 гг.

Рэканструкцыя Савецкай плошчы пачалася вясной 2005 года, спынілася зімой 2005/06 гадоў і аднавілася ў пачатку красавіка гэтага года. Археалагічныя раскопкі летам 2005 г. праводзіліся прыкладна на плошчы 25 кв.м. каля танка-помніка і 25 кв.км. на месцы палаца Радзівілаў. Калі ўлічыць, што земляныя работы вядуцца зараз на плошчы не меншай чым 20000 кв.м. то выкананы аб’ём раскопак можна фактычна не браць ва ўлік. На працягу мінулага года і за першыя два тыдні красавіка ў выніку земляных работ на плошчы былі знішчаныя або пашкоджаныя наступныя помнікі:

  1. Каля помніка-танка знішчаны ўвесь культурны слой (сягаў XIV ст.) разам з усімі падмуркамі колішніх камяніцаў (выкапаны экскаватарамі) на плошчы не менш 300 кв.м. Яма засыпана пяском, а пасля ўтрамбавана катком. Пры гэтым знішчаны поўнасьцю брук на вуліцы Старой, якая некалькі апошніх дзесяцігоддзяў знаходзілася пад зямлёю.
  2. Увесь сквер (тэрыторыя была заселена ўжо ў XV ст.) паміж помнікам-танкам і Савецкай плошчай быў пры пракладанні камунікацыяў і закладанні падпорных сценак экскаватарамі быў перарэзаны траншэямі глыбінёй да 2,5 метраў на ўсёй працягласці, пры гэтым былі пабураны падмуркі ўсіх камяніцаў, якія тут былі перад вайной. Разам плошча разбурэнняў складае па сціплых падліках каля 500 кв.м.
  3. Поўнасцю знішчаны культурны слой на месцы выкапанай ямы пад падземны пераход у двары Палаца Радзівіла XVII ст. Агульная плошча каля 400 кв.м. Разам з культурным слоем знішчаны падмуркі і скляпенні невядомага будынка з рэшткамі кафлянай печы.
  4. Нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе архітэктары абяцалі, што падмурак палаца Радзівілаў не будзе закрануты і нават будзе музеефікаваны, тыдзень таму падчас закладання падпорных сценак падмурак і скляпенні палаца былі разбураныя як мінімум ў дзвюх месцах. 15 красавіка падмуркі палаца пачалі разбураць яшчэ у двух месцах.
  5. Пры пракладанні сцёкавай каналізацыі паўз усю Савецкую плошчу (Рынак 2 пал. XIV ст.) была выкапана траншэя агульнай працягласцю каля 200 метраў шырынёй 2 метры і глыбінёй да 3,5 метраў, тым самым выгрэбшы ўвесь культурны слой. Былі закранутыя і разбураныя:
    • вугал палаца Радзівілаў;
    • часткі падмуркаў гандлёвых радоў, што былі паміж палацам Радзівілаў і Ратушай (знаная з XVI ст.);
    • у культурным слоі былі бачныя рэшткі драўлянай маставой XVI-XVII ст. Агульная плошча каля 30 кв.м.;
    • тая самая траншэя разбурыла падмуркі некалькіх дамоў па вул. Маставая (закладзеная ў XV-XVI ст.), знішчаны культурны слой.
  6. Раскапаныя і знішчаныя падмуркі і скляпенні будынкаў XVII-XVIII ст. паміж палацам Тэкстыльшчыкаў і аптэкай пры в. Маставой, а таксама насупраць г.зв. дома купца Мураўёва.
  7. Разбураныя каналізацыйныя калодзежы ХІХ ст.
  8. Практычна на ўсёй плошчы культурны слой выкапаны да ўзроўню ХІХ ст.
  9. Па ўсёй плошчы знішчаецца брук ХІХ-пач. ХХ ст., які ляжаў да гэтага часу пад слоем асфальта:
    • Каля былой Ратушы (ўласна на плошчы)
    • На вуліцы Маставой
    • У самым пачатку вул. Савецкай (брук канца 1930-х гг. які знаходзіўся не пад асфальтам, а быў на паверхні).
    Агульная плошча не менш 2000 кв.м.
  10. Вынятыя і вывезеныя бетонныя пліты і бардзюры 1930 гг. з надпісамі Magistrat miasta Grodna і Z[arzad] M[iasta] G[rodna]
  11. Знішчаныя амаль усе дрэвы на плошчы. Між тым праект не прадугледжвае знішчэння дрэваў, існуе пастанова аб тым, што спілаванне кожнага дрэва у горадзе знаходзіцца выключна ў кампетэнцыі гарадскіх уладаў. Дрэваў засталося не больш 20% ад іх ранейшай колькасці.
  12. Галоўнае: Разбураецца традыцыйная планіроўка плошчы. Плошча фактычна “прыклейваецца” да пальчаткавай фабрыкі. Парушаецца радыяльная структура плошчы з выхадамі на яе ўсіх галоўных вуліцаў горада, характэрная для большасці вялікіх еўрапейскіх гарадоў. Плошча пераўтвараецца ў працяг г. зв. гродзенскага Арбата (паводле характарысктыкі гарадскіх чыноўнікаў), які будзе складацца з вуліц Савецкай, плошчы Савецкай, вуліцы Маставой і будзе цягнуцца ад вул. Ажэшкі да самага Нёмана. Транспартная плынь накіроўваецца ў сваю чаргу па вуліцы Давыда Гарадзенскага ў небяспечнай блізкасці ад Новага і Старога Гродзенскіх замкаў, што, канешне, пазбавіць замкі прывабнасці для турыстаў. Пытанне аб тым, як зрабіць пешаходным увесь цэнтар горада, аднавіць ратушу і квартал будынкаў на месцы сквера на плошчы нават не ўздымаецца.

Іншыя разбурэнні археалагічнай спадчыны на працягу 2005 і 2006 гг.

  1. Летам мінулага года ля рогу вуліцаў Віленскай і Ажэшкі быў збураны будынак канца ХІХ ст, неўзабаве на гэтым жа месцы быў збудаваны “наватвор” з закладаннем новых падмуркаў і падвядзеннем новых камунікацыяў без ніякіх археалагічных даследванняў. Бо між іншым паводле гістарычных крыніцаў тут мелася быць Віленская брама горада XVI ст.!
  2. Увосень мінулага года падчас дабраўладкавання ўзбярэжжа Нёмана ля замкаў (адсюль пачынаўся гарадзенскі Падол XIII-XIV ст) была знішчана камяніца пры вуліцы Заводскай, 12, пасля чаго уся вуліца і ўзбярэжжа былі перагрэбаныя бульдозерамі і перакопаныя траншэямі. Плошча перакопаў сягае 200 кв.м.
  3. У канцы сакавіка 2006 г. пасля збурэння будынка пры в.К.Маркса, 20 (гэты раён быў заселены ўжо ў XVI ст.) пляцоўка была заглыблена глыбінёй да 2 метраў плошчай да 500 кв.м.

Чаканыя неўзабаве знішчэнні археалагічнай спадчыны

Паводле праекта “дабраўладкавання” цэнтра горада ў бліжэйшыя месяцы, а можа і тыдні чакаецца:

  1. У бягучы тыдзень будзе працягвацца закладанне траншэі для правядзення каналізацыі паўз плошчу Савецкую (Рынак 2 пал. XIV ст.) шырынёй 2 метры глыбінёй да 3,5 метраў прыблізна ад усходняга краю падмуркаў гандлёвых радоў да крамы “Баторыя” (каля 30 м.) і ад прыблізна ад усходняга краю падмуркаў Ратушы да вуліцы Кірава (каля 150 м.). Апроч гэтага цягнецца траншэя поўнасцю знішчаючы вуліцу Маставую (XV-XVIст.) ад кнігарні “Раніца” да злучэння з траншэяй на плошчы Савецкай, дзе чакаецца, што зноў у працяг будуць закранутыя вугал падмуркаў палаца Радзівілаў.
  2. Праўдападобна на працягу бліжэйшых аднаго-двух месяцаў будзе скончаны падземны пераход пад вуліцай Баторыя, падчас чаго наканавана назаўсёды быць зьнішчаным усходняму флігелю палаца Радзівіла (XVII ст.)!
  3. Яшчэ ў мінулым годзе быў абвешчаны новы праект будаўніцтва элітных дамоў пры вуліцы Вялікай Траецкай у двух месцах: ля Вялікай сінагогі (Пасад ХІІ-ХІІІ ст.), чаканыя збурэнні археалагічнай спадчыны каля 1000 кв.м; а таксама на скрыжыванні з вуліцай Трудавой (заселены ў XIV-XV ст.), чаканыя разбурэнні каля 1000 кв.м.!!!
  4. Дабраўладкаванне будзе працягвацца таксама паміж Савецкай плошчай і мастом праз Нёман, якое мае на мэце таксама няўхільны перакоп пад закладанне новай трасіроўкі спуска да маста (заселены ўжо ў канцы XV ст.)
  5. Пры рэканструкцыі маста праз Нёман (хутчэй за ўсё да канца года) чакаецца пракладанне новых камунікацыяў пры ўездзе на мост, дзе ў XVI ст. стаяла загадка ўсіх гарадзеназнаўцаў царква-ратонда Чэснага Крыжа, выяву каторай можна пабачыць на гравюры Цюндта 1567 г.
  6. Таксама пры рэканструкцыі маста будзе праведзена новая аб’язная дарога міма цэнтра горада па вуліцы Падгорнай пад кляштарам Бернардынцаў (Падол XV-XVI ст.) з усімі новымі камунікацыямі і г.д.

Разбурэнні будынкаў на працягу 2005 і 2006 гг:

  1. З лета 2005 г. знесеныя мураваныя будынкі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. па вул. Заводскай 12, Акадэмічнай 16, К. Маркса 20, Віленскай, Вялікай Траецкай, 11 ліпеня і г.д. Быў знесены будынак адной з першых у Беларусі мікрабіялагічных станцыяў (былы відэасалон па вул. Чырвонаармейскай), а на яго месцы пабудаваны новы, які толькі аддалена нагадвае папярэдні. Работы падобнага кшталту вядуцца зараз на вул. Вялікай Траецкай. У гэтым годзе павінны быць знішчаны дамы на вул. 11 ліпеня.
  2. У перспектыве плануецца знос 28 будынкаў у г.зв. “Новым Свеце” па вуліцах Міцкевіча, Горкага і 17-га верасня і пабудова там сучаснага гасцінічнага комплекса. Сярод запланаваных да зносу дамоў ёсць будынкі – помнікі стылю канструктывізма, знішчэнне якіх нанясе непапраўныя страты архітэктурнаму абліччу горада.
  3. Запланавана рэканструкцыя Каложскай царквы ХІІ ст. Аднавіць выгляд царквы на ХІІ ст. немагчыма з-за адсутнасці адпаведных крыніц. Аднаўленне выгляду царквы на сяр. ХІХ ст. наўрадці ўяўляецца мэтазгодным. Улічваючы сучасны ўзровень рэстаўрацыйных работ (царква напэўна будзе аднаўляцца па сучасным, а не старжытным тэхналогіям) існуе небяспека, што царкве будуць нанесены неапраўданыя страты.

Знішчэнні пры рэканструкцыі вуліцаў і іншых аб’ектаў:

  1. Поўнасцю знішчаны брук на вуліцы Рыбацкай і вуліцы вакол Замкавай Гары (вуліца Старазамкавая), вуліцы выкладзеныя пліткай.
  2. Рэканструкцыя моста паміж Старым і Новым замкамі праводзілася занадта хуткімі тэмпамі, з парушэннем тэхналогіі (гэта ўжо даецца заўважыць нават зараз, праз пяць месяцаў пасля рэканструкцыі), на мосце знішчаны брук і заменены пліткай.
  3. У працэсе работ у парку імя Жылібера знішчана значная частка старых дрэваў, насупраць помніка салдатам-вызваліцелям фактычна ўзнікла новая плошча, што пераўтварыла парк імя Жылібера ў звычайны сквер.
  4. Знішчэнне дрэваў ідзе па ўсім горадзе, так нядаўна была спілавана ліпавая алея каля былога Рачнога Вакзала.

Неабходна:

  1. Правесці на Савецкай плошчы сур’ёзныя выратавальныя археалагічныя раскопкі.
  2. Спыніць знішчэнне падмуркаў старых будынкаў пад час пракладання падземных камунікацыяў.
  3. Спыніць знішчэнне бруку ў гістарычным цэнтры Гродна.
  4. Спыніць выпілоўванне дрэваў па ўсім горадзе.
  5. Перагледзець планы па рэканструкцыі горада ў накірунку больш уважлівага стаўлення да культурнай і архітэктурнай спадчыны, а таксама разгледзець усе магчымыя варыянты, каб зрабіць увесь цэнтар горада (плошчу Савецкую і вуліцы, што разыходзяцца ад яе) пешаходным (гл. артыкул “Нятрэба рэканструяваць стары мост”).
  6. Арганізаваць шырокую дыскусію сярод усіх зацікаўленых прадстаўнікоў грамадства аб шляхах, метадах і сродках рэканструкцыі горада, якая павінна асвятляцца ў сродках масавай інфармацыі.
  7. Узяць справу рэканструкцыі горада (і асабліва Каложскай царквы) пад выключна моцны кантроль рэспубліканскіх органаў, што адказваюць за захаванне культурнай спадчыны.

План рэканструкцыі гістарычнага цэнтра

 

Scroll to top