Каля нас адбываецца незвычайнае – вось ужо амаль цэлы год раз на месяц ў каталіцкай капліцы на вуліцы Рэпіна збіраюцца для супольных малітваў прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій нашага горада.

Без усялякіх сварак і разборак моляцца, узяўшыся за рукі, каталіцкія бабулькі, пратэстанцкія маладзёны і сур’ёзны барадаты уніяцкі святар. Моляцца за ўсіх нас: веруючых і няверуючых, старых і маладых, маладафронтаўцаўцаў і бээрсээмаўцаў, за готаў, эму, удзельнікаў Крытычнай масы, аматараў гульні Энкаўнтэр ці проста лідскага піва. Але ці доўга так будзе.

Сёння некаторыя з тых, хто быў на гэтых малітвах, пачалі ўжо пагаворваць: “Ат, не падабаюцца мне гэты малітвы, занадта шмат там спяваюць пратэстанты, а мне, веруючаму каталіку ці праваслаўнаму, там не падабаецца. Маўляў, атмасфера не тая.” Іншыя гавораць, што рэлігія – прыватная справа кожнага і не трэба мяшаць яе з нейкай грамадскай актыўнасцю. Як гэта насамрэч недальнабачна! Таму і спяваюць на гэтых малітвах галоўным чынам пратэстанты, бо яны аказваюцца найбольш веруючымі і адданымі сваёй справе, чым мы, праваслаўныя і каталікі. І толькі мы вінаватыя ў тым, што не гучаць на гэтых малітвах галасы прадстаўнікоў іншых канфесій. Менавіта мы можам сваёй няўвагай загубіць выключнае ў гісторыі нашай краіны (і не такое частае нават і ў сусветнай гісторыі) – супольныя малітвы пратэстантаў, рыма-каталікоў, праваслаўных і ўніятаў. Гарадзенцы, падтрымайце гэту важную справу сваёй увагай, адкіньце ўбок свае забабоны, прыйдзіце першы раз нават дзеля цікавасці, каб падтрымаць. Разам заспяваем “Магутны Божа”. Чакаем вас у аўторак 2 кастрычніка ў каталіцкай капліцы па вуліцы Рэпіна ў 20.00. Прыходзце.  

Scroll to top