Прафэсар катэдры гісторыі і паліталёгіі Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін зьвяртаецца да ўсіх ахвотных паўдзельнічаць у археалягічных раскопках, якія ён сёлета будзе праводзіць у Сьветлагорскім раёне.

Шацілкі. На здымке – мясьціны, дзе  сёлета мяркуецца правесьці першыя археалягічныя раскопкі. Фота: www.svetlogorsk.netДабраахвотнікі могуць папрацаваць на першых раскопках у Шацілках – старадаўняй частцы Сьветлагорска, а таксама на раскопках у вёсцы Каралёва Слабада-2 - на месцы горада Казімір, які існаваў у XVII стагодзьдзі.

Раскопкі ў Шацілках заплянаваныя на другую палову чэрвеня. Шацілкі – былая вёска, якая вядомая па дакумэнтах з 1560 г. (у 1961 г. Шацілкі ператвораныя ў Сьветлагорск). Летась зь ініцыятывы мясцовай грамадзкасьці і з дапамогай дабраахвотнікаў С. Рассадзін выявіў месца, дзе ўзьніклі Шацілкі. У часы Вялікага Княства Літоўскага, асноўнай часткай якога з’яўлялася Беларусь, большасьць насельніцтва Шацілак складалі зямяне – сялянства, якое несла вайсковую службу, і шляхта. Адсюль папаўнялася адна з вайсковых частак - Рэчыцкая харугва, якая праявіла сябе ў розных бітвах. Летась у Сьветлагорску з грамадзкай ініцыятывы быў усталяваны першы ў Беларусі помнік заснавальніку паселішча, якім у Шацілках лічыцца Раман Шаціла.
Дабраахвотнікі на першых археалягічных раскопках на месцы былога г. Казімір, жнівень 2006 г. Фота Алены Каваленкі.

У ліпені С. Рассадзін мяркуе працягнуць раскопкі ў в. Каралева Слабада-2, на месцы былога горада Казімір. Горад меў Магдэбургскае права і быў разбураны ў час вайны з Расейскай дзяржавай у 1655 г. Раскопкі тут пачаліся летась, таксама зь ініцыятывы грамадзкасьці Сьветлагорска, і прынеслі плённыя вынікі. “Казімір праіснаваў усяго 2 дзесяткі гадоў і утрымлівае, як мы кажам, «чысты» археалягічны матэрыял, які адносіцца да сярэдзіны XVII стагодзьдзя” – гаворыць С. Рассадзін. На меркаваньне прафэсара, гэтае месца можа стаць для навукі эталонным помнікам матэрыяльнай культуры XVII ст. У наступным годзе спаўняецца 365 гадоў з часу заснаваньня Казіміра.


Усім, хто цікавіцца гісторыяй, археалёгіяй і краязнаўствам і можа прысьвяціць частку свайго вольнага часу дабраахвотнай працы на архэалягічных раскопках, С. Рассадзін прапануе зьвязвацца зь ім праз тэл. 567 59 22.
Светлагорск [Рэгіянальныя навіны]

Scroll to top