Актывісты Руху “За Свабоду” запрашаюць на Дні Святога Губерта – альтэрнатыўныя дні Гародні, якія пройдуць 6-8 лістапада.

Святы Губерт – заступнік Гародні. Гісторыя Гародні – гэта гісторыя еўрапейскага горада. Традыцыі, якія нараджаліся ў далёкіх еўрапейскіх краінах, з лёгкасцю і вельмі натуральна прыжываліся тут і хутка станавіліся сваімі. На дзень Святога Губерта, які адзначаецца 3 лістапада, у мінулым прыпадаў у Гародні Дзень горада. Сцэна са з’яўленнем Аленя з залатым крыжам паміж рагамі перад Губертам, а менавіта такім ёсць герб горада, была самай чаканай сярод гарадзенцаў у дзень свята.

“Мы аднаўляем традыцыю шанавання нашых святых-заступнікаў. Мы заахвочваем Вас любіць свой горад, ведаць яго гісторыю і традыцыі, быць неабыякавымі да таго, чым жыў і жыве горад, і што з ім сёння вырабляюць рознага рангу чыноўнікі. Мы хочам, каб Вы звярнулі ўвагу на падзеі, якія адбываюцца ў горадзе. Мы прапаноўваем Вам гісторыю і традыцыю Гародні без ідэалогіі”, - гаворыцца ў прэс-рэлізе Гарадзенскага Руху “За Свабоду”.

Праграма святкавання:

6.11.2008 (чацвер)

18.30 - прэм’ерны паказ дакументальнага фільма “Новы Свет” знятага маладымі гарадзенцамі. Фільм прысвечаны прыгожаму гарадскому раёну забудовы 20-30 гадоў мінулага стагоддзя, вядомаму пад назвай Новы Свет, які сёння знаходзіцца пад пагрозай знішчэння (памяшканне Таварыства Беларускай Школы, вул. Будзёнага 48а-44).

19.20 - Прэзентацыя альманаха “Горад Святога Губерта”, дзе між іншага змешчаныя ўспаміны колішніх жыхароў Новага Свету і пададзеныя схемы плануемай “рэканструкцыі” Каложскай царквы ХІІ ст. (памяшканне Таварыства Беларускай Школы, вул. Будзёнага 48а-44).

7.11.2008 (пятніца)

- Міжнародная навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест. ХІІ – ХХ ст.”

Удзел бяруць гісторыкі з Гародні, Менску, Брэста, Польшчы: Краўцэвіч Алесь, Янушкевіч Андрэй, Галубовіч Віталь, Мацук Андрэй, Сліж Наталля, Кітурка Ірына, Соркіна Іна, Кіштымаў Андрэй, Смалянчук Алесь, Чарнякевіч Андрэй, Анатоль Трафімчык, Шаланда Аляксей, Грыб Антон, Яцкевіч Зміцер ды інш.

15.30 – 18.30 - Адкрыты грамадскі круглы стол “Горад святога Губерта: сучаснасць супраць мінуўшчыны”. Удзел возьмуць гісторыкі Захар Шыбека, Сяргей Харэўскі, Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук, старшыня Рэспубліканскага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. Запрашаюцца ўсе ахвотныя (памяшканне Таварыства Беларускай Школы, вул. Будзёнага 48а-44).

8.11.2008 (субота)

17.00 - Творчая сустрэча з Ігарам Варашкевічам, лідэрам легендарнага гурта “КРАМА”. “Гэй там, налівай”, “Хворы на рок-н-рол”, “Камэндант” і ўсё самае найлепшае для Вас ад Ігара Варашкевіча і арганізатараў Дзён Гародні :)

Святкаванне адбудзецца па адрасе вул.Будзёнага, 48а. Арганізатары запрашаюць на Дзень Святога Губерта ўсіх ахвотных. Уваход вольны!

Scroll to top