Спадзяванкі на тое, што хоць надыход фестывалю нацыянальных культураў зможа крыху супакоіць занадта актыўных будаўнікоў, былі дарэмныя. Ужо ў чэрвені Горадня пазбавіцца цэлага гістарычнага квартала ў “Новым Свеце”.

 Тое, што даводзіцца чуць больш-менш удумліваму чалавеку па гарадзенскім тэлебачанні можа выклікаць стан блізкі да шызафрэніі. На працягу паловы году некалькі разоў мянялі сваё меркаванне наконт таго ці трэба рэканструяваць стары мост, а зараз уразілі ўсіх абсалютным перлам. Калі яшчэ два тыдні таму адсутнасць грунтоўных археалагічных раскопак на плошчы абгрунтоўвалі тым, што гэтак званую рэканструкцыю трэба паспець закончыць да пачатку фестывалю, то зараз спакойна заявілі, што Фестываль будзе праходзіць у парку Жылібера, а Савецкую будуць спакойна “рэканструяваць” далей. Дык што!? НЕ ПАСПЕЛІ!

Паўстае пытанне – ЯКОЕ ІСНУЕ ТАДЫ АПРАЎДАННЕ ТЫМ, ХТО ЗНІШЧАЎ НА ПЛОШЧЫ СТАРЫЯ ПАДМУРКІ І 4-МЕТРОВЫ КУЛЬТУРНЫ СЛОЙ?

ХТО Ў ТАКІМ ВЫПАДКУ АДКАЖА ЗА НАЦЫЯНАЛЬНУЮ СПАДЧЫНУ, ЯКУЮ РАЗАМ З КУЛЬТУРНЫМ СЛОЕМ З ПЛОШЧЫ ВЫВЕЗЛІ НА СМЕТНІК?

Фестываль, канешне, таксама будзе невясёлы. Напэўна, не будуць запрашаць ні кіраўнікоў дзяржавы, і нікому не ўручаць узнагароды за выдатную “рэканструкцыю” горада. Народ з бутэлькамі піва ў руках будзе гуляць па рэканструяваным вулачкам і наладжваць пікнікі на пясчаных узгорках пасярод гор пліткі на Савецкай плошчы. Але гэта дробязі – самае сумнае наперадзе...Адзін з самых лепшых прадстаўнікоў канструктывізму ў Горадні, вул. 17 верасня 2/1

Пашыраецца вуліца Горкага. Квартал дамоў паміж вуліцамі Астроўскага, Горкага і 17 верасня мае быць знесены, сярод іншых дамоў павінны знішчыць дом 2/1 па вул. 17 верасня – былая крама “Гарачы хлеб” – адзін з самых прыгожых дамоў у стылі канструктывізму ў нашым горадзе. Адбудзецца гэта літаральна праз 1-2 тыдні.

Разам з дамкамі па вул. Горкага будзе зносіцца шэраг дамоў па вул. Віленскай ў ваколіцах Рэмбыттэхнікі. Усё гэта толькі частка плана па пашырэнні вул. Горкага і Віленскай з мэтай поўнасцю засыпаць Граднічанку, пусціць па ёй аўтамабільную трасу, навечна замацаваўшы такім чынам у цэнтры горада агромністыя аўтамабільныя плыні.

ЦЭНТР ГОРАДА ПАВІНЕН БЫЦЬ ПЕШАХОДНЫМ. НЕ АДДАМО НА ЗНІШЧЭННЕ СТАРЫЯ ГАРАДЗЕНСКІЯ БУДЫНКІ.

Scroll to top