Па загаду гарвыканкама з праграмы гарадской школьнай канферэнцыі выкінуты прозвішчы вучняў, якія прымалі ўдзел у абароне цэнтра Гродна

Яшчэ не заціхла водгулле забароны ўдзелу ў гарадской юбілейнай навуковай канферэнцыі двум дактарам гістарычных навук, вядомым беларускім гісторыкам А. Смаленчуку і А. Краўцэвічу, а гарадскія ўлады ўжо спрабуюць пераўтварыць успадабаны імі метад барацьбы з гісторыяй у традыцыю. На гэты раз забарона кранулася не масцітых гісторыкаў, а … дзяцей – вучняў гродзенскай сярэдняй школы №28.

Амаль год таму некалькі таленавітых дзесяцікласнікаў, вучняў гэтай школы, знялі фільм, прысвечаны так званай “рэканструкцыі” Гродна. Наіўныя маладзёны арганізавалі прэзентацыю гэтага фільма ў роднай навучальнай установе. У выніку, пасля таго, як гэты факт стаў вядомы мэру горада А. Антоненку, сваімі працоўнымі месцамі ледзь не паплаціліся загадчык гарадскога упраўлення адукацыі С. Блажэй, дырэктар школы М. Ахметаў і настаўнік школьнікаў, загадчык школьнага музея І. Рабкоў. Бацькоў школьнікаў (а некаторыя з іх займаюць даволі значныя пасады ў пагранічнай службе і КДБ) папярэдзілі па службовай лініі.

Здаецца, канфлікт быў вычарпаны, аднак няма межаў подласці і злапомнасці. 22 красавіка 2008 г. у ліцэі №1 г. Гродна мелася адбыцца 10-я юбілейная канферэнцыя “Миры моего Я”. Мэр горада патэлефанаваў дырэктару СШ №28 Ахметаву і загадаў забараніць удзел у канферэнцыі І. Рабкову і яго вучням А. Батуру і М. Латомскаму. Дырэктар ліцэя №1 А. Панцэвіч хуценька перарабіў праграму канферэнцыі, выкінуўшы адтуль імёны згаданых вучняў.

Справа, зразумела, не ў тым, што школьнікі збіраліся выступіць з дакладамі аб разбурэнні гістарычнага цэнтра Гродна. Даклад вучняў быў прысвечаны гісторыі гродзенскай лютэранскай абшчыны, а даклад І. Рабкова называўся: “Патрыятычнае выхаванне школьнікаў на прыкладзе музея 29-й арміі”. Але, як бачым, “патрыятычнае выхаванне” і тым больш праўдзівая гісторыя не бяруцца ў разлік, калі трэба звесці рахункі з тымі, хто не дагадзіў, ня важна, ці гэта доктар навук, ці гэта школьнік.

З праграмы гарадской навуковай канферэнцыі, якая пройдзе 29 красавіка, імёны школьнікаў і іх настаўніка таксама выкінулі.

Ну, але тыя асабліва не пакрыўдзяцца, бо гэтыя псеўданавуковыя канферэнцыі нікому ніякай крыўды не прыносяць. Затое зробленая хлопцамі справа – зняты імі фільм – назаўсёды застанецца аб’ектыўным сведчаннем таго, што адбывалася і адбываецца ў Гродне. Усе жадаючыя могуць яго паглядзець.


Спадчына (Гродна, 2007)

Частка 1


Частка 2


Частка 3


Частка 4

Scroll to top