Ідэалягічная вэртыкаль, разгубленая супрацівам перабудове Горадні, упершыню арганізавала «круглы стол з грамадзкасьцю».

 

Два падобныя да шафаў хлопцы з бэджамі «ахова» спраўджвалі наяўнасьць спэцыяльнага запрашэньня на ўваходзе ў аўдыторыю. Ужо ў кабінэце ўдзельнікаў у сьпісе адзначаў першы прарэктар Аляксандар Нечухрын. Такой строгай была сыстэма пропуску на «круглы стол», які арганізаваў Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы для грамадзкага абмеркаваньня праблемаў «рэканструкцыі» гістарычнай часткі Горадні.

Ад уладаў на круглым стале прысутнічалі галоўны архітэктар гораду Ўладзімер Анісімаў і работнікі ўпраўленьняў ідэалёгіі: Сяргей Дубавец — з гарвыканкаму, Павал Скрабко — з аблвыканкаму.

Галоўная прычына правядзеньня круглага стала прагучала ў словах прарэктара па выхаваўчай працы Тацьцяны Бадзюковай: «Вельмі многія дэструктыўныя апазыцыйныя элемэнты стараюцца за няйменьнем сур’ёзных ідэяў і дзеяньняў згуляць на некаторых момантах, зьвязаных з рэканструкцыяй. Мне даводзілася размаўляць са студэнтамі, якія бяздумна ўцягваюцца ў мітынгі ўсялякія, сходы — гэта ня добра. Я спадзяюся, што гэта будзе разумная размова пра тое, што нас хвалюе, пра тое, што мы яшчэ ня ведаем. Каб адбыўся дыялёг уладаў і вучоных нашага факультэту».

«Разумная размова» пачыналася пад акампанэмэнт гарачай дыскусіі, што раптоўна ўзьнікла на калідоры перад зачыненымі дзьвярыма аўдыторыі: «ахова» не пусьціла маладых актывістаў грамадзкай кампаніі «Выратуем Горадню». У пэўны момант прарэктар Бадзюкова выйшла і вярнулася, калі «акампанэмэнт» сціх. Як высьветлілася пазьней, яна выклікала міліцыянтаў, і тыя забралі чатырох актывістаў у пастарунак.

«Горад нікому пэрсанальна не належыць. І ніхто ня мае права прадстаўляць інтарэсы гораду ад імя гараджанаў». Такой рэзкай заявай тон «кругламу сталу» задаў дэкан факультэту гісторыі і сацыялёгіі Эдмунд Ярмусік. Перад сьціхлай аўдыторыяй дэкан патрос у паветры стосам паперы: «Калі паглядзець інтэрнэт, ствараецца ўражаньне, што ў горадзе ідзе вайна! З аднаго боку ўлады, з другога — тыя, хто хоча «абараніць» горад».

Аднак усе выступоўцы відавочна аказаліся не з таго боку, на які разлічвалі арганізатары. Самыя рэзкія камэнтары гучалі адносна бульдозэрнай рэканструкцыі Савецкай плошчы, заплянаванай перабудовы Старога моста, разбору помніка другой катэгорыі, флігелю палацу адміністратара XVIII стагодзьдзя, які трывае цяпер, зносу дзясяткаў будынкаў.

У выступах спасылаліся на публікацыі ў інтэрнэце як крыніцу фактычнай інфармацыі. У руках усе прысутныя трымалі спэцыяльны нумар «Нашага слова», прысьвечаны «рэканструкцыі».

«Старую Горадню не разбурыла вайна. Трэба, каб не разбурылі мы, — заявіла ў першым жа выступе доктар гістарычных навук прафэсар Сьвятлана Марозава. — Няўжо пачатак ХХІ стагодзьдзя зьнішчыць яшчэ адзін з тых будынкаў, якія былі ўзьведзеныя старастам гарадзенскім, Тызэнгаўзам?! Дый цікавасьць і гістарычную каштоўнасьць маюць будынкі і стылю мадэрн, і стылю канструктывізму пачатку ХХ стагодзьдзя. І зьнішчаць іх нельга без узгадненьня са спэцыялістамі! Хвалююць пляны перабудовы старога моста — пляны, якія ствараюць пагрозу гістарычнаму цэнтру. Фантанамі і праспэктамі гісторыю і яе каштоўнасьці не заменіш.У Горадні моцная і прызнаная школа гісторыкаў. І гэтых гісторыкаў крыўдзіць, калі зь іх думкай не лічыцца. Таму я заклікаю узгадняць усе пляны рэканструкцыі з гісторыкамі, перагледзець пляны разбурэньня і заклікаю да рэстаўрацыі, а не рэканструкцыі».

«Чаму экспэрты, якія вырашаюць лёс нашых помнікаў, прыяжджаюць зь Менску?! У нас што, няма сваіх спэцыялістаў? — пыталася доктар гістарычных навук Сьвятлана Куль-Сяльверстава. — Для мянчаніна якісьці дом можа ня значыць нічога — трэцяя катэгорыя, такіх можа сотня па Беларусі. А для гарадзенца — гэта ўспаміны, гэта калярыт гарадзенскі, мы лепей ведаем, што нам захаваць, а што зьнесьці!»

«Мой боль — будынак на рагу Міцкевіча і Горкага ў стылі канструктывізму, 30-х гадоў пабудовы (разбураны ў кастрычніку мінулага году — Аўт.). Гэта мой таксама боль!» — заявіў адзін з заснавальнікаў «Белай Русі», кандыдат гістарычных навук, прафэсар, загадчык кафэдры Валеры Чарапіца. — Хіба можна было так рабіць! Цяпер там пустыр!»

Аднак за грамадзкай актыўнасьцю па абароне Горадні прафэсар бачыць прыватныя інтарэсы: «Стагнаць добра, асабліва калі гэта дае нейкія палітычныя дывідэнды. Вось я чытаю — Мілінкевіч ва ўсю дае інтэрвію, змагаўшыся за прэзыдэнцкую ўладу! Канечне, Мілінкевіч любіць свой горад і шмат для яго зрабіў — але тут яўны палітычны кантэкст…Трэба раіцца з уладамі, мякка, у нармальнай форме, бяз шуму, без маніфестацыі, без таго, каб класьціся пад бульдозэр».

«Канфлікт адбываецца таму, што дагэтуль мы ня ведаем афіцыйнай пазыцыі, — заявіў дацэнт кафэдры археалёгіі, кандыдат навук Генадзь Семянчук, у 2005 годзе яго адзінага дапусьцілі да археалягічных дасьледаваньняў на Савецкай плошчы. — Навошта катлаван пад навагоднюю елку ў цэнтры плошчы трэ было рыць экскаватарам, калі ўжо была заключаная дамова з археолагамі, калі студэнты былі гатовыя?! Там катлаван 6 на 5 метраў, пры глыбіні культурных пластоў 1,5 мэтра! Мы выкапалі іх за 5—10 дзён! Нам, археолагам, не даюць своечасова інфармацыі на стадыі праектнай! Калі б археалёгія на год прыходзіла раней экскаватара — не было б напружання, не было б разбурэньняў, а была б гарманічная, усім патрэбная і карысная праца».

Выкладчык Андрэй Чарнякевіч раздаў узельнікам «Круглага стала» старажытную кераміку, якую з адвалаў грунту падчас рэканструкцыі Савецкай плошчы зьбіралі жыхары. Ідэолягі з гарвыканкаму і аблвыканкаму зьдзіўлена разглядалі кафлю XVII ст. з геральдычнымі знакамі, фібулу ХІІ ст., сьвістулькі з керамічнай майстэрні, што была на месцы, дзе цяпер паставілі гранітны фантан.

«Многія прысутныя памятаюць мяне па прыходах у іх кабінэты, — распавёў пра досьвед дыялёгу з уладамі Чарнякевіч. — Адносна падмуркаў палацу Радзівілаў на Савецкай плошчы ў гарвыканкаме нам сказалі, што рашэньня яго разбурыць увогуле няма. У афіцыйных газэтах паведамілі, што будзе кансэрвацыя гэтых падмуркаў. Але людзі толькі ў апошні момант, кінуўшыся пад коўш экскаватара здолелі яго разьвярнуць! Пасьля гэтага ў гарвыканкаме ім заявілі, што гэты экскаватар ім папросту прывідзеўся!»

«Улада ня можа весьці дыялёг з грамадзтвам. Вы гаворыце пра інтэрнэт-старонкі — іх аўтараў сюды не пусьцілі! — заявіў доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, аўтар ахоўнай зоны культурнага слою гістарычнага цэнтру Горадні. — Ня трэба наракаць на моладзь. Каб не яе актыўнасьць — не было б ні нашага круглага стала, ні міжнароднага водгуку. Боль ваш быў і пройдзе, а будынкі зьнішчаць! Таму трэба радавацца, што ў нас ёсьць такая актыўная моладзь».

Усе прысутныя выказвалі жаданьне пачуць афіцыйную пазыцыю ўладаў. Аднак ідэолягі Сяргей Дубавец ды Павал Скрабко сядзелі моўчкі.

«Мы ўчора былі ў нашага мэра Аляксандра Ільліча Антоненкі. Мы хочам данесьці да вас боль чалавека, перажываньне за свой горад

«Мы ўчора былі ў нашага мэра Аляксандра Ільліча Антоненкі. Мы хочам данесьці да вас боль чалавека, перажываньне за свой горад, — узяла слова Тацьцяна Бадзюкова. — Гэта ж ня так проста! Ён сказаў: «Тацьцяна Аляксееўна, ніводны будынак ня зносіцца не адпаведна нарматываў — іначай пагражае турма». А другі момант, ён сказаў: «Я таксама шкадую пра стары вакзал, я лічу, што яго можна было пакінуць» Мне вельмі спадабалася, што мэр наш вельмі неабыякавы да горадабудаўніцтва нашага. Таму, каб не было такога раздуваньня, што ўлады сядзяць і шкодзяць, а мы тут — такія рыцары ў дасьпехах! Гэта не зусім так. Павінен быць сапраўды дыялёг! Напэўна мы, гісторыкі, трошкі ціхія. Калі мы ўчора выходзілі ад яго, то згадзіліся, што нам трэба яксьці ў прававым полі больш дзейнічаць. І дапамагаць нашаму начальніку гораду!»

Галоўны архітэктар Анісімаў адказваў на пытанні апошнім: «Ні на гэтых інтэрнэт-сайтах, ні ва ўлётках не гаворыцца, як многа зроблена за пяць год! Чаму пра гэта вы не гаворыце?! Чаму вы гэта замоўчваеце?! Да мяне надаўна прыехала прыяцельніца з Прагі, не была тут каля пяці год. Кажа: «Я патрапіла быццам у аптэку — стэрыльная чысьціня»! Мяне гэта парадавала, бо я горад любіў — чыста па-чалавечаму і як спэцыяліст!»

Галоўны архітэктар паведаміў, што Стары мост усё роўна будзе закрыты, «хочам мы гэтага ці не». Па словах Анісімава, «рашэньня не прымалася» адносна зносу шэрагу будынкаў, у тым ліку паравога млына ХІХ стагодзьдзя (днямі разбураны). Будынак канструктывізму па Горкага, 29, сказаў галоўны архітэктар, будзе адноўлены згодна з зробленымм перад разбурэньнем замерамі.

«Пагадзіцеся, такімі тэмпамі добраўпарадкаваць вуліцы ня так проста, — сказаў Анісімаў. — Паглядзіце, як працуюць будаўнікі: гэта суботы, перадсьвяточныя дні — працуюць з поўнай нагрузкай! Калі вы кажаце пра тое кепскае, што ёсьць — не забывайце, што за гэтым стаяць сотні і тысячы працоўных рук: на фасадах будынкаў, на дахах, на добраўпарадкаваньні!»

Вынікі «круглага стала» падвёў дэкан Эдмунд Ярмусік: трэба арганізаваць грамадзкую раду на базе факультэту гісторыі і сацыялёгіі і ўзгадняць зь ёй усе будаўнічыя працы, трэба стварыць сайт з афіцыйнай інфармацыяй па рэканструкцыі гораду, трэба «каб быў дыялёг ўладаў і грамадзкасьці».

А таксама трэба тэрмінова выдаць фотаальбом з выявамі будынкаў гістарычнага цэнтру Горадні: «Таму што, паглядзіце, толькі з гравюраў старых майстроў ці, прыкладам, з малюнкаў Напалеона Орды, ці са старых паштовак мы ведаем, як выглядаў наш горад».

Апошняя прапанова падаецца найбольш рэальнай для выкананьня.

Ірына Чарняўка
http://nn.by/index.php?c=ar&i=9523

 

Scroll to top