Пасля шматлікіх парушэнняў заканадаўства, звязаных з рэканструкцыяй г. Гродна, навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы вырашылі даслаць звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта і ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.У зваротах пералічаны асноўныя парушэнні заканадаўства, дададзены афіцыйныя паперы, якія гэта падцвярджаюць. Устаўлены копіі артыкулаў дзяржаўнай прэсы па гэтай тэме .Грамадзяне просяць праверыць мэтазгоднасць і рацыянальнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў на рэканструкцыю гістарычнага цэнтра, пракантраляваць далейшае выкананне работ, іх адпаведнасць заканадаўству, прыцягнуць вінаватых асобаў да адказнасці.

Для ўпэўненасці ў тым, што за справу возьмуцца, было вырашана накіраваць лісты не поштай, а афіцыйна зарэгістраваць.Таму 12.03.07 я, Вольга Чайчыц, разам з Паўлам Каралёвым, накіравалася ў Адміністрацыю прэзідэнта з надзеяй, што на вышэйшым узроўні праблема будзе вырашана на карысць закона.

У будынку адміністрацыі каля кожных дзвярэй нас чакаў ахоўнік, які распытваў, з якой мэтай мы ідзем, азнакамляўся з нашымі паперамі і толькі пасля гэтага накіроўваў нас да наступнага пад’езду . Ужо з 4 разу мы трапілі ў прыёмную, дзе нас папрасілі трошачкі пачакаць (прычым, прасілі па-беларуску). Праз нейкі час з’явіўся жыццярадасны і вельмі добры на выгляд старшыня прыёмнай. Запрасіў да сябе ў кабінет. Пазнаёміўся з намі і, як добры бацька, пачаў распытваць:

– Што тебя , Паша, привело сюда?

Дзіўна, што не на вы. А мяне, напэўна, ён не заўважыў.

Паша пачаў распавядаць. Пасля старшыня асабіста азнаёміўся з усімі нашымі паперамі, пранікся, сказаў, што мы малайцы, што цікавімся “старинкай”, “ведь это очень важно, развивать культуру, потому что культура – залог здоровой нации”. Ён казаў пра тое, што “старина – это очень хорошо, и я тоже очень люблю старинку, вот , например, недавно я ездил туда, где родился Тадэвуш Кастюшка”. Спытаў у нас, ці мы ведаем, хто гэта. Ён быў ў Мірачоўшчыне. У мяне ў гэты момант з’явілася думка, што, можа, да яго мае сэнс звярнуцца наконт Кобрына, і ў працяг размовы кажу:

– А вы ведаеце, што будуецца храм-помнік Сувораву? (наіўная…)

– Да, знаю и полностью поддерживаю (трошачкі памылілася). Суворов всегда считал Кобрин своей Родиной.

– Радзімай? – вырвалася ў нас.

– Да, и когда ему было плохо, всегда ехал именно в Кобрин.

Праехалі…

Маўчым, мы ж прышлі па іншым пытанні.

Пэўна, каб даказаць нам, што ён знаўца ў гісторыі, пачаў дзяліцца ўражаннямі: – И ещё в Мирачовщине видел я огромный дворец знаменитых белорусских князей Бобровских, – як ён іх назваў. Мы з Пашам не вытрымалі і ў адзін голас:

– Пуслоўскіх!

– Да, и там ещё аквариум в пол был вделан, сайчас же это не вернёшь, а жаль.А так культуру мы поддержываем. Но Гродно – это немножко другое. Ведь нужно думать не только про здания, но и про людей. Им же жить и ездить где-то нужно. А в Гродно я был, и видел Советскую площадь: так ведь хорошо сделали, удобно и для людей! А улочки там какие – узкие, убогие, не пройти не проехать.

– А вы былі калі-небудзь у Вільні, ці ў Кракаве?

– Ну конечно, но ведь там совсем другая ситуация.

Спрабавалі нешта казаць пра праект, пра парушэнні, пра марнаванне дзяржаўных сродкаў, але ўсе гэта не асабліва зацікавіла нашага сумоўцу.

Нервы не вытрымлівалі. Паша папрасіў зарэгістраваць наш зварот. Суразмоўца ўпэўніў нас у тым, што ўсё афіцыйна, усё будзе належным чынам зарэгістравана, разгледжана і праверана. І даручыць ён гэтую справу, хутчэй за ўсе, старшыні Гродненскага Аблвыканкаму Саўчанку. І ўсё б было вельмі файна, каб не адна маленькая драбяза: правяраць якраз і трэба мясцовыя ўлады. Атрымліваецца, што Саўчанка будзе правяраць сам сябе.

Паразважаўшы, наш суразмоўца сказаў, што ў такім выпадку можа ён і даручыць гэту справу Міністэрству Архітэктуры, бо ні Міністэрства Кулькуры, ні, тым болей, Камітэт Дзяржкантролю не маюць да гэтага ніякага дачынення.

Падзякаваў нам за актыўны ўдзел у жыцці краіны і развітаўся.А калі праводзіў нас, раптам узгадаў нешта знаёмае яму з гісторыі:

– А вы знаете, почему Берёза Картузская так называется? Там Кутузов оставил свой картуз на берёзе, – а пра тое, што гэта проста легенда, і назва пайшла ад картузіанскага кляштара, ён і слухаць не хацеў. – Нет, все таки Кутузов там на самом деле был.

Па вершу-легендзе там быў Сувораў.

Так расчараваныя, спустошаныя і злосныя мы вырашылі не губляць надзеі, і накіраваліся ў Дзяржкантроль. Павінны ж хаця б там звярнуць увагу на нерацыянальнае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў.

Да нас спусціўся адказны па працы з насельніцтвам. Таксама азнаёміўся з нашай праблемай і запытаўся: “Чего это вы пришли к нам?” Мы з Пашам давай тлумачыць усё спачатку: парушэнне заканадаўства, марнаванне дзяржаўных сродкаў…

– Так, так, всё понятно. Почему вы не обратились в областной госконтроль?

– Гэта вельмі важнае пытанне, хацелася б, каб з ім разабраліся на належным узроўні.

– Вы не доверяете областным структурам? Это очень странно...

– Скажыце, мы можам зарэгістраваць наш ліст?

– Конечно, отправте его в этот ящик для корреспонденции, и мы всё зарегистрируем. А то, что вы говорите на беларусском, малайцы. Мы имеем права говорить на любом гос. языке. Але беларускую мову я таксама вывучав у школе з первага па восьмы клас. (які ты малайчынка)

– Дык, мы можам зарэгістраваць наш ліст?

– Вы меня слушаете? Я вам уже всё сказал.

– Скажыце, а якая ёсць верагоднасць таго, што дзяржкантроль зоймецца гэтым пытаннем?

– Если мы посчитаем этот вопрос очень важным, то этим делом будет заниматься обл. госконтроль, возможно, мы поручим это либо председателю облисполкома, либо председателю горисполкома.

І зноў, ці Саўчанка, ці Антоненка, будуць з сабой разбірацца. Яны разбяруцца. Жадаем поспехаў.!!!


Супрацоўнікам Камітэта дзяржаўнага
кантролю Рэспублікі Беларусь

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы і інш., жыхары г. Гродна і г. Мінска, заклапочаны праблемай рэканструкцыі г. Гродна.

Мы лічым, што ў ходзе правядзення дадзенай рэканструкцыі адбываюцца шматлікія парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 ліпеня 2003 г. №332, якім зацверджаны Генеральны план г. Гродна. Таксама мы лічым, што падчас правядзення рэканструкцыі немэтазгодна марнуюцца бюджэтныя сродкі.

У якасці падцверджання прыводзім наступныя факты:

1. Пасля рэканструкцыі Савецкай плошчы г. Гродна (вясна 2006 г.) навукова-праектнае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “БелНІІПградабудаўніцтва” (пры Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь) у афіцыйным лісце ад 09.08.2006 г. адзначыла: “Ни в одном из проектов не предусматривается осуществлять «коренную реконструкцию» исторической площади ради упорядочения движения по ней автотранспорта”. Але плошча была рэканструявана карэнным чынам, на што пайшлі бюджэтныя грошы.

2. Акрамя таго, УП “БелНІІПградабудаўніцтва” (распрацоўшчык Генеральнага плана г. Гродна 2003 г.) у адказ на зварот грамадскасці паведаміла, што працы, якія выконваюцца цяпер у натуры ў г. Гродна, не адпавядаюць горадабудаўнічым праектам. Неадпаведнасць зацверджаным горадабудаўнічым праектам вядзе да дадатковай працы па ўнясенню карэктыў, дадатковаму ўзгадненню і г.д., што, зразумела, павялічвае расход бюджэтных сродкаў на рэканструкцыю.

3. УП “БелНІІПградабудаўніцтва” ад 23.08.2006 г. на запыт Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб рэканструкцыі г. Гродна дала адказ з падрабязным вызначэннем парушэнняў, што былі ўчынены (і плануюцца) ў ходзе рэканструкцыі гістарычнага цэнтра г. Гродна. Тым самым ставіцца пытанне аб адпаведнасці будаўнічых прац у гістарычным цэнтры г. Гродна Генеральнаму плану г. Гродна, зацверджанаму Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 28 ліпеня 2003 г. №332.

4. У лісце Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ад 26.12.2006 г. адзначаецца, што “...озабоченность вызывает этапность проведения работ, при которой в ближайшей перспективе не предусматривается ограничение транспортной нагрузки на исторический центр г. Гродно”. Зазначым, што вялікая транспартная нагрузка ў гістарычным цэнтры шкодзіць матэрыяльнаму стану старой архітэктуры. Гэта непазбежна вядзе да павелічэння аб’ёму бюджэтных сродкаў, неабходных для рэстаўрацыі і ўтрымання ў належным стане старых дамоў, касцёлаў, цэркваў, замкаў і г.д. Каб не дапусціць гэтага, Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь прадугледжвае так званыя “ахоўныя зоны” для гістарычнага цэнтра з абмежаваннем транспартных нагрузак. Да таго ж, Генеральны план г. Гродна 2003 г., падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, прадугледжвае разгрузку гістарычнага цэнтра ад транспарту (“Основная идея всех градостроительных проектов – освободить исторический центр Гродно от транзитного движения транспорта”). Як бачым, цяперашнія працы ў г. Гродна супярэчаць заканадаўчым нормам і правакуюць павелічэнне аб’ёму дзяржаўных сродкаў для рэгенерацыі гістарычнага цэнтра.

Таксама зразумела, што невыкананне этапнасці рэалізацыі дарожна-будаўнічых планаў, аб якой гаворыцца ў лісце Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, прывядзе да неабходнасці ствараць часовыя транспартныя шляхі ў аб’езд будоўлі, а значыць, прывядзе да павелічэння кошту будаўнічых прац.

Такім чынам, паколькі грашовыя сродкі для рэканструкцыі выдзяляюцца з дзяржаўнага бюджэту, на нашую думку, ажыццяўляецца немэтазгоднае і нерацыянальнае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў.

Зыходзячы з вышэй адзначанага, просім вас:

1. праверыць мэтазгоднасць і рацыянальнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў на рэканструкцыю ў гістарычным цэнтры г. Гродна.

2. прыцягнуць вінаватых асобаў да адказнасці за парушэнне нормаў заканадаўства і зацверджаных горадабудаўнічых планаў.

3. пракантраляваць далейшае выкананне работ па рэканструкцыі гістарычнага цэнтра г. Гродна.


Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
А.Р. Лукашэнку

Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы і інш., жыхары г. Гродна і г. Мінска заклапочаны праблемай рэканструкцыі г. Гродна. Мы звяртаем Вашу ўвагу на тое, што:

1. У ходзе рэканструкцыі г. Гродна парушаецца Генеральны план г. Гродна, падпісаны Вашым Указам ад 28 ліпеня 2003 г. №332. УП “БелНІІПградабудаўніцтва”, распрацоўшчык Генеральнага плана г. Гродна 2003 г., адзначае ў сваім лісце: “К великому сожалению, выполняемые сейчас в натуре строительные работы по проектам «Гродногражданпроект», не согласуются с указанными выше утверждёнными градостроительными проектами”

2. грашовыя сродкі, якія выдзяляюцца на рэканструкцыю г. Гродна з дзяржаўнага бюджэту, на нашу думку, выкарыстоўваюцца немэтазгодна і нерацыянальна.

УП “БелНІІПградабудаўніцтва” адзначае ў сваім паведамленні: “Ни в одном из проектов не предусматривается осуществлять «коренную реконструкцию» исторической площади ради упорядочения движения по ней автотранспорта” (дадатак №2). Але плошча была рэканструявана карэнным чынам, на што пайшлі бюджэтныя сродкі.

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва таксама адзначае ў сваім лісце, што “...озабоченность вызывает этапность проведения работ, при которой в ближайшей перспективе не предусматривается ограничение транспортной нагрузки на исторический центр г. Гродно”. Зазначым, што вялікая транспартная нагрузка ў гістарычным цэнтры шкодзіць матэрыяльнаму стану старой архітэктуры. Гэта непазбежна вядзе да павелічэння аб’ёму бюджэтных сродкаў, неабходных для рэстаўрацыі і ўтрымання ў належным стане старых дамоў, касцёлаў, цэркваў, замкаў і г.д. Каб не дапусціць гэтага, Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь прадугледжвае так званыя “ахоўныя зоны” для гістарычнага цэнтра з абмежаваннем транспартных нагрузак. Да таго ж, Генеральны план г. Гродна, падпісаны Вамі 28 ліпеня 2003 г., прадугледжвае разгрузку гістарычнага цэнтра ад транспарту (“Основная идея всех градостроительных проектов – освободить исторический центр Гродно от транзитного движения транспорта”).

Як бачым, цяперашнія працы ў г. Гродна супярэчаць заканадаўчым нормам і правакуюць павелічэнне аб’ёму дзяржаўных сродкаў для рэгенерацыі гістарычнага цэнтра.

3. Падчас рэканструкцыі г. Гродна парушаецца заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

УП “БелНІІПградабудаўніцтва” адзначае ў сваім лісце: “… о строительстве дороги вдоль реки Городничанки… В случае строительства четырёхполосной дороги… будет разрушен уникальный природный и исторический ландшафт, являющийся по детальному плану особо охраняемой зоной. Намеченное строительство противоречит требованиям Закона об охране историко-культурного наследия”.

Зыходзячы з вышэй адзначанага, просім Вас:

4. даручыць Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь праверыць мэтазгоднасць і рацыянальнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў на рэканструкцыю гістарычнага цэнтра г. Гродна.

5. пракантраляваць далейшае выкананне работ па рэканструкцыі гістарычнага цэнтра г. Гродна, іх адпаведнасць заканадаўству Рэспублікі Беларусь і прынцыпу рацыянальнасці ў выкарыстанні бюджэтных сродкаў.

Scroll to top