Колькі дзён таму на скрынку сайта прыйшоў ліст, які звярнуў нашу ўвагу найперш гарачым імкненнем аўтара дабрацца да сутнасці праблемы, аб якой мы пішам. У лісце няма пакутлівых уздыханняў “ах, Божачкі, бедныя мы бедныя”. Ёсць канстатацыя факта. Падаем яго ў парадку дыскусіі. Пішыце.

 З вясны мінулага года доўжыцца так званая "рэканструкцыя" гістарычнага цэнтра Горадні. Спадзяюся, што ня трэба распавядаць пра тое, якімі метадамі ў нас "обновляют" стары горад (добрае ўяўленне пра гэта можна атрымаць з сайтаў grodnoprobem.km.ru і harodnia.com). Большым ці меншым чынам з'яўляючыся ўдзельнікам ратавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў Горадні, магу падзяліцца наступным назіраннем: назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да таго, каб зваліць ўсю віну за нанесеныя гораду страты на банду "градоначальника". Крый Божа, я не хачу быць абаронцам гэтых хамаватых і надта ж практычных людзей, але сапраўдная прычына куды больш сур'ёзная і маштабная: ТАТАЛЬНАЯ АБЫЯКАВАСЦЬ большай часткі нашых суайчыннікаў да роднай гісторыі і культуры. Зазірніце праўдзе ў вочы: па іерархіі каштоўнасцяў гісторыя і культура Бацькаўшчыны для моладзі шмат разоў саступае апошняму па мадэлі мабільніку, інамарцы і стабільнаму заробку для сталых, асобнай кватэры і тэлебачанню для састарэлых. Калі б ў нашага народу сапраўды балела сэрца за родныя помнікі мінуўшчыны і ён быў у стане голасна сказаць аб гэтым, то ніякая ўлада (няхай і хамская) не асмелілася б узнесці руку на гэты скарб, а наша – асмелілася, і не пралічылася – народ ціха ходзіць побач, часам толькі наракаючы, што ездзіць на працу нязручна. Можна колькі заўгодна цешыць сябе думкамі, быццам выратаваць горад вельмі патрэбна ўсім, але насамрэч, сёння, гэта патрэбна толькі купцы людзей (гісторыкаў, краязнаўцаў, энтузіястаў). Паспрабуйце, калі ласка, змяніць сярэднестатыстычнага юнака з mp3-плэерам, зрабіць яго сапраўдным беларусам, патрыётам, тыкаючы яму радзівілаўскай кафляй 17-га ст. і распавядаючы пра яе каштоўнасць для нацыянальнай гісторыі – ён будзе стаяць моўчкі і мільгаць вачыма. Навошта брук? Навошта падмуркі? Навошта кафля? – людзі не разумеюць і ня хочуць разумець гэтых рэчаў, ім лягчэй папросту апусціць позірк да зямлі і прайсці побач. Гэткім чынам факт застаецца фактам: Горадню нішчаць не бульдозеры, а абыякавасць асноўнай часткі яе жыхароў.

Народ (калі яго яшчэ можна так назваць) цяжка хворы, і абыякавасць да лёсу гістарычнай спадчыны – гэта праява, але не сама хвароба. Дык давайце ж не будзем марнаваць час і зоймемся ратаваннем чалавечых душ, замест кавалкаў цэглы з апусцелых палацаў.

Алесь з Горадні

Scroll to top