Яшчэ ў пачатку красавіка 2006 г. каля 30 гродзенскіх гісторыкаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі звярнуліся да ўладаў з просьбай перагледзець планы па “рэканструкцыі” гістарычнага цэнтра.

 Толькі у сярэдзіне мая, калі земляныя работы на плошчы былі асноўным чынам скончаны, прыйшоў адказ, падпісаны мэрам горада А.І. Антоненкам. Каментаваць гэтую перапіску мы не будзем, адзначым толькі, што над адказам-адпіскай уладам такі прыйшлося папацець, а самае смешнае – гэта словы пра публічную дыскусію наконт рэканструкцыі Горадні ў “Гродзенскай праўдзе” і “Вячэрнім Гродне”. Напішыце да іх на мэйлы, напішыце лісты ў рэдакцыі гэтых газет і пабачце, што ніводнага з гэтых лістоў вы не пабачыце. Ды вы гэта і без нас ведаеце.

__________________________________________

Зварот гродзенскіх гісторыкаў і грамадскасці да кіраўніцтва горада

Паважаны старшыня гродзенскага

гарвыканкама, паважаныя дэпутаты

Гродзенскага гарадскога савета

Усе мы ганарымся тым, што жывем у адным з самых старажытных і прыгожых гарадоў Беларусі. І нас не можа не радаваць той факт, што гарадскія ўлады заклапочаныя тым, каб зрабіць наш горад яшчэ больш прыгожым і сучасным. Аднак рэканструкцыя старога Гродна – гэта таксама і вялікая адказнасць для тых, хто ажыццяўляе яе, паколькі яшчэ ў 1988 г. Савет Міністраў БССР абвесціў цэнтр Гродна помнікам горадабудаўніцтва і архітэктуры, дакладна вызначыўшы яго межы. У адпаведнасці з гэтым рашэннем кожны будынак у цэнтры нашага горада ўяўляе сабою неад’емную частку цэласнага горадабудаўнічага ландшафту, а ўсе пытанні рэканструкцыі горада павінны узгадняцца з гісторыкамі, мастакамі, спецыялістмі па сацыяльнай псіхалогіі. Сёння гэтага яшчэ няма, затое ёсць факты якія выклікаюць у нас занепакоенасць.

Так жыхароў горада прэса інфармуе аб рэканструкцыі таго або іншага аб’екта толькі тады, калі яго рэканструкцыя ўжо пачалася. Пры гэтым пад рэканструкцыяй звычайна разумееца знос старога будынка і пабудова новага.

Толькі напрацягу апошніх некалькіх месяцаў былі знесеныя мураваныя дамы па вул. Заводскай 12, Акадэмічнай 16, К. Маркса 20, Віленскай і г.д., якія знаходіліся ў даволі добрым стане і маглі б і сёння ўпрыгожваць наш горад. Але і тыя дамы, якія трапляюць пад г.зв. “рэстаўрацыю” фактычна знішчаюцца. Напрыклад быў знесены будынак адной з першых у Беларусі мікрабіялагічных станцыяў (былы відэасалон па вул. Чырвонаармейскай), а на яго месцы пабудаваны новы, які толькі аддалена нагадвае папярэдні. Ужо вырашаны лёс апошніх дамоў на вул. 11 ліпеня, між тым дворык, які там захаваўся, можа стаць выдатнай пляцоўкай для здымкаў любога гістарычнага кінафільма.

Зусім нядаўна ў прэсе з’явілася інфармацыя аб тым, што запланаваны знос 28 дамоў па вуліцах Міцкевіча, Горкага і 17-га верасня (газета “Вечерний Гродно” ад 09.11.2005 г.). Гэты раён горада, г.зв. “Новы свет”, узнік у пач. ХХ ст., яго архітэктурны ансамбль канчаткова аформіўся ў 20-30х гг. мінулага стагоддзя. Гэта выдатна захаваная дасюль комплексная квартальная забудова, сярод якой вылучаюцца некалькі будынкаў, што з’яўляюцца выдатнымі помнікамі архітэктурнага стылю “канструктывізму” (вул. Міцкевіча д. 6, 17-га верасня д. 2/1 і інш.). Дамы пабудаваныя ў гэтым стылі (асабліва драўляныя) – рэдкасць для Беларусі. Іх знос зробіць наш горад бяднейшым на цэлую гістарычную эпоху. Між тым даволі шмат месца для пабудовы запланаванага там гасцінічнага комплекса ёсць на вул. Гарбарскай а таксама на месцы самога гарбарнага завода, які з’яўляецца неэкалагічным прадпремствам і даўно павінен быць зачынены. Паводле рашэння аб абвяшчэнні Гродна горадам-помнікам, “Новы свет” з’яўляецца ахоўваемай часткай гістарычнага цэнтра.

У сувязі з рэканструкцыяй Савецкай плошчы плануецца пусціць транспартныя плыні па вул. Давыда Гарадзенскага і даліне ракі Гараднічанкі. Гэта, па-сутнасці, не вырашае пытання аб вызваленні цэнтра горада ад значнай колькасці транспарту, паколькі вялікая магістраль пройдзе зусім недалёка ад Старога і Новага Замкаў, якія былі раней ціхім зялёным кутком горада. Гэта адмоўна адаб’ецца на прывабнасці гродзенскіх замкаў як турыстычных аб’ектаў і, больш таго, стварае пэўную пагрозу для захаванасці самых замкаў і фондаў музея.

У адпаведнасці з рашэннем аб адмове ад рэканструкцыі Старога моста праз Нёман і пабудове новага моста паўстае таксама пытанне аб мэтазгоднасці рэканструкцыі Савецкай плошчы, паколькі ў новай сітуацыі, на нашу думку, ёсць магчымасць зрабіць увесць цэнтар горада (Савецкая плошча, вуліцы Кірава, К. Маркса, Давыда Гарадзенскага, В. Траецкая і інш.) пешаходным. У такім выпадку Гродна сапраўды наблізіўся б найбольш знакамітых еўрапейскіх гарадоў – Кракава, Вільні, Варшавы...

Недастаткова ўвагі надаецца археалагічным раскопкам у гістарычным цэнтры, між тым трэба цвёрда ўсведамляць, што археалагічныя слаі, знішчаныя ў выніку будаўнічых работ, пазбаўляюць нас адзінай непаўторнай магчымасці даведацца аб тым, як жылі нашыя продкі на гэтым месцы шмат стагоддзяў таму.

У сувязі з усімі выказанымі вышэй засцярогамі, клапоцячыся аб будучыні нашага горада і адчуваючы свой абавязак перад новымі пакаленнямі лічым неабходным:

  1. Арганізаваць шырокую дыскусію сярод усіх зацікаўленых прадстаўнікоў грамадства аб шляхах, метадах і сродках рэканструкцыі горада, якая павінна асвятляцца ў сродках масавай інфармацыі.
  2. Стварыць грамадскі дарадчы орган з гродзенскіх гісторыкаў, краязнаўцаў, іншых спецыялістаў, якія на дабраахвотных пачатках маглі б кансультаваць гарадскія ўлады па тых ці іншых пытаннях, звязаных з рэканструкцыяй горада. Шукаць і прадастаўляць матэрыялы (фотаздымкі, чарцяжы, планы горада і інш.), на аснове якіх можна было б найбольш поўна аднавіць гістарычнае аблічча Гродна.
  3. Адмовіцца ад планаў па зносу кварталаў дамоў у г.зв. “Новым Свеце”, паколькі гэта нанясе непапраўныя страты горадабудаўнічаму краявіду горада, і распрацаваць дэталёвы план яго развіцця з мэтай захавання арганічнай цэласнасці гэтай гістарычнай часткі вуліц Горкага і Дзяржынскага.
  4. Разгледзець усе магчымыя варыянты дзеля таго, каб адмовіцца ад пуску транспартных плыняў па вуліцы Давыда Гарадзенскага і даліне Гараднічанкі. Тым больш, што прынята рашэнне аб пабудове новага моста праз Нёман у раёне прадпрыемства “Белкард”.
  5. Выдзяліць сродкі, арганізаваць і правесці грунтоўныя археалагічных раскопак на месцах будучых новабудаў (найперш па вуліцы Вялікая Траецкая).

Кожны будынак у гістарычным цэнтры Гродна, нават кожны камень у бруку старых вуліцаў – неад’емная частка нашай гісторыі і, хочацца верыць, нашай будучыні. Горад Гродна варты таго, каб у рэшце рэшт спыніліся яго неапраўданыя страты. Спадзяемся, што нашыя прапановы знойдуць водгук і памылкі мінулых дзесяцігоддзяў не будуць памножаныя.

З павагай

Доктар гістарычных навук А. Краўцэвіч (Гродна, Беларусь)

Доктар гістарычных навук А. Смалянчук (Гродна, Беларусь)

Доктар гістарычных навук С. Марозава (Гродна, Беларусь)

Доктар гістарычных навук В. Швед (Гродна, Беларусь)

Кандыдат гістарычных навук Г. Семянчук (Гродна, Беларусь)

Кандыдат гістарычных навук А. Семянчук (Гродна, Беларусь)

Кандыдат гістарычных навук Н. Сліж (Гродна, Беларусь)

Кандыдат гістарычных навук А. Чарнякевіч (Гродна, Беларусь)

Кандыдат гістарычных навук В. Галубовіч (Гродна, Беларусь)

Кандыдат гістарычных навук С. Токць (Гродна, Беларусь)

Кандыдат гістарычных навук А. Шаланда (Гродна, Беларусь)

Кандыдат гістарычных навук В. Карнялюк (Гродна, Беларусь)

Кандыдат гістарычных навук І. Соркіна (Гродна, Беларусь)

Кандыдат педагагічных навук І. Карпюк (Гродна, Беларусь)

Кандыдат філасофскіх навук Г. Шчалбаніна (Гродна, Беларусь)

Кандыдат медыцынскіх навук, гісторык медыцыны Ф. Ігнатовіч (Гродна, Беларусь)

Доктар гісторыі Ю. Гардзееў (Кракаў, Польшча)

Доктар гісторыі Л. Коўкель (Кракаў, Польшча)

І. Трусаў – гісторык, аўтар артыкулаў па гісторыі Гродна (Гродна, Беларусь)

А. Госцеў – гісторык, краязнаўца, аўтар кніг па гісторыі Гродна (Гродна, Беларусь)

А. Вашкевіч – гісторык, краязнаўца (Гродна, Беларусь)

У. Кіслы – мастак (Гродна, Беларусь)

А. Ларыёнаў – мастак (Гродна, Беларусь)

У. Выдзерка – мастак-фатограф (Гродна, Беларусь)

Л. Рахматуліна – выкладчык Сусветнай Мастацкай Культуры (Гродна, Беларусь)

І. Лапеха – краязнаўца

А. Яршоў – жыхар Гродна з 1948 г. (Гродна, Беларусь)

__________________________________________

Адказ як ёсць...

Адказ гарвыканкама. Старонка 1

Адказ гарвыканкама. Старонка 2

Scroll to top