Грамадскасць усё-ткі здолела сказаць сваё слова і прымусіла “рэканструктараў” паслухацца: праект пабудовы падземнага перахода перагледжаны – флігель палаца Радзівілаў будзе захаваны.

 Сціплая, але перамога адбылася выключна дзякуючы неабыякавым да лёсу гістарычнага цэнтру Гродна гарадзенцам і менчукам. Вызначаныя заканадаўствам інстанцыі, якія мусяць забяспечваць хаду сапраўднай паўнавартаснай рэканструкцыі, з сваімі абавязкамі не справіліся. Адныя патроху бурылі; іншыя рабілі выгляд, што нічога не бачаць. А хтосьці папросту паціскаў плячыма: “А што мы можам?”

А яны маглі!!! І больш таго – былі абавязаныя не бурыць і сачыць за хадой рэканструкцыі. А што да археолагаў, то яны пры неабходнасці павінны былі ісці пад экскаватар, каб спыніць разбурэнні.

У пятніцу 14 красавіка Гродна наведала супрацоўніца Дзярждэпартаменту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. На месцы “рэканструкцыі” яна зафіксавала шматлікія парушэнні парадку правядзення падобных работ, вызначанага заканадаўствам. На наступны дзень на пляц вышлі каля 15 студэнтаў гістфаку ГрГУ і энтузіястаў, якія крыху пакорпаліся на вуліцы Маставой. У гэты ж момант працягвалася разбурэнне падмуркаў палаца Радзівілаў, знішчаўся кульурны слой – не менш за шэсць метраў гаротнай беларускай зямлі з драўлянай маставой пасярэдзіне (XVI-XVII стст.).

Аднак галоўнае пачалося ў панядзелак 17 красавіка. Менавіта ў гэты час праз вул. Мяшчанскую (зараз вул. Стэфана Баторыя) пачалі капаць другую палову падземнага перахода, першая частка якога была збудаваная летась. Стваральнікі grodnoproblem.km.ru яшчэ ўвосені мінулага году пралічылі, што выхад з перахода абавязкова павінен зачапіць і цалкам знішчыць адзін з флігеляў палаца Радзівілаў (гл. арт. “У чаканні новага будаўнічага сезона”). Выхады з пераходу павінны былі капаць на наступны дзень. Набліжаўся дзень Х...

Учора а 12-ай гадзіне дня некалькі хлапцоў і дзяўчат з Гродна і Менску скочылі ў яму пад коўш экскаватара і толькі гэтак здолелі спыніць зямельныя работы. Будаўнікі былі вымушаныя адступіць. Моладзь уручную расчысціла месца запланаванага “рэканструктарамі” выхада з падземнага перахода (у кірунку крамы “Баторыя”). У выніку частка падмуркаў флігеля палаца Радзівілаў была ачышчаная ад зямлі і друзу. Адбыліся перамовы моладзі з кіраўніцтвам праекту, у выніку якіх была дасягнутая дамова аб тым, што выхад з падземнага перахода будзе пабудаваны не ў бок “Баторыі”, але ў супрацьлеглы бок – да гасцініцы “Нёман”.

Сёння земляныя работы працягваюцца. Будаўнікі пачынаюць прыслухоўвацца да грамадскіх актывістаў. Але цешыцца пакуль што рана. Катастрафічна не хапае валанцёраў і рыдлёвак для правядзення раскопак (мэтай гэткіх раскопак з’яўляецца дакладнае акрэсленне месцазнаходжання старажытных падмуркаў, якое дазваляе карэктаваць рыццё будаўнічых траншэй дзеля мінімізацыі шкоды для падмуркаў.

                ____________________________________________________

МЫ ЗВЯРТАЕМСЯ ДА ЎСІХ НЕАБЫЯКАВЫХ ДА ЛЁСУ СТАРАЖЫТНАЙ ГАРОДНІ ЛЮДЗЕЙ ЗА ДАПАМОГАЙ! Калі ласка, прыходзьце/прыязджайце на Савецкую плошчу (калі ёсць магчымасць, абавязкова захапіце з сабой рыдлёўкі), падыходзьце да раскопак. Вам пакажуць і патлумачаць, што і як рабіць. Калі ласка, бярыце ўдзел у раскопках столькі часу колькі здолееце: адну-дзве гадзіны, дзень ці тыдзень – у зручны для Вас час (з 09:00 да 18:00). Кожная гадзіна Вашай працы з’яўляецца неацэнным унёскам у нашую агульную справу ратавання нашай Гародні!

Scroll to top