У гродзенскім універсітэце адбыўся “круглы стол” па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны нашага горада. Прапануем наведвальнікам падрабязную справаздачу з гэтага мерапрыемства.
Тое, што павінна было адбыцца, адбылося. Гарадзенскіх гісторыкаў на афіцыйным узроўні прымушаюць сказаць слова ў падтрымку гэтак званай рэстаўрацыі Горадні. Нядаўна на сайце ГрДзУ з’явілася абвестка аб тым, што 7 чэрвеня ў галоўным корпусе універсітэта мае адбыцца круглы стол па пытанні аховы спадчыны Горадні. Справа цікавая і карысная, толькі вось адразу паўстала пытанне, чаму менавіта зараз гарадзенскі гістфак, які амаль два гады амаль не рэагаваў на справу разбурэння нашага горада, раптам ёй так зацікавіўся.
Нармальна мяркуючы, што круглы стол – справа грамадская і ўваход на яе вольны, прыняць у ім вырашылі многія гарадзенцы: гісторыкі, студэнты і проста неабыякавыя да справы разбурэння людзі.
Аднак усім жадаючым трапіць на круглы стол не ўдалося. У дзвярах рэктарата універсітэта стаялі два агромністыя хлопцы з БРСМ і брухам адціскалі тых кандыдатаў, дактароў і журналістаў, якія спрабавалі прабіцца ў залу без запрашэнняў. Кіраваў акцыяй начальнік ідэалагічнага аддзела універсітэта Грынь, які асабіста сарціраваў тых, хто стаяў пад дзвярыма. Дапамагаў яму малады метадыст аддзела ідэалогіі без пяці хвілін кандыдат навук Андрэй Гецэвіч, які зверам кідаўся на некаторых прадстаўнікоў грамадскасці.
На мерапрыемства не пусцілі некалькіх гарадзенскіх гісторыкаў і журналістаў. Без запрашэння туды ўдалося трапіць хіба былому першаму прарэктару універсітэта сп. Алесю Краўцэвічу.
Не прайшло і колькі хвілін, як адна з арганізатарак “круглага стала”, прарэктар спадарыня Бадзюкова выклікала сабе на дапамогу міліцыю. Міліцыянераў прыехала спачатку два, а праз некалькі хвілін яшчэ шэсць. Аб’яднаўшыся з аховай універсітэта (такія адстаўныя палкоўнікі міліцыі, якім мала сваіх 700 тысяч пенсіі і якіх невядома за што дадаткова прыкормлівае наша міністэрства адукацыі) яны выціснулі прадстаўнікоў грамадскасці з корпусу на вуліцу, дзе крыху пакоцалі журналіста “Радыё Свабода” Астраўцова і арыштавалі двух маладых людзей. Што і казаць, дзякуй вам спадарыня Бадзюкова, яшчэ ніколі многім выпускнікам універсітэта не даводзілася пакідаць сваю “Альма матэр” пад аховай міліцыі. Дзе Таццяна Аляксееўна навучылася так дзейнічаць – здагадваемся, мабыць успомніла аб рэпрэсіях фашыстаў супраць камуністаў у Германіі 1930-х, аб якіх чытала, пішучы шмат гадоў таму сваю кандадацкую дысертацыю?
На вуліцы было горача, а ў зале паседжанняў рэктарата універсітэта пачаўся “кругля стол”. Адчыніў яго прарэктар Нечухрын, які прадставіў гасцей універсітэта – першага намесніка старшыні ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама Скробку і кіраўніка ідэалагічнага ўпраўлення гарвыканкама Дубаўца. Як бачыце, на сход па ахове спадчыны запрасілі не спадарыню Мацко ці сакратара дабраахвотнага таварыства па ахове помнікаў Аляшкевіча, а ідэолагаў вобласці і горада. Чаму? Гэта стала зразумела вельмі хутка.
Спадарыня Бадзюкова, якая ў гэты момант вярнулася з падаўлення паўстання на вуліцы, адзначыла канкрэтна: “На жаль, некаторыя апазіцыйныя элементы ад няма чаго рабіць уцягваюць моладзь у так званую барацьбу. Мне даводзілася ўжо гутарыць з многімі студэнтамі. Дык вось, мы тут і сабраліся дзеля таго, каб папярэдзіць моладзь і выкладчыкаў устрымацца ад удзелу ў выступленнях такога кшталту”.
Узняўся дэкан гістфака сп. Ярмусік: “У нас тут не прэс-канферэнцыя, а закрытае ўнутранае мерапрыемства”, – сказаў ён. Гэта ўжо добра зразумелі тыя, каго міліцыя на вуліцы павезла ў апорны пункт толькі затое, што хацелі папрысутнічаць на круглым стале. “У мяне у руках 60 старонак раздруковак з Інтэрнэту. Яны пішуць так, быццам даюць зводкі з поля бою, быццам змагаюцца на барыкадах”, – з гневам крычаў ён пра маладых змагароў за горад. Потым суцішыўся, папрасіў быць больш канструктыўнымі і папрасіў выступіць прафесара Святлану Марозаву.
Прафесара Марозаву, якую, вядома, прымусілі выступіць з дакладам, было крыху шкада. Адчувалася разгубленасць, што тут гаварыць? Пачала яна здалёк, напрыклад з таго, што старое Бярэсце расійскія ўлады разбурылі таму, што там было шмат уніяцкіх храмаў (?!), а не таму, што проста там хацелі пабудаваць крэпасць. Паводзіла прафесар сябе годна, ні слова крытыкі ў адрас змагароў за горад і проста разгромна закончыла свой даклад. Нельга, каб Горадня пазбавілася яшчэ аднаго будынка часоў Тызенгаўза, сказала яна, яўна намякаючы на амаль развалены ўладамі флігель палаца віцэ-адміністратара. Марозава заклікала ўлады перагледзець планы разбурэння горада (сказала яна менавіта так), парэкамендавала заняцца не рэканструкцыяй, а рэстаўрацыяй гарадскіх будынкаў і ўвогуле больш раіцца з грамадскасцю. Увогуле адчувалася: на яе моцна паўплывалі тэксты са спецыяльнага выпуска газеты “Наша Слова”. З нашага боку можам сказаць толькі адно – смялей, спадарыня Святлана, вы сёння сярод тых, хто ратуе гонар гістфака ГрДзУ.
Далей слова было дадзена прафесару Чарапіцу, які выступаў з абсалютна апалагетычных пазіцый. Усё ў горадзе файна, квітнее і пахне, але і прафесар-славянафіл часам збіваўся на крытыку, прынамсі што тычылася неабходнасці ўладам кансультавацца з грамадскасцю на прадмет аховы гістарычнай спадчыны горада.
Здзівіла чарапіцава выказванне пра Фару Вітаўта. Ён сказаў, што існуюць спрэчкі наконт таго, што павінна паўстаць на яе месцы, і каб іх не было, найлепш паставіць у скверы на месцы пабуранага храма помнік акадэміку Карскаму (!). Цікава, пра якія спрэчкі гаворыць прафесар? На месцы самага вялікага ў Беларусі касцёла павінен быць толькі касцёл, а пляцоўка для помніка заснавальніку беларускага мовазнаўства ў новай Горадні знойдзецца. Бо калі зыходзіць з логікі прафесара, то на месцы разбуранай палякамі Аляксандра-Неўскай царквы, трэба паставіць помнік Юзафу Ядкоўскаму.
Агучыў Валерый Мікалаевіч і некалькі “рацыянальных” прапаноў наконт неабходнасці ўсталявання ў горадзе новых помнікаў. Ён прапанаваў паставіць у нашай слаўнай Горадні помнікі руска-украінскаму пісьменніку Гогалю, гісторыку-чарнасоценцу і шавіністу Пагодзіну і ... гуляку-п’яніцы, удзельніку падаўлення вызваленчага паўстання Каліноўскага Усеваладу Крастоўскаму. Пры чым паставіць яму помнік на тым месцы, дзе ён страляўся на дуэлі з-за дамы. Проста вяршыня абсурда, але ўсё трэба назваць сваімі словамі – прафесар прапанаваў паставіць помнік п’яніцы-акупанту замест помнікаў павешаным героям Міхала Валовіча і Вялікага Кастуся Каліноўскага.
Праўда, Чарапіца таксама скончыў не надта панегірычна, адзначыўшы, што ўлады дарэмна знеслі яго любімы будынак “Гарачы хлеб” па вуліцы Горкага. “Гэты будынак – мой боль, а на яго месцы разбілі бязглуздую клумбу”. Пра Мілінкевіча Чарапіца выказаўся надта няпэўна, але цікава: “Мілінкевіч любіць свой горад і шмат для яго зрабіў, але ў тым, што ён робіць сёння, адчуваецца палітычны падтэкст”.
Канешне, адчуваецца, бо ўсё, за што цяпер бярэцца Мілінкевіч, пачынае смярдзець амерыканскімі грашыма. Прынамсі так думае спадар Чарапіца.
Пасля спадар Ярмусік даў слова гарадзенскаму гісторыку і археолагу Генадзю Смаленчуку і некалькі разоў даваў яму слова, аж пакуль яму не нагадалі, што гісторык Алесь Смаленчук на сходзе не прысутнічае, а ёсць толькі археолаг і гісторык Генадзь Семянчук. Спадар Генадзь сказаў, што круглы стол пабудаваны няправільна, бо спачатку павінны выступіць улады, напрыклад галоўны архітэктар Анісімаў. “Для мяне, – сказаў спадар Генадзь, – усё гэтае змаганне-незмаганне скончылася доўгімі бяссоннымі начамі, і таму я хачу паслухаць пра планы ўладаў. Мяне здзіўляе закрытасць уладаў, ніякай інфармацыі нам не даюць. Нам патрэбна інфармацыя аб рэканструкцыі Каложы, мы ведаем толькі, што заключаны нейкія дамовы і ўсё”. “Улады” ў асобе Анісімава зацята маўчалі, таму Семенчуку прыйшлося пачаць гаварыць самому. Спадар Генадзь прапанаваў капаць на гарадзенскіх пустырах ямы і потым іх прадаваць інвестарам. Але тут вялікая праблема, на якую хочацца звярнуць увагу: грошы на такія раскопкі можа даць толькі інвестар, а самі для сябе універ і Акадэмія Навук ніколі капаць не будуць і туманнай перспектывай атрымаць грошы за кар’ер у цэнтры горада начальства гэтых устаноў наўрадці суцешыш.
Выступленне прафесара спадарыні Сільверставай можна ацаніць як адно з найбольш прыстасавальніцкіх і апалагетычных. Яна быццам цытавала ранейшыя выступленні Анісімава, нападала на “сарайчыкі на вуліцы Урыцкага” і граміла дашчатыя туалеты па ўсёй старой Горадні. Яна адзначыла: “Уся інфармацыя і пра ўсё ёсць у “Гродзенскай праўдзе”, там поўная галоснасць. І пра мост пішуць і пра архірэйскае падвор’е. Я вось пачытала і ўсё зразумела”. Не ведаем, што зразумела спадарыня Сільверстава? Пра неабходнасць знесці дзеля вежачкі помнік другой катэгорыі ці неабходнасць выбіцца ў галоўныя экскурсаводы горада для стваральніцы музея КДБ яўна патрабуе ад яе канкрэтна выказвацца за дзядзек з гарвыканкаму. Іначай нічога не дадуць.
Выступіў гісторык архітэктуры Ігар Трусаў. Ён сказаў, што ніхто не знёс бы дом па Горкага 29, калі б своечасова аформілі ўсе паперы на ўнясенне яго ў спіс помнікаў і іх накіравалі ў Менск. Спадар Трусаў, вы нечага не ведаеце. Заяўка на ўключэнне дома “Гарачы хлеб” па вуліцы Горкага, была пададзена ў верасні 2006-га года па ўсіх правілах і навукова-метадычная рада павінна была яе разгледзець. Але дом знеслі не правёўшы ніякай рады, а спадар Ігар Чарняўскі пасля сказаў, што рада вырашыла, што дом насамрэч нічога не варты. Так што не варта прыпісваць некаму дабрадзействы, якіх той не мае. Механізм уключэння будынка ў спіс помнікаў, каб яго не знеслі, грамадскасцю правераны акурат на прыкладзе дома па вуліцы Горкага. Гэты механізм не працуе.
Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч пачаў з падзякі гарадзенскаму універсітэту за арганізацыю такога круглага стала і задаў сп. Анісімаву некалькі канкрэтных пытанняў:
– чаму парушаны генеральны план Гродна?
– чаму разбурылі дом па Горкага 29?
– чаму знішчаны млын насупраць заапарка?
“Трэба гісторыкам шукаць дыялог з грамадскасцю, бо нашай вобласцю кіруе вельмі дрэнна выхаваны чалавек, у яго мат праз слова і дыялог з ім весці бадай што немагчыма... І яшчэ, – скончыў ён сваё выступленне, – не трэба нападаць на моладзь; каб не яна, то не было б сёння ніякага круглага стала, ні міжнароднага розгаласу наконт справы разбурэння Горадні. Людзі, якіх вы сёння не пусцілі на гэтае паседжанне, ратуюць гонар нашага горада. Бяссонніца пройдзе, а разбураныя помнікі застануцца, таму трэба ганарыцца, што такая моладзь у нас ёсць”.
Андрэй Чарнякевіч, кандыдат гістарычных навук, выступіў вельмі канкрэтна. Найперш паказаў выкінутыя на сметнік археалагічныя каштоўнасці з Савецкай плошчы. Потым раскрытыкаваў пазіцыю некаторых выступаўшых гісторыкаў наконт барацьбы з трэснуўшымі дамамі і туалетамі на вуліцы: “Вось вы тут гаворыце, што дом трэба знесці, бо ў яго перакасіліся вокны, трэснулі сцены, паўсюль сырасць... Дык калі падганяць будынкі пад гэтую катэгорыю, то тады трэба зносіць... Стары Замак. Хачу запытацца ў сп. Анісімава:
- што будзе з далінай Гараднічанкі да самага Нёмана?
- што будзе з флігелем палаца віцэ-адміністратара?
- што будзе з піўзаводам, у аснове якога палац 18 стагоддзя?
- што будзе з палацам уніякага епіскапа па вуліца Маставой, які могуць разваліць пашыраючы Падгорную?
- чаму знеслі амаль усе дамы па вуліцы Парахавой?
- што за навуковую “рэстаўрацыю” дамкоў у стылі эклектыкі ажыццявілі пад час будаўніцтва гасцініцы “Сямашка”.
- чаму па вуліцы Церашковай на месцы магілы салдат І Сусветнай вайны робяць дзіцячую пляцоўку?
- чаму паміж вуліцамі Пушкіна і Дзяржынскага перавярнулі ўсё, нават не паспрабаваўшы адшукаць магілы савецкіх салдат, бо ў пачатку вайны там быў лагер для ваеннапалонных.
Такіх прыкладаў можна прывесці дзесяткі.
Я не ведаю тых, хто атрымоўвае грошы за абарону Горадні. Затое ведаю дзесяткі людзей, якія рызыкуюць сваёй працай, ахвяруюць часам, каб рабіць гэту справу”, – скончыў гісторык.
Каментуючы выступленне Чарнякевіча, сп. Бадзюкова сказала: “Учора я была ў мэра на прыёме, ён вельмі хварэе за наш горад. Напрыклад, так успамінаў наш мілы стары вакзальчык, які развалілі ў 1986-м. Ён вельмі шкадаваў, бо каб тады быў мэрам, то не даў бы гэтага зрабіць”. Смешнае глупства. У 1986-м годзе ні мэра Антоненкі, ні Бадзюковай сярод абаронцаў вакзала не было. Былі вядомыя сёння гісторыкі Госцеў, Таранда, Ткачоў... А ў мінулым годзе той самы Госцеў пад час візіту да мэра нагадаў яму гісторыю пра знос вакзала ў 1986-м і сказаў: “Праз 20 гадоў вы будзеце шкадаваць аб тым, што сёння разбурылі”. І ведаеце, што адказаў мэр: “Вось праз 20 гадоў прыходзьце, тады і паразмаўляем”. Яму баліць стары вакзал! Дык чаму не баліць дамок па вуліцы Горкага 29, чаму не баліць Сацыялістычная 44, якую мэр прапанаваў на Радзе знесці да ўзроўня першага паверха?
Гісторыкі Швед і Дабрыян заклікалі да дыялогу. Дабрыян назваў Савецкую плошчу аэрадромам. Зацікавіў выступ аднаго прадстаўніка турыстычнага бізнэсу. Ён сказаў дакладна: “Пасля рэканструкцыі Савецкай плошчы я перастаў ездзіць па горадзе на аўтамабілі, бо яна толькі пагоршыла транспартную праблему ў горадзе. Няма як цяпер праехаць праз цэнтр не трапіўшы ў пробку... Палякі ў наш горад ехаць не хочуць. Самая апошняя група была вельмі незадаволена, бо нам няма нават дзе аўтобус сёння ў цэнтры паставіць, раней на Савецкай плошчы ставілі. З майго пункту гледжання ў Горадні для турызму сёння створаны такія ўмовы, што мы можам страціць апошніх турыстаў”.
Гісторык Карнялюк падняў даўно набалелае пытанне аб справе захавання лесапрака Румлёва: “Я нават не ведаю, хто сёння гаспадар Румлёва – ці лясгас ці горад. Пераўтварэнне Румлёва ў парк з выкладзенымі пліткай дарожкамі назаўсёды знішчаць яго каларытнасць”.
Далей адказваў спадар Анісімаў. Адказваў неканкрэтна, ад складаных пытаняў уцякаў. Патрабаваў у гісторыкаў, каб яго хвалілі. Падкрэсліваў, што шмат матэрыялаў друкуе “Савецкая Беларусь”, “Гродзенская праўда” і іншыя выданні. Чамусці толькі не згадаў крытычныя матэрыялы з “СБ”. Асабліва хваліўся “стэрыльнай чысцінёю” нашага горада, маўляў, там усё як у аптэцы. Наконт дома па Горкага 29 сказаў, што “мы тут прайгралі”. Хто такія “мы” і што гэтыя “мы” прайгралі сказаць цяжка, спадземся, сп. Анісімаў не хоча прылічыць сябе да ліку абаронцаў дамка па Горкага 29. Паспрабаваў ён і прыпужаць, напрыклад сказаў: “Няхай тымі, хто дае няправільную інфармацыю, займаюцца адпаведныя органы”.
Раскрытыкаваў Анісімаў і праект архітэктара Ісачанкі, заснаваны на пабудове тунэля пад Замкавымі горамі: “Больш ніякай альтэрнатывы няма, апроч нашай з пусканнем дарогі па Падгорнай і даліне Гараднічанкі”. Што значыць няма? Чаму ні слова не сказаў Анісімаў пра прапанаваны грамадскасцю альтэрнатыўны праект уладкавання транспартных плыняў.
“Па дому Сацыялістычная 44 мы аб зносе рашэння не прымалі. Першы паверх файны, а мансарды трэба разбіраць... Па флігелю палаца віцэ-адміністратара: дом бурыцца, на 80 сантыметраў у зямлі. “Грамадзянпраект” Дзяшко і Жучко далі такое заключэнне. Хочаце, прыйдзіце, дайце параду, што з ім рабіць”. Спадар Анісімаў, пачытайце прапанаванае намі тэхнічнае заключэнне. Але бурыць дом толькі таму, што ён на 80 см. у зямлі і не мае падмуркаў... Ведае, палац у Залессі на Смаргоншчыне, дзе пісаў свой паланэз Агінскі, таксама не мае падмуркаў, значыць... яго трэба разбурыць. Правільна, спадар Анісімаў?
“Па паравому млыну па Васілька 3, мы зносім толькі надбудовы небяспечныя для жыцця чалавека. Калі прыйдзецца прымаць рашэнне на знос, то гэта будзе цяжкае рашэнне”.
Праз месяц Анісімаў прапанаваў гісторыкам сустрэцца ў сваім кабінеце ў такім самым складзе і абмеркаваць усе пытанні, на што сп. Бадзюкова заўважыла: “У больш вузкім складзе”.
Падвёў вынік дэкан Ярмусік, які даслоўна сказаў наступнае: “Нужно создать что-то вроде общественного совета. Центр его – факультет истории и социологии. Городским властям нужно открыть сайт – информировать население. Нужен более тесный диалог о городе – власти и общественности. Прошу журналистов объективно осветить наш «круглый стол». Проблемы есть с журналистской культурой. Пришлось отказаться от участия в «столе» некоторых личностей. Пришли неизвестно кто”.
Такім чынам, можна чакаць, што даволі хутка ўлады разам з некаторымі прадстаўнікамі гродзенскага універсітэта паспрабуюць стварыць псеўдасавет па ахове гістарычнай спадчыны Горадні.
Агучаны праект савета гісторыкаў – не новы. Ён прапаноўваўся яшчэ вясной мінулага года ў звароце некалькіх дзесяткаў гісторыкаў да гарадскіх улад. Аднак тое, што задумалі гродзенскія ўлады разам з універсітэтам, сёння пахне яўнай падставай. Трэба не даць грамадскасці стварыць такую арганізацыю, найлепш гэта зрабіць стварыўшы папярэдне сваю ўласную арганізацыю і яе тыцкаць ва ўсе газеты. Адным словам, будзе грамадскі савет з гісторыкаў, які ніколі ні сном ні духам не мелі дачынення да аховы гістарычнай спадчыны горада.
Шчыра кажучы, вельмі хочацца паглядзець у вочы тым гарадзенскім гісторыкам, якія ў гэты савет увойдуць і будуць вымушаныя, падобна герастратам, узарваўшым Фару Вітаўта ў 1961-м, галасаваць за новыя і новыя знішчэнні ў родным горадзе. Такіх знойдзецца можа толькі сярод моладзі гарадзенскага гістфака. Не здзівімся, калі справу арганізаваць такі савет даручаць маладому шматабяцальнаму гісторыку-метадысту-ідэолагу Андрэю Гецэвічу.
Канешне, спадар Ярмусік, пазайздросціць вам цяжка. Нямала сівых валасоў дабавіў вам гэты “круглы стол”, але за прызначэнні прыходзіцца плаціць. Але што зробіш, дэканам вы сталі напэўна не за тое, што пры студэнтах усяляк бэсціце і рэканструкцыю горада і што пішаце кнігі пра касцёл на Беларусі. Слаўнае камсамольскае мінулае ў пары са знакамітай Марыяй Міхайлаўнай Біруковай дало вам магчымасць трапіць на гэту пасаду. Але ці чулі вы навіну пра тое, што мэр горада Уроцлава звярнуўся ў ЮНЭСКА з прапановай стварыць пры гэтай арганізацыі камісію па справах Горадні? І як вам здаецца, калі раптам вы трапіце ў які-небудзь створаны нашым гарвыканкамам савет па ахове спадчыны Горадні і адобрыце знос пары старых дамоў у нашым горадзе, ці будзе ў вас шанец паехаць на які-небудзь каталіцкі з’езд у Польшчу? А вы ж туды ездзіце часцей, чым цяперашнія абаронцы старой Горадні.
Што на гэта ўсё можна адказаць?
Так, арганізацыя, якая сачыла б за тым, як гарадскія ўлады выконваюць заканадаўства аб ахове помнікаў, патрэбная. Але не патрэбна прыслужлівая канторка з некалькіх выкладчыкаў універсітэта, якая будзе галасаваць так, як ім загадаюць. Такі “грамадскі кантроль” ніколі не будзе прызнаны грамадствам.
- Патрэбна арганізацыя, якая будзе стварацца ў вялікай зале з удзелам усіх жадаючых, якія ў ёй прымуць удзел: выкладчыкі, гісторыкі, студэнты і ўсе грамадзяне.
- Такая арганізацыя павінна стварацца шляхам вольнага і адкрытага галасавання.
- Такая арганізацыя павінна мець доступ да ўсёй інфармацыі па плануемых будаўнічых працах у цэнтры горада і права гэтыя планы адхіляць і змяняць.
Так ёсць па ўсёй Еўропе, так ёсць у Расіі і ў іншых краінах. Дзякуй Богу, на дварэ не 1961-ы і тым больш не 1937-ы. Многія і ў нас пачынаюць разумець, што значыць захаваць нашу спадчыну. Прэзідэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, выступаючы нядаўна ў Полацку, сказаў: “Занядбанне свай гістарычнай спадчыны і мінуўшчыны вядзе да краху дзяржаў і гуманітарных катастроф”. Верым, што беларуская нацыя ўздыме паруйнаваныя чужынцамі цэрквы, касцёлы і замкі. І гэта будзе сімвалам таго, што нас ніколі не зламаюць і што мы сапраўды адзіны беларускі народ.
-
Катэгорыя: Грамадская актыўнасць
-
Апублікавана 07 Чэрвень 2007
Апошняе
- Свяцк Валовічаў: мінулае, сучаснасць, перспектывы
- Андрэй Шулаеў. ГІСТОРЫКА-АРХІТЭКТУРНАЕ АБГРУНТАВАННЕ АДНАЎЛЕННЯ КАНСТРУКЦЫІ ГАЛОЎНАГА ЎВАХОДУ Ў КАРАЛЕЎСКІ ПАЛАЦ 2-Й ПАЛОВЫ XVI – 1-Й ПАЛОВЫ XVII СТСТ. У АНСАМБЛІ СТАРОГА ЗАМКА Ў Г. ГРОДНА
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 4
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 3
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 2
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 1
- Аповед старых камяніц. вул. Валковіча № 23
- Duch i chłopiec z byłej Kolonii Oficerskiej
- Dawny Bank Polski – ciekawy wzór architektuty funkconalistycznej