Сайт harodnia.com не мае ніякага дачынення да тых палітычных партыяў і рухаў, якія спасылаюцца на яго.

Апошнія некалькі месяцаў значна ўзмацнілі рух за абарону старажытнай Горадні. У яго актыўна ўключыліся і апазіцыйныя партыі, такія як “Рух за свабоду”, “Партыя БНФ” і іншыя. Гэтыя структуры распаўсюджваюць сёння ў горадзе шмат улётак, налепак, газет з сімволікамі сваіх арганізацый і спасылкамі на сайт harodnia.com. З аднаго боку можам прызнаць гэта добрым, бо, як гаворыцца, “святое месца пустым не бывае”, і калі ўлады нічога не зрабілі для захавання нашай спадчыны, то гэтым пачала займацца апазіцыя, аднак хочацца адназначна і зразумела для ўсіх наведвальнікаў сайта сцвердзіць – сайт harodnia.com існуе ўжо паўтары гады і створаны задоўга да таго, як у справу аброны Горадні ўключыліся разнастайныя апазіцыйныя партыі, дзеячы і рухі. Сайт не мае ніякага дачынення да ніводнай палітычнай партыі ці руху, ці тое ўрадавай, ці тое апазіцыйнай, і не атрымлівае ад ніякай матар’яльнай, маральнай ці інфармацыйнай падтрымкі.

Сайт harodnia.com створаны па прыватнай ініцыятыве патрыётаў Горадні і Беларусі, якія стаяць на пазіцыі моцнай, незалежнай, непадзельнай і нейтральнай Беларусі, і якія лічаць, што абавязковым гарантам узмацнення нашай незалежнасці з’яўляецца павага да помнікаў архітэктуры і мінуўшчыны, а таксама пашырэнне гістарычных ведаў сярод шырокіх масаў насельніцтва краіны.

Грамадская канфрантацыя нікому непатрэбная. Трэба каб гарадскімі ўладамі былі нарэшце зроблены канструктыўныя крокі дзеля пераўтварэння нашага горада у турыстычную сталіцу Беларусі, каб будынкі пачалі не развальвацца (рэканструявацца) уладамі, а рэстаўравацца паводле ўсіх навуковых метадаў.

 

 

 

Scroll to top