Гродзенскі абласны камітэт па ахове прыродных рэсурсаў даслаў адказ на ліст у справе спілоўвання дрэваў на вуліцы Тэлеграфнай, якое скончылася арыштам трох грамадскіх актывістаў.

У пісьме в.а. кіраўніка Камітэта Г.В.Казак сцвердзіў, што спілоўванне праводзілася законна, на аснове Акта, падпісанага 23 кастрычніка 2007 года, аднак прызнаў, што гарадскія арганізацыі па азеляненню насуперак заканадаўству не інфармуюць грамадзян аб плануемым спілоўванні дрэваў.

Гродзенскі абласны камітэт па ахове прыродных рэсурсаў даслаў адказ на ліст у справе спілоўвання дрэваў на вуліцы Тэлеграфнай, якое скончылася арыштам трох грамадскіх актывістаў. У пісьме в.а. кіраўніка Камітэта Г.В.Казак сцвердзіў, што спілоўванне праводзілася законна, на аснове Акта, падпісанага 23 кастрычніка 2007 года, аднак прызнаў, што гарадскія арганізацыі па азеляненню насуперак заканадаўству не інфармуюць грамадзян аб плануемым спілоўванні дрэваў.

Спадар Казак, карыстаючыся класічным для бюракрата прынцыпам (мы сваіх не здаем) паведамляе, што дрэвы на Тэлеграфнай былі дуплістыя, засыхалі, мелі небяспечны ўхіл і знаходзіліся бліжэй пяці метраў ад будынкаў. Самае цікавае, што акт на спілоўванне дрэваў падпісаны год таму адным з найбольш адыёзных «рэканструктараў» Горадні А.Кунашам, які загінуў у аварыі ў сакавіку гэтага года. Такім чынам чалавека даўно няма, а дакумент сапраўдны на працягу двух гадоў, хаця дрэвы маглі пражыць яшчэ і дваццаць і трыццаць.

Тым не менш у лісце паведамляецца, што Камітэт выдаў прадпісанне Гродзенскаму жылкамунгасу, каб той выконваў пастанову Савета міністраў РБ аб інфармаванні грамадзян у справе плануемага спілоўвання «аб’ектаў расліннага свету» ў населеных пунктах.

Адным словам, як хочам, так і круцім. Аднак варта зрабіць акцэнт на пэўных момантах. Па-сутнасці, актывісты гарадскіх экалагічных грамадскіх арганізацый маюць поўнае права дамагацца ад улад стварэння структуры, якая магла б кантраляваць дзеянні ўладаў па азеляненню гарадской прасторы, найперш праз дакладнае сумеснае абследаванне ўсіх запланаваных да спілоўвання дрэваў, калі трэба, то нават з прыцягненнем спецыялістаў.

Улады, канешне, наўрад ці на гэта пойдуць. Для іх самае страшнае – гэта неабходнасць з кім-небудзь у чым-небудзь радзіцца. Татальнае знішчэнне дрэваў будзе працягвацца, а нічога новага на іх месцы так і не з’явіцца. Гарадское начальства проста не мае неабходнай тэхнікі для азелянення горада. Ды і не хоча яе мець. Між тым у раёне Камбіната будаўнічых матэрыялаў і так званых «Гаражоў» знаходзіцца велізарны высаджаны ў канцы 1980-х гг. пітомнік ліпаў, каштанаў і клёнаў, якія калісьці павінны былі ўпрыгожыць вуліцы нашага горада. Зараз занадта выраслыя дрэвы гінуць, марнеюць і чахнуць, бо знаходзяцца празмерна блізка адно ад другога, аднак да гэтага няма нікому справы і праз колькі год іх можна пусціць толькі на дровы. А сярод іх ёсць яшчэ вельмі добрыя дрэўцы (напрыклад рабіны), якім самае месца на ператвораных гарадскімі ўладамі ў пустыню вуліцах Горадні!

Адна з галоўных і самых прыгожых вуліц Варшавы Новы Свет. Грушка, якая вырасла з самага кута дома, з’яўляецца адной з атракцыяў вуліцы. Спілоўваць яе па прычыне таго, што яна стаіць бліжэй за «5 метров от фундамента здания», як бачым, ніхто не плануе.

 Трактар з прыстасаваннем для высадкі дрэваў з дыяметрам ствала да 15 сантыметраў. Маскоўскай вытворчасці агрэгат на аснове беларускага трактара МТЗ-80 (!) каштуе каля 80 тыс. даляраў. Капейкі для нашага горада, але не для гарадскога кіраўніцтва, якое па прычыне адсутнасці фінансавых падвязак не зацікаўлена ў закупцы такой тэхнікі.

 

 

 

 

 

 

Агрэгат для высадкі дрэваў дыяметрам да 30 см. Здольны высадзіць на вуліцах 15-цігадовыя ліпы і клёны. Вось толькі каму гэта патрэбна.

 

 

 

 

 

 

Ліст з Гродзенскага абласнога камітэта па ахове прыродных рэсурсаў, дзе прызнаецца неабходнасць папярэдняга інфармавання насельніцтва аб маючым адбыцца знішчэнні аб’ектаў расліннага свету.

 

Scroll to top