26 чэрвеня на Савецкай вуліцы пачалі пілаваць дрэвы. Пад канец “рэканструкцыі” ходнікаў на вуліцы застанецца не больш за 20% дрэваў.

Гарадскія чыноўнікі прыдумалі новае месца, якое можна абкласці бетоннай пліткай – Савецкую вуліцу. Здзіранне старых плітаў з ходнікаў вуліцы пачалося з тыдзень таму. Абяцалася, што на месцы прац будзе аформлены археалагічны нагляд, захаваныя старыя бардзюры з надпісам “Магістрат места Горадні”, а вуліца выкладзеная гранітным брукам.

Гранітнага бруку пакуль не бачна, але Савецкая вуліца ўжо нагадвае дарогу да нейкага калгаснага кароўніка. Гэта нічога, але ўжо з’явіліся першыя ахвяры, самыя безабаронныя жыхары нашага горада – дрэвы. Ты, шаноўны гарадзенец, калі табе напячэ галаву ці надакучыць шум экскаватара, заўсёды можаш уцячы куды небуць у цянёк, дрэвы ўцячы не змогуць, нават калі да іх падыдзе чалавек з бензапілой. Сёння на Савецкай вуліцы было спілавана каля 15 каштанаў і ліпаў (з квеценю) акурат насупраць адміністрацыі Ленінскага раёна (былы Святадухаў манастыр). Літаральна заўтра-паслязаўтра спілуюць дрэвы насупраць дамініканскай гімназіі. Скончыўшы гэты бок вуліцы, возьмуцца за другі. Логіка зразумелая – да лысай плошчы павінна весці лысая вуліца.

З упэўненасцю можна сказаць – ніякага дазволу на спілоўванне дрэваў на Савецкай вуліцы гарадскія ўлады не маюць. Іх знішчэнне – пабочны эфект перакладання ходнікаў. Гэта бачна па страшных парваных каранях дрэваў, які тырчаць з зямлі, па абадранай бульдозерамі з дрэваў кары. Натуральна дрэвы імгненна пачынаюць засыхаць. Па-сутнасці паўтараецца сітуацыя з Савецкай плошчай, праз месяц-другі пачнуць шукаць вінаватага, але дрэваў ужо не будзе, а сапраўдны вінавайца спакойна пакладзе сабе ў кішэню грошы за бетонную плітку, бардзюры і земляныя работы.

Сімвалічна, што спілоўванне дрэваў на вуліцы пачалося акурат з месца насупраць Абласнога камітэта па экалогіі і ахове прыродных рэсурсаў. Працаўніцы камітэта, якія выходзілі з будынка, са здзіўленнем хісталі галовой і гаварылі: “Во як усё вычысцілі”.

Месцічы, што ішлі па вуліцы, гучна, фактычна адкрыта выказвалі свой гнеў адносна таго, што адбываецца. Міма спілаваных дрэў спакойна гулялі пасля працы журналісты гарадзенскіх СМІ, у тым ліку і апазіцыйных.

Ля адміністрацыі Ленінскага раёна

Scroll to top