Падрабязны аналіз бязглуздай «азеляняльнай» палітыкі, якую вядуць улады ў нашым горадзе, а таксама інвентар дрэў, старэйшых за 70 год, якія засталіся ў Гродне.Шмат хто скажа, што дрэвы нас засланяюць ад спёкі і гукаў, што яны ўцягваюць у сябе ўсю заразу вакол нас, абсарбіруючы яе ў неагрэсіўныя формы, і пры гэтым хварэюць і гінуць.

Дрэвы сапраўды абараняюць нас ад шкодных экалагічных фактараў: па-першае, самае істотнае, ад шуму, па-другое, ад хімічнага забруджвання – як губка, па-трэцяе, ад ветру і промняў – перагрэў, пераахалоджванне.

Але галоўнае – не экалагічная, а эмацыянальна-выхаваўчая роля зялёных насаджэнняў. Дрэвы пазбаўляюць нас ад неўрозу, адчаю, песімізму, нават часам ад самагубства, звужаючы прастору, робячы яе ўтульнай, паказваючы, што ў горадзе яшчэ засталося штосьці жывое, якое, як і Я, трывае, змагаецца і салідарна са мной. У дзяцінстве дрэвы фарміруюць у нас радасны погляд на жыццё, жыццё з Верай. Зялёнае сапраўды нас выхоўвае чалавекам. Калі мы бачым не толькі створанае нашымі рукамі са шкла і бетону, а і Божы твор, асабліва, калі яму гадоў дзвесце, то і ў саміх знікае жаданне гадзіць і хочацца жыць па Божых Законах.

Канстатацыя татальнага знішчэння дрэваў за апошніх тры гады:

  • ліпы 1930-х гг. на ўзбярэжжы каля рачнога вакзала (колькі кліентаў згубілі “Тры пескары” з-за гэтай вырубкі);
  • двухсотгадовы ясень у двары новага дома на скрыжаванні вуліц 1-га мая – Валковіча (яго знішчэнне ўвогуле абуральны факт);
  • агаленне схілаў гор Старога Замка, Новага Замка, Бернардынцаў, школы № 1, Занёманскай сінагогі, (цяпер эрозія схілаў будзе забяспечваць безперапыннай працай па ўмацаванню глебы цэлую брыгаду зеленгаса);
  • скверы на Савецкай плошчы (стала гола і бязлюдна, усе сталыя кліенты Баторыя і Цэнтральнага перабраліся ў парк імя Жылібера, няма радасці – няма прыбытку);
  • парк Жылібера (пракладка бетонных дарожак, знішчэнне старога дзёрну з паверхневай каранёвай сістэмай дрэў, змяненне гідралагічнага рэжыму пры будаўніцтве сажалак на Гараднічанцы прывяло да масавага засыхання ясеняў);
  • вул. Горкага – без каментарыяў;
  • стадыён – паліклініка МУС;
  • Савецкая вуліца;
  • таполевыя алеі – проста паранойя, даўно даказана, што алергію выклікае пылок (пыльца), а не буйнасегментны пух таполяў, да таго ж садзіць можна мужчынскія асобіны – аднак у нас усё ідзе пад пілу, так прасцей, чым выбіраць і думаць;
  • заапарк (замежныя турысты ўжо збіраліся падаваць скаргу ў міжнародныя структуры за здзек з жывёл, неўзабаве бацькі маленькіх наведвальнікаў будуць падаваць скаргі за здзек з дзяцей: бетон, лес стальных кратаў і ніводнага дрэўца – непазбежная эмацыянальная траўма для юнай душы);
  • Старыя могілкі (на праваслаўных не засталося ніводнага дрэўца, ды і каталіцкія добра пакоцалі. Няўжо гэта каму-небудзь падабаецца?!);
  • вул. Савецкіх Пагранічнікаў (знішчаны каштанавыя прысады савецкага часу пры пашырэнні вуліц, у выніку замест дзвюх рознаўзроўневых развязак на вуліцах Паповіча – Савецкіх Пагранічнікаў і Гарнавых – Савецкіх Пагранічнікаў мы маем яшчэ дзве лысыя гары).

І гэта яшчэ, баюся, не ўсё: колькі загінула дрэваў паадзінкава паціху ў дварах, колькі пазасыхала закладзеных пліткай. Хто цяпер скажа, хто падлічыць?! За красавік 2008 года на вачах у аўтара былі спілаваны толькі даваенных дрэваў: алея з акацый каля чыгуначнага вакзала, дзве ліпы на былых лютэранскіх могілках, дзве ліпы на тэрыторыі першай бальніцы, у тым ліку і ліпавы куст з пяці ствалоў.

Каму ж так шкодзяць дрэвы, хто пагражае зялёным рызам нашага горада?

Па-першае, новае будаўніцтва. На жаль, праектанты новых пабудоў у Гродне зусім не лічаць за каштоўнасць і цалкам не бяруць у разлік існуючыя зялёныя насаджэнні. Рэльеф – так, архітэктурнае атачэнне – так, а дрэвы – ні пры якім раскладзе. Нівеліруецца пляцоўка “до основания, а за тем”… Такі падыход не дапушчальны, яго трэба крытыкаваць і змяняць, усяляк прапагандуючы станоўчыя прыклады. Самым яркім станоўчым прыкладам з’яўляецца будаўніцтва дома на вуліцы Захарава. Будаўнікі не ссеклі і спрабуюць захаваць дзве стогадовыя ліпы, якія надалей стануць вельмі прывабным дэкарацыйным аздабленнем элітнага дома. Праўда, катлаван пад падмурак можна было б выкапаць менш размашысты і засыпаць лішку паміж дрэвам і падмуркамі хутчэй (ліпам не хапае вільгаці, вада проста сцякае ў яму), ды і пару можна было б для будаўніцтва выбраць зімовую, калі вегетацыя дрэваў замаруджана. Але абвінавачваць у гэтым будаўнікоў не варта, ім проста ніхто на гэтыя праблемы не ўказаў, ніхто не навучыў пэўным тэхналагічным прыёмам, не расставіў прыярытэты.

Самай фундаментальнай пагрозай з’яўляецца працэс пашырэння вуліц і стварэнне новых парковачных месцаў. Гэта, на першы погляд, здаецца аб'ектыўным працэсам, што кожны новы аўтамабіль забірае па 10 кв.м газона, а на самой справе зусім проста нават існуючую сітуацыю палепшыць у разы. Па першае, трэба ўжо зараз змагацца з мяшчанскім светапоглядам. Насамрэч, “наши люди в булочную на автомобиле не ездят” – аўтамабіль не павінен пад'язджаць да кожнай параднай (каля дома павінны гуляць дзеці, расці кветкі), аўтамабілю не месца ў гістарычным цэнтры (Савецкая плошча і плошча Тызенгаўза зараз ператвораны ў месца «з’ёма» і красавання бацькоўскімі дарагімі аўто, тралейбусам нават часам няма як праехаць) і месцах адпачынку: парках, лесе, па берагах рэк і азёр. Калі хапіла грошай на машыну і дарагое паліва, то павінна хапіць на платнае парковачнае месца ў шмат’ярусным гаражы!

Хтосьці палічыць апошнія радкі агрэсіўнымі. Агрэсія сапраўды наспела і ўжо выліваецца дробнымі бунтамі то пад бокам універсама на БЛК, то каля бензазаправак на вуліцах Пушкіна і Чайкінай, то ў старых дварах, дзе бабулькі засланяюць сабой дрэвы ад вырубкі пад расшырэнне аўтастаянкі. А ўсё з-за таго, што гродзенскія ўлады праводзяць бяздарную камунальную палітыку. Што трэба рабіць уладам ўжо зараз, каб прывесці хоць да нейкай нормы цяперашнюю сітуацыю? Тэрмінова заняцца будаўніцтвам цэлай сеткі шматпавярховых парковак у спальных раёнах і па перыметру вакол гістарычнага цэнтра. Так, гэта дорага, і далёка не кожны аўтаўладальнік зможа аплаціць сабе месца, тым больш загадзя. Але існуе сістэма банкаўскіх крэдытаў, існуе добрая воля ўладаў у бюджэтным датаванні падобных праектаў (я, як падаткаплацельшчык, з задавальненнем 28 мільярдаў з пераабліцоўкі плошчы Леніна пераарыентаваў бы на будаўніцтва падобнага гаража).

Другая прычына змяншэння зялёных насаджэнняў з-за развіцця транспарту – гэта нерацыянальная “часовая” арганізацыя транспартнага руху і будаўніцтва дарог і развязак. Улады проста займаюцца развіццём не тых накірункаў. Пабудавалі б яны своечасова праезд паміж Новым мостам і бальніцай хуткай дапамогі, і не прыйшлося б так бязмерна пашыраць скрыжаванне вуліц Паповіча і Савецкіх Пагранічнікаў. Злучылі б яны ў свой час БЛК і Брыкеля, а таксама дзве палавінкі вуліцы Курчатава, і не прышлося б пашыраць вуліцы Горкага і Дзяржынскага, пакідаючы транзітныя плыні праз Цэнтр. Дабудавалі б своечасова накірунак Астроўскага – эстакада праз чыгунку – псіхіятрычная бальніца і Стары мост застаўся бы старым… Увогуле, дзіву даешся, як улады эканомяць на неабходным і бухаюць сродкі на проста дутыя, часовыя праекты. Эканомяць на эстакадных развязках і бухаюць сродкі на асфальтаванне гектараў каштоўнай гарадской тэрыторыі, у парушэнне усіх архітэктурных і эстэтычных законаў, зносячы дрэвы, дамы, зрокавыя зачэпкі, перасяляючы людзей. Хаця па ўсіх дэталёвых распрацоўках генеральнага плана скрыжаванні Паповіча-Пагранічнікаў, Гарнавых-Пагранічнікаў, Белуша-Кляцкова павінны быць з эстакадамі.

У палітыцы мясцовых уладаў у галіне развіцця транспартнай сістэмы хацелася б бачыць яшчэ два пункты: імкненне да вынасу з цэнтра жылых мікрараёнаў у прамысловыя зоны і выезды з горада ўсёй транспартнай інфраструктуры (бензазаправак па вуліцах Падольнай, Чырвонаармейскай, Пушкіна, Чайкінай; рамонтных майстэрняў, прыватных гаражоў – яны зараз неапраўданая раскоша і пачварнасць адначасова). Да таго ж хацелася б бачыць імкненне ўладаў пасадзіць як мага больш прысадаў уздоўж вуліц, палісаднікаў у дварах, і больш садзіць спецыяльнай машынай 6-метровыя 20-гадовыя дрэвы, а не дубцы.

Самая адыёзная і злачынная пагроза зялёным карункам нашага горада – гэта дзеянні гэтак званага «казённага» добраўпарадкавання. Адразу кідаецца ў вочы непрыкрытае жаданне вытворцаў тратуарнай пліткі рэалізаваць як мага больш сваёй прадукцыі, а таксама будаўнікоў – зрабіць укладку аб’емнай і працаёмкай са складанай канфігурацыяй. Таму ў нас у парку пліткі больш, чым травы, а дрэвы шчыльна акружаны пліткавымі ціскамі. Бо ўлада непасрэдна зацікаўлена ў рэалізацыі аб’ёмаў пліткі і не выконвае кантралюючых функцый заказчыка.

Другая недарэчная кампанія ў межах добраўпарадкавання – касьба гэтак званых газонаў. Косіцца ўсё: непрарослая неўкараніўшаяся трава па свайму відавому збору далёкая ад англійскага газона, пасля чаго застаецца шэра-сухі след, а на схілах эрозія глебы. Косіцца бензакасілкамі, на эксплуатацыю якіх ідзе аграмадная колькасць паліва і чалавечых высілкаў больш, чым можна затраціць са звычайнай касой. Ад гэтага працэсу стаіць такі скрыгат і смурод, што хоць ты на сценку лезь. А навошта скубаць трэба гарадскую траву, ніхто рацыянальна не растлумачыць. Як не растлумачыць мэтазгоднасць тых фітадызайнерскіх патуг, якія робяцца ў Гродне. У нас ландшафтных дызайнераў папросту няма. А тым, хто гэтым займаецца, проста некалькі парад.

Перад тым, як планаваць, на свае планы-схемы нанясіце, калі ласка, усе дрэвы з плошчай кроны (увядзіце за правіла, што плошча пад кронай пакрыта газонам), на кожным малюнку дрэва напішыце кошт, які складаецца з дзвюх лічбаў: штрафу, які плаціцца за спілоўванне падобнага дрэва ў Германіі і кошту высадкі аднаго новага дрэва. Пасля таго, як вы абдумалі ўсе мажлівыя варыянты, рацыянальнасць, кошты вашых дзеянняў і ўсё ж такі запраектавалі вырубку і новыя пасадкі, звярніцеся, калі ласка, да прафесіянальнага ландшафтнага дызайнера, пажадана з Мінска, альбо нават з-за мяжы, каб той узбагаціў ваш газон разнаяруснымі кампазіцыямі: дрэвы-кусты-кветкі. І галоўнае, не забывайцеся раіцца з грамадскасцю, паверце – варыянтаў стане мноства, і будзе з чаго выбіраць.

Каб дасягнуць максімальнага эмацыянальна-эстэтычнага эфекта ад закладкі альбо рамонту зялёных насаджэнняў, існуюць пэўныя простыя правілы. Некаторыя з іх я хацеў бы нагадаць. Штучныя насаджэнні, з большага, дзеляцца на дзве групы: рэгулярныя і пейзажныя. Больш пафасны рэгулярны стыль (роўныя алеі простых шматлікіх, але стромкіх дрэваў, агароджы са стрыжаных кустоў, аднастайныя геаметрычныя клумбы) якраз падыходзіць для ўжытку на шырокіх прамых гарадскіх магістралях, шырокіх пляцоўках парадных плошчаў. Пейзажны стыль больш тонкі, тут вельмі важна не перабольшыць з ваніллю. Ён ужываецца для афармлення нейкага прыроднага нязвыклага рэльефу або нейкай камернай зоны адпачынку (паляна, дворык). У нас жа, наадварот, японскія садзікі, альпійскія горкі, рознафактурныя пасадкі экзатычных дрэваў, аздобленыя “рюшечками” бясконцых загародак, ліхтарыкаў, каляровай пліткі з падворкаў катэджаў новых рускіх вырваліся на вуліцы і плошчы Гродна. Няўжо сучасныя праектанты не разумеюць, што помнік загінуўшым войнам у парку ў атачэнні піхтачак і туечак выглядае зусім недарэчна? Няўжо не бачна, што дэндрарыі ў скверы на Савецкай без шчыльнай куртыны з алеі старых ліп, на фоне труб, аўтамабіляў і танка выглядаюць таксама маразматычна? Не бачаць, працягваюць рубіць, бетанаваць і сярод бетону ўстаўляць свае “японскія” садзікі.

Відавы выбар культур на азеляненне ў Гродне фарміруецца зараз досыць тэндэнцыйна, не адрозніваецца вялікай разнастайнасцю і даволі дарагі для падаткаплацельшчыкаў. Канечне, можна распачаць культываваць у Гродне магноліі і платаны (клімат ўжо дазваляе), але ці пацягнем мы гэта фінансава?! Мне здаецца, тыеяпрышчэпленыя формы (каранямі ўверх) вязаў, вербаў, клёнаў будуць не на шмат таннейшыя за платаны. Камусьці гэтыя “мутанты” падабаюцца, камусьці не, рэч не ў гэтым: як доўга б яны не раслі, яны ўсё роўна застануцца нізкарослыя (гэта як японскае дрэва-бансай, якое патрабуе памяшкання, так нашы “мутанты” закрытай прасторы дворыка), а мы іх садзім на голае поле ў Каложскім парку, над засыпанай Гараднічанкай каля гарвыканкама, на Савецкую плошчу. Нізкарослыя функцыі другога яруса заўсёды выконвалі кустарнікі, больш разнастайныя па відах і нашмат таннейшыя. Куды падзеліся з гарадскіх сквераў усімі ўлюбёны бэз (дзякуй цётачкам, якія не забываюць яго ў сваіх палісадніках, а то б радасці ад мая не было б)? Дзе прыродна нашы каліна, алешнік, барбарыс, акацыя жоўтая (так папулярная ў 70-я гады), парэчка, шыпшына, язмін садовы, чаромха, ядловец звычайны, віргінскі, туя заходняя? Дзе нашы нізкарослыя дрэвы: рабіна (красуня ва ўсе поры года), глог, яблыня? Даўно на Беларусі культывуюцца будлея зменная, вішня кітайская, бружмель татарскі, ірга канадская, кізільнік бліскучы, айва, спірэя Вангута? Дзе яны ў планах сучасных азеляніцеляў Гродна?

Але вернемся на верхні ярус азелянення, які дае аснову зялёнай кампазіцыі, цень прагнучым, радасць стомленым. Базавыя пароды дрэваў можна для зручнасці збольшага падзяліць на дзве групы.

Першая – хутка растуць, хутка старэюць, добра прыжываюцца, досыць вынослівыя да выхлапных газаў і бетоннага ціску, ломкія на вятры. Гэта акацыя белая, бяроза барадаўкавая, вярба, таполя, чаромха маака, лох вузкалісны, гарэшнік маньчжурскі.

Другая – марудна растуць, але жывуць доўга і стойкія да ветру, у маладосці патрабуюць прасторы, добрай глебы і чыстага паветра. З гэтай групы ў нас, звычайна, распаўсюджаны хвоя звычайная, Веймутава, елка звычайная, канадская, дуб, конскі каштан, клён, ліпа, граб, ясень.

Такім чынам, перад намі карціна поўнай адсутнасці якой-небудзь палітыкі азелянення ў нашым горадзе. Тое, што дзесяцігоддзямі вырошчвалі папярэднія пакаленні, бязлітасна нішчыцца, а бадай, што нічога новага, асабліва вартага ўвагі будучых пакаленняў, не высаджваецца. Апраўданыя вырубкі – прарэджванне, санітарныя рубкі, пагроза завала старых дрэваў, зацямненне вокнаў – ператвараюцца ў татальнае знішчэнне зялёных насаджэнняў па ўсім горадзе. Горад, фактычна, пераўтвараецца ў пустыню.


Інвентар дрэваў г. Гродна, старэйшых за 70 год на 1 мая 2008 года (прамежак паміж даваеннымі і пасляваеннымі пасадкамі каля 20 год, таму дрэвы савецкага часу ад больш ранейшых досыць проста адрозніць па знешняму выгляду).

У спіс не ўключаны тэрыторыі лесапаркаў Пышкі і Румлёва, а таксама хваёвыя пралескі каля 4-й бальніцы і завулка Перамогі. Інвентар не падлічваў колькасць даваенных таполяў, бяроз, хвоі, елкі, вярбы, вольхі, пладовых дрэваў, клёна ясенялістнага з-за іх хуткага старэння ў гарадскіх умовах (80 год для гэтых дрэваў – глыбокая старасць). У спіс не ўвайшлі таксама новыя тэрыторыі горада, далучаныя да Гродна ў 2008 годзе.

Для зручнасці прагляду спіс групіруецца па раздзелах.

І. Цэнтр (Нёман – Гараднічанка – Прывакзальная плошча – чыгунка – Нёман)

  • вул. Ядкоўскага ўзбярэжная – 6 ліпаў, 3 клёны, 1 ясень;
  • вакол Фары Вітаўта – 6 каштанаў, 2 ліпы, 2 клёны;
  • вул. Замкавая – 4 ліпы, 1 ясень;
  • Стары замак – 9 ліпаў, 12 клёнаў;
  • Новы замак – 16 ліпаў, 12 акацый, 2 дубы;
  • Бернардынская гара – 3 клёны, 2 ясені, 1 ліпа, 1 каштан;
  • вакол школы № 1 – 2 дубы, 6 ліпаў, 3 клёны, 1 ясень;
  • асабнякі на вул. Парыжскай Камуны – 23 ліпы, 5 клёнаў, 1 каштан, 1 дуб, 69 грабаў (шпалерамі);
  • вул. Свердлава – 5 ліпаў, 5 каштанаў, ясень;
  • Тэлеграфны завулак – 5 ліпаў, 27 грабаў (шпалерай);
  • вул. Тэлеграфная – 1 ясень;
  • Брыгіцкі сад – 3 ліпы, 1 дуб;
  • Паміж вуліцамі Маркса і Кірава – 2 ясені, 2 ліпы;
  • вул. Паўлоўскага – 2 ясені;
  • вул. Сацыялістычная № 28а – 2 дубы, № 44 – 2 ліпы +5 ліпаў;
  • каля кінатэатра “Гродна” – 1 ліпа, 1 ясень;
  • за Дамініканскай школай – 7 ліпаў;
  • вул. Кастрычніцкая № 3 – 1 ліпа;
  • вул. Траецкая № 37 – 1 дуб;
  • сквер на вул. Тэльмана – 3 ліпы;
  • вул. Студэнтская – 2 ясені, 1 ліпа;
  • вул. Леніна № 28 – ліпа, 2 ясені;
  • вул. Будзёнага – 4 ліпы, 1 клён, №48а – 2 вязы, 1 ясень;
  • ТЭЦ №1 – 1 дуб, 1 ліпа.

ІІ. Гарадніца (Гараднічанка – Прывакзальная плошча – Першага Мая – вектар на Лермантава – завулак Віленскі – Гараднічанка)

  • вул. Акадэмічная, 1-га Мая каля кірхі і былых могілках – 29 ліпаў, 14 ясеняў, 1 дуб;
  • вул. Валковіча – 8 ліпаў, 5 ясеняў; вакол дзіцячага садзіка – 6 ліпаў, 2 ясені;
  • Стары парк – 102 ясені, 24 ліпы, 6 каштанаў, 1 таполя, 4 клёны; 2 дубы, 1 ясень;
  • вакол Архірэйскага падворка 52 дрэвы;
  • Гараднічанка за домам Ажэшкі – 1 каштан, 15 ясеняў, 3 ліпы, 2 клёны;
  • Сабор – 21 ліпа;
  • дом-музей Гарадніцы – 2 ліпы;
  • кафэ “Стары млын” – 1 ліпа.

ІІІ. Новы Свет (Нёман – Літоўскі ручай – Скрынніка, Катоўскага, Даватара, Церашковай – чыгунка – Прывакзальная плошча – Першага Мая – вектар на Лермантава – завулак Віленскі – Гараднічанка – Нёман)

  • вул. Горкага каля “Космаса” – 17 ліпаў, 2 акацыі, 1 дуб; 1 ліпа, № 13 – 1 ліпа, № 5 – 1 ліпа,
  • вул. Астроўскага каля № 2-4 у бок вул. Славацкага – 13 ліпаў, 1 акацыя, 1 лістоўніца; № 15 – 4 ліпы, 2 ясені;
  • вул. Рэйманта № 15-39 і двор бальніцы – 21 ліпа (алеі на тэрыторыі бальніцы пагражае вырубка), 4 іншыя дрэвы; № 10 – 1 ліпа;
  • вул. Пушкіна старая частка – 9+13 ясеняў, 1 ліпа;
  • вул. 17 верасня ад Горкага да Пушкіна – 17 клёнаў платаналістных (алея з сфармаванай кронай), 3 ліпы, 3 іншых дрэвы;
  • вул. Бялінскага – 7 ліпаў, 6 ясеняў;
  • вул. Міцкевіча – 21 ліпа, 9 акацый, 3 туі, № 13а – туевы куст з елкай;
  • вул. Дзяржынскага каля шпіталя – 16 ліпаў, 1 дуб, 1 груша; на скрыжаванні з вул. Церашковай – 2 ліпы;
  • Юрыздыка даліна паміж вул. 17 верасня і школай № 10 – 15 ліпаў, 6 клёнаў, 12 ясеняў, 1 каштан, 1 ліпа;
  • вул. Багдановіча – 3 ліпы, 3 іншых дрэвы;
  • прысады каля школы № 4 – 22 ясені, 5 ліпаў;
  • вакол першай бальніцы – 7 ліпаў;
  • вул. Мядовая – 3 ліпы, 2 елкі, 1 груша;
  • вул. Горкага № 34 – 2 ліпы, 1 каштан (абрысы вул. Друскеніцкай); Каліноўскага № 7 – 2 ліпы (абрысы вул. Пажарскага);
  • вул. Серафімовіча № 2 – 1 ліпа;
  • вул. Камунальная № 32 – 30 ліпаў;
  • Каложскі парк, на тэрасе каля Каложы – 19 ліпаў, 1 клён; на верхняй тэрасе – 2 клёна, 2 ліпы; вакол палаца творчасці дзяцей – 25+7 клёны, 11 ліпаў, 3 ясені, 1 груша;
  • станіславоўскі ансамбль захаваў толькі 130 даваенных дрэваў;
  • пераезд праз чыгунку каля вакзала – 2 каштаны.

ІV. Фарты – Дзевятоўка (тэрыторыя Ленінскага раёна за выключэннем першых трох раздзелаў)

  • вул. Горкага каля кафэ “Рамантыка” і кальца – 4 ясені;
  • вул. Харужай № 15 – 1 лістоўніца, № 6 – 3 ліпы;
  • вул. Каліноўскага, 59 – 2 грушы;
  • пр-т Будаўнікоў, 17а – 1 ліпа, 3 клёны;
  • БЛК, 42а – 4 ліпы;
  • рэстаран “Залаты Цялёнак” – 2 ліпы;
  • могілкі на Другім завулку Дзяржынскага – 3 дубы, бярозы;
  • каля паліклінікі № 6 у дварах вёскі – 1 ліпа;
  • на вул. Брыкеля ў дварах вёскі – 1 ліпа;
  • вугал вуліц Дзяржынскага і Церашковай – 2 ліпы.

V. Пагулянка – Азот (правабярэжная частка Кастрычніцкага раёна)

  • вул. Шчорса – 4 ясені, 4 акацыі, 3 клёны, 1 каштан;
  • вул. Пралетарская – 5 ліпаў;
  • СШ № 13 – 4 акацыі;
  • вайсковы гарадок – 3 ліпы;
  • пр-т Касманаўтаў № 8б – 4 ліпы, 1 клён, 1 каштан; № 6б – 1 дуб , з вул. Захарава – 2 ліпы;
  • СШ №11 – 6 ясеняў;
  • вайсковыя могілкі – 85 ліпаў, 11 ясеняў, 6 клёнаў, 3 каштаны;
  • вайсковая частка – 2 ліпы;
  • каталіцкія могілкі – 3 ліпы, 16 клёнаў, 5 ясеняў, 5 таполяў;
  • праваслаўныя могілкі – на схіле 2 клёны, праз дарогу 2 ліпы, каля ўвахода 1 каштан;
  • аўтавакзал – 2 ясені;
  • ДАІ праз пр-т Кляцкова – 2 ліпы.

VІ. Фарты – Агароды(левабярэжная частка Кастрычніцкага раёна на захад ад чыгункі)

  • вул. Дарвіна № 14 – 1 вяз;
  • фабрыка марожанага – 2 ліпы;
  • пякарня – 5 ліпаў;
  • вул. Савецкіх Пагранічнікаў № 33 – 2 ліпы, 2 клёны, 1 каштан, 1 лістоўніца; № 56 – 4 ліпы, 1 клён, № 55 – 1 ліпа, № 69 – 1 ліпа, № 73 – 1 ліпа, № 88 – 1 ліпа; выцвярэзнік – 5 ліпаў;
  • СШ №6 – 13 ліпаў, 3 грабы;
  • вакол тытунёвай фабрыкі – 16 ліпаў;
  • вул. Скосная № 1 – 1 ліпа, № 18 – 1 ясень;
  • вул. Аб’язная – 8 ліпаў;
  • вакол храма на Лялявеля – 20 ліпаў;
  • вул. Лялявеля № 24 – 8 ліпаў, № 34 – 1 ліпа,
  • вул. Кутузава № 26 – 7 ліпаў, 2 клёны;
  • вул. Бэртэля № 5 – 1 ліпа;
  • вул. Шасэйная № 12 – ліпа;
  • Калектыўны № 26 – 3 ліпы, 1 клён;
  • вул. Рылеева № 12 – 5 ліпаў;
  • вул. Рэпіна: (каля сш №20) – 4 ліпы, (каля капліцы) – 7 ліпаў, 1 дуб, 1 клён, (па вуліцы) – 4 ліпы, 2 клёны, 3 каштаны з апрацаванай кронай, (шынамантаж) – 1 ліпа, грабавы гаёк;
  • садок № 65 і клуб “Пунцовыя ветразі” – 10 ліпаў, 3 клёны, 3 таполі;
  • каля высакавольтнай апоры – 2 грабавыя кусты;
  • вайсковая частка “Фолюш” – 48 ліпаў, 3 клёны, 1 лістоўніца;

VІІ. Палестына – Вішнявец (левабярэжная частка Кастрычніцкага раёна на ўсход ад чыгункі)

  • Тэрыторыя паміж заводам “Белкард”, вул. Гая і пр-там Я. Купалы – 82 ліпы, 34 клёны, 21 граб, 32 акацыі, 2 вязы;
  • справа і злева па берагу ад Збожжавай № 67 – 7 ліпаў, 4 клёны, 1 дуб, 1 ясень;
  • могілкі на вул. Перамогі – 23 ліпы, таполі;
  • магазін “Сонечны” – 12 таполяў, прысады старой дарогі.
Ігар Лапеха
Scroll to top