Неабходнасць абароны (менавіта абароны, а не аховы) зялёных насаджэнняў у нашай Горадні наспела даўно. На жаль выплюснулася гэтая праблема на самы шырокі грамадскі разгляд толькі ў мінулым годзе, калі гарадскія камунальныя службы ўчынілі сапраўдны генацыд у адносінах да гарадзенскіх дрэваў на ўсёй тэрыторыі горада.

 У кожным двары ў цэнтры і ў “спальных” раёнах, на кожнай вуліцы ёсць свае ахвяры. Азвярэлыя камунальшчыкі ў маім двары на вул. Рэпіна здзёрлі з дапамогай бульдозера нават газон, на якім, колькі сябе памятаю, хлопцы гулялі ў футбол. Адбылося гэта яшчэ ўвесну. Пладародны слой быў вывезены. Цяпер дзе-нідзе там прабіваюцца новыя травінкі, але калі ўсё адновіцца як было, сказаць цяжка.

 Яшчэ адна нашая праблема – гэта суцэльнае падстрыганне травы. Для ўсяго сваё месца. Тое, што дарэчы на прылеглай да аблвыканкама тэрыторыі, цалкам супрацьпаказанае, напрыклад, замкавым халмам (больш неэстэтычнага «вылінялага» выгляду якіх пасля чарговага “абскубання” цяжка ўявіць). На падстрыганне травы спрэс па ўсім горадзе выдаткоўваюцца нямалыя грошы, якія можна было б пусціць на тое, каб наадварот саджаць болей зеляніны.

 Шматгадовая вайна з зелянінай набліжаецца да свайго лагічнага заканчэння. Цалкам забылася практыка высадкі хмызняку. Цалкам забылася практыка высадкі маладых дрэваў (а не саджанцаў). Нарэшце, рэканструкцыя падыходаў да новазбудаванага маста з занёманскага берага паказвае, што плітка паступова выціскае нават газон, там дзе яму было б месца.

 Неяк дзіўна падключылася да справы абароны дрэваў газета “Вячэрні Гродна”, пачалося актыўнае абмеркаванне на старонках блогаў… Усё поздна. Усё, што можна было высекчы, ужо высечана. Адзіная зацеплілася надзея на ўратаванне старога дрэва ў парку Э. Жылібера. Будзем трымаць за яго крыжыкі…

 Насамрэч праблема змяншэння колькасці зялёных насаджэнняў з’яўляецца агульнай праблемай усіх буйных гарадоў Еўропы. Цікава было параўнаць нашыя праблемы з праблемамі іншых гарадоў, паглядзець чым апякаюцца актывісты суседніх краін. Прапануем вашай увазе невялічкае інтэрвю аб праблемах Варшавы з Дарыушам Шведам, польскім дзеячом, які ўзначальвае таварыства Зялёных 2004, з’яўляецца суаўтарам вялікай публікацыі “Зялёны горад новай генерацыі”.

 - Ці існуюць нейкія нормы рэгуляцыі залежнасці гарадскіх зялёных насаджэнняў у дачыненні да забудовы й колькасці аўтамабіляў у гарадах?

 На жаль такіх нормаў няма. Гарады развіваюцца дынамічна, часта непадкантрольна. Гарадскія ўлады кіруюцца перадусім выгодай. Зялёныя масівы ў гарадах першымі становяцца ахвярамі такой палітыкі.

 - Але ж у гарадах заахвочваюцца архітэктурныя праекты, што ўтрымліваюць зеляніну. Іншымі словамі, на гэтую праблему ўсё ж звяртаюць увагу. Акрамя таго, самае дарагое жытло месціцца менавіта блізу зялёных тэрыторыяў.

 Сапраўды, гэта так, і паўстаюць агароджаныя “зялёныя астравы” пасярод бетонных гарадскіх пустыняў. Добрае асяроддзе не можа з’яўляцца раскошай, даступнай толькі для самых заможных.

 - Ці заканадаўства дапамагае ў абароне гарадской зеляніны?

 Экалагічнае заканадаўства распрацавана вельмі слаба. Больш за тое, існуюць правілы, якія прыродзе больш шкодзяць, чым дапамагаюць. Калі нейкі аўтамабіль будзе некалькі дзён стала паркавацца на газон, то ад травы нічога не застанецца. Тады згодна заканадаўству, гэтая тэрыторыя ўжо не падлягае ахове, бо паркоўка не з’яўляецца газонам. Але ж кожны квадратны метр газона – гэта патэнцыяльнае месца пад дрэўца ці хмызняк. Адзін метр газону вытварае некалькі літраў кіслароду ў гадзіну. Дрэва ж, у залежнасці ад яго вялічыні – да некалькі тысяч літраў.

 - Але ж дрэва ў горадзе – гэта не толькі вытворца кіслароду.

 Гэта таксама фільтры паветра, што прымаюць на сябе нячыстае, а наўзамен аддаюць нам свежае паветра. Адпаведна павінна быць так, што чым больш машын, тым больш дрэваў, каб хаця б паспрабаваць выраўняць растучае забруджанне ў той час як сёння тэндэнцыя адваротная. І гэта пры тым, што ўжо гадамі ваяводскія інспектары аховы навакаольнага асяроддзя, якія ажыццяўляюць маніторынг у тым ліку і ў Варшаве, б’юць трывогу, што стан паветра імкліва пагаршаецца. А гэта ў сваю чаргу адбіваецца на нашым здароўі. Суадносіны колькасці аўтамабіляў і плошчы зялёных масіваў (напрыклад, паркаў) змяняюцца на карысць першых.

 - Сітуацыю мелі ратаваць паветраныя карыдоры. Ці яны надаль функцыяніруюць у гарадах?

 Хвалююся, што гэта ўжо справа ўчорашняга дню. Калісьці праектыроўшчыкі планіравалі будаўніцтва дарог і гарадской забудовы так, каб яны ўтваралі сабою натуральныя карыдоры, па якім бы цыркулявала паветра. Калі ў нейкім горадзе вятры найчасцей за ўсё дзмухаюць ў заходнім напрамку, дык будынкі й дарогі стваралі б карыдоры, дзякуючы якім горад мог бы хутка выветрыцца ад газаў ды іншых забруджвальнікаў так жа, як праветрываецца жытло. Цяперака ж у шматлікіх гарадах аб такіх карыдорах застаўся адно напамін. Калі ласка, паглядзіце што адбываецца ў цэнтры Варшавы – кожны хмарачос не толькі блакіруе наплыў свежага паветра, але і стварае мэту для тысячы аўтамабіляў, што возяць супрацоўнікаў офісаў на працу. Яны з’яўляюцца непасрэднай пагрозай экалагічнай бяспекі жыхароў.

 - Ці сапраўды гарадам пагражае экалагічная катастрофа й ці варта біцца за кожнае дрэва ды кожны хмызняк?

 Канешне! Знішчэнне кожнага дрэва нясе за сабою беззваротныя наступствы для цэлай экасістэмы. Кожны горад павінен мець свайго прыродаахоўніка, які б даваў парады па планаванню развіцця, усяго, што датычыць умяшальніцтва ў экасістэму. Нажаль сёння меркаванні розных эколагаў ды дзеячоў пакідаюцца ў сметніцы й нікга не цікавяць. Калі я чую, як чыноўнікі, такія як панна прэзідэнт Ганна Гранкевіч-Вальц, кажуць, што ў іх няма сродкаў на парк у сярэдзіне горада, бо лепш зарабляць на інвістыцыях, дык думаю: наступнымі для перасадкі стануць людзі, а гарады пачнуць паміраць і хутка ўжо бізнэс ад іх адыдзе.

 - Ці недзе ёсць іншыя прыклады?

 Захад трошкі раней чым мы зразумеў чым насамрэч з’яўляецца бетонная пустэча, таму ахоўвае дрэвы. Найлепшым, мадэльным прыкладам прыгожых ды, напэўна, ідэальна зялёных гарадоў з’яўляюцца Стакгольм ці Капенгаген. Скандынавія наогул адна з першых зрабіла стаўку на экалогію. Але гэта адбылося таму, што экалагічна свядомыя жыхары не дазвалаюць палітыкам казаць публічна, што горад не ў стане трымаць парк у цэнтры горада. Палітык, які ня мае, прабачце за каламбур, зялёнага паняцця аб вартасці зеляніны й экалогіі, зе зробіць там кар’еру ні ў самакіраванні, ані ў парламенце.

 - Ці могуць людзі прымусіць да нечага кіраўніцтва ўласных гарадоў?

 Самае горшае, гэта пакорлівасць. Калі дазваляем парушаць уласныя правы, згаджаемся на знішчэння асяроддзя на нашых уласных вачах, мы не павінны спадзявацца на тое, што ў нашым горадзе жыццё будзе лепшым – не толькі для нас, але і для нашых дзяцеё ды ўнукаў. Таму варта выбрацца на паседжанне гарадской рады й паслухаць што плануюць лакальныя палітыкі.

 Акцыі ў абарону паркаў ці газонаў – гэта добры пачатак для зялёнай грамадзянскай актыўнасці. Ніхто гэтага за нас не зробіць.

 

Паводле газеты «Metro», 3 верасня 2008 г.

 

Scroll to top