Заўтра, 13 лістапада, у Судзе Ленінскага раёна г. Гродна (па вуліцы Даватара) адбудзецца суд над трыма гарадзенцамі, якія 16 кастрычніка былі арыштаваныя міліцыяй за спробу перашкодзіць неправамернаму спілоўванню дрэваў на вуліцы Тэлеграфнай.

Нагадаем, што насуперак пастанове Савета Міністраў Беларусі аб абавязковым інфармаванні грамадскасці аб ліквідацыі аб’ектаў расліннага свету, дрэвы былі спілаваныя без усялякага папярэдняга абмеркавання з жыхарамі вуліцы і таксама без папярэдняй экспертызы (замест прапісаных у акце ліквідацыі «хворых» клёнаў спілоўваліся зусім здаровыя ясені і ліпы). Спілоўванне праводзілася адпаведна з актам, падпісаным намеснікам старшыні гарвыканкама А.Кунашам. (У сакавіку 2008 г. А.Кунаш загінуў у аўтамабільнай аварыі).

Выхад гарадзенцаў на вуліцу быў адчайнай спробай спыніць вакханалію знішчэння гарадской зеляніны, якая працягваецца ўжо больш за два гады, і стаў адлюстраваннем думак і памкненняў сотняў гарадзенцаў, якія дамагаюцца абараніць дрэвы ў сваіх дварах. Між тым, гэтым мужным людзям быццам за непадпарадкаванне міліцыі пагражае буйны штраф ці адміністратыўны арышт.

У 10:00 пачнецца суд над Эдвардам Дзьмухоўскім, у 11:00 – над Ігарам Лапехам, а ў 11:40 – над Надзеяй Крапівінай. Усе, хто жадаюць падтрымаць абаронцаў дрэваў, збіраюцца ў 9:50 каля будынка суда. У выпадку, калі суд будзе адбывацца за зачыненымі дзвярыма, чакаць Э.Дзмухоўскага, І.Лапеху і Н.Крапівіну будуць каля будынка суда.

 

Scroll to top