На сайце Беларускага архіва вуснай гісторыі з’явілася гарадзенская калекцыя. Традыцыя збірання вусных успамінаў жыхароў Гародні і Гарадзеншчыны налічвае ўжо больш 15 гадоў.

Яе пачынальнікамі былі гісторыкі Алесь Смалянчук, Андрэй Вашкевіч, Ян Лялевіч, Зміцер Люцік. Мэтамі вуснагістарычных даследаванняў былі больш шырокае вывучэнне Гародні і ваколіцаў, а таксама адлюстраванне жыцця горада ў памяці яго жыхароў. Такім чынам, паступова сфарміравалася даволі вялікая калекцыя запісаў (на сёння гэта ўспаміны 30 асобаў). Большасць з іх збіралася ў межах вывучэнне тэмаў міжваеннага часу, падзеяў Другой сусветнай вайны, грамадскага руху на Гарадзеншчыне, жыцця і дзейнасці Вінцэнта Гадлеўскага, Пятра Сяўрука, Аляксея Карпюка, Мікалая Марцінчыка.


Ва ўспамінах адлюстравана штодзённае жыццё гарадзенцаў: праца, навучанне, адпачынак (наведванне кінатэатраў, рэстарацый); міжнацыянальныя стасункі; падзеі 1939 года, акупацыйны перыяд і г.д.


Урыўкі некаторых сабраных успамінаў былі надрукаваны ў альманаху лакальнай гісторыі “Горад Святога Губерта”.
Калекцыя працягвае фарміравацца. Больш падрабязная інфармацыя на сайце Беларускага архіва вуснай гісторыі http://nashapamiac.org/archive/home.

Для прагляду і выкарыстання ўспамінаў трэба зарэгістравацца на сайце.

Scroll to top