Мабыць упершыню даводзіцца на гэтым сайце размяшчаць матэрыял, які не мае непасрэднага дачынення да нашай любай Горадні, але не адгукнуцца на падзеі ў сталіцы Эстоніі нельга. Спілоўванне помніка савецкаму салдату можна ацаніць двума словамі – бязмежнае глупства.

 

Мы цвёрда павінны ведаць адно: з мёртвымі не ваююць. На Гарадзеншчыне і ў Горадні сотні магіл савецкіх салдат. Іх шануюць і даглядаюць, шкада толькі, што не ад чыстага сэрца, а проста таму, што ўлады так загадваюць. Але даглядаць за гэтымі магіламі трэба і шанаваць іх трэба. Ці вінаватыя гэтыя даўно памерлыя Пашкі і Ванькі з-пад Іркуцка і Тулы, што пасля лета 44-га на нашу зямлю прыйшлі атрады НКУС, пачалося закалгашванне і масавы вываз гэтак званых “кулакоў” у Сібір?

Адказ адназначны – не вінаватыя. Часта думаецца пра тых, хто загінуў у чэрвені 1941-га пад нашым небам. Учора ты глядзеў фільм каля сваёй казармы на белай простыні, танцаваў з дзяўчынай, а сёння ранкам табе асколкам снарада вывернула вантробы і ты курчышся на пяску не разумеючы, як гэта магло адбыцца.

Канешне, эстонцаў можна зразумець, яны не пацярпелі ад немцаў так, як беларусы. Яны масава папаўнялі шэрагі нямецкай арміі, а генацыдам супроць сваёй нацыі яны лічаць падзеі 1944-1953 гг. Гэта іх права, але з помнікамі, тым больш такімі сціплымі, як гэты салдат у Таліне не ваююць.

Ваююць з хлуслівымі спробамі пры дапамозе гэтых помнікаў сказіць гістарычную праўду, змагаюцца з тымі, што прыкрываючыся гэтымі мёртвымі салдатамі бяскоца бае нам пра мільёны партызанаў і гэтую адназначасць Вялікай айчыннай. Трэба найперш будаваць новыя помнікі і сапраўды патрыятычна выхоўваць нашу моладзь.

Веру, што ў любым горадзе Беларусі каля помнікаў Кастусю Каліноўскаму ці Зміцеру Жылуновічу знойдзецца месца і для магілы савецкага салдата і для сціплага крыжа салдатам вермахта. Толькі пасля гэтага на нашай зямлі перастануць грымець залпы саракавых.

Наша справа не бурыць, наша справа абараняць, і таму яна святая.

Горадзенец
Scroll to top