Рэпарцёр кракаўскага “бруковага”[1] тыднёвіка “Тайны Дэтэктыў” Актавіян Буш шнырыў па залах гродзенскага акруговага суда ў надзеі адшукаць нешта вартае яго геніяльнага пяра, дакладней, алоўка, які ляжаў у кішэні старога пінжака разам з танным нататнікам. З добрымі сюжэтамі апошнім часам было цяжка. Яшчэ ў пачатку лета хатнія гаспадыні па ўсёй Польшчы зачытваліся яго, Актавіяна Буша, рэпартажамі пра забойства кінарэжысёрам Лейзарам Мейшагольскім сваёй жонкі Цыпы або пра крывавую бойку на вуліцы Кляновай, пасля якой дваіх яе ўдзельнікаў адразу звезлі ў трупярню, а яшчэ чацвёра мабыць толькі нядаўна выпісаліся з гарадскога шпіталя.

І праўда, акруговы суд на Дамініканскай[2] – найлепшае месца, каб паслухаць пра крывавыя злачынствы, паглядзець на страшныя прылады забойстваў і, канешне, натхніцца на чарговы опус. Суд любяць усе журналісты. Зрэшты, не толькі яны. Часам у самай вялікай зале набіваецца столькі народу, колькі за дзень не наведвае размешчаны праз дарогу ад суда кінатэатр “Апола”[3]. Тут і праўда бывае цікавей, а ў дадатак яшчэ і бясплатна. Актавіян Буш уздыхнуў. Цікавей то цікавей, але апошнія тыдні нічога цікавага няма і тут. Усе гэтыя вайсковыя трывогі, заявы Гітлера і Бэка, гданьскія калідоры так напружылі людзей, што яны нават, здаецца, пачалі менш рабаваць, гвалціць і забіваць адзін аднаго… Сядзяць сабе, чакаюць вялікага людабуйства[4]… Не-е-е, так не бывае, нічога ніхто не чакае, жывуць сабе як і жылі, проста надвор’е надта гарачае! Вунь як тхне распаленым брукам з адчыненых вокнаў. Нават тут, у прахалоднай зале, не тое што красці, але і паварушыцца не хочацца… Ну, што паробіш, паслухаем што ў нас сёння ў дзённым распарадку.

- Устаць, суд ідзе, – стары тоўсты суддзя Лось неяк незвычайна рухава ўскочыў на сваё судзейскае ўзвышэнне і паглядзеў у залу.

У памяшканні, куды пры патрэбе ўціскалася сотні дзве чалавек, былі толькі тры гледачы: згаданы Актавіян Буш і дзве малажавыя пані з веерамі. Апошнія хіба хаваліся ад вулічнай гарачыні і вырашылі ў судзе сабраць трохі “матэрыялу” для сваіх пляткарскіх заняткаў на вечар. Ну і яшчэ сакратар, памочнік суддзі і паліцыянт у прамоклым ад поту тоўстым сінім мундзіры і фуражцы.

- Ну, паехалі, – сказаў суддзя, перахрысціўся на крыж на сцяне і пацягнуў з гурбы спраў на стале верхнюю.

Першага судзілі парабка-літоўца з нейкага глухога хутара паміж Марцынканцамі і Парэччам. Той скраў у суседняга гаспадара гуся і, у прынцыпе, ад сваёй віны не адмаўляўся. Аднак ён зусім не ведаў польскай мовы і, стоячы, камячыў у руках кепку і паўтараў: “Тэйп, герэй. Тэйп, герэй”[5]. І толькі калі суддзя з канцылярскага польскага (“Ніех пан повіе, чы пан скрадл гэнся?”) перайшоў на беларускае: “Кажы, ты гуся папёр?”, –парабак згодна заківаў галавою: “Аш, аш”[6].

Далей надышла чарга “бюровага працоўніка” Цыбульскага. Калі сакратар зачытваў паліцэйскі пратакол, то ў суддзі па чарзе ўздымалася дагары то адное, то другое брыво.

- У нядзелю 20 жніўня ўвечары пан Цыбульскі ў нецвярозым выглядзе завітаў у рэстаран “Зацішша”[7] на вуліцы Ажэшковай і папрасіў у афіцыянта гарэлкі і закуску. Выпіўшы гарэлку, пан Цыбульскі падышоў да стойкі і запатрабаваў дадатковую порцыю алкаголю. Калі яму было ў гэтым адмоўлена па прычыне яго значнага ап’янення, Цыбульскі раззлаваўся, абразіў афіцыянта і кінуў у яго пустой шклянкай. Афіцыянт ад ляцячага ў яго прадмета ўхіліўся, хаваючыся пад стойкай. Шклянка ж трапіла ў паліцу, на якой былі расстаўлены каньякі, віскі і іншыя дарагія трункі. Ад удару паліца адарвалася і ўпала на раскладзеныя пад ёй пачкі з папіросамі і каробку сігар. І алкаголь, і тытунёвыя вырабы былі беззваротна сапсаваны, чым рэстарану быў нанесены ўбытак у 234 злотыя 50 грошай.

Калі была названа сума, то нават Актавіян Буш, які не асабліва сачыў за пратаколам, аўтаматычна запісаў яе на абсалютна пустую старонку свайго блакнота. Пані каля акна нервова хіхікнулі.

- А чаго так шмат выйшла? На цэлы свой заробак пан Цыбульскі нарабіў работы? – памаўчаўшы, з павагай у голасе ўдакладніў суддзя.

- Сігары былі натуральныя, кубінскія, пане суддзя, – уздыхнуўшы, адказаў яму Цыбульскі – пухлы чалавек гадоў сарака пяці, добра лысы, але з вусікамі. Намагаючыся трымаць адкрытымі запухшыя вочкі, ён яўна вельмі пакутаваў, толькі незразумела ад чаго больш: ці то ад сораму і жаху пры ўспамінах аб нядаўніх “подзвігах”, ці то ад смагі і галаўнога болю ад выпітага.

- Ну то, мабыць, пана жонка ўжо дастаткова пакарала, – пасміхнуўся слуга Феміды і, запытаўшы, ці пакрыты страты рэстарана, загадаў вызваліць Цыбульскага, калі той толькі заплаціць дадатковыя 20 злотых судовых выдаткаў.

Трэці быў цікавы…

У залу прывялі чалавека гадоў трыццаці. Невысокага росту, каржакаваты, з русымі валасамі мужчына манерамі і вопраткай выглядаў ці тое на беспрацоўнага інтэлігента, можа, настаўніка, ці тое на кваліфікаванага рабочага. Без указання ахоўніка ён падышоў да свайго месца на лаве падсудных і бесцырымонна там рассеўся. Было бачна, што ўсе ролі і сцэнарый сённяшняга спектакля яму добра вядомыя.

Суддзя Лось угледзеўся ў абвінавачанага і гучна сказаў:

- А-а-а-а, Бронік Тарасевіч! Чытаў, чытаў пра твой апошні ўчынак у “Дзённіку Крэсовым”… Кажуць, нават віленскае “Слова” табе месца выдзеліла. Праўда, не столькі табе, колькі таму маёру, якога ты абакраў. Не думаў во, што мне з табою давядзецца разбірацца.

- Ну бачыце, пане суддзя, а я рады з Вамі сустрэцца. Спадзяюся на вашу ласкавасць і на вас як на старога знаёмага.

- На літасць, пан Тарасевіч, не спадзявайцеся. Тут, у судзе, тэлефон ужо абарвалі і з магістрату, і з гарнізона. Просяць цябе назаўсёды з Гродна выслаць або ў псіхіятрычны шпіталь адправіць.

- У шпіталь можна, ёсць там адна знаёмая пеленгнярка ў мяне, рудая…

- Халера табе ў бок, а не шпіталь… Чытаць абвінаваўчы акт!

І пацягнулася сухой канцылярскай мовай даволі вясёлая гісторыя аб тым, як на мінулым тыдні абыватэль Тарасевіч пазнаёміўся ў рэстаране “Раяль”[8] з маёрам пяхоты Кручкоўскім, які прыехаў па службовых справах у гродзенскі гарнізон (прычым з вакзала маёр чамусьці пайшоў не ў камендатуру, а ў рэстаран). Тарасевіч апаіў маёра, павёў яго, п’янага як бэлю, у гатэль і там скраў усе грошы, якія прывёз з сабой Кручкоўскі. А маёр меў з сабою не толькі камандзіровачныя свае, але і грошы падуладных, усяго 970 злотых. Папаўся Тарасевіч чыста выпадкова, бо адзін з паліцыйных канфідэнтаў ведаў яго і ўгледзеў, як ён прасіў маёра не аблягчацца пад дрэвам проста на вуліцы, а дайсці да гатэля. Злавілі Тарасевіча аж за Сапоцкінам.

Суддзя глядзеў на Тарасевіча са змешаным выразам цікавасці і агіды на твары.

- Я тут займацца прафілактыкай не буду. Але ты ж, Бронюсь, інтэлігентны чалавек. Мог бы чым заўгодна займацца і быў бы паспяховы. А то неяк са злойдзействам у цябе не асабліва ладзіцца…

Тарасевіч не змяніў выразу твару, толькі вусны скрывіліся ўсмешкай, якая ўсяляк паказвала стаўленне да суддзі.

- Скуль пан суддзя ведае, што я такі злодзейскі няўдачнік? Пра мае ўдачы пан суддзя не мусіць нічога ведаць і не ведае.

- Хопіць, – Лось ляснуў далонню па стале, – устаць, агалошваю прыгавор… Імем Рэчы Паспалітай Польскай. Сёння, 22 жніўня 1939 года, я, суддзя Гродзенскага акруговага суда Геранім Лось, прыгаворваю грамадзяніна Польшчы Браніслава Тарасевіча, сына Яна, народжанага ў Гродне ў 1906 годзе, за крадзеж і хуліганства, да дзесяці месяцаў зняволення, якія ён адбудзе ў гродзенскай турме. …А ад сябе дадам: ты, Бронюсь, гультай і злодзей, хітры і беспрынцыповы, і я буду саджаць цябе ў турму, пакуль з цябе дух не выйдзе.

- Аман, – прыжмурыўся, як кот, і пасміхнуўся Тарасевіч.

- Аман, і хай цябе чорт забярэ ў пекла з гэтага горада.

 

***

Стары паліцыянт з аховы суда паказаў Броніку Тарасевічу ручныя і нажныя ланцугі, змацаваныя паміж сабою дадатковым ланцугом. “Аздоблены” такім упрыгажэннем вязень ні хутка ісці, ні высока падняць рукі ўжо не мог.

- Дай я, Бронюсь, на цябе ланцуг накладу.

- Ды ўжо не ганьбілі б мяне, што я, даліняж[9] нейкі – уцякаць?

- Нельга, сам ведаеш, парадак такі.

- А як павядзеце мяне да турмы, па Гувера і Гараднічанскай ці па Дамініканскай і праз пляц?

- А як ты сам хочаш, так і павядзём.

- Тады па Дамініканскай, пакажу людзям свае аксесуары, – Бронік дзынкнуў ланцугом, – а на Гувера я чаго не бачыў, сваіх старых курваў?[10]

- Ну то пойдзем, Броньку, пойдзем.

На Дамініканскай на Броніка і двух прыстаўленых да яго паліцыянтаў быццам вылілі вядро гарачай смалы. Сонца стаяла высока і ўсе пахаваліся хто куды. Толькі ў яміне на рагу з вуліцай Гувера калупаліся некалькі беспрацоўных, пракладвалі новую гарадскую каналізацыю. Бронік пажадаў ім шчасліва адпрацаваць свае цяжкія залатоўкі і звярнуў увагу на невялікі напоўп, чалавек дзесяць, якія, папіхаючы адзін аднаго, углядаліся ў залітую сонцам вітрыну рэстарана Куявінскага[11].

- Ого-о-о-о, – працягнуў паліцыянт з суправаджэння Броніка, пабачыўшы, што ляжала ў вітрыне.

А ляжаў там велізарных памераў асётр, метры два ў даўжыню, тоўсты як бервяно і прыаздоблены цытрынай, памідорамі і варанымі ракамі. Гродзенцы разглядалі рыбіну моўчкі, захапленне быццам вісела ў паветры. Яшчэ б! Усе, хто вырас на берагах вялікай ракі, чулі, што апрача велізарных сомаў, якія пасля вясенняга павадку заставаліся ў запоўненых вадою прыбярэжных ямах, час-почас у сетку рыбакоў траплялася і такая дагістарычная пачвара, як асётр.

- Пад вечар пачнуць прадаваць. Чарга, напэўна, збярэцца… Злавілі яго Бараны – браты-рыбакі – проста пад Каложскай гарой заўчора.

- Дырэктар нашага музея прыроды пан Станіслаў Жыўна, кажуць, вельмі прасіў рыбакоў, каб аддалі асятрышчу яму. Казаў – напхаем скуру і зробім чучала для наступных пакаленняў гродзенцаў, каб даваліся дзіву, якія рыбіны ў нас у Нёмане плавалі. Але Бараны, вядома, паквапіліся на грошы, так што цяпер зжаруць рыбку…

- А дарма, – умяшаўся ў размову Бронік, – хіба ж яна смачная?! Гэты асётр мо яшчэ самога Напаліёна за ср..ку думаў уцяць, калі той праз Нёман пераходзіў. З яе столькі ж смаку, колькі з маіх ботаў.

Хвілінку яшчэ пастаялі, разглядваючы гіганцкі прысмак: паліцыянты з прагным прадчуваннем, а Бронік паблажліва-насмешліва, – і рушылі далей.

На пляцы Баторыя народу таксама было няшмат. Каля фантана паміж гарнізонным і фарным касцёламі ціха шалясцеў фантан. Тут боўталіся без пэўнай справы і пільнай патрэбы некалькі мальцоў з жыдоўскага квартала. Паміж фантанам і гандлёвымі радамі стаяла некалькі таксовак і пара бліскучык дарожак з нумарамі 50 і 21, “звозчыкі” якіх былі самымі галоўнымі гродзенскімі пляткарамі, горшымі за жыдовак з Рыбнага рынку.

- А, гэтага гультая дадому ведзяце, – павітаўся з калегамі вусаты паліцыянт, што стаяў у ценю ліпы.

Было яму няпроста, але службоўца мужна стараўся трымацца прыстойна. Мундзір быў наскрозь потны, але паліцыянт нават пальчаткі скураныя нацягнуў і раменьчык фуражкі трымаў пад падбародкам – усё як мае быць.

- А-а-а-а, пан Смоляк, – усміхнуўся Бронік, гледзячы проста ў вочы паліцыянту, – самы вялікі выкрывальнік злачыннасці. Ну, гэтым разам не пану пашанцава. Пакуль за мною аспірант Барэвіч ганяўся, то пан Смоляк, мабыць, з Зояй Фёдаравай недзе вылежваўся?

Вочы паліцыянта ператварыліся ў шчылінкі, ён зрабіўся барвовы і, ледзь стрымліваючыся, праз зубы прашыпеў:

- Ты што кажаш, хамская морда, з якой Зосяй Фёдаравай – самай старой і страшнай курвай Гродна – я вылежваўся!?

- Ціха, ціха, – ледзь не закрычаў суправаджаючы Тарасевіча паліцыянт, – Тарасевіч, ід’ёта, пайшлі…

- Вядзіце яго адсюль хутчэй, а то не пагляджу, што вы пры ім, пералічу яму зараз косткі сваёй драўлянай “пшыяцюлкай”.

- Сустрэнемся яшчэ, пшадоўнік Смоляк, будзе шанец пералічыць, калі ботамі да гары ў Нёман не паляціш.

- Зняволены Браніслаў Тарасевіч, маўча-а-аць…

 

***

- Ты, Броньку, адразу да цэлі[12] не пойдзеш, цябе начальнік хоча бачыць.

- Хто, Прыстар?

- Ён самы, хто ж яшчэ.

- Саскучыўся па старым сябру.

- Які ён табе сябра, злодзей.

- Большы, чым ты можаш падумаць. Гэта ты тут з часоў цара Мікалая сядзіш. Колькі ты тут гадоў пракукаваў? Трыццаць? Ніводзін катаржнік больш за цябе гэтыя сцены не грыз, стра-а-ажнік.

Гродзенская турма знаходзілася ў самым цэнтры горада. Ад пачатку  існавання гэтай установы было неяк само сабой зразумела, што ўгняздзілася яна на гэтым казырным месцы надоўга. У дваццатых гадах дзевятнаццатага стагоддзя расійскія ўлады на месцы былых агародаў, якія належалі езуітам, пабудавалі “турэмны замак”, абнёсшы яго высокай мураванай сцяной. А калі пачалося чарговае паўстанне супраць цара, то зняволеных аказалася так шмат, што ўлады забралі пад камеры суседні вялізны будынак даўняга езуіцкага калегіума… Польская ўлада пераняла ўсю турэмную гаспадарку і пачціва з яе карыстала, толькі замест палітычных зняволеных палякаў і беларусаў цяпер у турме сядзелі галоўным чынам палітычныя зняволеныя беларусы і яўрэі. Зрэшты, хапала і злосных крымінальнікаў і дробных махляроў, а крадуць і махлююць беларусы, палякі і яўрэі прыкладна аднолькава.

Казалі, што менавіта тут, на надворку гродзенскай турмы, нейкі польскі афіцэр адмовіўся загадаць свайму ўзводу расстраляць прыгаворанага да смерці. Маўляў, чаму я, вайсковец, павінен расстрэльваць нейкіх крымінальнікаў! Тады міністэрства юстыцыі наняло цывільнага ката пана Маціеўскага, які за сваю “кар’еру” павесіў ці не сотню людзей. Да Гродна “пан кат” хіба не даязджаў. Вешаў па іншых польскіх турмах. Пасля спіўся. Апошняе, што чытаў пра Маціеўскага Тарасевіч, была згадка, што паліцыянты выцягнулі з пятлі самога ката, калі той на п’яную галаву спрабаваў павесіцца ў варшаўскіх Лазенках. …Ясна ж: калі доўга круціць пятлю іншым, то абавязкова самому захочацца ўсадзіць у яе галаву. З Маціеўскім Тарасевіч ніколі не спатыкаўся. Зрэшты, ён добра ведаў, што ў гродзенскай турме, як і ў любой іншай, пазбаўляе жыцця не толькі кат. Не горш за ката і быццам навыперадкі з ім нават самых моцных людзей забіваюць сухоты.

У турме было два падворкі. Першы – для турэмных служб, сюды можна было трапіць адносна вольна, сюды заязджалі самаходы з прадуктамі, заходзілі паштальёны і іншыя службоўцы. А вось другі падворак, там, дзе знаходзіліся стары езуіцкі калегіум і корпус адзіночнага ўтрымання, быў пабудаваны па амерыканскім тыпе (без перакрыццяў паміж паверхамі) у пачатку дваццатага стагоддзя.

Тарасевіча павялі з першага падворка ўправа па калідоры да кабінета начальніка. Калі ўвайшлі ў кабінет, наглядчык хацеў застацца разам са зняволеным, але начальнік памахаў яму рукою: “Выйдзі”.

Тарасевіч і Прыстар засталіся ўдваіх. Начальнік турмы меў гадоў сорак ці блізка каля таго. Бландзін, з вусамі шчотачкай, у мундзіры са знакам “10 год турэмнай службы”, у партупеі, начальнік турмы сваім выглядам больш нагадваў кавалерыйскага афіцэра. З таго, што памятаў Тарасевіч, Прыстар і праўда любіў і ўмеў едзіць конна.

- Сядайце, вязень Тарасевіч.

- Я, хіба, буду стаяць. Трэба прывыкаць.

- Ну як хочаш.

Прыстар таксама ўстаў. Выйшаў з-за стала. Пачаў хадзіць па кабінеце, выглядваць у акно. Бронік хацеў адмаўчацца, дачакацца, што скажа начальнік, але потым такі не стрымаўся:

- Чаму пан начальнік не пусціў мяне адразу ў прызначаны мне нумар вашага гатэля? Хіба, як і суддзя Лось, хоча заклікаць мяне да маральных паводзінаў? Мо нават нешта скажа пра мацарствовую[13] Польшчу, яе ідэю?

Прыстар не паказаў ніякага раздражнення, выкліканага словаблуддзем Тарасевіча. Не выказаў ніякіх эмоцый.

- Вы смелы чалавек, Тарасевіч. Памятаю як у дзевятнаццатым годзе вы цягалі ў немцаў тыя вінтоўкі.

- Мне было трынаццаць гадоў і я быў смаркатым ідыётам, цяпер бы ні за што не стаў бы гэтага рабіць.

- Думаю сталі б, Тарасевіч, сталі.

- Гм… І што з таго?

- Ды нічога, проста нязвычна з вамі сустракацца ў такой абстаноўцы.

- З-за таго, што вы ў форме і начальнік, а я вязень? Перастаньце, што нас з вамі калі лучыла?

- Лучыла? Напэўна, мары пра Польшчу, пра яе адраджэнне і веліч. Я быў варшаўскім студэнтам, прысланым разбудоўваць вайсковую арганізацыю, а вы такім падлеткам… Менавіта такія хлопцы, як вы, выратавалі Львоў ад украінцаў. Львоўскія арляняты…

- Львоўскія арляняты ляжаць на могілках… большасць. А я вось – перад вамі. А мары пра Польшчу… Ведаеце, маршалак Пілсудскі казаў, што Польшча – гэта такая старая курва, што гатовая перад любым задраць спадніцу.

Прыстар пасміхнуўся:

- Маршалак тое казаў пра сейм.

- Ну так, а сейм – гэта і ёсць Польшча. Сейм, які надта маршалку не падабаўся, і ён яго разагнаў гарматамі. І яшчэ абвясціў яго прастытуткай. А вы, рамантычны студэнт з Варшавы, сёння вартуеце турму, дзе траціна жыхароў “вывратоўцы”[14], сядзяць за тое, што ненавідзяць гэтую Польшчу і не бачаць у ёй будучыні для сябе. Дастойная праца для чалавека, які марыў пра вялікую краіну.

- А вы, Тарасевіч, крадзеце.

- Краду, затое ніколі не гаварыў і не гавару прыгожых словаў. Ды і па фуртках[15] не лажу, бабскія спадніцы не забіраю. Краду ў тых, хто асабліва не збяднее або хто настолькі дурны, што ў яго немагчыма не ўкрасці.

- Вы філосаф.

- Перастаньце гаварыць вашыя ласкавыя словы, начальнік, я шмат пра вас чуў і ведаю, што вязні трасуцца, калі іх вядуць да вас. Усе мы дарослыя людзі, у кожнага сваё жыццё і свая гульня.

Прыстар маўчаў. За акном на спецыяльнай вежачцы стаяў дазорца з вінтоўкай. Перад ім была агароджа з дроту, за ім – турэмны мур. Тут ахоўнік мог мець зброю. Унутры турмы ахоўнікі мелі толькі дубінкі.

- Ідзіце ў камеру, Тарасевіч. На ўвесь ваш тэрмін стаўлю вас працаваць пры кухні. Тут у мяне галоўным чынам злодзеі і камуністы. Спраўднага камуніста паставіць нельга, бо мусіць быць ізаляваны, а злодзеі крадуць…

- Дык я ж таксама злодзей…

- Ахова, забярыце зняволенага Тарасевіча.

 

***

- “Усходні гараскоп сцвярджае, што 1939 год напоўнены халоднай энергіяй Інь і знаходзіцца ва ўладзе аднаго з пяці элементаў – Зямлі. Гэтая стыхія ў кітайскай філасофіі традыцыйна звязваецца з спакоем, раўнагавай, стабільнасцю. Год гэты знаходзіцца пад апекай Землянога Труса. Гэтая задыякальная жывёла ёсць галоўным сімвалам і талісманам гэтага года”, – Бронік склаў газету і, пыхкаючы цыгарэтай, сказаў:

- Чуеш, Толік, год Землянога Труса! Ніякай вайны не будзе, трусы не ваююць, толькі любяцца. Так што палюбяцца Гітлер з Бэкам – і ўсё будзе добра. Бачыш, твой Сталін з Гітлерам ужо палюбіліся. Пакт у іх, аб ненападзе.

- Чаму гэта мой Сталін? – напыжыўся Толік Круповіч, хударлявы хлопец з вялікімі вачыма і нейкімі надзіва пульхнымі шчокамі.

- Як чаму, ты ж камуніст!

- Я не камуніст і не камсамолец, а быў у Таварыстве беларускай школы, пакуль яго ўлады не зачынілі.

- Беларус, ага. Я таксама два гады ў беларускім прытулку прабыў у час вайны. У мурах на Маставой вуліцы. Немцы нас трохі прыкормлівалі. Выхавацелька была пані Станіслава, памерла пасля ад сухотаў. Страшна там было ў тым кляштары, холад, сырызна. Ежу ўсю лепшую выхавацелі нам аддавалі. Добрыя людзі былі. Пані Станіслава ўсё нас вершам вучыла: “Люблю свой край, старонку гэту…”.

- А потым што было?

- А потым вайна скончылася і палякі прыйшлі, потым бальшавікі, потым зноў палякі. А я ўжо пачаў на Літву хадзіць, сахарыну стуль насілі, панчохі жаночыя шаўковыя… Файна было. Пілсудскі ў дваццатым Вільню забраў, я ледзь не трапіў тады да Жалігоўскага. Але ж, Толік, табе не за ТБШ па камуністычным артыкуле два гады далі?

Толік памаўчаў.

- Мы з сябрам вырашылі ў СССР з Польшчы ўцякаць. На “зялёнай мяжы” нас злапалі. Ну, хіба далі б па шыі і адпусцілі, але мой сябра вырашыў з сабой у дарогу наган узяць. Ну і пагранічнікі польскія аго адшукалі…

- Але вы і дурні! Каб вы з тым наганам раптам да бальшавікоў перабраліся, то капец быў бы вам адразу. Вас як шпіёнаў адразу на якія гадоў дзесяць адправілі б у лагер на Салаўкі ці куды там яшчэ. То вы добра адкараскаліся, дзякуй мусіце тым копаўцам[16] сказаць.

Бронік запаліў чарговую папіросу. Ён, Круповіч і яшчэ чацвёра вязняў ужо тыдзень знаходзіліся ў апошняй па калідоры, адносна невялікай камеры. За дзвярыма на калідоры бухаў кашлем ахоўнік.

- Ведаю я пра вашыя гэтыя паходы ў Саветы. Збяруцца па хатах, лямпу запаляць – і сядзяць, як першыя хрысціяне, чытаюць свае камуністычныя бібліі, што ім вусаты дзядзька з Масквы перадаў. Як там усё файна ў калгасах… І зямля, і каровы, і свінні… І нават ровары дзіцячыя сваім малым пакуплялі. Ну і пайшлі сцягі чырвоныя па плотах вывешваць. А потым або ў СССР – і там вас на нары, або тут – у турму. Ну а тут ужо сядзіць, вершы піша і чакае, пакуль сухоты з’ядуць. Эх!.. Давай во, абед прынеслі. Што ў нас сёння – грахуўка, а вечарам капуста! Ну-ну-у… Нешта будзе сёння ноччу…

 

***

- Што, Толік, харошая раніца, першы дзень восені.

Толік толькі цяжка ўздыхнуў. Яму было відавочна сумна, што другое сваё лета ён правёў не бачачы поля ды лесу. А яшчэ і зіму давядзецца правесці за кратамі.

Сёння яны падняліся вельмі рана. Трэба было нацягаць з падвала прадуктаў на тачку і валачы іх на кухню. З улікам таго, што ў “гатэлі” “адпачывала” амаль тысяча чалавек, то для дваіх працы было аж занадта. Ужо двойчы тачка ездзіла на кухню. Наладаваўшы яе трэці, апошні раз, Тарасевіч разам з Толікам і прыстаўленым да іх ахоўнікам спыніліся перакурыць.

Яны стаялі пад сцяной адзіночнага корпуса. Надворак турмы быў амаль пусты, толькі пасярэдзіне тапталіся два дазорцы з начной змены ды аб нечым перагаворваліся перад тым, як пайсці дадому.

Была недзе палова на сёмую. Ужо добра развіднела. Броніку нават здавалася, што на вежах фарнага касцёла ён ужо бачыць адбіткі першых промняў сонца.

Раптам аднекуль з-за касцёла, з боку Нёмана, пачуўся спачатку глухі, а потым грамчэйшы і грамчэйшы гук. Маторы! Гук нарастаў і нарастаў. І гэта было дзіўна, бо толькі-толькі панавала амаль поўная цішыня…

Вось над турмой прайшлі некалькі двухматорных самалётаў. За ім крыху вышэй – меншыя. Яны адляцелі, але гук не адыходзіў, здаецца, ён запанаваў паўсюль, адбіваючыся ад сцен карпусоў.

- Што за самалёты такія?

- Гэта наша польскае лётніцтва манеўры робіць восеньскія…

Тройка самалётаў, потым яшчэ тройка… А потым Бронік пабачыў, як ад самалёта, які якраз апынуўся над вежамі фарнага касцёла, аддзяліліся чатыры маленькія кропачкі і паляцелі ўніз. Хутка паляцелі і, здаецца, акурат на яго…

Рэакцыя Броніка была імгненнай. Ён зрабіў некалькі крокаў убок да піўніцы з мочанай капустай і гуркамі і, папхнуўшы туды Толіка, пакаціўся за ім па крутых прыступках уніз.

Страшна грымнула акурат над галавою. Потым яшчэ і яшчэ раз. Дзверы падвала сарвала з петляў – і ўніз абрынуліся хвалі пылу, пакаціліся нейкія каменьчыкі, кавалкі бітай цэглы.

Цішыня, толькі аддалены гук матораў самалёта… І енкі людзей зверху…

Толік і Тарасевіч кашлялі, выплёўваючы змакрэлы ў роце даўкі пыл, і церлі вочы. “Добра, што шыю не скруціў”, – першае, што падумаў агаломшаны Бронік.

- Броньку, лезем наверх?

- Хіба так, толькі далёка не адыходзь ад дзіркі, пачуеш самалёт – адразу назад.

Адна бомба трапіла ў прыбудоўку галоўнага корпуса і цалкам яе знішчыла. Другая ўзарвалася сярод турэмнага падворка. Дзе ўзарваліся іншыя, Тарасевіч не ўбачыў. Ямка ад бомбы была невялікая, з яе курэў дым. Недалёка ад варонкі валяліся нейкія чорныя кучы рыззя. Толькі калі ад іх неўзабаве пачалі расцякацца бурага колеру плямы, Бронік зразумеў – гэта ўсё, што засталося ад тых двух дазорцаў, якія пару хвілін таму, як і ён, углядаліся ў вераснёўскае неба.

Аднекуль валіў чорны дым.

Наступныя некалькі гадзін Тарасевіч памятаў смутна, як нешта не зусім рэальнае і дарэчнае, быццам праз смугу пылу. Тушылі пажар, калупаліся ў развалінах, нягледзячы на тое, што ў любы момант над галовамі мог з’явіцца чарговы самалёт. Разбітую выбухам прыбудоўку разабралі, выцягнуўшы з яе целы яшчэ двух ахоўнікаў. Была яшчэ пятая ахвяра налёту – ахоўнік на вежы на турэмным перыметры. Калі ўпалі бомбы, у яго ад нечаканасці схапіла сэрца, цела гэтага небаракі адшукалі толькі пад вечар.

Вечарам на турэмным двары паставілі пяць трунаў. У іх, накрытыя белымі прасцінамі, ляжалі целы людзей. У турму ўпусцілі сваякоў загінулых. Некалькі жанчын прыйшлі з дзецьмі.

Навокал стаялі пашыхтаваныя ахоўнікі і некалькі дзясяткаў зняволеных, якіх Прыстар загадаў выпусціць з камер, каб дапамагчы разабраць завал. Начальнік аб’явіў, што Германія атакавала Польшчу. Нямецкія самалёты бамбілі Велюнь, Чанстахову, Кракаў, а вермахт паўсюль перайшоў мяжу, ідуць цяжкія баі, але “ўвесь польскі народ, дабраслаўлёны Богам, у барацьбе за сваю святую і слушную справу, злучаны са сваёй арміяй, пойдзе плячо да пляча ў бой да поўнай перамогі”.

Потым усім зняволеным загадалі вярнуцца ў камеры. Тарасевіч перад тым, як праваліцца ў сон, адчуваў толькі, як ные спіна, дрыжаць напрацаваныя падчас разборкі завалаў рукі, і чуў, як скрабецца ў куце турэмная мыш.

 

***

А далей пацягнуліся тыдні няведання ні пра што. Усіх зняволеных строга ізалявалі, асабліва ўважліва аддзяліўшы палітычных ад крымінальнікаў. Прыстар нават хацеў забраць з камеры Тарасевіча Толіка Круповіча, як асуджанага па камуністычным артыкуле, але пасля адчайных прастэстаў Броніка такі пакінуў яго на ранейшым месцы. Дазорцы не гаварылі з людзьмі ў камерах, ніхто не даваў газет. Гродна больш не бамбілі, прынамсі, за турэмнай сцяною Бронік ні разу не чуў выбухаў ці гудзення матораў нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў. Здаецца, і не было таго страшнага ранку першага верасня. А можа вайна скончылася? Не! Па тварах і манерах дазорцаў, якія змрачнелі з кожным днём, Бронік разумеў, што на фронце справы ідуць нядобра. Спробы прарваць інфармацыйную ізаляцыю поспеху не мелі. Было бачна, што ахоўнікам забаранілі гаварыць са зняволенымі – магчыма нават, што пад пагрозай звальнення.

Той дзень пачынаўся як звычайна. Вязні атрымалі сваю каву і хлеб на сняданак, (цукру не давалі ўжо з тыдзень), але абеду ўжо не далі. Потым пачуліся крыкі з боку калідора, дзе былі камеры камуністаў. Бронік загадаў усім сціхнуць і нейкі час уважліва прыслухоўвася, потым спрабаваў перастуквацца з суседняй камерай, аднак безвынікова.

Вечарам на калідоры нарэшце пачуліся крокі. Стары сівавусы дазорца Сухоцкі, якога Бронік адразу пазнаў па характэрным кашлі, адчыніў вакенца для выдачы ежы і, памаўчаўшы крыху, сказаў:

- Бальшавікі перайшлі мяжу на ўсходзе. Чырвоныя радуюцца.

Акенца закрылася – і зноў наступіла цішыня.

 

***

 

- Толік, будзем ламаць дзверы.

З вечара на калідоры не было чуваць ні крокаў дазорцаў, ні іх пераклічкі за вокнамі. Не разнёсся ранкам пад сутарэннямі былой езуіцкай вучэльні пах ячменнай кавы і ніхто не пабудзіў вязняў вокрыкам: “Побудка, складаць свое гнаты, хультае”. Пачакаўшы, пакуль развіднела, Бронік загадаў разламаць ложак і жалязякамі з яго паспрабаваць выціснуць дзверы з касяка. Праз некаторы час, пачуўшы скрыгат, тым самым заняліся і ў суседніх камерах.

Ой, нялёгкая тое была справа. Дзверы, абдзяўбаныя з усіх бакоў, доўга не паддаваліся, аж нарэшце супольнымі высілкамі вязні вывернулі іх. У суседніх камерах камуністы выломвалі дзверы, спяваючы “Інтэрнацыянал”.

- Трэба валіць адсюль чым хутчэй, – сказаў Толік. – Як вырвецца на волю ўся гэта кампанія, то мала нікому не пакажацца. А калі хто раптам захоча нас назад вярнуць?..

Яны выбраліся на турэмны падворак, дзе не былі ўжо некалькі тыдняў. Яму ад нямецкай бомбы прысыпалі пяском.

Вароты турмы, і першыя, і другія, былі адчынены. Нідзе не было бачна ніводнага чалавека. Нікога не было і на Паліцыйнай вуліцы, і на плошчы Баторыя. З сырой імглы вецер выдуваў цэлыя кіпы нейкіх папер.

Тарасевіч падышоў да тумбы з абвесткамі. Недзе тут ён яшчэ летам па дарозе ў турму гаварыў з паліцыянтам. Тумба была абклеена патрыятычнымі плакатамі – выява супрацьпаветранай гарматы, жаўнеры ў касках і надпіс: “Моцныя, аб’яднаныя, гатовыя!”. Бронік падышоў бліжэй і пачаў чытаць тэкст на тумбе: “Пралічыліся!

Хітры немец пралічыўся са сваімі сіламі і магчымасцямі.

Ён спадзяваўся ашаламіць Еўропу маланкавай вайною з Польшчай. Цягам 48 гадзін меўся захапіць Варшаву, а за тыдзень – усю Польшчу, перад тым як уражаная Еўропа рашылася б на нейкія дзеянні. Аднак вораг жорстка пралічыўся.

Сапраўды, пераважнымі сіламі напаў на нашу мяжу, па-бандыцку бамбардзірававаў безабаронныя гарады і цывільнае насельніцтва, але не дасягнуў мэты. Варварскае нападзенне немцаў застала нас скансалідаванымі ў адзін моцны блок, воля якога сканцэнтравалася ў адным імкненні: “Біць варвараў да апошняга ўздыху”. Сёння паміж намі няма ніякай розніцы: мы ўсе браты і кожныя польскія грудзі – гэта жывая тарпеда, нацэленая ў немца.

Гітлер забяспечыўся з захаду, акружаючы сябе лініяй Зігфрыда, а нашыя саюзнікі, французы, цягам няпоўных двух дзён занялі яе. Задрыжалі немцы, страцілі пэўнасць сябе, зразумелі, што яны адзінокія, што яны адзіны народ у свеце, які ненавідзяць усе.

Тым часам у нас вера ў перамогу ўсеагульная. Наша барацьба вельмі ганаровая, бо змагаемся мы не толькі абараняючы наш край, але абараняючы еўрапейскую цывілізацыю. Змагаемся з паганствам у імя хрысціянскага ідэалу, змагаемся з германскім гвалтам у імя ідэалаў свабоды!

У адным шэрагу з Англіяй і Францыяй мы змагаемся за ўсеагульны мір ва ўсім свеце і шчасце будучых пакаленняў. Некалі мы былі апорай хрысціянства на ўсходзе, сёння мы жаўнеры, якія змагаюцца за справядлівасць і праўду.

 

За Камітэт Абароны Дзяржавы ў Гродне

Станіслаў Мілкоўскі

 

Гродна, 9 верасня 1939 г.

 

Бронік скончыў чытаць, пачухаў патыліцу і павярнуўся да Толіка:

- А якое чысло сёння?

- Здаецца, 18-е.

- Больш за тыдзень прайшоў. Пралічыліся… Адно пытанне: хто пралічыўся?

Памаўчалі.

  • Толік, не запальвай цыгарэту на адкрытым месцы. Кінь, тут, па ўсёй бачнасці, з’явілася многа нервовых людзей са стрэльбамі.

Толік мяў у руках падабраную недзе кепку.

  • Што будзем рабіць?
  • Што будзем рабіць?.. Да бабаў пойдзем… А мо ты на вёску да сябе пойдзеш?
  • Можа, лепш разам…
  • А во, прырос да дзядзькавай спадніцы! Ну добра. Ведаю я адну маліну на Шанхаі[17], пойдзем туды, паспрабуем перасядзець.

 

***

 

Ужо два дні Бронік Тарасевіч і Толік Круповіч вылежваліся на кватэры ў трушчобах на ўсходзе Гродна. Навін было мала, ежы і гарэлкі таксама. Учора ў горадзе пачалі пастрэльваць, а сёння ўжо наогул капітальна грукатала. Тарасевіч зусім не рваўся глядзець, хто з кім ваюе, але пачаў выразна нервавацца, бо яму зусім не падабалася перспектыва застацца ў горадзе, які, не дай божа, трапіць у аблогу. Дзясяткі тысяч людзей без кавалка хлеба – гэта кашмар, і Броніка зусім не грэла аказацца сярод іх.

План у Тарасевіча быў просты – выцягнуць трошкі залатых манет, прыхаваных на гродзенскіх фарных могілках у разваленай магіле аднаго царскага палкоўніка, а пасля выбірацца з горада ў бок Літвы. Там, на паграніччы, у яго было многа знаёмых “па фаху”[18]. І вось яны з Круповічам ужо прабіраліся па сцяжынцы паміж нагробкамі з мармуру, пясчаніку і граніту. Могілкі знаходзіліся на высокім правым беразе Нёмана, а на процілеглым беразе ўжо сядзелі бальшавікі – Тарасевіч ведаў, што горад акружаюць менавіта саветы, а не немцы.

- Ц-ц-ціха! – Бронік прысеў і пацягнуў за рукаў Круповіча.

На могілках у прыцемках варушыліся нейкія маленькія вайскоўцы, не больш за дваццаць чалавек. Яны ўсе да аднаго былі нейкія недарослыя, як на вайскоўцаў, хударлявыя. Яны трымалі ненатуральна доўгія ў іх руках вінтоўкі і па двое, напінаючыся, ледзь-ледзь цягнулі скрынкі, відавочна, з патронамі і гранатамі. Усе яны ішлі да тоўстай мураванай сцяны, якая аддзяляла могілкі ад вулачкі над ракой. Тое былі яўна не бальшавікі, бо до Броніка даляталі ўрыўкі фраз на тыповай гродзенскай пальшчызне, вымаўленыя звонкімі, чыстымі, быццам дзіцячымі галасамі. І тут да Броніка дайшло – тое былі гродзенскія харцэры, прычым далёка не самыя старэйшыя па гадках, і яны сунуліся да сцяны, каб бараніць могілкі ад бальшавікоў.

Кіраваны нейкім унутраным выклікам, Тарасевіч выйшаў з-за помніка – і харцэры пачалі нязграбна настаўляць на яго свае доўгія старыя вінтоўкі.

- Хэй, хэй. Свае, мясцовыя.

Адзін з харцэраў, падобна, старэйшы з іх, намагаючыся здавацца пагрозлівым, усё ж спалохана выкрыкнуў:

- Стойце, вы шпіёны!

- Ой не-е, не, я свой, я Браніслаў Тарасевіч – Бронік з газет.

Нехта з харцэраў нервова захіхікаў, відавочна, чытаў пра “подзвігі” Тарасевіча ў гродзенскай прэсе.

- А вы куды сунецеся, за смерцю?

- Маўчаць!.. Бярыце іх, павядзём з сабой у лагер.

Хлопцы параскладвалі скрынкі з патронамі і гранатамі ўздоўж муроў і пасунуліся ўніз, а Бронік, ужо ў якасці вязня, толькі стаяў і пасміхаўся.

- Гэ-э-эй, ты вінтоўку забыў, – гукнуў Тарасевіч свайму гора-канваіру, узяў прыслоненую да помніка вінтоўку, спрытна шчоўкнуў затворам, каб паглядзець, ці ёсць там патроны, і аддаў харцэру-забываку. Яго больш хвалявалі не бальшавікі за Нёманам, а каб нехта з гэтых зялёных хлопцаў не падстрэліў сам сябе або каб яны выпадкова не пазабівалі адзін аднаго.

Яны сядзелі за могілкамі ў рове, надзейна аддзеленым мурам, помнікамі і дрэвамі ад Нёмана. На невялікім вогнішчы закіпала вада. Тут былі Толік з Тарасевічам і большасць харцэраў. Толькі некалькі чалавек сядзелі зверху каля мура ў якасці аховы, але толку ад іх было мала, бо яны ўсё адно нічога не бачылі ні на сваім, ні на чужым беразе ракі.

Толік, які маладых жанчын не бачыў ужо паўтара года, прысеў каля маўклівай прыгожай дзяўчыны гадоў шаснаццаці ў берэтцы з эмблемай гімназіі імя Эміліі Плятэр і спрабаваў яе разгаварыць. Дзяўчыну звалі Зося Прыгажэльская, і цяжкія падзеі апошніх дзён яўна адбіліся на яе твары. Нягледзячы на ўсе захады Толіка прыцягнуць яе ўвагу, Зося заставалася задуменнай, паглыбленай у свае думкі і безуважнай да таго, што адбывалася навокал. Яна сядзела нерухома і моўчкі глядзела сваімі вялізнымі вачыма ў полымя вогнішча. Ні гаспадарчыя завіханні яе таварышаў па справе, ні пытанні і жарты Толіка не маглі вывесці яе з гэтага дзіўнага стану самапаглыблення. У нейкі момант, калі вакол вогнішча запанавала маўчанне, Зося раптам пачала гаварыць, спачатку ціха, а пасля ўсё гучней...

 

Расказ Зосі Прыгажэльскай

 

У пачатку лета мы ад гімназіі імя Плятэр паехалі ў Гдыню. Памятаю, праязджалі побач з Гданьскам, адчынілі вокны і ўсе разам пачалі спяваць “Ешчэ Польска не згінэла…”. Немцы аж выбягалі з дамоў, пагражалі, траслі кулакамі, а мы спявалі ўсё грамчэй… А на Балтыцы мы ўжо адпачывалі і плавалі, хто як мог… Былі ў Сопаце… А Гдыня, такая маладая і цікавая, наша Гдыня!..

Калі пачалася вайна, то нам, дзяўчатам, спачатку далі заданне перапісваць нейкія лістоўкі і сакрэтныя журналы. Але мы гэтага не любілі, мы хацелі вучыцца вайсковай справе. Потым нам паказалі, як рабіць бутэлькі з гаручай сумессю, і мы пачалі рабіць гэтыя бутэлькі для фронта, бо нам сказалі, што, аказваецца, там не хапае гранат. А раней жа заўсёды казалі, што нашае войскае самае лепшае, вясной на пляцы Баторыя ўрачыста перадавалі кулямёты для арміі… Як жа так?!

Калі ў Гродне стала вядома, што бальшавікі перайшлі ўсходнюю мяжу, то ўсе хутка даведаліся, што прэзідэнт горада і генерал Альшына-Вільчынскі ўжо з’ехалі ў бок Літвы. На вуліцах некаторыя людзі нават чырвоныя сцягі пачалі вешаць. У нас быў сусед такі, беспрацоўны інтэлігент, беларус, дык ён 17 верасня танчыў на надворку і крычаў: “Нарэшце, нарэшце!”. Гэта было дзіва для мяне – чалавек можа так радавацца, што нашай Польшчы больш няма!..

Праз пару дзён маёр Сэрафін і віцэ-прэзідэнт Савіцкі пачалі арганізоўваць добраахвотнікаў. Мужчынам выдавалі нейкія вінтоўкі старыя, а дзяўчатам – гэтыя бутэлькі. Штаб абароны быў у жоўтых кашарах[19] на Маставой. І зусім блізка ад таго месца праз мост у горад ускочылі рускія чолгі[20]. Яны не стралялі, да некаторых былі прывязаны букеты кветак. Танкі распаўзліся па горадзе, а нашыя хлопцы пачалі кідаць у іх бутэлькі з бензінам. Я таксама кінула дзве бутэлькі з акна дома на Дамініканскай. Яны гарэлі хутка. Але калі гарыць танк, гэта адно, а калі гарыць жывы чалавек – гэта зусім іншае. А яны та-а-ак гарэлі, так гарэлі, гэтыя чырвоныя танкісты… гэты крык і пах спаленага мяса…

Адзін танк нешта сапсаваўся, і танкісты схаваліся ўнутры. Нашыя ўгаварылі іх выйсці і там жа на месцы застрэлілі…

- Ай, Зося!

У яркім водблеску вогнішча на імгненне ярка высвеціліся яе ў момант заружавелыя шчокі, горка скрыўленыя вусны і вочы – нібы вялізныя абураныя вочы дзіцяці, якое пакаралі ні за што. Дзяўчына замаўчала, зноў схаваўшы погляд у танцы полымя. Маўчалі ўсе.

Круповіч пакалупаўся кіем у вогнішчы, згубіўшы надзею на прыемнасць жаночай увагі,  і, мяняючы ход сваіх думак, ціха звярнуўся да Тарасевіча, які стаяў трохі ў баку ад усёй кампаніі:

- Нешта ты, Тарасевіч, пра сябе недагаварыў.

- Што недагаварыў?

- Надта добра вінтоўкай карыстаешся… Дзе навучыўся? Ты ж казаў, што да Жалігоўскага не трапіў.

Тарасевіч памаўчаў.

- Да Жалігоўскага – не, але ў іншую гісторыю трапіў. За Сапоцкінам у лесе была такая вёска – Варвішкі. Даволі вялікая. Я там завіс на цэлы год. У вёсцы жылі галоўным чынам палякі мясцовыя, ну, скажам, хто да палякаў сябе прылічваў. Але вёска па дамове з Літвой павінна была літоўцам адысці. А мясцовыя гэтага не хацелі. Ну і пакуль літоўцы мелі іншых праблем, то не сунуліся туды, бо заўжды маглі з карабіна атрымаць. Я тады ўжо ва ўсю кантрабандай займаўся. Панчохі там, сахарын, даляры… Але ў тых Варвішках дзяўчына была… Можна сказаць, першае каханне. Ну я і застаўся, ахоўваў вёску… Усяго наглядзеўся…

- Чаго?

- Які ты цікаўны!.. Ну, прыкладам, бачыў, як пастар з Гродна, той, што з кірхі ў гарадскім парку, падрабляў маркі паштовыя. Ён вялікі збіральнік тых марак быў. Прыехаў у Варвішкі – нарабіў штампаў на марках з надпісам “Урад Варвішкі” па-польску і нам раздаваў, каб мы лісты пасылалі з імі. А куды там пасылаць… Хітры быў пастар.

- А што далей?

- А далей адным летнім ранкам літоўцы акружылі нас. Можа, нават полк там цэлы быў, з кулямётамі. Ну і пакуль мы адстрэльваліся, то большасць праз Марыху ўцякла ў бок Сонічаў. Таму Варвішкі засталіся ў літоўцаў, але без людзей. Цікава, каля Мерачы такая самая літоўская вёска была, яе нашыя потым захапілі. Не каб памяняцца, дурні…

- А дзяўчына твая што, Бронік?

Адказаць Тарасевіч ужо не паспеў. Недзе зусім блізка шчоўкнуў выстрал, потым яшчэ адзін, і яшчэ… Бронік перакуліў у агонь кацялок з вадой, схапіў вінтоўку і папоўз па схіле наверх, на могілкавы цвінтар, за ім, як вераб’і, сыпанулі астатнія.

Выстралы гучалі ўжо на гэтым беразе Нёмана, проста пад мурам могілак. З боку ракі могілкі не мелі брамы, а пад мурам яшчэ быў адхон у некалькі метраў. Далей, за вузкай брукаванай вулкай, стаялі некалькі драўляных дамоў з агародамі, а яшчэ ніжэй бегла рака. “Вось курва, – выялаўся пра сябе Бронік, перабягаючы ад аднаго надгробка да другога, – яны такі рашыліся пераправіцца ноччу”. Ён дабег да мура і пачуў, як па цэгле плямкаюць кулі. Думкі таксама панесліся як з кулямёта: “Усё, цяпер нявыкрутка. Цяпер, ноччу, яны могілкі не захопяць, але зоймуць усе дамы на вуліцах побач і ранкам пад прыкрыццём кулямётаў і гармат з другога берага перастраляюць нас з усіх бакоў за якую гадзіну. А мы і вырвацца не зможам, бо ўсе навакольныя раўчукі ўпіраюцца ў Нёман. Туды, дзе тыя гады. Трэба браць Толіка і ўсіх, хто ёсць побач, ды ўцякаць, пакуль не позна”.

Тут рука Тарасевіча ў цемры наткнулася на нейкі прадмет, адзін, другі такі ж, чацвёрты… Круглыя гладкія яйкі з выпуклым швом пасярэдзіне… Гэта былі гранаты з перакуленай кімсьці скрынкі.

Бронік ведаў, як імі карыстацца, і імгненна прыняў рашэнне. Ён пачаў вырываць кольцы і перакідваць гранаты за мур, уніз, туды, дзе сабраліся чырвонаармейцы, што пераправіліся праз Нёман. Некалькі выбухаў прагучалі адзін за другім. Тарасевіч зразумеў, што гранаты рвуцца проста сярод чырвонаармейцаў, па крыках знізу. Некаторыя з харцэраў, смялейшыя, пачалі перагінацца за мур і наўгад некуды страляць.

Страляніна знізу патроху пачала сціхаць, і Бронік праз разбураны фрагмент сцяны зірнуў уніз, пад могілкавы насып. У перадранішняй шэрані на зямлі былі бачны абрысы трох ці чатырох целаў. Яны былі ў шынялях, апрача аднаго, які меў на сабе толькі гімнасцёрку. Тарасевіч вырашыў рызыкнуць і асцярожна спусціўся ўніз. Той, у гімнасцёрцы, афіцэр, сцякаў крывёю, але яшчэ дыхаў. Пакуль Тарасевіч аглядаў чырвонага афіцэра, ці яго можна як перавязаць, той гучна застагнаў і, загробшы ботамі па зямлі, памёр. Тарасевіч на момант замёр, потым схапіў яго планшэтку і ўскочыў назад за мур.

 

***

“Маёр Манько, танкіст”, – Бронік у святле ручнога ліхтарыка чытаў дакументы. Ён стараўся стрымаць сваё хваляванне, але ягоныя рукі заўважна трасліся. Яшчэ ніколі яму не прыходзілася выцягваць дакументы з гімнасцёркі толькі што забітага ім чалавека. Вось яшчэ нейкая лістоўка… Тарасевіч стаў чытаць яе гучней, каб харцэры яго чулі:

Дырэктыва Ваеннага Савета Беларускага фронта

16 верасня 1939 г. № 1. Смаленск.

Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі пераўтвораны кіруючымі коламі Польшчы ў пазбаўленую правоў калонію. Гэтыя тэрыторыі з перавагай украінскага і беларускага насельніцтва з’яўляюцца пастаянным аб’ектам непрыхаванага рабавання і і бессаромнай эксплуатацыі з боку польскіх паноў-абшарнікаў.

Наша задача – пакласці канец эксплуатацыі працоўных мас Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, памагчы ім вызваліцца з-пад уціску абшарнікаў і капіталістаў, гарантаваць поўную бяспеку працоўнаму люду гэтых абшараў, а таксама магчымасць жыцця разам з Вялікім Савецкім Народам у шчасці і радасці, гарантаваць ім росквіт культуры і мастацтва”.

 

Маўчанне. На вуліцы добра развіднела. Бронік прыняў рашэнне:

- Трэба сыходзіць. Лепш не будзе. Тут паўсюль ужо чырвоныя, і днём нам на гэтых могілках будзе канец.

Харцэры, што таўкліся вакол яго, не пярэчылі. Ім ужо хапіла двух крывавых дзён, і кожны з іх усведамляў, што наступны дзень тут, на могілках, стане яго апошнім днём.

- Я браць у рукі ўладу над вамі, залаценькія мае, не збіраюся, аднак калі вырашыце пайсці са мною, то будзеце мне падпарадкоўвацца. Па два разы нікому нічога паўтараць не буду. Мой загад першы: кідаем тут усе свае стрэльбы, пісталеты і гранаты. Калі хто хоча памерці, то можа застацца тут, няма сэнсу ісці ў горад за смерцю. Нам трэба на поўнач, таму мусім прайсці праз горад. Будзем як мышы паўзці ад дома да дома, ад брамы да брамы. Пару хвілін адпачынку – і за мной.

Харцэры кідалі на зямлю вінтоўкі, расшпільвалі патранташы. Сын багатага яўрэйскага прадпрымальніка Фелікс Фрэйдовіч схаваў пісталет у кішэні плашча, але гэтую выхадку заўважылі і пісталет паляцеў у кусты, а Фэлек атрымаў сяброўскую аплявуху.

Перасоўваючыся па вуліцах у патрэбным напрамку, дзіўная кампанія раз за разам мусіла шукаць схованку, каб не трапіць на вочы ліхім людзям, бо ясна было: хто вораг, а хто не – з ходу не разабраць. Рызыкаваць не хацелася, таму давялося хутка асвойваць майстэрства рабіцца нябачнымі. Сярод дыму і пылу, побач з разбурэннямі, з-за якіх добра знаёмыя вуліцы здаваліся чужымі, быць незаўважным аказалася не так і складана.

Тарасевіч і да таго, і пасля бачыў страшныя рэчы, але той дзень ён запомніў назаўсёды. Першае, што яны пабачылі на ўжо занятай бальшавікамі тэрыторыі – гэта пяць трупаў мужчын. Трое былі ў вайсковай польскай вопратцы і двое ў цывільнай. Яны ляжалі ў радок, у кожнага ў галаве была дзірка. Спачатку ў Тарасевіча прамільгнула думка пра нейкіх варашылаўскіх стралкоў-снайпераў, а пасля сэнс таго, што здарылася, дайшоў да яго.

 Яшчэ была мёртвая, уся парэзаная шклом жанчына. Яна, відавочна, страляла ў чырвонаармейцаў, і яе выкінулі з акна разам з вінтоўкай. Адзін з харцэраў, стоячы над ёю ў шокавай разгубленасці, нават дакрануўся да яе прыгожых, саламянага колеру, крыху кучаравых валасоў.

Далей быў савецкі бронеаўтамабіль, да якога быў прывязаны букецік кветак, які, напэўна, падарыла чырвонаму камандзіру якаясьці дзяўчына з вёскі пад Гродна. Бранявік абгарэў, з адчыненых дзвярэй звісала мёртвае абгарэлае цела афіцэра ў танкавым шлеме. Да зямлі дацягваліся ягоная рука і… унутранасці… Толькі яны мелі свежы насычаны лілова-чырвоны колер на фоне чорнага цела.

Усе гэтыя жудасныя відовішчы праплывалі перад вачыма знямелай  купкі людзей, якія ціха, быццам баючыся разбудзіць тых памерлых, ступалі па клейкай рошчыне з крыві, пылу і пабітага тынку. Гэта сумесь паўсюль на вуліцах была пад нагамі, і некаторыя харцэры, перабягаючы ад сцяны да сцяны, часам слізгаліся на гэтым крывавым пыле, і тады ён скарынкай засыхаў на іх худых падлеткавых лакцях і каленках.

Аднак самым страшным, што ўбачыў Тарасевіч у той дзень, былі не складзеныя ў шэраг трупы абаронцаў і не засмажаныя да чарнаты савецкія танкісты. Быў яшчэ адзін жахлівы эпізод гродзенскіх падзей апошніх дзён, які – Бронік выразна гэта разумеў – будзе стаяць перад вачыма да самага апошняга яго, Бронікавага, уздыху на гэтай зямлі.

Калі яны, пачуўшы лязгатанне едучага танка і гул галасоў, што гучаў на нейкіх надзвычай нервовых тонах, у чарговы раз рассыпаліся па закавулках цеснага дворыка, Тарасевіч праз пралом у сцяне выглянуў на вуліцу, каб даведацца, у чым усё ж такі справа. Выглянуў – і быццам атрымаў удар пад дых… Да танка, які грахатаў па вуліцы, быў прывязаны хлопчык, прыкладна ўзросту ягоных, Бронікавых, харцэраў. Ён проста вісеў на брані. Худое знявечанае цельца ўжо не рухалася. Старыя бядняцкія лахманы на ім былі наскрозь прапітаны крывёю. Калі танк наблізіўся і няўклюдна турзануўся, пераадольваючы перашкоду на дарозе, галава хлапчука матанулася і Тарасевіч убачыў яго твар… Гэта быў Тадзік Ясінскі! Той Тадзік, даверлівы і добры, які за ўсё сваё маленькае жыццё не пакрыўдзіў і мухі! Тарасевіч добра ведаў яго маці, заўчасна змарнелую ціхую жанчыну, якая бясконца прападала ў рабоце, каб неяк жыць і гадаваць сваю адзіную крывінку – Тадзіка. У іх больш нікога не было, і гэты хлапчук складаў увесь свет адзінокай маці, якая без памяці любіла яго…

Трымаючыся наводдаль, не спускаючы танк з вачэй, бегла купка людзей, пераважна жанчын, заплаканых, узрушаных. Відавочна было, што  яны нешта задумалі, але баяліся здзейсніць. Яны то набліжаліся, то, крыху адстаўшы, нешта бурна абмяркоўвалі праз плач, і нарэшце, калі танк замарудзіў ход, збіраючыся развярнуцца ў адваротным напрамку, жанчыны разам кінуліся да яго і сталі рваць вяроўкі, што сціскалі нежывое цела хлопчыка…

Акурат у гэты момант з-за павароту паказаліся яшчэ некалькі жанчын, сярод якіх прыцягвала ўвагу тая, што бегла наперадзе. Вельмі бедна апранутая, выгляду амаль вар’яцкага: з роспачна раскінутымі рукамі, цёмныя косы выбіліся з-пад касынкі і распляліся на ветры, – яна бегла, але, здаецца, ногі не слухаліся яе, за кожным крокам жанчына спатыкалася і раз-пораз знясілена падала ў халодны пыл гродзенскага бруку. Тарасевіч пазнаў Марыю Ясінскую… Падхопленая сваімі таваркамі, на нягнуткіх нагах, яна бачыла перад сабой толькі страшную ношу тых, што ўжо беглі ад танка…

 

Бронік не адразу прыйшоў да сябе. Са здранцвення яго вывелі халодныя далонькі “яго” харцэраў, што ўжо колькі часу трэслі яго, спрабуючы адцягнуць ад таго пралома ў сцяне… Людзі, якіх ён праз некалькі гадоў сустрэў за многа тысяч кіламетраў ад Гродна, расказвалі яму, што Тадзік Ясінскі ў той дзень меўся кінуць бутэльку ў танк, але не паспеў, яго злавілі савецкія пехацінцы і, раз’юшаныя, прывязалі да танка. Усе надта шкадавалі яго няшчасную маці, якая ў той дзень праклінала і тых, хто прывязаў яго да танка, і тых, хто даў яму ў рукі бутэльку з бензінам.

 

***

Ужо ў цемры нейкім цудам разнамасная кампанія дабралася да Старога замка. Жмучыся да сценкі, перабеглі праз мост, увайшлі ў браму і апынуліся пад старымі ліпамі. Дзверы палаца былі расчынены, і харцэры на чале з Тарасевічам і Толікам з асцярогай увайшлі ўнутр. Тое было небяспечна, але яшчэ небяспечней было швэндацца па перадзамкавым пляцы. Здалёк магла прыляцець нейкая выпадковая куля і нарабіць бяды, хоць яны ўсе ўжо прызвычаіліся прытульвацца да сцен і перабягаць праз вуліцу прыгнуўшыся.

З цемры музейных залаў на іх паглядалі пустымі тварамі даспехі рыцараў, старая ручніца, нейкія дакументы, карты і іншае. Дзеці бывалі тут не раз, ды і Тарасевіч часам забрыдаў сюды паслухаць байкі мясцовага кусташа[21] пана Ядкоўскага, аднак цяпер яны проста паваліліся на падлогу – проста гаварыць і нават абмяркоўваць убачанае ў гэты страшны, бясконца доўгі дзень не было ні сіл, ні жадання – і ўжо праз хвіліну большасць спала.

Бронік ясна разумеў, што ў іх засталася толькі гэтая ноч, заўтра ім з горада ўжо будзе не выйсці, таму ён вырашыў даць змучаным дзецям хаця б адну гадзіну адпачынку. Ён сам, закруціўшыся ў нейкія старыя шаты, таксама задрамаў. Гэта быў нейкі зайцаў сон, бо нягледзячы на страшэнную стомленасць, больш нават маральную, чым фізічную, у яго ніяк не атрымлівалася цалкам расслабіцца ды сапраўды праваліцца ў сонную палёгку. Перад заплюшчанымі вачыма мітусіліся ўрыўкі сюррэалістычных карцін, пабачаных сёння, яны то сціскалі сэрца прыступамі беспадстаўнай трывогі, то прымушалі яго шалёна біцца, рэзка вырываючы Броніка з цяжкай дрымоты. Спахапіўшыся чарговы раз, ён падняў Круповіча і яны разам пачалі раскатурхваць харцэраў.

Дзеці, блытаючыся ў кустоўі і штохвілінна рызыкуючы павыпорваць сабе вочы, спускаліся з Замкавай гары. У горадзе дзе-нідзе яшчэ стралялі, нешта гарэла. Ніжэй, за вуліцай Старазамкавай, паміж урослымі ў зямлю пабудовамі жыдоўскага квартала, цякла Гараднічанка. Сама рачулка была невялікая, найглыбей – да калена, але каб дайсці да яе, трэба або прайсці праз надворкі, або выйсці на адзін з некалькіх драўляных масткоў праз яе. Бронік вырашыў весці дзяцей адкрыта, праз мост, бо на надворках паўсюль сабакі, і калі пачнуць брахаць, тады абавязкова пачнецца страляніна – і капец, падстрэляць або самога, або каго з дзяцей.

- Усе сабраліся? Чшшшш!.. Курва, ай… Матка Боска, хто так ламошыцца там?

- Здаецца, усе.

- Тады па адным – праз вуліцу, вось у той правулак, я апошні.

Шухнулі ў завулак, тулячыся да плотаў, пабеглі па Рабочай. Справа абрыў з чорнай грамадай галоўнай сінагогі, злева – дамы, платы, а за імі Гараднічанка. Трэба толькі перабегчы драўляны гарбаты мосцік, там яшчэ дзясятак драўляных халуп, а за імі Каложскія агароды. Агароды вялікія, наўрад ці хто там іх дастане… А далей пераскочыць праз пярэселкаўскі роў. У тым рове зусім рвань жыве, гэтым што бальшавікі, што палякі – усё да дупы!.. У Пышкі, а там лесам да самой Літвы…

І тут Бронік пракалоўся! Усім натоўпам заляцелі на той мост над Гараднічанкай. Кароткі, метраў пятнаццаць усяго. Было цёмна, але на слупе на другім боку ракі боўталася некалькі лямпачак. І вось адтуль пачуўся раптам вокрык: “Стой!”, – і лязгат затвора вінтоўкі, прычым не адной, а некалькіх.

Бронік сам яшчэ і мог бы шугануць назад, або скочыў бы з моста ды ўцякаў Гараднічанкай – шанец быў бы вялікі… Але дзеці… Ён шырока расставіў рукі, тупат дзіцячых ног за ім сціх. Цішыня, толькі качаецца на ветры лямачка на другім беразе ды пераліваецца пад дошкамі моста па камнях вада Гараднічанкі…

Дзіўнае пачуццё ахоплівае, калі ведаеш, што на цябе ва ўпор настаўлены адразу некалькі руляў. Тады не проста здаецца, а востра адчуваеш усёй скурай, што яшчэ секунда – і кулі змятуць з гэтага няшчаснага моста і цябе, і гэтых дзяцей, паваляць на дошкі ў бруд, пыл, а далей… Вось далей ужо сапраўдная цішыня…

Пад лямпачкай з’явіўся чалавек, без зброі. За ім яшчэ трое, з вінтоўкамі. Ва ўсіх, апрача бяззбройнага, чырвоныя павязкі на рукавах.

- Ты што, Тарасевіч, у Маісеі запісаўся?

Бронік ведаў гэты голас, але ад нечаканасці не мог хутка ўспомніць таго, хто гаварыў. Занадта шмат давялося перажыць апошнімі днямі.

- Чаго маўчыш? Мову табе адняло?

Дык вось, хто гэта, – Лейзар Бацвінік, ён жа Сухаручка. Ён!.. І пастава ягоная, і нядзейсную левую руку трымае так, як заўсёды. Мясцовы “ас”, які трымае яўрэйскі квартал ад Нёмана да Віленскай і ад Замкавай да Каложы. Не аднаго ягонага ворага знайшлі “ўтапіўшымся” ў Гаранічанцы. Колькі разоў яго забіралі ў паліцыю і колькі разоў хутка вызвалялі! Хадзілі чуткі пра ягоныя сувязі з буйнымі яўрэйскімі прадпрымальнікамі з Гродна і Беластока. Быццам менавіта ён арганізоўваў штрэйкбрэхераў на фабрыкі, калі камуністы ладзілі забастоўкі. Кажуць, што менавіта дзякуючы яму яўрэі так хутка арганізаваліся летам 1936 года, што не пусцілі ў свой квартал пагромшчыкаў далей сінагогі. Небяспечны тып, з якім Тарасевіч стараўся не перасякацца нават у мірны час.

Броніку раптам стала вельмі крыўдна. Вось так, калі, здаецца, ужо амаль вырваліся з гэтага пекла, трапіць у рукі нават не тых, на танках, а мясцовых басякоў, такіх, зрэшты, як і ён сам! Крыўда сама адчыніла яму рот:

- Ну як, пастраляеце нас ці парэжаце сцізорыкамі, як вашай браціі зручней?

- Ааааа, Бронік, – Сухаручка шырока ўсміхнуўся, – раззлаваць мяне хочаш? Не атрымаецца, у мяне настрой добры апошнім часам. Думаю, мы вас “вызваліцелям” аддамо, яны цікавей, чым мы, з вамі разбяруцца.

- Павесіш на сябе яшчэ дзясятак дзіцячых трупаў, Сухаручка.

- Чаму б не павесіць. Што, не гэты, – Сухаручка тыкнуў пальцам у аднаго харцэра, – стаяў гэтым летам два месяцы на рагу Віленскай і Дамініканскай з зялёнай павязачкай[22] на рукаве. “Не купуй у жыда”. Брашуркі раздаваў: “Жыд ёсць адзін з галоўных ворагаў Польшчы”. Га? Няўжо ж яны не радаваліся, калі падстракальнікам пагрому ў 36-м годзе польскі суд даў па году турмы? Па году! Усяго па году!!! Памятаеш…

- Лейзар, гэта дзеці…

- Сёння дзеці, а заўтра баевікі. Што, колькі з іх ужо панюхала пораху гэтымі днямі? А сын Кантара з вялікай сінагогі – што, не быў дзіцём? Памятаеш, як яму тады камянямі галаву прабілі і як ён тату клікаў? Плакаў і ўсё паўтараў: “Тата, тата, за што?”. Тыдзень потым прамучыўся ў шпіталі, пакуль памёр! Што ты, курва, ведаеш пра дзяцей, бяздзетны ты злодзей?

Вось тут Броніка і падкінула, і панесла! Не кантралюючы сябе, ён сціснуў кулакі апушчаных рук і пачаў падступаць да свайго візаві:

- Ты-ы-ы, Сухаручка, сцер-р-ва-а. Што я ведаю пра дзяцей?!. Што аднаго з гэтых учора снарадам на шматкі разарвала, а другога да танка прывязалі і цягалі па Брыгіцкай. Ты што, хочаш тут яшчэ і астатніх пакласці? Ці можа гэтым, на танках, іх аддасі? То ў іх таксама будзе размова кароткая, гадкоў не палічаць! Да першага плоту!.. І гэтых польскіх, і гэтага, – Бронік махнуў рукою ў бок Толіка Круповіча, – беларускага камуніста зялёнага, і гэтага во, твайго супляменніка.

Бронік выцягнуў з кучы падлеткаў Фэлека Фрэйдовіча:

- Але што табе, што ён жыдок. Ён жа, мабыць, класавы вораг табе?!. З багатых! Ты ж цяпер, мабыць, у народную міліцыю пойдзеш, Сухаручка? Будзеце багатых жыдоў па вуліцах прымушаць г..но жэрці?

Сухаручка маўчаў. Замаўчаў і Бронік. Быццам на цэлую вечнасць. А можа, усяго на хвіліну.

- Дэр малэхамовэс зол зіх ін дір фарлібм[23], Бронік.

- Ідзі к д’яблу са сваім анёлам смерці, Лейзар.

- Фартовы ты, Бронік… Пашчасціла, што пабег са сваімі падкідышамі на гэты мост. На суседнім, ведаю, стаіць Хаім Александровіч са сваімі хлопцамі. Гэты вас бы ні за што не выпусціў.

- Вечны сядзелец!.. І ніякія сухоты яго не ўзялі, дасюль не здох.

- Ён, Бронік, верны камуніст, такіх і сухоты не адразу бяруць.

Сухаручка дастаў цыгарэты, моўчкі працягнуў пачак Броніку, абодва закурылі. Памаўчалі. Сухаручка павярнуўся да аднаго са сваіх:

- Беня, перавядзі іх праз агароды, пярэселкаўскі роў і па Нёманскай да Пышкоў. На Смочую і Касінерскую не вядзі, там Пярэселка блізка – тыя хлопы сквапныя, як халера, абдзяруць вас або чырвоным выдадуць, нічога, што самі католікі.

Уся дзятва ўжо перайшла мост і збілася ў купку пад дрэвамі, стараючыся не паказваць страху і збянтэжана зыркаючы вачыма на гаспадароў становішча. Наперад выйшаў Беня-яўрэй з вінтоўкай і, ступаючы ў цемры ўпэўнена і бясшумна, як стары кот, стаў паказваць дарогу. За ім, усё яшчэ не да канца верачы ў сваё шанцаванне, пацягнуліся харцэры. Бронік, адыходзячы за імі, яшчэ раз азірнуўся да Сухаручкі і сказаў:

- Глядзі, Лейзар, ты ў іх – наступны.

- Усё я ведаю, мы з хлопцамі пафартуем і будзем бачыць, што рабіць.

- То-та я гляджу, твае мальцы не асабліва на камуністаў падобныя.

- Ідзі ўжо, Бронік… Золст лэбм – обэр ніт ланг[24].

 

***

Шэрая працэсія ціха прайшла міма трушчобных хат у пярэселкаўскім рове. Будаваліся тут хітрым чынам – як кажуць, бядота розум вострыць: таемна загадзя рыхтаваліся, а потым за адну ноч намагаліся ўзвесці сцены і прыкрыць іх хаця б якім дахам – у такім выпадку паліцыя ўжо не магла разваліць дом без судовага выраку. З гэтай прычыны тут з часам станавілася ўсё больш і больш “гаспадарстваў”, уладальнікі якіх жылі з нейкіх часовых работ у Гродне.

За ровам было поле, а крыху далей па-над Нёманам пачыналіся пералескі. Тут іх пакінуў яўрэйскі “чырвонагвардзеец” і яны засталіся самыя. Бронік агледзеў сваіх “падкідышаў” – дзевяць хлопцаў і тры дзяўчыны. Брудныя, занадта лёгка як для канца верасня апранутыя, з сур’ёзнымі, зусім не дзіцячымі вачыма і тварамі без усялякіх эмоцый. Пачынала світаць.

- Што ж, залаценькія, цяпер, будзем ісці лесам, – няўклюдна паспрабаваў пажартаваць павесялелы ад выратавання Бронік. Але калі ні на адным з твараў так і не з’явілася нават ценю ўсмешкі, працягваў інструктаж пад прыцэлам дванаццаці пар вачэй ужо сур’ёзна: – Я спераду, Толік апошні. Ідзём ціха. Без патрэбы рот не раскрываць. Падыму руку вось так – сядаць на зямлю, дзе былі, або лепш адразу лягаць. Дойдзем да Гожы. Там у мяне солтыс знаёмы, Лебедзь, паямо і апранём чаго цяплейшага. Суткі-двое – і будзем абдымацца з лабусамі. Пайшлі.

Бронік Тарасевіч, за ім дванаццаць дзяцей і Толік выйшлі на стромкі бераг Нёмана. Крыху далей рака крута паварочвала на поўнач, і Гродна заставаўся за паваротам. Тарасевіч апошні раз азірнуўся і паглядзеў на спавіты імглой горад, над якім разгаралася світанне. Ён глядзеў прагна, быццам хацеў напіцца гэтага звыклага з маленства краявіду. Бронік ведаў, што родны горад ён пабачыць ужо не скора. Калі пабачыць наогул…

У Зосі Прыгажэльскай па шчаках бязгучна цяклі слёзы.

 

***

 

У канцы шырокай тэрасы на самай вяршыні Авенцінскага халма на каменнай лаўцы сядзелі двое мужчын. Абодва былі апранутыя ў англійскія вайсковыя фрэнчы, аднак на рукавах у абодвух чырванелі нашыўкі з надпісам “Poland”, а на чорнага колеру берэтках побач з цешкай быў нашыты чырвоны кавалачак сукна з выявай скарпіёна[25]. Абодва былі яшчэ зусім не старыя, аднаго нават можна было назваць амаль юнаком, але з першага погляду было відаць, што іх узрост вызначаўся не толькі колькасцю пражытых гадоў. Відавочна было, што апошнім часам прыйшлося ім у жыцці нялёгка. Каля малодшага да лаўкі была прыстаўлена кульба, а ў старэйшага ўся далонь і большая частка правай рукі былі шчыльна перабінтаваныя. З бінтоў тырчалі ўсяго тры пальцы, а двух іншых, па ўсёй бачнасці, ужо не было.

- Файная гэтая Моніка са шпіталя, і ты, Круповіч, ёй падабаешся.

- Чаго гэта?

- Ну, папяровую рыбку на спіну яна на Дзень Дурня спецыяльна табе павесіла.

- Павесіла, ну.

- Ну-у, абаранкі гну. Самы час, табе, Толік развітвацца з цнотай!.. Процьму народу назабіваў, а ў сэрца ніводнай бабы так і не пацэліў.

Малады сумеўся, памаўчаў. Лёгкая чырвань на шчоках паказвала на тое, што кпіна старэйшага трапіла куды трэба. Праз пару хвілін ён усміхнуўся ўжо іншым думкам і задуменна прагаварыў:

- Ну што, Тарасевіч, хіба канец гэтай калатнечы?

- Хто ведае… Зараз ангельцы з амерыканцамі Гітлера канчаткова прыдушаць і возьмуцца за твайго сябрука Сталіна, Толік.

- Ідзі ты, Бронік, са сваім Сталіным… Сябрука знайшоў… Чорту… Апошнім часам у мяне вось Лёнік Федарук з галавы не ідзе! От ён мне стаў сябрам!..

- А, той беларус з Гродна, сын дырэктара школы, гэта ж ён мусіў ехаць на алімпіяду ў Хельсінкі… Усё жартаваў, што ў танку ніяк не можа свае таленты паказаць. Маўляў, каб ваявалі як у біблейскія часы, то ён сваім ядром ці кап’ём любога нямецкага асілка заваліў бы.

- Эх-хх, як жа ягоны танк пад Анконай развараціла! Хлопцы…

Сябры замаўчалі, гледзячы на раскінуты перад імі ў сонечнай дымцы вечна спакойны Вечны Горад.

Кожны думаў пра сваё і абодва думалі пра тое самае.

- Харошы горад Рым, амаль як Гродна, – сказаў, гледзячы на купал базілікі Святога Пятра, Бронік.

Круповіч марудна перавёў вочы на Тарасевіча, зноў усміхнуўся.

- Ага, ведаеш, толькі Папы Рымскага ў Гродне не было, і не будзе ніколі.

- Так, Папы Рымскага не было, а вось Езус свой быў…

Бронік зрабіў невялікую паўзу, унурыўся ў зямлю, а потым ледзь чутно дадаў:

- Бедны, бедны Тадзік… Бедная яго мама… Як яна ў тым Гродне!.. Зусім адна засталася.

Бронік ціха заплюшчыў вочы, што раптам нясцерпна запяклі. Так было заўсёды, калі перад яго невідушчым погдядам зноў і зноў паўставаў вобраз аднойчы ўбачанай гродзенскай п’еты: пасярод злітага крывёю бруку – знявечанае, худзенькае хлапечае цельца на руках забітай горам жанчыны, чые вочы ў нямым адчаі ўглядаюцца ў шэрае вераснёўскае неба.

 

 Андрэй Павач

[1] У значэнні “жоўтая прэса”.

[2] Сучасная вуліца Савецкая.

[3] Цяпер на яго месцы стаіць частка новага ўнівермага.

[4] Пераклад польскага слова “генацыд” – тут маецца на ўвазе знішчэнне чалавека чалавекам.

[5] Па-літоўску “Так, добра. Так, добра”.

[6] Па-літоўску “Я, я!”.

[7] Знаходзіўся ў доме, які стаяў на месцы, дзе цяпер стаіць помнік Элізе Ажэшцы.

[8] Будынак на рагу сучасных вуліц Тэльмана і Гараднічанскай.

[9] Кішэнны злодзей.

[10] На вуліцы Гувера (цяпер Тэльмана) знаходзілася некалькі гродзенскіх публічных дамоў.

[11] Цяпер адноўлены будынак фірмы “АВС” на куце вуліц Савецкай і Найдуса.

[12] Камера.

[13] Імперскую.

[14] Антыдзяржаўныя актывісты.

[15] Фортачка.

[16] КОП – Корпус аховы пагранічча. Польская вайсковая структура, якая ахоўвала мяжу.

[17] Раён горада ўздоўж Нёмана каля вуліц Прыгараднай і Лідскай.

[18] Па прафесіі.

[19] Казармы.

[20] Танкі.

[21] Захавальніка.

[22] Зялёныя павязкі ў перадваеннай Польшчы насілі скрайне правыя польскія нацыяналісты, прадстаўнікі нацыянальна-радыкальнага лагера.

[23] Каб у цябе закахаўся анёл смерці (ідыш).

[24] Каб ты жыў, але нядоўга (ідыш).

[25] Сімвал 4-га танкавага палка - польскай вайсковай часткі ў складзе арміі саюзнікаў на Захадзе.  

Scroll to top