“Часам фашызм падбіраецца з боку самага заядлага антыфашызму”, - сказаў многа дзесяцігоддзяў таму амерыканскі сенатар Лонг. Часта даводзіцца ўспамінаць гэтыя словы, калі думаеш аб тым, што агульнага паміж натоўпамі п'янай моладзі на 9 мая і нашымі дзядамі-франтавікамі.
Страшная і дзіўная “мода” ўваходзіць у нашае жыццё. “Мода” гаварыць завучанымі фразамі, як папугаі, крычаць аб тым, што мы самыя моцныя, таленавітыя, наагул самыя-самыя лепшыя. Асабліва яскрава адчуваеш гэта пад час так званых “ваенных” святаў, якіх шмат у нашай краіне. Чыноўнікі да асіпласці ў горлах крычаць “Мы пабядзілі!”, за імі тое самае паўтараюць падвыпітыя падлеткі, і ўсё гэта пад лязгат гусеніц танкаў на нікому непатрэбных ваенных парадах. Між тым на 9 мая суседу-ветэрану, які ўжо колькі год не выходзіць на вуліцу, прыслалі паштоўку з гарвыканкама: “Віншуем, доўгіх год жыцця і тра ля ля…” На гэтым усё “віншаванне” і скончылася.
Канешне, кожнаму больш-менш разумнаму чалавеку ясна, што “святкаванне” Дня Перамогі ў сучасным варыянце і сапраўдная ПАМЯЦЬ аб вайне – рэчы паміж сабою зусім несумяшчальныя. Першае – ідэалагічны фальсіфікат, нагода падгуляць, стварыць магчымасць “паганарыцца” за сваю міфічную краіну, міфічных продкаў, якія быццам перамаглі ў вайне. Другое – сціплы і шчымлівы ўспамін пра КОЖНАГА, хто паклаў сваё жыццё ў гэтай вайне, успамін без танкаў і парадаў, успамін як сімвалічная прысяга быць хоць у чымсьці вартымі тых сваіх дзядоў і прадзедаў.
Чаму “міфічных” і чаму “быццам”? Ды таму, што выглядае на тое, што сучасным “ідэолагам” апошнія ветэраны ўжо не асабліва і патрэбныя. Яны толькі перашкаджаюць міфалагізаваць гэтую вайну, расказваючы на сустрэчах са школьнікамі не толькі пра сотні падбітых нямецкіх танкаў, але і пра страшныя налёты варожай авіяцыі, пасля якой салдаты збіралі кавалкі цел дзесяткаў сваіх франтавых сяброў. Хаця цяперашнім выхаваным на кампутарных “стралялках” маладзёнам у прынцыпе і гэта не страшна. Вайна для іх, хто ніколі яе не бачыў, не больш чым даўняя такая “стралялка”, у якой нехта перамог, а нехта прайграў. На жаль, ніяк не болей.
Такім чынам, у сведак вайны свая памяць пра вайну, у ўладаў свая. Але ўладзе вобраз такой даўно выйгранай Траянскай вайны жыццёва неабходны, выгадны для падтрымання ўласнага стану валодання. Толькі як мала агульнага мае гэты вобраз з гістарычнай праўдай!
Нагодай для гэтых разважанняў, стала «дыскусія» (калі так можна яе назваць) двух гарадзенскіх выданняў – газет «Вячэрні Гродна» і «Гродзенская праўда». У №17 «Вячэрняга Гродна» (29 красавіка 2009 г.) з’явіўся артыкул Таццяны Чаркес «Таямніца нумара «200», дзе аўтарка паспрабавала разважыць справу помніка-танка на Савецкай плошчы. Спасылаючыся на аўтарытэтных людзей, напрыклад, на старшыню абласнога таварыства аховы помнікаў Д. Аляшкевіча, аўтарка піша, што савецкіх танкаў пад час вызвалення горада не было, вызвалялі Гродна галоўным чынам кавалерыя, пехацінцы і артылерыя. Праз тыдзень, 8 мая 2009 г., «Гродзенская праўда» адказала артыкулам генерал-маёра Аляксандра Мяжуева «Памятнік ад слова «памяць», старшыні афіцэрскага сходу Заходняга аператыўнага камандавання, які ў лепшых традыцыях сталінскага «палявання на ведзьмаў» узвёў паклёп на Таццяну Чаркес, пішучы, што яна «умышленно старается принизить значимость этого памятника-символа», і што цэлая куча афіцэраў і «патрыётаў» страшна абурана «принижением роли памятника в патриотическом воспитании жителей и гостей города». Такой масіраванай атакі галоўнага ідэалагічнага выдання «Вячэрні Гродна», канешне, не вытрымаў, і 13 мая (№19) адказаў артыкулам «Гісторыя вяртаецца», чамусьці ўжо не Таццяны Чаркес, а Аксаны Сіваедавай. Артыкулам (а дакладней падборкай лістоў) зусім бяззубым, большай часткай прысвечаным тактыка-тэхнічным характарыстыкам танку Т-34-85 !
Самае цікавае, што вясной 2006 г., пад час рэканструкцыі Савецкай плошчы, улады ўсур'ёз хацелі прыбраць танк з плошчы. Аб гэтым адкрыта выказваўся тагачасны мэр горада. Праўда, мы тады адразу канстатавалі, што танк застанецца на плошчы яшчэ не на адзін год.
Але часы мяняюцца. Калі тры гады таму мэр Антоненка яшчэ мог разважаць на прадмет пераносу танка, то цяпер “пераможная істэрыя” дайшла да такой стадыі, што пра яго прыбранне ніхто нават не гаворыць. Нават сціплая спроба паразважаць аб тым, якое дачыненне мае помнік-танк да гісторыі вызвалення горада ў 1944 годзе, выклікала ў старых бальшавіцкіх камісараў прыступ бешанства (заўважце не ветэранаў вайны, а «ветэранаў» савецкай Заходняй вайсковай акругі, той часткі Савецкай Арміі, якая фактычна акупавала Беларусь у пасляваенны час, «вызваляла» чэхаў і славакаў у 1968 г. і ў выпадку вайны з НАТА павінна была за тры дні дайсці да Ла-Маншу). Але адкажыце на пытанне, якое права распараджацца гісторыяй нашага горада гэты бальшавіцкі генеральчык з шматмільённай пенсіяй, які ніколі не быў на вайне? Здаецца, што ніякага. Савецкіх танкаў у ліпені 1944 года горад так і не пабачыў.
У 50-й арміі, пад камандаваннем генерала Болдзіна перад вызваленнем горада, г. зн. у пачатку ліпеня 1944 года, налічвалася ўсяго 15 танкаў і 58 самаходных артылерыйскіх установак. Але і гэтыя сілы да горада не дайшлі. Аж да 20 ліпеня ў раёне Скідзеля прастаялі 23-я танкавая брыгада і 233-ці танкавы полк – не было паліва. Былі танкі і ў 3 кавалерыйскім корпусе, але ў баях за горад яны не ўдзельнічалі – адразу перапраўляліся праз Нёман на поўнач ад горада і працягвалі наступленне на захад.
Адзінай савецкай бронетэхнікай, якая прымала ўдзел у баях за горад, былі савецкія самаходкі СУ-76, адкрытыя, толькі з пярэднім браніраваннем, якія ў арміі называлі «Прощай Родина!» У спісе вайсковых частак, якія біліся за горад і атрымалі назву «Гродзенскіх», няма ніводнага танкавага падраздзялення, толькі самаходная артылерыя.
Танк Т-34, што стаіць на Савецкай плошчы – адназначна пасляваеннай прадукцыі (чытайце матэрыял Аксаны Сіваедавай у «ВГ») і належыць да ліку тых танкаў, якія стаялі на ўзбраенні пасля вайны, а пазней выкарыстоўваліся ў якасці вучэбных да сярэдзіны 1960-х гг. На іх вучыліся ездзіць маладыя танкісты, якія пасля перасядалі на больш новыя і ўжо баявыя Т-54, Т-55, Т-62. «Трыццацьчацвёка» на Савецкай плошчы магла застацца ў падарунак гораду ад танкавага палка Іркуцка-Пінскай мотастралковай дывізіі, які акурат у 1968 г. (год усталявання помніка), накіраваўся «вызваляць» братні чэхаславацкі народ ад прошукаў імперыялістаў.
Абаронцы танка на плошчы гавораць яшчэ: «Сімвалічны танк-вызваліцель – гэта здорава, нават у тым выпадку, калі савецкіх танкаў у горадзе не было». А ці не падаецца такі адказ Вам, шаноўныя чытачы, вяршыняй цынізму, бо калі б не «сімвалічныя», а сапраўдныя савецкія танкі штурмавалі горад улетку 1944 г., то намнога менш палягло б у Гродне і яго ваколіцах нашай пяхоты. Чаму тады на Савецкай плошчы павінен стаяць «сімвалічны» танк, а не помнік сапраўдным байцам 3-га Гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, уклад якіх у вызваленне горада быў рашаючым? Чаму тады ў нашым горадзе так і не з’явілася вуліцы ў гонар камандзіра гэтага корпуса генерала Аслікоўскага – таленавітага афіцэра і харошага чалавека? А між тым пад час апошніх перайменаванняў прыгарадных вуліц гарадзенскімі гісторыкамі рабілася прапанова назваць вуліцу ў яго гонар. І не назвалі! Мабыць па прычыне таго, што прозвішча генерала Аслікоўскага гучыць непрыгожа. Вось так і застаецца. На танку, які прызначаны быў не штурмаваць Берлін у 1945-м, а «вызваляць» Парыж ўжо пасля вайны, пруць наперад фальсіфікатары гісторыі генерал А. Мяжуеў разам з усімі тымі, для каго наша Беларусь застаецца не Радзімай, а толькі «точкой временного базирования» і для каго памяць аб вайне – гэта шматтысячныя калоны танкаў, якімі мы ўвесь час спрабуем кагосьці напужаць, выклікаючы толькі іранічныя насмешкі ў адказ.
-
Катэгорыя: Вобраз горада
-
Апублікавана 16 Май 2009
Апошняе
- Свяцк Валовічаў: мінулае, сучаснасць, перспектывы
- Андрэй Шулаеў. ГІСТОРЫКА-АРХІТЭКТУРНАЕ АБГРУНТАВАННЕ АДНАЎЛЕННЯ КАНСТРУКЦЫІ ГАЛОЎНАГА ЎВАХОДУ Ў КАРАЛЕЎСКІ ПАЛАЦ 2-Й ПАЛОВЫ XVI – 1-Й ПАЛОВЫ XVII СТСТ. У АНСАМБЛІ СТАРОГА ЗАМКА Ў Г. ГРОДНА
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 4
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 3
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 2
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 1
- Аповед старых камяніц. вул. Валковіча № 23
- Duch i chłopiec z byłej Kolonii Oficerskiej
- Dawny Bank Polski – ciekawy wzór architektuty funkconalistycznej