Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч разважае наконт сітуацыі, якая склалася ў горадзе ў сувязі з рэканструкцыяй яго шматлікіх гістарычных аб’ектаў, аб стаўленні да яе ўладаў, гродзенскіх гісторыкаў і простых людзей. Просім наведвальнікаў сайта прачытаць яго вельмі ўважліва.

Год восем таму з аўтарам гэтых радкоў здарыўся "канфуз". На старонках гродзенскай "Пагоні" са згоды спадара-рэдактара з'явілася некалькі маіх артыкулаў пад агульнаю назваю "Град асуджаны". Гэта была спроба паразважаць аб старажытнай гісторыі Гродна і, адначасова, пазнаёміць чытача з думкай некаторых гісторыкаў на гэтую тэму ад Д.Мілюціна і Ю.Ядкоўскага да даследчыкаў сённяшніх: А.Краўцэвіча ды Г.Семянчука. Натхненне да працы мне давалі выключныя архітэктурныя помнікі Гродна XII стагоддзя – Барыса-Глебская царква, парэшткі Ніжняй ды Прачысценскай цэркваў, княскага церама. Хацелася ўявіць сабе час ў які яны паўсталі, ажывіць наднёманскія пейзажы ды пабачыць за імглой стагоддзяў, у кавалках плінфы ды пустых глазніцах галаснікоў канкрэтныя гістарычныя падзеі, што адбываліся навокал.

Сама назва публікацыі павінна была, на маю думку, падкрэсліваць відавочнае несупадзенне паміж тымі архітэктурнымі помнікамі, што мы маем ў Гродна, і нашым ўяўленнем аб ролі і месцы Гродзенскага княства ў канцы XII стагоддзя. "Асуджаны" град-Гродна быў намі, гісторыкамі, якія адмовіліся на карысць навуковай ісціны ад нават кволых спробаў паразважаць аб выключнасці, непаўторнасці наша горада, аб таямніцах гродзенскай гісторыі. А ўжо праз два нумары вядомы археолаг Алесь Канстанцінавіч Краўцэвіч, не дачакаўшыся, пакуль аўтар давядзе да канца сваю думку, змясціў у "Пагоні" водгук "Кім "асуджаны град"?", у якім грунтоўна, пункт за пунктам указаў на ўсе "прыкрыя фактычныя памылкі", што там былі. Сэнс жа водгуку зводзіўся да простай высновы: справай вывучэння мінулага нашага горада павінны займацца прафесіяналы, і толькі яны.

У наступны час я больш не рабіў спроб агучыць нейкія свае думкі на гэтую тэму, пагадзіўшыся з неабходнасцю назапашвання больш грунтоўных, акадэмічных ведаў, аднак і крыўды на крытыку таксама не меў, што, канешне, не азначае, быццам сама крытыка прынесла мне задавальненне. Тым больш, што вельмі хутка прыйшло адчуванне нейкай сатысфакцыі ад таго, што тэма старажытнай гісторыі Гродна менавіта ў гэткім рамантычным выглядзе, праз розныя, нават самыя рызыкоўныя гіпотэзы, паўставала у публікацыях Ігара Трусава, ў артыкулах Алеся Пятровіча Госцева ды выступах на канферэнцыях ягоных вучняў-ліцэістаў. "Дух Ядкоўскага", ягоная апантанасць, ягоная рамантыка працягвала жыць сярод сучасных гродзенцаў.

І, раптам, стары загаловак – "Град асуджаны" зноў прыйшоў мне на памяць, каля я шукаў назву да артыкула аб паходзе ў гарвыканкам па справах варварскага знішчэння культурнага слою пад час будаўнічых прац на сучаснай плошчы Савецкай. Першапачаткова, ён меў быць прысвечаны гэтак званай "рэканструкцыі гістарычнага цэнтру" Гродна, але зусім нечакана для мяне самога, на першае месца выйшлі праблемы зусім іншага характару…

Пачнём з таго, што гэта ўласна кажучы, не зусім рэканструкцыя, а падрыхтоўка да свята "Фестываля нацыянальных культур". А калі так, дык і прыярытэты выступаюць зусім іншыя: фестываль на першым месцы, а ўжо ўсё астатняе – як атрымаецца. Хтосьці можа са мною не пагадзіцца, маўляў, гэта ваша суб'ектыўная думка. Аднак, сам ход будоўлі, калі спярша прыходзіць бульдозер, за ім – трубы гарадской каналізацыі і толькі ў трэцяю чаргу да катлавану дапускаецца навуковы супрацоўнік гістфаку сумненняў у прыярытэтах не пакідае.

Зразумела, што як колішні выпускнік усё таго ж гродзенскага гістарычнага факультэта, я ў стане даваць ацэнку падобнага алгарытму дзеяння, толькі сыходзячы з тых ведаў, што атрымаў калісьці ў сценах роднай alma mater. Тым больш, што мае паважаныя настаўнікі – гэта як раз тыя людзі, на плечы якіх выпаў цяжар гэтак званых "выратавальных раскопак". Таму, папраўце мяне, калі я памыляюся, але…

…Юрый Гардзееў, аўтарытэт якога, як знаўцы гісторыі Гродна, сумневу не выклікае (для тых чытачоў, якім прозвішча гісторыка невядома, узгадаю толькі, што Ю.Гардзееў – аўтар дзвюх грунтоўных манаграфіяў па гісторыі гродзенскіх каталіцкіх могілкаў і сацыятапаграфіі нашага горада, а так сама дзесятку артыкулаў) у адной са сваіх публікацый, што пабачыла свет "усяго толькі" чатыры гады таму, гэтак пісаў аб перспектывах вывучэння гісторыі нашага горада: "…Напэўна не трэба даводзіць той факт, што сярэднявечнае Гродна пакінула нам безліч загадак. Нагадаем трапнае сцвярджэнне гродзенскага гісторыка Юзафа Ядкоўскага, якое смела можа стаць credo будучых даследаванняў. У адной з прац ён заўважыў, што "парослыя травой берагі Нёмана хаваюць праўдападобна каштоўныя скарбы для навукі". І, напэўна, хавацца ім наканавана яшчэ доўгі час.

Раскопкі заўсёды прыводзілі да нечаканых адкрыццяў. А дзякуючы ім можна было б:

1) знайсці лінію ўмацаванняў сярэднявечнага Гродна, якія праходзілі недзе ў раёне Маставой вуліцы, старадаўняга Рынка (цяпер Савецкая плошча);

2) правесці даследаванні старажытнага вакольнага горада (дзядзінец Новага замка);

3) удакладніць месцазнаходжанне, а нават і натрапіць на слаба даследаваныя культавыя пабудовы, напрыклад, Васкрасенскую ці Малую цэрквы, манастырскі комплекс на Каложы;

4) правесці раскопкі новаўзведзенай у 17 ст. Васкрасенскай царквы, якая знаходзілася на скрыжаванні сучасных вуліц Кірава і Сацыялістычнай;

5) даведацца больш пра жыццё горада, праводзячы археалагічныя даследаванні ў раёне старажытнага гродзенскага моста праз Нёман, дарога да якога ішла ярам паміж будынкам Новага Замка і кляштарам бернардзінак (на яго месцы стаіць драматычны тэатр);

6) удакладніць час засялення занёманскай часткі Гродна;

7) злакалізаваць месцазнаходжанне гарадскіх брам Віленскай і Азёрскай".

Прыглядзімся ўважна гэтаму спісу:

№ 2 – Дзядзінец Новага замку – летась, пад час рэканструкцыі моста (тут гэта слова пасуе, што яшчэ не вызначае якасці зробленай працы ) ды пракладкі труб перад самым мостам ў Стары Замак выпадкова ў траншэі рабочыя патрапілі на сцяну з плінфы, ці таго, што вельмі нагадвала плінфу. Тое, што яшчэ больш-менш было зразумелым на Верхнім замку, на гэтым баку замкавага ірва выглядала сенсацыяй. Аднак, з вуснаў спецыялістаў нам патрапілася пачуць, што гэтыя парэшткі, хутчэй за ўсё, "смецце, які ў пазнейшы час выкідалі на гэты бок моста са Старога замку". Гіпотэза канешне, можа больш навуковая, чым дапушчэнне, быццам перад намі невядомая будоўля XII стагоддзя… Толькі ж, мы памятаем, як Ю.Ядкоўскі адшукаў свой "наднёманскі Вавель"- прыкладна так жа, выпадкова, бо амаль ніхто з ягоных сучаснікаў не маніўся знайсці на Замкавай гары настолькі старажытную цывілізацыю? Што замінала і ў гэтым выпадку зрабіць некалькі ўзмахаў рыдлёўкай? Няўжо, сапраўды, былыя абкамаўскія гаражы, пад'езд да якіх перакрыла траншэя, як гэта тлумачыў хтосьці?

Далей, № 3 – калі пра Каложу хацелася б сказаць асобна, дык месца верагоднага знаходжання Малой царквы – прыпушчальна таго ж XII стагоддзя хутка можа апынуцца не пад аўтастаянкай, як зараз, а пад будоўляй новай аўтамабільнай дарогі. А гэта, вядома ж зноў -бульдозеры, камунікацыі і толькі ў трэцяю чаргу – навукоўцы.

№ 4 – Скрыжаванні сучасных вуліц Кірава і Сацыялістычнай: у непасрэднай блізкасці ад гэтага месца толькі што паўстала новая рэдакцыя "Вечернего Гродна", а з другога боку – вядзецца ня меньш перспектыўная будоўля на месцы старога велазаводу. Улічваючы, што сам помнік лакалізуецца толькі прыблізна, верагоднасць будаўнікам патрапіць на яго "мае месца быць".

№ 5 – Папытайцеся мясцовых рупліўцаў гродзенскай старасветчанны Янку Лялевіча і Алеся Пятровіча Госцева – першы з іх рабіў фотаздымкі, тады як другі збіраў парэшткі чарапкоў, калі месяцы два таму як раз на месцы шляха да старажытнага гродзенскага моста праз Нёман, недалёка ад рэстарану "Три пескаря", бульдозеры раўнялі склон…

Што праўда, пра занёманскую частку Гродна прывесці падобных прыкладаў на сённяшні дзень я не ў стане, але не таму, быццам там усё добра з захоўваннем гістарычных помнікаў. Проста выглядае на тое, што адносна старога Фарштату "помнікам" лічыцца толькі Францішканскі касцёл, а ўсё астатняе быццам бы і не існуе з гістарычнага пункту гледжання.

№ 7 – Толькі-толькі скончылася будоўля па Віленскай, як раз там, дзе Ігар Трусаў "гіпатэтычна" дапускаў існаванне Віленскай брамы. На месцы – магчымым месцы Азёрскай брамы сёння знаходзіцца аўтамабільная развязка каля так званага Дому Сувязі…

Нарэшце, вяртаючыся да дня сённяшняга – вуліц Маставой, Мяшчанскай ды старадаўняга Рынку: знішчэнне культурнага слою амаль па ўсёй плошчы былога скверу ужо паспяхова завершана. Гэта ж можна сказаць і аб самой плошчы Савецкай, дзе гістарычныя слаі, якія адкладваліся стагоддзямі, былі ў некалькі тыдняў выкінуты на свалку. Тыя самыя слаі, якія спадар А.Краўцэвіч у сваёй кніжцы "Гарады і замкі Беларускага Панямоння" роўна пятнаццаць год таму ахарактарызаваў у якасці "базы для далейшых шырокіх даследаванняў" па археалогіі Гродна.

Менавіта аб сваёй нязгодзе з планамі падобнай "рэканструкцыі" у будучыне ў іншых, пакуль што некранутых гістарычных мясцінах нашага горада, шла гаворка ў адкрытым лісце, што падпісала некалькі дзесяткаў мясцовых гісторыкаў, у тым ліку і гродзенскія археолагі, і які быў аднесены ў гарвыканкам. Праз тры тыдні, калі адказ на зварот так і не прыйшоў, затое ў афіцыяльных СМІ ажно раілася ад слоў падтрымкі і захаплення ў адрас пляцоўкі пад будучае свята, адбылася наша з Алесем Пятровічам Госцевым сустрэча з памочнікам старшыні Гарвыканкама Дзмітрыем Рыгоравічам Кулаком, на якой мы паспрабавалі давесці думку аўтараў ліста да прадстаўнікоў улады.

Ніжэй выкажу толькі свае ўражання ад гэтай і наступнай размоваў. Па-першае, спадар Д.Кулакоў гутарыў з намі выключна карэктна, прыязна, з разуменнем і…, можна было б знайсці шмат трапных эпітэтаў, калі б не адно але... Памочнік старшыні гарвыканкаму падкрэсліў, што не кампетэнтны у пытанні аб каштоўнасці гістарычнага слою, бо сам па адукацыі юрыст, затое накіраваў нас да спецыяліста – галоўнага архітэктара. А так як таго на месцы не аказалася – нас ласкава згадзіўся прыняць ягоны намеснік. На жаль, Уладзімір Пятровіч быў менш стрыманы за Дзмітрыя Рыгоравіча, аднак яго можна зразумець: намеснік галоўнага архітэктара палічыў, што перад ім абібокі, якія збіраюцца на ахове помнікаў зрабіць гучнае імя. У выніку ягоная калега спадарыня галоўны спецыяліст распавяла нам, як не спецыялістам, аб агульных прынцыпах планіроўкі сярэднявечнага горада, а сам Уладзімір Пятровіч параіў звярнуцца ўжо ўласна да праекціроўшчыкаў плану падрыхтоўкі плошчы Савецкай пад фестывальную пляцоўку, ад чаго, на жаль мы вымушаны былі адмовіцца. Неяк прадставілася, як аўтар праекту адправіць нас да іншага спецыяліста, той у сваю чаргу – да кіраўніка будоўлі, той – да брыгадзіра, брыгадзір – да землякопа, а куды пашле землякоп, як спецыяліст зусім вузкага профілю, можна было і так здагадацца…

У гэтым усім не хапала толькі аднаго – адназначнай, афіцыйнай і канкрэтнай ацэнкі будоўлі ў гістарычным цэнтры Гродна з вуснаў… уласна гродзенскіх археолагаў і гісторыкаў-спецыялістаў, бо абодва бакі – і "аматары"-краязнаўцы і іх апаненты спасылаюцца менавіта на іх, археолагаў, адстойваючы свой пункт погляду. Толькі першыя кажуць, што ўсё кепска, а другія – што ўсё добра – вось і ўся розніца. Таму, вельмі б хацелася атрымаць гэткую прафесійную ацэнку – экспертызу, адносна таго, што амаль кожны дзень тонамі вывозіцца самазваламі ў кар'ер дзесьці ў бок новага аэрапорта – гістарычная спадчына, незваротна страчаныя скарбы, ці мо проста друз ды чарназём. Бо, напрыклад, маё асабістае – непрафесійнае ўражанне гэткае, што захаванне падмуркаў палацу Радзівілаў ды Ратушы – гэта проста тыя каштоўнасці, якія аказаліся зразумелымі для кіраўніцтва горада, таму на іх і арыентаваліся. Але яны куды менш важныя за ўсю панараму гістарычнага мінулага, якую мы страцілі разам з культурным слоем, ці тым больш страцім, калі экскаватары праз тыдзень-два дабяруцца да Падолу XII стагоддзя…

І яшчэ адно пытанне, якое патрабуе як мага хутчэйшага адказу з боку спецыялістаў – пытанне аб адбудове Барыса-Глебскай царквы.

Трэба разумець, што сама праблема – ці адбудоўваць Каложу, а калі так – то як гэта зрабіць, быццам бы ўжо вырашана. Наколькі вынікае з артыкулаў, якія друкаваў "Вечерний Гродна", ужо выбраны праект рэстаўрацыі, асігнаваны грошы, напэўна, ёсць і кіруючыя асобы, якія адказваюць за вынікі працы. Аднак, ці азначае гэта, што грамадства – жыхары нашага Гродна, усе мы – беларусы, ды наогул – людзі, якім не абыякавы лёс гэтага выключнага па сваёй гісторыі помніка, могуць уздыхнуць з палёгкай і сказаць, што Каложы больш не пагражае небяспека? Што барацьба паміж прыроднымі стыхіямі і чалавекам, якую ўвасабляе ў сабе лёс Барыса-Глебскай царквы, выйграна намі, людзьмі?

Не хачу зараз абмяркоўваць мэтазгоднасць таго ці іншага варыянта рэстаўрацыі: гэта, на маю думку, вельмі важна, можа нават "архіважна", але ў гэтым выпадку… не прынцыпова. Макеты рабілі прафесіяналы сваёй справы з якімі мне спрачацца не выпадае. Гэта не азначае, што самі планы адбудовы бездакорныя, аднак, поўную іх ацэнку могуць даць толькі тыя, хто ведае ўсю "кухню" рэстаўрацыйнай справы. Аргументы на карысць таго, які знешні выгляд павінна мець Каложа пасля рэстаўрацыі – як перад катастрофаю ў сярэдзіне XIX стагоддзя, ці, такі, як мы сабе ўяўляем храм з XII стагоддзя – так сама з'яўляюцца справай мастацкага густу…

Адзіным прынцыповым пытаннем на якое хацелася б пачуць адказ ад прафесіяналаў, што ўзялі на свае плечы гэтую ганаровую і вельмі нялёгкую справу, ЯК ВЫ ЗБІРАЕЦЕСЯ ВЯСЦІ АДБУДОВУ: рабіць плінфу ды галаснікі, маёлікавую плітку ды, нават, шукаць тыя ж валуны, якія б па сіметрыі і каларыстыкі адпавядалі агульнаму стылю храма і г.д. Хто будзе рабіць кладку, вапну, ці ёсць у іх досвед, які б дазволіў паўтарыць тэхніку будаўніцтва XII стагоддзя? Прабачце, аднак у Беларусі на сённяшні дзень мы не сустракаем праектаў падобнага ўзроўню – дзе ў нас ёсць храм гэтага ж перыяду, што быў бы ўдала адрэстаўраваны, адноўлены ў дробных дэталях з захаваннем эстэтычнай цэласнасці, гэтак званага "духа эпохі"? Мірскі замак, праца над рэстаўрацыяй замкаў ў Лідзе ці Нясвіжы, адбудова Ратушы ў Мінску – гэта, на мой погляд, ўсё ж зусім іншы ўзровень, іншыя падыходы. Тут, на Каложы, навадзел – прыкмету дня сённяшняга з яго сучаснымі тэхналогіямі, ці звычайныя будаўнічыя памылкі пад тынкам не схаваеш. Патрэбны не толькі новыя тэхналогіі, а ў першую чаргу – супер-прафесіяналізм! Калі можна заплюшчыць вочы на чырвоную цэглу, якой "падмацавалі" сцяну Старога замка, тратуарную плітку, што рассыпаецца пад нагамі перад скверам Жылібера, ці схілы "Швайцарскай даліны", якія "пацяклі" пасля дажджу, дык з Каложай падобныя экспромты будуць каштаваць вельмі дорага і замест гонару, могуць прынесці нам горкую славу Герастратаў...

І апошняе, мой сябра – адзін з тых хлопцаў, што спрабуе зацята звярнуць увагу грамадства на гродзенскую праблему, распавёў неяк пра размову з пэўным знаёмым студэнтам гістфаку, які вярнуўся днямі з Кракава. Той пазайздросціў польскім даследчыкам, маўляў, галоўная прывабнасць для гісторыка ў Польшчы тая, што там няма краязнаўцаў, якія б перашкаджалі ў працы прафесіяналам. Не ведаю – яго гэта словы, ці яму патрапілася іх пачуць ад дарослых асобаў. Напэўна, гэтую думку падзяляе не толькі ён. Адно толькі кепска – што нашы прафесіяналы зараз, можа нават несвядомыя гэтага, выносяць Гродна яе апошні прысуд…

Краязнаўца А.Чарнякевіч

Scroll to top