На сайце harodnia.com некалькі разоў ужо ўздымалася пытанне аб тым, якімі хочуць бачыць гарадзенцы гістарычны цэнтр свайго роднага горада. Мы ўжо пісалі аб тым, помнікі каму са знакамітых гарадзенцаў варта было б паставіць, звярталі ўвагу на неадпаведнасць гістарычнага аблічча горада з савецкімі назвамі вуліц. Сёння хочацца звярнуць увагу на амаль поўную адсутнасць у гістарычным цэнтры Гродна турыстычнай інфармацыі.

Як-ніяк у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы некалькі год існуе факультэт турызма і сервіса, фармальна працуе таксама і цэнтр турызма (што праўда амаль увесь час зачынены), гарадскія ўлады любяць гаварыць пра рэалізацыю розных культурных праграм (узяць хоць бы праграму «Спадчына»)… Тым не менш, і звычайны гарадзенец, і турыст, які наведаў горад упершыню, амаль не маюць магчымасці прама на вуліцы даведацца аб цікавых месцах, якія варта наведаць, атрымаць хоць бы самую павярхоўную інфармацыю аб гісторыі таго ці іншага храма або будынка.

Вялікі малюнак горада каля кінатэатра «Гродна» і вельмі пасрэдна складзеная карта гістарычных мясцін горада каля чыгуначнага вакзала – вось і усё, што можна прапанаваць гасцям горада. Ахоўныя шыльды з недакладнымі як правіла надпісамі ў разлік можна не браць. Інфармацыя на іх надта кароткая і нецікавая. Помнікі і памятныя шыльды? Ну сапраўдных помнікаў (апрача Леніна і Чапаева) у цэнтры горада няма. Усё іншае – паркавыя скульптуры, з якіх нават нельга даведацца, што за чалавечак у сюртуку сядзіць на лаўцы у Швейцарскай даліне і чаму яго сюды пасадзілі (размова пра архітэктара Дж. Сака). Шыльдаў таксама амаль няма, а тыя, што ёсць, папсаваны няўдалым размяшчэннем або суседствам. Напрыклад на Савецкай вуліцы няма ніводнай (!!!) памятнай шыльды, хаця тут былі Кастусь Каліноўскі, Лейба Найдус, Аляксей Карпюк, знаходзіліся першыя гродзенскія фотамайстэрні, некалькі храмаў, мужчынская і жаночая гімназіі… А вось цікавай шыльдзе, прысвечанай гродзенскім жыдам, на вуліцы Замкавай, упіхнулі ў суседзі сіні таксафон, які проста пачварна псуе від памятнага ўвахода ў гродзенскае гетта (быццам жыдам, якіх туды заганялі, давалі права на апошні званок сваякам). Больш таго, усё цікавае і канцэптуальнае зроблена ў першай палове 1990-х гг. (адзіны у Беларусі помнік Вітаўту, якому стаяць максімум гадоў дзесяць, бо ён хутка згніе, шыльды на Новым Замку і чыгуначным вакзале).

Такім чынам сітуацыя вымалёўваецца парадаксальная – жывем у самым гістарычным і захаваным горадзе Беларусі і амаль не ведаем яго. Больш таго, нават не хочам яго ведаць. Больш таго, ставімся да гістарычнага цэнтра, як да будаўнічага баласта, хлама, які трэба максімальна знішчыць, пераўтварыўшы яго ў стаянку для транспарта. І гэта пры тым, што ў непараўнальна больш бедных на архітэктурную спадчыну Магілёве, Віцебску, Брэсце, Мінску па найноўшых тэхналогіях адбудоўваюць храмы, старыя гасцініцы і кварталы. Больш таго, робяць памятныя шыльды, пішуць старыя назвы вуліц (нават афіцыйна іх не змяняючы, бо ўлады гэтага надта ж баяцца) і робяць шмат цікавага.

Гродна застаецца як бы запаведнікам, пры чым як на фоне Беларусі, так і на фоне ўсяго нашага Нёманскага рэгіёна, цэнтрам якога ёсць наш горад.

Між тым «ажывіць» горад расказамі аб гісторыі вуліц і помнікаў архітэктуры, выявамі карцін ранейшых гарадзенскіх мастакоў, выставамі пад адкрытым небам вельмі проста. Мінімум добрай волі з боку ўладаў, грашовых укладанняў і разумовай работы чыноўнікаў і ўніверсітэцкіх прафесараў і Гродна займела бы зусім іншае аблічча. Якое – давайце паразважаем?

Напрыканцы прапануем некалькі цікавых на наш погляд прыкладаў з Беластока і Варшавы, якімі смела можна было б скарыстацца і ў Гродне.

Варшава – пліта з інфармацыяй пра Віні-Пуха, у гонар якога названа адна з вуліц горада. Турысты могуць пабачыць падобныя тлумачэнні да большасці назваў вуліц у гістарычным цэнтры горада.

«Тое, чаго няма» - шчыты, размешчаныя ў розных месцах Беластока. На іх выявы старых паштовак, з будынкамі, якія раней знаходзіліся на гэтым месцы аднак не датрывалі да сённяшняга дня.

Турыстычная атракцыя Варшавы. Выявы карцін прыдворнага мастака 18 ст. Бернарда Белотта, размешчаныя на спецыяльных кубах на тых месцах, адкуль мастак маляваў тагачасную Варшаву. Турысты могуць пабачыць не толькі сучасную Варшаву, але і Варшаву 18 стагоддзя.

Выстава пад адчыненым небам у Варшаве. Выявы і інфармацыя на некалькіх мовах надрукаваны на вялікіх лістах ПВХ. Турысты адразу могуць даведацца і пра гісторыю горада і пабачыць рэкламу музеяў.

Летам 2009 года ў Беластоку прайшоў сусветны фестываль эсперанта. Горад шырока адзначаў гадавіну стваральніка сусветнай мовы эсперанта – беластаччаніна доктара Заменгофа. На беластоцкім вакзале нават расклад цягнікоў быў надрукаваны па-польску і на эсперанта. На турыстычнай карце, размешчанай у цэнтры горада, мясціны, звязаныя з жыццём д-ра Эсперната (так называлі Заменгофа). У Гародні ў гэты час патроху разбураецца дом, дзе некалькі гадоў жыў знакаміты доктар.

Падрабязны рэстаўрацыйны пашпарт жамчужыны Беластока – палаца Браніцкіх. Час рэалізацыі праекта – 2007-2013 гады. Кошт праекта – 17 млн. 700 тыс. злотых (каля 5,5 млн. даляраў). Частка, якую аплочвае Еўрасаюз – 9 млн. 700 тыс. злотых (больш 3 млн. даляраў).

Цікавы беларускі прыклад – вуліца Савецкая ў Баранавічах з надпісамі, дзе паказаныя ранейшыя назвы вуліц. Між іх і тая назва, якая была ў 1941 – 1944 гг. Баранавіцкіх ветэранаў наяўнасць гэтай назвы чамусьці не абражае, затое арыгінальны надпіс часоў вайны на вуліцы Бялінскага ў Гродне камунальшчыкі замалявалі.

Scroll to top