У 2006 г. марна быў разбураны цэлы квартал Новага свету – Залатая горка. Цяпер маюцца планы па знішчэнню яшчэ шэрага дамоў. Раён гэты адметны тым, што дайшоў да нашага часу амаль некранутым з пачатку ХХ ст.
Пра яго гістарычную вартасць ужо шмат пісалася ў гродзенскім Інтэрнэце і, здаецца, вартасць гэтую ніхто не аспрэчвае, але яна не з’яўляецца пераканаўчай. Гледзячы на старыя дамы, некаторыя з якіх ня маюць дасюль некаторых гарадскіх выгодаў, гродзенцы здзіўляюцца: што за блазнота прымушае актывістаў марнаваць свае сілы на абарону гэтага «прыватнага сектару»?
Мэта дадзенага артыкула – яшчэ раз паказаць на аснове тлумачэння некаторых нюансаў праблемы культурную, горадабудаўнічую вартасць гэтага раёну.
Зробім мы гэта наступным чынам: па-першае, акрэслім гісторыю паўстання пытання аб захаванні падобнага тыпа забудовы і па-другое, паспрабуем пафантазіраваць на аснове выбітных прыкладаў з далёкага ды блізкага замежжа як можна было б паступіць з Новым светам далей, як выкарыстаць яго патэнцыял на карысць горада. Адразу заўважым, што гаворка тут будзе весціся не пра шэдэўры драўлянай архітэктуры кшталту ансамбля ў Кіжах ці гродзенскага Лямуса, але пра шэраговую, масавую забудову, якую гаспадары ўсё яшчэ выкарыстоўваюць па прамым прызначэнні.
Чым жа так адметны Новы свет для Гродна з пункту гледжання тэорыі спадчыны?
Галоўная архітэктурная адметнасць Новага свету заключаецца ў тым, што складаецца раён пераважна з драўлянай забудовы. Гэта менавіта гарадская драўляная забудова, а не інкарпараваная ў горад вёска. Звычайнай і нават сумнай гэтая яскравая рыса цэнтру нашага цудоўнага гораду можа падацца толькі тым яго насельнікам, якія ніколі не выязджалі далёка за межы рэспублікі (я маю на ўвазе не абшары СНД, але далёкую Заходнюю Еўропу). Так ужо атрымалася, што гістарычна ў Заходняй Еўропе ўзровень жыцця нашмат вышэйшы. Так яно ёсць цяпер, так было і 100, і 200 і 300 гадоў таму. Узровень вышэйшы – адпаведна насельніцтва багацейшае, магчымасці большыя. Нягледзячы на тое, што пачынаючы ад сівой даўніны, ад самога ўзнікнення сярэднявечных буйных агароджаных паселішчаў, драўніна па ўсёй Еўропе (ды што там – па ўсім свеце!) з’яўлялася найбольш агульным будаўнічым матэрыялам як у сельскай мясцовасці, так і ў гарадах, цалкам зразумела, што каменнае ды цаглянае будаўніцтва заўсёды лічылася больш трывалым, адпаведна было больш дарагім. Хто быў багацейшы без усялякага сумнення ламаў свае драўляныя дамы ды будаваў цагляныя. Але і там і тут драўніна ў гарадах яшчэ трымалася ажно да пачатку ХХ ст. З 1930-х гг. існаванне драўлянай забудовы выйшла да канфлікту з новымі ідэаламі ў сталым цагляным будаўніцтве. Вытворчасць цэглы насупраць станавілася ўсё больш таннай.
Драўніна прайграла яшчэ і з-за сваёй схільнасці да пажараў (хоць з канца ХІХ ст. пажары і былі ў асноўным узяты пад кантроль добра экіпіраванымі гарадскімі пажарнымі дружынамі, але стэрэатып захаваўся). Сярэдзіна ХХ ст. стала часам росквіту «вольнай Еўропы» – перш за ўсё матэрыяльнага, і драўляныя дамы канчаткова саступілі нават у сельскай мясцовасці. Гэта асабліва добра бачна няўзброеным вокам калі на аўтобусе вы паедзеце з Беларусі напрыклад у Чэхію. Чым далей прасоўваецца падарожнік на захад тым радзей у прыгарадах ды вёсках трапляюцца яму ў поле зроку драўляныя хаткі, тым больш гаспадарчую, а не жылую функцыю яны выконваюць. Недзе пад Вроцлавам (да 40-х гг. ХХ ст. нямецкая тэрыторыя) драўляныя дамы выглядаюць ужо зусім экзатычна, і ўжо там бачна як асабліва рупліва ставяцца да іх гаспадары.
Да сярэдзіны ХХ ст. – часу паўстання ЮНЭСКА і часу небывалага развіцця тэорыі гісторыка-культурнай спадчыны – сельская і дзе-нідзе гарадская драўляная забудова захавалася толькі ва Ўсходняй ды Паўночнай Еўропе, гэта значыць у Польшчы, Беларусі, Украіне, Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі (у апошніх не столькі з-за нізкага ўзроўню жыцця колькі з-за больш глыбокіх «лясных» традыцый). Моцным апошнім ударам для гарадской драўлянай спадчыны сталіся абнаўленні гарадской забудовы, што мелі месцы амаль паўсюдна ў 1960–70-я гг. калі вялікая частка драўлянага гарадскога асяроддзя, што захоўвалася да таго часу, была ліквідаваная. Навык канструкцыі драўляных дамоў канчаткова згубіў вартасць. Урбанізацыя, індустрыялізацыя і глабалізацыя выліліся ў хуткую змену корпусу традыцый грамадства. Высокія кошты на зямлю ды развіццё гарадоў наклала вялікі адбітак і на гістарычныя прыгарадныя тэрыторыі. Апошні фактар дастаўся нам у спадчыну з апошніх дзесяцігоддзяў ХХ ст., калі меркаванне, што драўляныя дамы з’яўляюцца прыкметай беднасці ды безгустоўнасці.
У Гродна ж застаўся цэлы гарадскі комплекс, што ад сельскага адрозніваецца вельмі моцна па наяўнасці цалкам іншай планіровачнай структуры ды канструктыўных асаблівасцяў дамоў! Больш за тое – у нас гэта дамы, што пабудаваныя ў стылі драўлянага канструктывізму. Наогул вельмі рэдкая сёння з’ява.
Вось менавіта ў 60-я гг. у Еўропе на хвалі глабалізацыі ды ўсведамлення неабходнасці захавання сваёй культурнай адметнасці канцэпт «культурная спадчына» і быў распаўсюджаны на драўляную забудову. З-за большай інтэлектуальнай свабоды і больш шырокага агульнаеўрапейскага далягляду працэсы захавання драўлянай спадчыны былі ініцыяваны ў Паўночнай Еўропе. Супрацоўніцтва паміж Фінляндыяй, Нарвегіяй і Швецыяй у захаванні паўночных драўляных гарадоў пачалося на пачатку 1960-х гг. Вынікам той працы стала распрацоўка методыкі класіфікацыі ды кансервацыі гарадской спадчыны спецыяльна для некалькіх канкрэтных драўляных гарадоў.
Так, за працу па кансервацыі свайго драўлянага гістарычнага цэнтру і «адметную рэстаўрацыю ўсяго драўлянага горада з захаваннем арыгінальнага аблічча і духа» г. Хйо ў Швецыі быў у 1988 г. узнагароджаны пачэсным медалём ад уплывовай міжнароднай арганізацыі Еўропа Ностра, што спецыялізуецца ў галіне захавання спадчыны.
Вопыт заходніх ды паўночных краін у дачыненні да вызначэння будучыні драўлянай забудовы досыць вялікі, рознабаковы ды павучальны. Драўляныя раёны шматлікіх вялікіх еўрапейскіх гарадоў, сярод якіх Хельсінкі, Капенгаген і Берлін моцна пацярпелі ад хвалі мадэрнізму, калі старыя, драўляныя дамы былі знесены і на іх месцы пабудаваныя іншыя з цэглы. Прыбалтыйскія краіны і Польшча першыя ўспрынялі новыя еўрапейскія культурныя каштоўнасці. Іх драўляную спадчыну ад праяў мадэрнізму захавала жалезная заслона, таму цяпер гэтыя краіны змаглі добра павучыцца на памылках іншых ды пазбегнуць іх паўтору.
Дасягненні захавання драўляных гарадоў і культурных ландшафтаў балтыйскіх краін выліліся ў паўночна-балтыйскае супрацоўніцтва кансерватараў у 1997–2000 гг. Для абмеркавання праблемы запаўнення гістарычнай гарадской прасторы і вытлумачэння культурнай вартасці драўляных пабудоў у гарадскім асяроддзі ў Прыбалтыйскіх краінах была праведзена серыя спецыяльных канферэнцый.
У 2000 г. па ініцыятыве Групы па маніторынгу культурнага супрацоўніцтва ў Балтыйскім рэгіёне была створана працоўная група «Жыццяздольныя гістарычныя гарады». Яе структура й абавязкі ўдзельнікаў былі заснаваны на сетцы, сфарміраванай Паўночна-балтыйскім супрацоўніцтвам драўляных гарадоў. Старшынства прыпадала на Нацыянальны камітэт па даўніне Фінляндыі сумесна з Нацыянальным камітэтам па спадчыне Эстоніі. Сябрамі арганізацыі сталі эксперты з нацыянальных ды рэгіянальных органаў па ахове спадчыны з Даніі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы ды Швецыі.
За прайшоўшы час было распрацавана пад наглядам ЮНЭСКА некалькі спецыяльных праграм па захаванні ды папулярызацыі драўлянай спадчыны. Яны прымаюцца ды ўвасабляецца ў жыццё ў гэтых краінах у цесным супрацоўніцтве з ІКАМОСам. Праграмы – нацыянальныя ды рэгіянальныя – падтрымліваюцца серыяй вялікіх тэматычных навуковых праектаў і правядзеннем адпаведных даследчыцкіх форумаў, што закранаюць праблематыку драўляных канструкцый у гарадской і сельскай мясцовасцях. Праблемы, што маецца вырашыць, самыя рознабаковыя – ад забеспячэння сацыяльнай падтрымкі захаванню да выпрацоўкі адпаведных тэхнічных кансервацыйных тэхналогій для драўніны. На выкананне праграм ЮНЭСКА выдаткоўвае велічэзныя грошы, большасць якіх прызначана рэгіёну Ўсходняй Еўропы.
Нарэшце, 7 верасня 2001 г. у Рызе ў выніку правядзення міжнароднага форуму кансерватараў была прынята агульная дэкларацыя «Драўляная архітэктура ў гарадах». Ужо прыгаданая Еўропа Ностра – агульнаеўрапейская федэрацыя аховы спадчыны – сабрала разам на той форум больш за 200 няўрадавых арганізацый, што займаюцца аховай спадчыны.
Улічваючы, што драўляная архітэктура і драўляныя гарады з’яўляюцца адным з найбольшых унёскаў Паўночнай Еўропы ў сусветную культурную спадчыну, канферэнцыя адзначыла, што драўляная архітэктура забяспечвае неабходную якасць жыцця ды пачуццё гісторыі ды ў пэўнай ступені дапамагае ў вызначэнні прыналежнасці гараджан да грамадзянскай супольнасці. Улічваючы таксама, што сучасная логіка развіцця гарадоў не забяспечвае ўзнаўленне традыцыйнай драўлянай забудовы, уважаючы на пільную неабходнасць мадэрнізацыі драўляных гарадоў ды паляпшэння якасці жыцця ў іх, але і прымаючы да ўвагі, што драўляная архітэктура ёсць вітальнай крыніцай для фарміравання гарадской ідэнтычнасці імкліва стандартызуючагася свету, форум яшчэ раз абвясціў відавочную неабходнасць падтрымкі народных традыцый з боку дзяржаўных органаў. Разам з тым падтрымка можа быць аказана і сусветнай супольнасцю, якая зацікаўлена ў захаванні культурных адрозненняў, тым больш што кожная дзяржава рэгіёну павінна разумець сацыяльныя і эканамічныя выгоды падтрымання драўлянага архітэктурнага сектару. Такім чынам, дэкларацыя была скіраваная да ўрадавых структур, няўрадавых арганізацый рэгіёну каб яны забяспечвалі падтрыманне традыцыі драўлянага будаўніцтва, а таксама прыкладалі высілкі да захавання наяўных прыкладаў драўлянай забудовы.
Не так даўно ў праблемы захавання драўлянай спадчыны паўсядзённага ўжытку ўключылася і Расія. У верасні 2006 г. у Петразаводску прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Забытая спадчына: як захаваць помнікі драўлянай архітэктуры Расіі». На тую канферэнцыю прыехалі дэлегаты з расійскіх дзяржаўных і няўрадавых устаноў, што займаюцца праблемамі культуры наогул і аховай спадчыны ў прыватнасці. Таксама былі госці з Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Польшчы, Украіны. На канферэнцыі абмяркоўвалі пытанні захавання гістарычнай драўлянай гарадской забудовы ды праблемы захавання помнікаў драўлянай архітэктуры ў расійскіх рэгіёнах, практычныя пытанні рэстаўрацыі, шляхі захавання сельскай традыцыйнай гісторыка-культурнай серады і г.д.
Нягледзячы на пазітыўныя дасягненні ў развіцці тэорыі спадчыны ў напрамку аховы драўлянай спадчыны, яшчэ не паўсюдна яна ахоўваецца належным чынам. Так, у Вільні да гэтага часу ў спісе аб’ектаў нерухомай спадчыны толькі 10 драўляных дамоў. Тое ж што адбываецца з драўлянай архітэктурай у Расіі ўражвае не толькі спецыялістаў, але і далёкіх ад спецыфічных навуковых тэмаў людзей. Так, летам 1997 г. у Архангельскай вобласці агнём быў знішчаны цудоўны архітэктурны ансамбль XVII–XIX стст. у сяле Верхняя Мудзюга – амаль адразу пасля заканчэння кансервацыйных работ Уваходаіерусалімская (XVII ст.) ды Ціхвінская (ХІХ ст.) цэрквы разам са званіцай (XVIII ст.) зніклі адна за адной на працягу двух гадзін пад час навальніцы. У верасні 2000 г. адбыўся пажар ля сценаў Новаіерусалімскага манастыра пад Масквой – ад замыкання электраправодкі згарэла царква Богаяўлення (XVII–XVIII стст.), перавезеная з сяла Сямёнаўскага Пушкінскага раёна. Найбольш свежая страта – у жніўні 2006 г. абрынуўся шмат’ярусны храм Раства Багародзіцы (1783 г.) у сяле Папоўка Валагодскай вобласці. Вельмі моцна непакояць пажары 2002 г. У розных месцах Расіі загінулі вядомыя там помнікі: у Якуцке згарэла вежа астрога (1683 г.), у Кастраме – Спаса-Прэабражэнская царква (1713 г.) з сяла Спас-Вежы, у Ніжнім Ноўгарадзе – царква Покрыва Маці Божай (1731 г.) з сяла Старыя Ключышы1…
Зразумела, што шэраговая драўляная забудова ў сельскай мясцовасці і ў гарадах ідзе пад знос масава і на Беларусі, і ў іншых усходнееўрапейскіх краінах, хаця нават на Беларусі існуюць добрыя прыклады яе аховы ў першародным функцыянальным выглядзе – маецца на ўвазе Заслаўль.
Цяпер паглядзім што ўсё ж такі можна рабіць з драўлянай сельскай ды гарадской забудовай.
Існуюць тры прынцыповых методыкі захавання драўлянай архітэктуры:
1. Захаванне аб’ектаў на месцы – in situ.
Як правіла, калі гаворка не ідзе пра ператварэнне канкрэтнага дома ці групы дамоў у музей, абмежаваць ахоўную актыўнасць толькі кансервацыяй немагчыма. Гэта натуральна, таму што драўляныя пабудовы працягваюць выкарыстоўвацца грамадзянамі ў жылых і гаспадарчых мэтах. Безумоўна, з часу свайго стварэння асабліва жылыя дамы да пачатку ХХІ ст. павінны былі перажыць значныя ўдасканаленні сваіх канструкцый: з’явіліся сучасныя прыбіральні, праводзіліся газ, вада, электрычнасць і г.д. Таму захаванне ў чыстым выглядзе – мала распаўсюджаная з’ява і хутчэй абстракцыя, бо нават музеефікаваныя дамы перажываюць некаторыя змены. Хутчэй тут можна гаварыць пра стратэгію «ўстойлівага развіцця», асабліва ў дачыненні да комплекснай забудовы.
Тут гродзенцам быў бы прыдатны вопыт ужо ўзгаданага драўлянага шведскага горада Хйо. Увесь час яго існавання – раней і цяпер – у ім будуюцца новыя дамы. Горад не застыў у часе, не з’яўляецца музеем і з цягам часу змяняецца. Аднак адміністрацыя лічыць вельмі важным каб тыя новыя пабудовы дакладна траплялі ў стылістыку, што захапляе ўсю навакольную мясцовасць з папраўкамі на новыя архітэктурныя тэндэнцыі ды наяўнасць сучасных матэрыялаў. Гараджан не заахвочваюць будаваць выключна копіі старых дамоў. Галоўнай адметнасцю кожнага індывідуальнага праекта з’яўляецца захаванне стылістычнага духу Хйо і прасоўванне яго далей у будучыню, дапаўняючы адзнакамі, дасягненнямі сучаснасці. Часцяком для пераабсталявання старых дамоў з пункту гледжання сучасных патрабаванняў выкарыстоўваюцца аўтэнтычныя матэрыялы і архітэктурныя дэталі. У канечным выніку мэтай з’яўляецца не толькі захаванне індывідуальных дамоў адметных сваім знешнім выглядам ці даўніной пабудовы, але захаванне цэлага горада як сістэмы ўзаемаадносінаў усіх яго элементаў.
Праблемай з’яўляецца тое як захаваць вялікую масу звычайных, «не вельмі прыгожых», жылых гаспадарчых пабудоў актыўнага штодзённага выкарыстання, што складаюць аснову ўсіх частак гораду і яго наваколля. Пры тым, што яны таксама з’яўляюцца аб’ектамі культурнай спадчыны, яны ніколі не змогуць быць ператвораны ў музеі. Шведскія архітэктары і праекціроўшчыкі ставяцца да захавання як да аднаго з многіх іншых бакоў планавання развіцця горада. Па-першае, пытанні захавання спадчыны заўсёды аналізуюцца пры распрацоўцы праектаў забудовы новых тэрыторый. Па-другое, планаваць развіццё асобных раёнаў прыходзіцца з улікам таго, што наяўная забудова не павінна быць знішчана ці перасунута. Згодна такому працоўнаму метаду адбываецца інтэлектуальнае нарошчванне гарадской масы пабудоў з прыцягненнем падтрымкі насельнікаў. Паступова прынцып захавання пачаў знаходзіць месца ў планах на забудову ды іншых гарадскіх дакументах.
Іншы, больш блізкі для Беларусі і больш супамерны для Гродна прыклад – захаванне драўлянай спадчыны ў Латвіі. Знакаміты балтыйскі курорт і фестывальны горад Юрмала з’яўляецца фактычна драўляным горадам. Амаль выключна драўляныя дамы стаяць на яго цэнтральнай пешаходнай вуліцы. У драўляных дамах месцяцца дарагія рэстараны і буцікі з вопраткай ад знакамітых фірм. Дамы пабудаваныя, безумоўна ў мясцовай стылістыцы, але некаторыя ўсё ж нагадваюць гродзенскія з Новага свету ці Завяршчызны. Амаль адсутнічаюць у іх шклопакеты, пластыкавыя дзверы, сайдынг, металапрофіль і г.д.
Унікальная драўляная архітэктура Рыгі з’яўляецца часткай прывабнасці горада таксама як і часткай гарадской ідэнтычнасці. Яна стала адной з галоўных прычынаў уключэння гістарычнага цэнтру Рыгі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, і па колькасці драўлянай забудовы Рыга займае першае месца сярод усіх еўрапейскіх сталіц. Напрыклад, на вул. Калнчыема там месцяцца 34 драўляныя дамы – унікальная калекцыя жылых пабудоў з другой паловы ХІХ ст. Большасць драўляных дамоў пабудаваная ў стылі позняга класіцызму з прадуманымі дэталямі ды ідэальнымі прапорцыямі, створаныя выбітнымі рыжскімі архітэктарамі свайго часу. Такі тып архітэктурнага ансамблю з’яўляецца досыць рэдкім у Еўропе, таму ўспрымаецца адказнымі ўстановамі рыжскай адміністрацыі ў якасці нацыянальнага скарбу. У другой палове ХХ ст. – у савецкія часы – драўляныя дамы на вул. Калнчыема былі нацыяналізаваны і большасць з іх ператварылася ў камунальнае жыллё. Нажаль сучасны тэхнічны стан гістарычных будынкаў на гэтай вуліцы ў большасці выпадкаў пакідае жадаць лепшага. На працягу мінулых 50 гадоў гэтыя будынкі так сама як і дзе заўгодна у Рызе ды Латвіі эксплуатаваліся не зважаючы на неабходнасць іх захавання. Для іх далейшага існавання горад цяпер павінен прыкласці вельмі шмат намаганняў, правесці вялікую кансервацыйную і рэстаўрацыйную працу.
Гэтым пытаннем займаецца не толькі Гарадскі савет Рыгі, але і няўрадавыя арганізацыі. Асноўнымі мэтамі іх дзейнасці з’яўляюцца:
- Рэстаўрацыя будынкаў на вуліцы.
- Рэвіталізацыя самой вуліцы і прылеглых тэрыторый, паляпшэнне інфраструктуры ды ўмоў пражывання насельнікаў.
- Актыўнае ўцягненне мясцовых жыхароў, фарміраванне іх лакальнай грамадскай супольнасці.
Гэтыя мэты адлюстроўваюць філасофію ўсяго праекту: узнаўленне будынкаў праводзіцца ў кантэксце сацыяльнага і гарадскога асяроддзя. Вопыт іншых заходніх краін, іншых падобных праектаў паказвае, што без удзелу ўрада ці мясцовага самакіравання рэнавацыя драўляных дамоў застаецца прэрагатывай адно заможных гараджан. У выніку горад атрымоўвае шматслойнае аблічча адпаведна матэрыяльнаму стану домаўладальнікаў. Змяшанае сацыяльнае асяроддзе памяншае сацыяльную талерантнасць ды звычайную прывабнасць суседства. Вось чаму праект рэнавацыі вуліцы прадугледжвае вялікія матэрыяльныя субсідыі для сучасных бедных уладальнікаў. Але і заможнаму прыватнаму і дзелавому сектару Рыгі будзе таксама дадзена магчымасць прыняць удзел у рэнавацыі вуліцы.
Зусім нядаўна ў Інтэрнэце прамільгнула паведамленне пра планы рыжскай адміністрацыі па рамонту драўлянага дома на вул. Красатаю, на што плануецца выдаткаваць 805 тыс. еўра. Плануецца, што работы скончацца да 2011 г. Дом, што належыць гарадскому самакіраванню, быў пабудаваны ў 1896 г. і нядаўна перажыў пажар. У раёне забудовы месцяцца ў асноўным драўляныя танныя хаты, што былі прызначаны для пражывання рабочых і ніколі раней не лічыліся помнікамі. Сітуацыя змянілася ў 2001 г. пасля правядзення адпаведнай канферэнцыі, пра якую гаворка ішла вышэй. Дзякуючы такому рашэнню гарадскія ўлады атрымоўваюць ад Еўразвязу фінансаванне на ўтрыманне ды ўзнаўленне запусцелых аб’ектаў. Вось і ў дадзеным выпадку 80 % (644 тыс. еўра) ад усёй сумы вылучае Нарвегія праз структурныя фонды Еўразвязу, а на дзель Рыжскай думы застаецца толькі 20 % (161 тыс. еўра)2.
На апісанне методыкі захавання аб’ектаў на іх першапачатковым месцы мы адвялі так шмат месца ў артыкуле менавіта таму што яна з’яўляецца асноўнай па распаўсюджанасці і самай эфектыўнай, прыносіць больш за ўсё карысці непасрэдна будынкам, іх жыхарам, насельнікам горада наогул.
2. Захаванне шляхам пераносу аб’екта на новае месца.
Як правіла такі варыянт вырывае аб’ект з яго натуральнай серады і выкарыстоўваецца пры стварэнні музеяў народнай архітэктуры ці т.зв. скансэнаў (музеяў старажытнага народнага побыту, першы з каторых – менавіта той самы Скансэн быў створаны А. Хазэліусам яшчэ ў 1891 г.).
Беларускі вопыт пераносу драўляных пабудоў не такі вялікі: ён уключае бадай толькі стварэнне Музею старажытнабеларускай культуры ў Строчыцах ды асобныя пераносы драўляных хат у Заслаўлі, млына ў Дудутках. Але замежны вопыт куды больш шырокі і можа быць скарыстаны гродзенцамі.
Так, у параўнальна невялікіх краінах – Нарвегіі ды Фінляндыі ўжо да 1970-х гг. існавалі каля 300 й 200 музейных устаноў падобнага тыпу. На ўсю вялізную Расію сёння існуе каля 20 музеяў народнай архітэктуры (але ўсё роўна гэта ў 20 разоў больш чым у Беларусі). Першы савецкі музей народнай архітэктуры ў былым падмаскоўным сяле Каломенскае пачаў фарміравацца ў 1927 г., калі архітэктар-рэстаўратар П.Д. Бараноўскі перавёз туды так званую медаварню. За гады, што прайшлі з тае пары кардынальна быў зменены прынцып складання экспазіцыі гэтых музеяў: ад архітэктурнага – да архітэктурна-этнаграфічнага, гэта значыць ад монатэматычнага – да комплекснага, аж да дэманстрацыі народнай культуры ў цэлым, як матэрыяльнай, так і духоўнай.
Тэхналогія стварэння музея народнай архітэктуры і побыту складаецца з некалькіх этапаў: па-першае, выпрацоўка канцэпцыі музея, вызначэнне яго місіі, мэтаў і задач дзеяння, вызначэнне неабходных людскіх ды матэрыяльных рэсурсаў, падрыхтоўка неабходных спецыялістаў; па-другое, вызначэнне месца стварэння музея, аналіз яго сітуацыйнага становішча, добраўпарадкаванне. Лепш за ўсё за аснову будучага музея браць рэальна наяўную жылую прастору, а не рабіць гэта ў адкрытым полі. Цудоўна, калі на музеефікаванай тэрыторыі сапраўды захаваліся аўтэнтычныя аб’екты народнай архітэктуры. Як паказвае сусветны вопыт інтэграцыя мясцовых жыхароў у працу музея праходзіць даволі лёгка, бо дзейнасць музея паляпшае матэрыяльнае становішча насельніцтва, дае ім перспектыву развіцця ўласнага дабрабыту, напаўняе гонарам за старажытныя мясцовыя традыцыі. Трэці этап – гэта насычэнне абранай прасторы неабходнымі экспанатамі ў выглядзе перанесеных пабудоў, што шукаюцца ў населеных пунктах па ўсім рэгіёне. Выбраны аб’ект драўлянай архітэктуры дасканала вывучаецца, потым з дапамогай спецыяльнай тэхналогіі разбіраецца на складаючыя элементы і на новым месцы збіраецца такім жа чынам, як і да пераносу. Пры гэтым максімум сучаснага ўнёску ў драўляную матэрыяльную структуру канструкцыі складаюць некалькі новых цвікоў ці некалькі новых (але адпаведным чынам апрацаваных) дошак наўзамен прагнілым. У астатнім жа аб’ект не губляе ніводнай аўтэнтычнай рысы. Працэс насычэння музея архітэктурнымі экспанатамі адбываецца згодна з распрацаванай канцэпцыяй і можа працягвацца ледзь не да бясконцасці.
Сёння падобны музейны цэнтр павінен мець складаную структуру, уключаць у сябе розныя зоны. Эканомія часу патрабуе кампактнага сумяшчэння ды гнуткай прасторавай узаемасувязі аб’ектаў, што раней ніколі не сумяшчаліся. Так музейны комплекс здолее прадстаўляць сабой не толькі шэраг асобна стаячых будынкаў, якія маюць унутраныя функцыі, але з’яўляцца складанай сістэмай супадпарадкаваных выстаў, экспазіцый – музеем як знутры, так і звонку. Вялікая навала людзей зробіць рэнтабельным размяшчэнне ў дадзеным месцы аб’ектаў гандлю, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, інфармацыйных цэнтраў. Тут жа павінны знаходзіцца стаянкі для транспарту. Такі цэнтр павінен уяўляць сабой не толькі стацыянарную прасторавую структуру, якую насельніцтва наведвае эпізадычна, але развіты шматфункцыянальны культурна-рэкрэацыйны цэнтр грамадскага прызначэння. У аснову арганізацыі ды функцыянавання музейнага цэнтру павінны быць пакладзены вольныя зносіны паміж людзьмі. Патрэбна даць магчымасць наведвальніку праводзіць там час максімальна зручна.
3. Захаванне інфармацыі пра аб’ект.
Апошняя методыка прыдатная тады, калі вартасць аб’екта невысокая і магчымасць для захавання ці пераносу адсутнічае. Увогуле інфармацыя пра аб’ект вельмі важная ў любым выпадку проста таму, што яна ўносіць удакладненні ў нашы агульныя веды пра драўляную забудову. Драўляныя дамы вельмі лёгка могуць быць знішчаны з-за пажару ці кепскай эксплуатацыі. Але пакінутая інфармацыя дазваляе ўзнавіць абрысы будынку ці паўтарыць некаторыя яго элементы. Дэталёвае даследаванне (фотафіксацыя, дэталёвы абмер, захаванне ўзораў матэрыялу, высвятленне будаўнічай тэхналогіі і наяўнасці асобных будаўнічых элементаў) вельмі важнае для інфармацыйнага захавання аб’екту. Часткі знесеных дамоў могуць захоўвацца займаючы пачэснае месца ў экспазіцыі напрыклад музеяў народнай архітэктуры.
Па якім жа шляху павінен пайсці гродзенскі Новы свет?
На наш погляд у Гродна ёсць усе падставы для ажыццяўлення свайго, непадобнага да іншых арыгінальнага сінтэтычнага праекту, які здолеў бы вывесці горад на сур’ёзны еўрапейскі ўзровень па стаўленню да драўлянай спадчыны (галіна гэта, як можна заўважыць з прыведзеных матэрыялаў досыць маладая і яшчэ адкрытая да новых тэарэтычных і практычных навацыяў). Акрамя таго праз вырашэнне пытання Новага свету маглі б быць вырашаны і некаторыя іншыя гарадскія праблемы сацыяльнага, эканамічнага, экалагічнага характару.
Сінтэтычны шлях заключаецца ў сумяшчэнні праектаў па рэвіталізацыі, кансервацыі і інтэрпрэтацыі гэтага раёну.
Рэвіталізацыя: забеспячэнне ўсіх жылых дамоў раёна неабходнымі гарадскімі выгодамі; стварэнне нармальнай інфраструктуры – здача асобных дамоў у арэнду пад крамы, прадпрыемствы харчавання ды абслугоўвання, культурныя ўстановы; абсталяванне некалькіх зонаў адпачынку – спецыяльнае дэкаратыўнае пакрыццё ходнікаў, дэкаратыўныя лавы, трохузроўневае азеляненне (дрэвы, хмызняк, газоны), месцы для гульняў малых дзяцей, абмежаванне ўезду прыватнага транспарту. Абавязкова неабходна захаваць вялікі адсотак жылога фонду ў раёне. Для ажыццяўлення праекту рэвіталізацыі распрацоўваецца спецыяльны інвестыцыйны план, робяцца падатковыя зніжкі, прыярытэтнае права на гаспадарчую ініцыятыву аддаецца мясцовым жыхарам.
Кансервацыя: уключэнне тэрыторыі раёну ў ахоўную зону гістарычнага цэнтра Гродна; дэталёвае вывучэнне, фіксацыя кожнага архітэктурнага аб’екту; вытлумачэнне ўладальнікам дамоў правілаў ахоўнай эксплуатацыі ды далейшы нагляд за выкананнем даведзенага; граматны рамонт фасадаў з ухіленнем недарэчных варожых гістарычнаму асяроддзю элементаў. Усе пералічаныя мерапрыемствы ажыццяўляюцца часткова за кошт уладальнікаў дамоў, часткова за кошт дзяржаўнай субсідыі.
Інтэрпрэтацыя: насаджэнне ў раёне малых архітэктурных элементаў у стылі гістарызму, размяшчэнне тлумачальных стэндаў, інфармацыйных таблічак на фасадах дамоў ці побач з імі, распрацоўка экскурсійных маршрутаў па раёне, правядзенне там культурных мерапрыемстваў (для гэтага можна стварыць на тэрыторыі асобны культурна-асветны цэнтр «Новы свет», які будзе праводзіць працу ў інтэрпрэтацыйным напрамку, адначасова з’яўляючыся месцам баўлення вольнага часу для дзяцей і моладзі). Для гэтага неабходна выдзяленне аднаго будынка (ці аднаго паверху) непасрэдна ў Новым свеце з невялічкім штатам гісторыкаў і педагогаў (напрыклад, 4 чалавекі).
Нарэшце, элементы музеефікацыі. Шчыра кажучы, мы не ўпэўнены ў мэтазгоднасці ператвараць увесь Новы свет у адзін вялікі музей пад адкрытым небам, у Скансэн ці Строчыцы. Занадта ўтапічным падаецца такі праект, хаця калі б гарадская адміністрацыя знайшла сродкі на яго ажыццяўленне, мы асабліва не пярэчылі б. Тым ня менш, драўляную гарадскую прастору ў пэўных межах гэтага раёну было б мэтазгодна ўзбагачаць шляхам перанясення на вольныя месцы (якіх там цяпер шмат) або наўзамен неаўтэнтычных пабудоў драўляных дамоў з іншых раёнаў горада. Сапраўды, праблему Новага свету неабходна трактаваць больш шырока ў тым сэнсе што гэта не адзінае месца нашага гораду дзе можна пабачыць добрую гарадскую драўляную архітэктуру. Цудоўныя двухпавярховыя маляўнічыя дамы знаходзяцца таксама на вул. Савецкіх пагранічнікаў (там іх пачынаюць ужо бурыць), Дзяржынскага, на Завяршчызне і г.д. Цалкам відавочна, што даволі хутка горадабудаўнічыя планы нашых кіраўнікоў пачнуць закранаць і іх. Не спрабуючы бегчы наперадзе паравоза, адзначым, што па меры неабходнасці найбольш выбітныя з тых будынкаў можна было б рупліва пераносіць на новае месца. Менавіта ў Новы свет, з захаваннем функцыянальнасці. Тым самым вырашаліся б адразу некалькі задачаў: вызвалялася б месца ў «каменным» цэнтры горада (на сённяшні дзень такой праблемы яшчэ няма, але яна з’явіцца на працягу наступных 10 гадоў), захоўваліся б добрыя прыклады гарадской драўлянай архітэктуры, павялічвалася б кампазіцыйная, стылістычная ды гістарычная (музейная) вартасць раёна Новы свет. Практыка музейнага пераносу сведчыць, што ў адрозненне ад цагляных драўляныя дамы пераносіць можна (не па бярвенцу, але па асобных канструкцыйных элементах), максімальна захоўваючы аўтэнтычную структуру. Адначасова рэалізуецца рамонтная, узмацняльная, кансервацыйная і рэстаўрацыйная функцыі. Кожную вёску захоўваць у трывалым гістарычным стане проста немагчыма (ды і непатрэбна), але буйны горад можа дазволіць сабе такую раскошу.
Пры рэалізацыі комплекснага праекту, складзенага хаця б часткова на аснове дадзеных прапаноў наш горад атрымаў бы новы драўляны цэнтр з маляўнічымі жылымі дамамі (калі хочаце, элітнымі), дзелавой ды культурнай актыўнасцю, непаўторнай, якой больш нідзе на Беларусі няма, гістарычнай атмасферай. Акрамя таго, ва ўмовах штогадовага павелічэння аўтамабільнага трафіку ў горадзе раён працягваў бы як і цяпер быць разам з паркам ім. Жылібера лёгкімі горада. Ужо не кажучы пра псіхалагічныя ды сацыяльныя выгоды жыхарам ад валодання ўласнай невялічкай хаткай.
На сённяшні дзень можна канстатаваць, што ў Гродна гарадская драўляная забудова захавалася добра, прычым не ў якасці музея, але як жывы арганізм. Драўляны дом – гэта экалагічнае жыллё з натуральным кліматычным кантролем, як правіла – у акружэнні буйнай зеляніны. Шмат дзе (і у Новым свеце таксама) захаваўся сядзібны тып гаспадаркі.
У такіх асяродках працягваюць існаваць некаторыя элементы гарадской архітэктуры, што на некаторы час выйшлі з арсеналу архітэктараў, але цяпер гэтыя гарадскія драўляныя раёны маглі б быць крыніцай ідэяў для маладых спецыялістаў. Гаворка тут ідзе галоўным чынам пра планіроўку раёнаў і асобных будынкаў, ідэю суразмернасці іх чалавеку, шчыльнасць забудовы. У старых драўляных гарадах адчуванне раўнамернай забудовы ўзмацняецца не толькі дзякуючы самім дамам, але і пышнай зеляніне і выкарыстаннем агароджаў, гаспадарчых прыбудоў. Галоўным чыннікам тут з’яўляюцца асаблівасці самае драўніны, як будаўнічага матэрыялу, што прымушае пабудовы да суразмернасці чалавеку. І менавіта ў гэтым адна з найбольш сталых прыкмет традыцыйнасці забудовы, бо калі канцэпцыя горада і архітэктурныя стылі ўвесь час мяняліся, памер самога чалавека заставаўся ранейшым, таксама як і чалавечыя патрэбы ды адчуванні. У драўлянай спадчыне значэнне мае любая будаўнічая дэталь, што стварае аб’ект (спосаб стыку бярвення, канструкцыя перакрыццяў і даху – ва ўсім гэтым крыюцца прыкметы традыцыйнага нацыянальнага цяслярства). Фактычна драўляныя дамы ў нашым горадзе – гэта тая сапраўды беларуская архітэктурная спадчына, якой у горадзе пры дасканалым аналізе нашай забудовы ня так і шмат. Ліквідаваную драўляную спадчыну немагчыма аднавіць больш ніколі.
Вельмі важна змяніць адносіны грамадства да драўлянай спадчыны, дапамагчы зразумець яе каштоўнасць ды новыя магчымасці для выкарыстання. Драўляная архітэктура застанецца толькі калі будзе прынята грамадствам і ў асаблівасці моладдзю.
1 Шургин И. О деревянном архитектурном наследии в России. http://magazines.russ.ru/vestnik/2004/11/sh37-pr.html
2 Реставрация деревянного дома в Риге обойдется в 800 тысяч евро. http://realty.lenta.ru/news/2008/06/13/riga/
Вярнуцца да тэксту
-
Катэгорыя: Ідэі для горада
-
Апублікавана 16 Красавік 2009
Апошняе
- Свяцк Валовічаў: мінулае, сучаснасць, перспектывы
- Андрэй Шулаеў. ГІСТОРЫКА-АРХІТЭКТУРНАЕ АБГРУНТАВАННЕ АДНАЎЛЕННЯ КАНСТРУКЦЫІ ГАЛОЎНАГА ЎВАХОДУ Ў КАРАЛЕЎСКІ ПАЛАЦ 2-Й ПАЛОВЫ XVI – 1-Й ПАЛОВЫ XVII СТСТ. У АНСАМБЛІ СТАРОГА ЗАМКА Ў Г. ГРОДНА
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 4
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 3
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 2
- Гісторыя вяртання цела караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Беларусь. Частка 1
- Аповед старых камяніц. вул. Валковіча № 23
- Duch i chłopiec z byłej Kolonii Oficerskiej
- Dawny Bank Polski – ciekawy wzór architektuty funkconalistycznej