Мядзёлка Паўліна Вінцэнтаўна 12(24).09.1893 – 13.02.1974
старшыня Грамады беларускай моладзі, адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі па п’есе Я. Купалы, арганізатар дзіцячых прытулкаў, беларускіх школ
Літ. псеўд.: Паўлінка
Жонка Т. Грыба. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Вільні ў 1912 годзе і Пецярбургскія вышэйшыя камерцыйныя курсы ў 1914 годзе. Адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў пастаноўцы п’есы Я. Купалы. Сябра Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні. З восені 1916 года сакратар Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны ў Петраградзе. У 1917 годзе працавала ў аддзеле дапамогі ахвярам вайны пры Кіеўскім Саюзе гарадоў. Займалася арганізацыяй дзіцячых прытулкаў. Удзельнічала ў падрыхтоўцы Беларускага з’езду ў Кіеве. У кастрычніку 1917 года арганізавала беларускую школу ў в. Жорнаўка Ігуменскага павета. З сакавіка 1918 года настаўнічала ў Мінску, у в. Мядзведзічы Слуцкага павету. Удзельнічала ў пастаноўках І-га таварыства беларускай драмы і камедыі. Сябра БПС-Р. Прымала ўдзел у з’ездзе ЦБРВіГ 9-10 чэрвеня 1919 года ў Вільні. З пачатку 1920 года кіраўнік жаночай беларускай школы ў Мінску. У маі 1920 года за ўдзел у антыполскім падполлі была арыштавана польскімі ўладамі і вывезена ў Польшчу. У лютым 1921 года нелегальна выехала ў Літву. Удзельнічала ў сходзе замежнай групы БПС-Р у Коўне 7 ліпеня 1921 года. Брала ўдзел у выданні антыпольскай агітацыйнай літаратуры. З восені 1921 года ў Берліне. Працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве. Дэлегат на беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе 26-30 верасня 1921 года. З 1922 года ў Латвіі. Выкладала ў беларускай гімназіі ў Дзвінску. 13 чэрвеня 1924 года была арыштавана латвійскімі ўладамі за “падрыўную дзейнасць”, аднак, пазней апраўдана судом. 19 мая 1925 года ад’ехала з Рыгі ў Мінск. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульта. У 1927-1930 гадах выкладала ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1930 годзе была арыштавана і выслана за межы Беларусі. З 1932 года выкладала ў маскоўскай школе. З 1947 года настаўнічала ў Будславе. У 1966 годзе ёй было прысвоена званне Заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
Жыла ў Гродне з чэрвеня 1919 года па пачатак студзеня 1920 года. Была прызначана ЦБРВіГ інструктарам беларускіх школ на Гродзенскі павет, па другіх звестках – памочнікам кіраўніка народнай асветы. Выкладала беларускую мову на курсах для афіцэраў былога 1-га Гродзенскага беларускага палка. Намеснік старшыні ІІ-га беларускага настаўніцкага з’езду Гродзеншчыны 6 ліпеня 1919 года, дзе выступіла з дакладам аб “метадзе навучэння ў роднай мове”. Магчыма, удзельнічала ў канферэнцыі БПС-Р, што адбылася адначасова са з’ездам. Як карэктар гродзенскай беларускай газеты “Родны край” атрымала 16 ліпеня 1919 года позву з’явіцца да следчага Ю. Дамбровы ў суд па справе надрукаванага напярэдадні ў газеце антыпольскага артыкулу “Правам ці мячом”. 20 ліпеня 1919 года была арыштавана польскімі ўладамі. У сваёй кнізе “Сцежкамі жыцця” П. Мядзёлка адзначала, што на яе ліст да гродзенскіх сяброў, прынесці ў турму бялізну і вопратку, ніхто не адгукнуўся. Паводле ўспамінаў Я. Антонава ў турме да жанчын, наогул, адносіліся лепей. “Мядзёлка прахаджвалася ў гародзе за домам, - пісаў Я.Антонаў, - атрымлівала абеды з клубу [“Беларуская хатка”], чытала ўволю газеты і кнігі, курыла папяросы, якімі часта і нас надзяляла ў часе нашай праходкі па кругу, кідаючы іх са свайго вакна. Перад ёю мы грэшныя; мы зайздросьцілі яе турэмнаму шчасцью”. 14 кастрычніка 1919 года П. Мядзёлка была абрана старшынём Грамады беларускай моладзі, узначаліла яе драматычную секцыю. Выступала ў якасці рэжысёра, паставіўшы за кароткі час больш за дзесятак п’ес, у тым ліку: “Паўлінку”, “Міхалку”, “Маньку”, “Страхі жыцця”, “Пашыліся ў дурні” і інш.. Восенню 1919 года адказвала за грошы на фінансаванне Грамады і настаўніцкага саюзу, якія атрымлівала ад А. Луцкевіча з Варшавы. «Паночку! – Зварочвалась яна ў сваім лісце да А. Луцкевіча 22 кастрычніка 1919 года. - Як рабіць і што з грашыма? …Справа вось у чым. Да гэтуль я выдавала на ўсё што патрэба па сваёй увазе, выдаткі рабіла і на Грамаду моладзі і Вучыцельскага саюза вучыцелям давала невялічкую падмогу – словам аплачвала ўсе рахункі сама – не дзелячы атрыманых на асобныя арганізацыі. Але, бачыце, ёсць некаторыя тыпы, каторыя з умысла хочуць унясці разлад у нашай працы і ў дабавак за шмат лішняга знаюць праз наіную шчырасць другіх. І вось такія тыпы жадаюць даць ім адчот, бо ўважаюць, што гэтыя грошы прызначаны былі для адной арганізацыі. Дзеля гэтага шчыра Вас прашу выясніць мне, ці я часам не рабіла памылкі… Будце ласкавы напішыце, што вы не прызначалі (даючы мне) на асобныя арганізацыі, а на агульную справу і што адчот я даю толькі таму, ад каго атрымліваю грошы, а не першым-лепшым каторыя цікавіцца». У сваёй кнізе «Сцежкамі жыцця» прысвяціла гродзенскім падзеям асобны раздзел.
У Гродне жыла па адрасе: вул. Палявая, 8.
Поўны спіс імёнаў
Апошнія каментарыі:
|
|
sajtawik! A czy chciałbyś, bu o Tobie mówili: ruski, czy białoruski - wszystko kacapy!? Przypuszczam, że NIE. Twoje porównanie Polaków do Rosjan wynika po prostu z marnej wiedzy historycznej i głowy naładowanej sowiecką propagandą. Życzę Ci powodzenia, bo przypuszczam, że na rzeczową dyskusję jeszcze za wcześnie... |
|
|
Prosze Pana (czy terz Panni) ostatniego komentatora zobaczyc rze te slowa pohodza z gazety 1920 roku wydania. TO JEST CYTATA. Prosze czytac texty uwarznej. Ale co sie tyczy moih pogladow na sprawie to jestem z ta cytata zgodny, malo co sie zmienilo. Dla mnie co polak, co moskal. |
|
|
"У Горадні бушавала польская чорная сотня, каторая, карыстаючыся з прыходу немцаў, захацела спалянізаваць гэтае спрадвечнае беларускае места і з гэтай мэтаю натужала ўсе свае сілы". Autorowi tego tekstu proponuje terapię w oddziale zamkniętym, albo od razu operację ucisku na mózg. Większych bzdur chyba nikt nigdy nie napisał. Okazuje się, że tak jak w czasach Orzeszkowej, tak i teraz NIC nie warto robić dla tak zwanych Białorusinów, bo i tak na koniec 'sviadomyja' kopną cię w tyłek. |
Праглядзець усе выказванні (Усяго 8)
|
|