МГА Гісторыка

РЭКАНСТРУКЦЫЯ

Аналітыка
У прэсе
Фотахроніка
Горадня заўтра

ГІСТОРЫЯ

Галерэя
Слаўныя імёны
Бібліятэка

 

Гасцёўня
Статыстыка
Апошнія каментарыі
Альтэрнатыва
Каложа
Савецкая пл.
Савецкая вул.
Стары мост
Транспартная сістэма
Замкі
Новы Свет
Канструктывізм
Парк Жылібера
Гарадніца
Археалогія
Грамадская актыўнасць
Замежны вопыт
Экалогія

Пошук па сайце

Google

Ігар Чарняўскі: Ні адно з рашэньняў па гістарычным цэнтры Горадні не прымалася ў абыход закону
Наша Ніва, 18 кастрычніка 2007 года

Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі адгукнуўся на зьяўленьне на гарадзенскім сайце harodnia.com сьпісу і фотаздымкаў тых дамоў, што патрапілі пад сумнавядомую «рэканструкцыю» на працягу апошніх двух гадоў. Сп. Чарняўскі адказаў на пытаньні карэспандэнта НН.

Наша Ніва: Які лёс чакае гарадзкое асяродзьдзе ў гістарычным цэнтры Горадні, і, у прыватнасьці, лёс аб’ектаў з гэтага сьпісу, якія яшчэ не зруйнавалі?

І.Ч.: Існуе горадабудаўнічы дакумэнт — Генэральны плян гораду, які ніхто, незалежна ад вышыні займаемай пасады ня мае права парушаць. Гаворачы пра разьвіцьцё гораду, трэба кіравацца прынцыпамі, закладзенымі ў Генпляне. Акрамя таго, на падставе яго распрацоўваецца дэталёвы плян, дзе літаральна да апошняга будынку прасочваецца разьвіцьцё забудовы. Гаворачы пра гарадзкое асяродзьдзе, памылкова думаць, што на месцы разабраных аварыйных будынкаў, абавязкова набудуюць гмахаў. Для кожнага гістарычнага аб’екту распрацоўваецца праект ахоўнай зоны, у якім асобна вызначаюцца зона аховы самога помніка, зона рэгулюемай забудовы, зоны аховы ляндшафту і культурнага слою. Для кожнай зь іх прапісваюцца рэжымы іх утрыманьня, дзе гаворыцца, якой вышыні, памераў і характару будзе будаўніцтва. Для гістарычнага цэнтру Горадні ў складзе дэталёвага пляну інстытутам горадабудаўніцтва таксама распрацаваная ахоўная зона. На аснове гэтага дакумэнта ўсе дзеяньні ў цэнтры і ажыцьцяўляюцца. У сваёй працы спэцыяліст па ахове гістарычнай спадчыны пры аблвыканкаме Вольга Мацко, і мы таксама, актыўна выкарыстоўваем плян рэгенэрацыі, які быў распрацаваны яшчэ ў 80-я гады. Там пазначаныя ўсе гэтыя дамкі, што патрабуюць аховы, або падлягаюць рэканструкцыі, ці ўвогуле ідуць пад знос.

Наконт сьпісу. Пачнём з таго, што далёка ня ўсе прадстаўленыя ў ім аб’екты адносяцца да помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, дом на Багдановіча,6 не належыць да гэтай катэгорыі, больш за тое — ён разьмешчаны па-за ахоўнай зонай гістарычнага цэнтру. Тое ж датычыць і Віленскі завулак. Вялікую дыскусію выклікаў дом на Горкага, 26. Ён знаходзіўся па-за зонай аховы рэгуляванай забудовы 2-й катэгорыі, ня меў статусу помніка гісторыка-культурнай спадчыны. Кажуць, што гэта вельмі цікавы ды адметны ўзор канструктывізму. Сапраўды так, але ў той жа Горадні ёсьць ня менш цікавыя і будынкі.

НН: Але ці была такая ўжо пільная патрэба яго зносіць?

І.Ч.: Праектам Генэральнага пляну прадугледжана разьвіцьцё транспартнай разьвязкі ў гэтым месцы і ён акурат трапляў у зону будаўнічых работ. Над праектамі Генэральнага і дэталёвага плянаў працавалі дзесяткі высокакваліфікаваных спэцыялістаў, ня верыць якім рука не падымаецца. Вуліца Парахавая не знаходзіцца ў гістарычным цэнтры.Былая фабрыка матацыклаў на Карла Маркса: на фотаздымку відно, што фасад складзены зь сылікатнай цэглы, якую пачалі вырабляць па вайне. Распрацоўваў гэты праект адметны архітэктар Шайко. На Найдуса,1 сапраўды сёньня ідзе разборка фасаду. Лёс гэтага будынку незайздросны — увесь час зьмяняліся гаспадары, работы па аднаўленьні то пачыналіся, то прыпыняліся. У выніку ўсе сьцены аж да падмуркаў апынуліся ў шчылінах. Як захаваць такі дом? Была падрыхтаваная якасная дакумэнтацыя, паводле якой дадаткова будзе зробленае аднаўленьне з выхадам на вул. Савецкую страчанай часткі гэтага будынку. Можна спрачацца, якімі мэтадамі карыстацца ў такіх выпадках, але ў дадзеным выпадку прыменены менавіта такі падыход, з улікам таго, што гэты будынак цалкам будзе адноўлены. Урыцкага,12, таксама праца сп. Шайко. Хто сказаў, што гэты кавалачак будынку будзе зьнесены? Ён у дрэнным стане, але будзе адноўлены аб’ём страчанай яго часткі, які ўключаць у агульны. Урыцкага, 23. Трэба было чакаць пакуль ён сам абваліцца? Тарцовую сьцяну выпучыла, бо яна ня вытрымала надбудовы. Мы адмовілі ў зносе, пакуль не было распрацаванае праектнае абгрунтаваньне таго, што зьявіцца на гэтым месцы. Да кожнага пункту з гэтага сьпісу ёсьць сваё абгрунтаваньне. Нагадаю, што ня ўсе з гэтых будынкаў, нават тыя, што знаходзіліся ў гістарычным цэнтры, валодалі адметнасьцямі, вартымі наданьня статусу гістарычнага помніка.

НН: А які лёс будынку на Сацыялістычнай, 44?

І.Ч.: Разглядаюцца матэрыялы па ацэнцы яго кошту, з тым, каб выставіць будынак на аўкцыён, каб новы яго ўласьнік правёў рэканструкцыю з рэстаўрацыяй, захаваўшы цалкам гэты будынак. Адзінае, што пакуль няма інвэстара, які б выкупіў яго цалкам, таму мяркуецца, што ўласьнікаў будзе некалькі.

НН: Ёсьць меркаваньне, якое выказвалася і на harodnia.com у тым ліку, што Генплян быў парушаны, у прыватнасьці гэта датычыць этапнасьці выкананьня яго палажэньняў датычна стварэньня аб’язных шляхоў дзеля вываду транспарту з гістарычнага цэнтру…

І.Ч.: Генплян ня мае канчаткова зацьверджанага парадку рэалізацыі. Грунтуецца гэты парадак у першую чаргу зважаючы на наяўнасьць інвэстыцый. Канечне, Міністэрства культуры ва ўсіх сваіх заключэньнях настойваем на тым, каб спачатку забясьпечыць адвод транспарту зь гістарычнага цэнтру, а ўжо тады займацца транзытнымі вуліцамі. Але пакуль па эканамічных прычынах у гарадзенскіх уладаў не стае сродкаў, каб выканаць некаторыя работы па стварэньні аб’езду, аднак пэўныя захады робяцца. Калі не памыляюся, то цяпер працуюць з вуліцай Падольнай, Гараднічанкай. Гэты дублёр Вялікай Траецкай быў, дарэчы, прадугледжаны папярэднім і сучасным Генплянам. Іншая справа, што мы пакуль не разглядалі адпаведную дакумэнтацыю, таму далі заўвагу, каб нам яе прадставілі. Неабходна вызначыць, у якой ступені гэты праект паўплывае на гарадзкі ляндшафт.

НН: Гэта той самы праект, што прадугледжвае пабудову дарогі паверх русла Гараднічанкі?

І.Ч.: Ёсьць некалькі варыянтаў, але пакуль цяжка сказаць які зь іх выбера «Горадняграмадзянпраект». Цяпер яны рыхтуюць праектную дакумэнтацыю, якую паводле закону маюць прадставіць нам на ўзгадненьне.

НН: Ці былі выяўлены ў часе рэканструкцыі гістарычнага цэнтру парушэньні заканадаўства ў сфэры аховы помнікаў і ці прыцягнулі кагосьці да адказнасьці?

І.Ч.: У часе працы на Савецкай плошчы не былі забясьпечаныя ўмовы для працы археалягаў, у выніку чаго частка культурнага слою была пашкоджаная. Міністэрства культуры адпаведна закону падрыхтавала прадпісаньне на адрас заказчыка і выканаўцы працаў. Наш спэцыяліст разьбіраўся на месцы. Пасьля таго, як НІІ»Горадняграмадзянпраект» быў падкарэктаваны праект, з тым, каб не пашкодзіць тыя каштоўныя рэшткі пабудоў — падмуркі палацу Радзівілаў, ратушы, гандлёвых радоў, працы на плошчы былі працягнутыя. Спэцыяльна да адказнасьці нікога не прыцягвалі. Улічылі тое, што гарадзкімі ўладамі, заказчыкам і выканаўцам былі своечасова прынятыя меры па выпраўленьні сытуацыі. Быў запрошаны археоляг Генадзь Семянчук, якому Міністэрства культуры дапамагло атрымаць дазвол на правядзеньне адпаведнай працы, бо ён меў запазычанасьць.

Часам гавораць, што ў часе працаў былі пашкоджана, ці зруйнаваныя рэшткі будынкаў, то я шчыра скажу: хутчэй — не. Наконт брукаванкі. Яна не такая старажытная, да ўсяго залітая асфальтам. Каштоўнасьць яе была б вышэйшай, калі б яна была на паверхні, як на вул. Савецкай. Сёньня аднаўляць брук на тых месцах, дзе ён быў раней, няма сэнсу. Магчыма, калі будзе праведзеная рэгенэрацыя плошчы, калі ўзьнікне пытаньне аднаўленьне аб’ёму палацу Радзівіла, ратушы і г.д., тады адпаведнае абнаўленьне можа і зробяць. У сусьветнай практыцы пры аднаўленьні гістарычных цэнтраў выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія аднаўляюць характар гістарычнай забудовы, у тым ліку і плітка. Але хіба ня так, як у нас, калі ўсё засьцілаецца дробнага памеру пліткай. Трэба практыкаваць камбінаваньне памераў, канфігурацыі і колераў. Паглядзім, што атрымаецца на вуліцы Савецкай, якой займаецца архітэктар Аляксандар Захарчук. Ён падрыхтаваў вельмі якасную дакумэнтацыю, як, дарэчы і для рэканструкцыі Савецкай плошчы. Іншая справа, калі дайшло да рэалізацыі, не абышлося без шматлікіх зьменаў.

НН: Высеклі сквэр дашчэнту…

І.Ч.: Мы прапаноўвалі праводзіць кампэнсацыйную замену. У гарадох век дрэваў карацейшы, чым дзе. Сапраўды, на Савецкай плошчы зеляніна стварала неабходны аб’ём, які хаваў гэты аграмадны і нехарактэрны для гораду каньён, утвораны па вайне. Цяпер наладзілі пасадку новых дрэваў і з часам гэты аб’ём будзе адноўлены.

НН: За палітычнае графіці, фактычна за надпісы на сьцяне, Артур Фінькевіч адбывае два гады ў калёніі. А якую адказнасьць прадугледжвае закон за зьнішчэньне ці пашкоджаньне помніка архітэктуры?

І.Ч.: Адміністратыўны кодэкс прадугледжвае штрафныя санкцыі. Напрыклад у Пінску за выяўленае парушэньне ў часе добраўпарадкаваньня плошчы Леніна адказную асобу паводле КаАП пакаралі штрафам у 300 тыс. руб. Не магу сказаць, якое пакараньне будзе ў Віцебску, дзе робячы абсалютна карысную справу — праводзячы дзюкер у рамках праграмы «Чыстая вада», на адрэзку даўжынёй у 24 м пашкодзілі асабліва каштоўны культурны слой. З гэтай нагоды заведзеная крымінальная справа, ідзе сьледзтва. У любым разе суворасьць пакараньня залежыць ад ступені шкоды, ці важнасьці аб’екту.

НН: Наконт сучаснай Горадні выказваюцца розныя, часам супрацьлеглыя меркаваньні — адны кажуць, што няма больш каралеўскага гораду, іншыя мяркуюць, што Горадня пазбаўляецца ад непатрэбшчыны, прыгажэе з кожным днём. Як вы ацэньваеце пэрспэктывы гораду, як гісторыка-культурнага, турыстычнага цэнтру?

І.Ч.: Колькі б мы не казалі пра нейкія прыгожыя пэрспэктывы, усё найперш залежыць ад інвэстыцыяў. У камэнтарах да таго сьпісу правільна заўважылі, што ў Горадні вельмі мала месцаў для любога віду адпачынку. Думаецца, што пасьля гэтай рэканструкцыі будзе зьвернутая ўвага на больш функцыянальнае выкарыстаньне забудовы. Вельмі спадзяюся на вельмі якасны, паўтаруся, праект аднаўленьня Савецкай вуліцы. Правільна было заўважана, што горад пазбаўляецца некаторых недарэчнасьцяў. 19 красавіка ў выязная рада ўздымала пытаньне неабходнасьці аналізу гарадзкой забудовы і выдаленьня шматлікіх гаспадарчых пабудоў з двароў, якія, як слушна заўважылі, не прывабліваюць турыстаў. Больш за тое, вызваленыя месцы зоймуць дзіцячыя пляцоўкі, двары стануць больш утульнымі і камфортнымі.

Вялікую праблему ўяўляе пытаньне стаянак аўтамабіляў ды ўвогуле транспарту. Вакол рэканструкцыі старога моста вядзецца гарачая дыскусія. Ім займаецца НІІ «Горадняграмадзянпраект». Колькасьць транспарту ў горадзе павялічыла за апошні час у тры разы і вы ўяўляеце, якая нагрузка ідзе на гэты мост. Пралічана, колькі сродкаў запатрабуе рэканструкцыя моста. Вядома, ніхто ня супраць пабудовы чацьвёртага мосту, але ўявіце, колькі спатрэбіцца на гэта, а таксама на ўпарадкаваньне адпаведных вуліцаў, сродкаў. Гэта ізноў пытаньне інвэстыцыяў.

Вельмі добра, што ладзіцца такая дыскусія.Тыя прапановы, што паступалі да гарадзенскіх уладаў ад Міністэрства, а таксама некаторыя моманты з альтэрнатыўнага пляну разьвіцьця транспартнай сыстэмы, прынятыя да ведама і выкарыстоўваюцца, тым больш, што месцамі яны супадаюць з Генплянам. Дадаткова вырашаецца праблема чыгуначных пераездаў, напрыклад у паўночнай частцы гораду, што дазволіць істотна разгрузіць вуліцы ад транспарту.

Калі казаць аб прынятых рашэньнях, то што б ні казалі, ні адно зь іх не пранятае ў абыход закону. Дрэннае рашэньне — калі ласка, давайце мяняць закон. Але трэба ўлічваць, што законы не працуюць у адрыве адзін ад аднаго — ні закон ад ахове гістарычнай спадчыны, ні закон аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасьці, ці нарматывы па арганізацыі праектнай дакумэнтацыі. Толькі комплексна, інакш будзе хаос.

Справа гэта вельмі няпростая, неадназначная. Трэба размаўляць, спрачацца, але хацелася, каб дыскусія вялася навукова і прафэсійна.

Гутарыў Сямён Печанко
Наша Ніва

Чытайце таксама:

18.10.2007 Апошні раз пра мост

18.10.2007 Ігар Барысік: “Гораду лепш мець чатыры масты, чым тры”

14.10.2007 Адказ таварышчу Ігару Чарняўскаму, або колькі будынкаў разбурылі ў Горадні апошнім часам

20.09.2007 Рэканструкцыя Савецкай вуліцы, падвядзенне вынікаў

20.09.2007 Бардзюры 'Magistrat miasta Grodno' так і не з'явіліся на Савецкай вуліцы


Дадаць каментарый
Імя*:
E-mail:
Каментарый*:
тры адзін два пяць - увядзіце гэты код лічбамі (цифрами)*


* - палі, абавязковыя да запаўнення

Апошнія каментарыі:

image

22-10-2007, 09:28

Уже хорошо что есть хоть какой-то отклик, ответ на статью с этого сайта.

  
Праглядзець усе выказванні (Усяго 1)

Галоўная | Аналітыка | Артыкулы ў прэсе | Фотахроніка | Галерэя | Слаўныя імёны | Бібліятэка | Гасцёўня | Апошнія каментарыі | Статыстыка наведванняў

Архітэктура Гродна па-беларуску і па-руску Architektura Grodna po-polsku Architecture of Hrodna in English Architektur Garthen in Deutsch

Лірыка...


На кручы Каложа ў задуме, адна


Апошнія блікі рахманнага дня
За вёску лясную Ласосны запалі.
На неба ўсплыў месяц, лягла цішыня,
Заслаўшы сівымі абрусамі далі.

І чутна, як ціха пяшчотна вада
Цалуе ля замка сівыя граніты.
На кручы - Каложа ў задуме, адна
Маячыць, бы прывід, смугою спавіты.

Начамі ёй сняцца мінулыя дні -
Прад ёю крыжакаў драпежныя зграі.
Мячы, бы маланкі, палаюць агні - 
Лютуе захопнік у Прынёманскім краі.

І бачыць, як лютых прыблудаў вядуць
Бялявыя воі на конях буланых.
І чуе, як трубы Гародні гудуць
У знак перамогі над госцем нязваным.

Апанас Цыхун

Дасылайце свае вершы пра Гародню


Помнік

вул. Урыцкага 15

Слаўнае імя

Крэчэўскі Пётр Антонавіч (7.08.1879 – 8.03.1928)
старшыня Цэнтральнай беларускай гандлёвай палаты, адзін з лідэраў БПС-Ф

Прапановы па развіцці транспартнай сістэмы горада Гродна
Гродна, люты 2007 года
Гарадзенскімі і менскімі гісторыкамі падрыхтаваны альтэрнатыўны праект уладкавання транспартнай сістэмы ў гістарычным цэнтры Гродна Глядзець


Чытайце ў Бібліятэцы

Андрэй Чарнякевіч. Старонкі гісторыі Беларускай Гародні
Гэта гісторыя беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў нашым горадзе і яго ваколіцах у пачатку ХХ стагоддзя. Гэта далёка не поўная гісторыя змагання нашых слаўных продкаў гарадзенцаў за сваю незалежнасць у суверэннай Беларусі, гэта толькі нататкі, бы так мовіць першыя накіды такой гісторыі, але і гэта ўжо значная і вялікая работа. Дарэчы сказаць, вельмі шмат апавядае шаноўны аўтар і аб гісторыі многіх будынкаў, дзе адбываліся розныя лёсавызначальныя падзеі беларускай гісторыі і якія да сённяшняга дня ўпрыгожваюць наш горад. Глядзець


Вядомыя людзі пра "рэканструкцыю"

Лявон Баршчэўскі, літаратурны крытык:
Я абураны неабгрутаваным разбурэннем гістарычнага цэнтра Гародні. Асабліва непрыемна тое, што гэта дзеецца, калі грамадства абмежавана ў сваіх магчымасцях выказвацца, праяўляць актыўнасць. Падтрымліваю змаганне!
Меркаванні збіраюцца моладзевай інтэрнэт-газетай “Твой стыль”

“Гістарычная памяць - гэта падмурак патрыятызма і любові, падмурак шляхетнага пачуцця любові і павагі чалавека да сваёй Бацькаўшчыны. Нам добра вядома, да чаго можа прывесці занядбанне гістарычнага мінулага, таптанне правераных стагоддзямі маральных каштоўнасцяў, на якіх трымаецца пераемнасць пакаленняў. Непазбежным наступствам гэтага занядбання памяці з'яўляецца разбурэнне дзяржаваў і гуманітарныя катастрофы, якія прыводзяць да чалавечых ахвяраў, шматлікіх трагедый у лёсах людзей і цэлых краін”

А.Р. Лукашэнка
з прамовы падчас асвячэння ракі святой Ефрасінні Полацкай


Рэканструкцыя - аднаўленне чаго-небудзь па апісаннях ці рэштках, якія захаваліся
(Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, 1999)


Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка  KAMUNIKAT.ORG

Save Hrodna !

Моладзевы інтэрнэт-праект 'Твой стыль'

Нашыя дзеткі

Радзіма майго духу

МГА Гісторыка: Робім гісторыю разам !

Rating All.BY

ewropa.blox.pl

Архітэктура Гродна: гісторыя і сучаснасць