Нашыя гарады становяцца ўродлівымі (Süddeutschzeitung) Süddeutschzeitung, 8 жніўня 2007 года
Будаўнічае разбурэнне Горадні працягваецца
Горадня – прыгожы горад, чаго не скажаш пра большасць беларускіх гарадоў. Гэтая большасць з цяжкасцю перажыла войны, нацысцкую акупацыю і сацыялізм. Горад на захадзе краіны, які апынуўся ў трохкутніку Польшчы, Літвы і Беларусі, захаваў шматлікія гістарычныя будынкі, храмы і палацы, якія паходзяць з часоў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расейскай імперыі. Працяглы час горад быў рэзідэнцыяй польскіх каралёў. Саксонец Аўгуст ІІІ, напрыклад, загадаў збудаваць у Горадні палац па праектам дойлідаў, якія праектавалі палац Цвінгераў у Дрэздэне. Гістарычную спадчыну амаль 900-гадовага горада ў Беларусі ацэньваюць як унікальную і асабліва каштоўную. Тут захавалася шмат мясцін, якія дазваляюць меркаваць пра агульную гісторыю краіны і з’яўляюцца ключом да разумення складанай беларускай самаідэнтыфікацыі. Не дзіўна, што Гарадзенская вобл. з’яўляецца аплотам нацыянальна-кансерватыўнай апазіцыі.
У будучым Горадні пагражае ператварэнне ў няслаўны прыклад адзінага ў сваім родзе дрэннага аднаўлення архітэктурных помнікаў, а, фактычна, іх добраахвотнага разбурэння. З моманту як гістарычны цэнтр горада на Нёмане (Мемеле) у адпаведнасці з зацверджаным у 2005 г. архітэктурным праектам быў “пастаўлены з ног на галаву” пачаўся ўзрастаючы супраціў. Блогеры, крытыкі і актывісты грамадскага супраціву пачалі адкрыта казаць пра “разбурэнне Горадні”. Каля 70 будынкаў канца ХІХ – пачатку ХХ ст. павінны быць знесеныя дзеля пашырэння вуліцаў, расчысткі тэрыторыі для прыбытковых новых будоўляў і прыцягнення інвестараў. Ужо зараз па розных звестках былі знесеныя ад 20 да 40 будынкаў.
На пачатку жніўня быў разбураны будынак ХІХ ст. “З большага гэта робіцца ўладамі ў таямніцы”, - гаворыць адзін з актывістаў. “Органы ўлады выкарыстоўваюць бульдозеры без папярэдняга паведамлення. Калі мы атрымліваем інфармацыю, то размяшчаем свой пост каля помніка архітэктуры і спрабуем спыніць экскаватары. Мы можам затрымаць іх толькі на кароткі час Але пры гэтым мы прыцягваем увагу да таго, што адбываецца. Удзельнікі супраціву ўжо зведалі і турэмнае заняволенне, і грашовыя штрафы. Першыя сутыкненні былі звязаныя з перабудовай Савецкай плошчы, на якой дамінуе вядомы барокавы езуіцкі касцёл. Падчас працаў былі пашкоджаныя падмуркі Палаца Радзівілаў і Ратушы. Археолагі не мелі магчымасці правесці нармальныя археалагічныя раскопкі.
Хаця польскія дэпутаты Еўрапарламента і адзін з лідараў беларускай апазіцыі, гарадзенец Аляксандар Мілінкевіч і зьвярнуліся з адпаведнымі лістамі ў ЮНЭСКА, іхныя дзеянні не прынеслі вялікага посьпеху. Адміністратар сайта harodnia.com, на якім дакладна фіксуюцца ўсе выпадкі разбурэння, спрабаваў у гэтым годзе прыцягнуць увагу да сітуацыі з дапамогай ліста для наведвальнікаў Інтэрнэту. “Гісторыкі, - адзначаецца ў гэтым лісце, - спадзяюцца на будучыню, якая не будзе зруйнаваная бульдозерамі”.
Галоўны архітэктар Горадні Уладзімір Анісімаў абараняе дзеянні ўладаў, заяўляючы, што яны “даюць гораду новыя перспектывы”. “Замежныя госці лічаць, што атмасфера горада змянілася. У Горадні з’явіліся адрамантаваныя фасады, дахі. Горад стаў чысцейшым”. Не сакрэт, што беларускаму прэзідэнту Лукашэнку падабаецца, калі турысты прыязджаюць у яго краіну. Гэтай мэце і служаць “мерапрыемствы па рэканструкцыі”.
Рэальныя вынікі сапраўды жахлівыя. Нараджаюцца нейкія гратэсковыя фасады і будынкі, дзіўныя і неадпаведныя сваім гістарычным арыгіналам копіі. Найчасцей яны пафарбаваныя ў жоўта ружовы і мятна зялёны колеры. Маставыя плошчаў пакрываюцца танным брукам, і на іх ўсталёўваюцца ліхтары ў стылі рэтра. Атрымалася мяшанка штучнага пейзажу і Легаландыі. Дылетанцкая халтура ў часе рэстаўрацыйных працаў і разбурэнні ў стылі савецкіх традыцыяў не з’яўляюцца для Беларусі нейкім адзінкавым выпадкам. Падобнае можна назіраць ў старых кварталах Менску, Берасця, Нясвіжу, Навагрудку. Як вынікае з матэрыялаў Міжнароднай Рады па ахове помнікаў і гістарычных месцаў (Icomos) “за апошнія 10 гадоў Беларусь страціла 100 археалагічных аб’ектаў”.
Неўзабаве можна будзе сказаць: “Горадня была цудоўным горадам”.
Süddeutschzeitung
Пераклад Марыі Смалянчук
|