Вёска Гожа адносіцца да ліку найбольш старадаўніх населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснага Гродзенскага раёна. Археалагічныя матэрыялы сведчаць аб існаванні паселішча каля сутоку рэчак Гожкі і Нёмана ўжо ў XIII ст., аднак першая дакладная згадка аб Гожы адносіцца да 1385 года.

У “Апісаннях літоўскіх дарог”, якія складаліся крыжакамі з мэтай складання найбольш зручных маршрутаў для паходаў на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага, згадваецца населены пункт Ussa або Vsa, каля якога крыжацкія атрады бродам перапраўляліся праз Нёман і правым берагам ракі ішлі да Горадзена. Менавіта так у перакладзе на старанямецкую мову гучала назва Ожы, старажытнага паселішча над Нёманам.


Пачатак уздыму Ожы адносіцца да канца ХV ст., калі тут была заснавана рыма-каталіцкая парафія, а сама Ожа атрымала права на самакіраванне. Парафія была створана згодна з прывілеем вялікага князя літоўскага Казіміра ў 1492 г., дзеля духоўных патрэбаў жыхароў Гродзенскага і Пераломскага паветаў, на вялікіх абшарах па абодвух берагах Нёмана. Па ягоным загадзе тут быў пабудаваны касцёл св. Апостала Паўла. Гэты прывілей у 1494 г. падцвердзіў вялікі князь Аляксандр. Зыходзячы з таго, што тэрыторыя парафіі ахоплівала землі, населеныя пераважна балтамі, або іх славянізаванымі нашчадкамі (нават назву мястэчка Ожа некаторыя даследчыкі выводзяць ад літоўскага Ožys – дзікі казёл, касуля), можна меркаваць, што і стваралася яна менавіта дзеля іх, фармальна ахрышчаных ў каталіцтва яшчэ ў 1386 г. Парафія ў Ожы была вельмі вялікая па памерах і мела значныя ўладанні па-за Нёманам. На левым беразе Нёмана, там, дзе сёння ляжыць вёска з аднаіменнай назваю, знаходзіўся надзел Монькавічы, або Монькаўцы. У пушчы парафіі былі нададзены 7 рыбных азёраў каля цяперашняй вёскі Калеты, якія мелі назвы Кавеня, Яндрэня, Чорнае (Чарнэ), Доўгае (Длуге), Круглячак, Вензовец і Ночвідак.


Прыкладна ў гэты час Ожа атрымала статус мястэчка і пераўтварылася ў цэнтр Ожскага (або Ожска-Пераломскага) павета. Павет размяшчаўся па абодва бакі Нёмана, вузкай паласой цягнуўся на паўночны-захад аж да прускай мяжы, на поўдні межаваў з Гродзенскім паветам (паводле матэрыялаў валочнай памеры 1561 года мяжа Гродзенскага і Ожскага паветаў праходзіла на поўнач ад вёскі Зарыца). Межы павета ўцэлым супадалі з межамі Ожскай рыма-каталіцкай парафіі, на поўдзень ад яго жыло пераважна праваслаўнае насельніцтва, таму некаторыя даследчыкі лічаць, што мяжа Ожскага і Гродзенскага паветаў адпавядала беларуска-літоўскай этнаграфічнай мяжы канца XV ст. Каля 1569 года Ожскі павет увайшоў у склад Гродзенскага павета Трокскага ваяводства. Ожа мела статус мястэчка напрацягу XVI і XVII ст.ст. Яе жыхары лічыліся мяшчанамі, напрыклад, у 1557 г. згадваецца ожская мяшчанка Ягнежка Одраная, у мястэчку размяшчалася павятовая адміністрацыя (ураднік, цівуны), існаваў перавоз праз Нёман. Мясцовае паданне сцвярджае, што Ожа нават атрымала прывілей на Магдэбургскае права і мела свой герб – выяву касулі на блакітным полі, што, быццам, адпавядала гістарычнай назве мястэчка.


У 1655 годзе, падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім царствам, Ожа была спалена маскоўскім войскам. Тады згарэў і старадаўні гажанскі касцёл. Адбудоўваць мястэчка пачалі не на першапачатковым месцы – на ўзвышшы на поўдзень ад Гажанкі, а крыху на поўнач, ужо на правым беразе Гажанкі, каля сутоку яе з Нёманам.


Ушчэнт разрабаванае і панішчанае вайной мястэчка Сойм 1662 года прызначыў у якасці кампенсацыі шляхце, якая паўцякала з адышоўшага да Маскоўскага царства Смаленскага ваяводства. Прывілей смаленскай шляхце на Гожу (сваю сучасную назву Гожа, а не Ожа, вёска набыла акурат у пачатку XVIII ст.) падцвярджаўся соймам Рэчы Паспалітай у 1670, 1672, 1690, 1717, 1769 і 1775 гг. Недзе да пачатку XVIII ст. новыя уладары Гожы не чапалі прывілеяў гожскіх мяшчан, што, напэўна, было звязана з неабходнасцю эканамічнай адбудовы краю пасля вайны 1654-1667 гг. і наступнымі падзеямі паўночнай вайны, аднак хутка сітуацыя змянілася. Ужо ў 1671 годзе Гожа была пазбаўлена права на самакіраванне і падзелена паміж шляхіцамі Якубам Ваявудзкім і Юрым Пузынам. У 1726 годзе старадубскі маршалак Міхал Перасвет-Солтан “наехаў на Ожу, прымушаючы людзей вольных да паншчыны, нямала іх пазабіваў, другіх паразганяў.” Хаця канфлікты з Солтанамі адбываліся і раней (напрыклад, каля 1711 г.), але менавіта 1726 год можна лічыць датай канчатковага пераўтварэння Гожы ў прыватнаўласніцкую вёску. Гажанцы сустрэлі запрыгоньванне супрацівам, многія пачалі уцякаць, асабліва ў землі каталіцкіх і ўніяцкіх манастыроў (напрыклад Русоту і Чашчаўляны). Так нават у 1739 годзе нашчадкі Міхала Солтана Віктар, Антон і Марцін судзіліся за сыноў забітага ў 1726 г. гажанца Трэмбовіча, якія ўцяклі да гродзенскіх базыліянаў. Базыльяне адказвалі, што стары Трэмбовіч пасяліўся ў Гожы ў тыя часы, калі яе жыхары былі асабіста вольнымі людзмі і ніякай паншчыны не адбывалі, таму пяць яго сыноў пасля забойства бацькі мелі поўнае права перасяліцца ў іншае месца.

 


Нягледзячы на тое, што з гэтага часу Гожа з’яўлялася звычайнай вёскай, яна працягвала заставацца рэлігійным цэнтрам ваколіцы. У 1715 годзе пры плябаніі касцёла існавала школа, дзе навучалася некалькі дзяцей.


У сакавіку 1787 г. тагачасны ўладальнік Гожы Ігнацій Сівіцкі за 98 тысяч злотых прадаў вёску мастаўнічаму Смаленскага ваяводства Юльяну Сільвестровічу. Тры пакаленні Сільвестровічаў валодалі Гожай аж да адмены прыгоннага права ў 1861 г.


Уявіць жыццё гажанцаў у сярэдзіне ХІХ ст. дае нам магчымасць інвентар маёнтка Гожы, складзены ў 1845 годзе. У вёсцы ў гэты час жыло 135 мужчын і 139 жанчын – прыгонных памешчыка Сільвестровіча, якія аб’ядноўваліся ў 27 сялянскіх двароў. Да маёнтка належала больш за 1500 дзесяцін зямлі, з іх 995 знаходзілася ў валоданні сялян, а рэшту сяляне апрацоўвалі падчас паншчыны. Апрацоўвалі зямлю галоўным чынам валамі, якіх у вясковых гаспадароў было прыкладна ў два разы больш, чым коней (адпаведна 70 і 32). Сяляне мелі больш за 430 галоў рознага хатняга быдла. Кожная гаспадарка адбывала на карысць памешчыка 3 дні цяглага і 3 дні пешага прыгона на тыдзень, 12 дзён згонаў на год, па чарзе несла начную варту ў маёнтку і займалася рамонтам дарог, мастоў і інш. За дзень паншчыны гаспадар павінен быў парай валоў разгараць 1/3 частку дзесяціны. За сур’ёзныя “проступки” селянін мог атрымаць ад 5 да 20 удараў розгамі.


Апрача Сільвестровічаў, значныя валоданні ў Гожы і ваколіцах меў рыма-каталіцкі касцёл. Паводле інвентара 1838 года Гожскай парафіі належала 210 дзесяцін зямлі, некалькі сялянскіх двароў у вёсцы Барбарычы і фальварак Плябанішкі з млыном на рэчцы Лешніцы і сукнавальняй. Восем чалавек служыла пры касцёле (прачкі, кучар, кухар), тры пры касцельнай богадзельні. Царскія чыноўнікі ацэньвалі жыццё жыхароў Гожы як даволі цяжкае, найперш па прычыне дрэннай якасці глебы: “Кроме обыкновенного хлебопашества никаких промыслов здешние крестьяне не имеют, ни в каких рукоделиях неискусны, все нужды своей жизни и платёж податей удовлетворяют збытом самих только плодов земли, какой владеют пахотной вовсе песчаной и не плодородной по 10 десятин и сенокосной болотной по 2 ½ десятины, пастбищ почти вовсе не имеют, для того состояние их есть бедное.”

 


Значную ролю ў гісторыі Гожы адыграла і нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863 года. Тагачасны ўладальнік маёнтка Гожа Станіслаў Сільвестровіч (1833-1910 г.), унук Юльяна і сын Івана Сільвестровічаў, прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы паўстання і летам 1863 заняў месца гродзенскага ваяводскага паўстанцкага камісара. У Гожы функцыянаваў важны пункт для ажыццяўлення сувязяў паміж Гродна і Вільняй, Гродзенскай губерняй і Царствам Польскім. Пасля падаўлення паўстання С.Сільвестровіч быў высланы ў Сібір на катаржныя работы, маёнтак перададзены Палаце дзяржаўных маёмасцей а ў вёсцы размешчаны расійскі вайсковы атрад.


Наступныя дзесяцігоддзі жыхары вёскі правялі ў змаганні з ўзрастаючай пагрозай русіфікацыі. Так у 1867 годзе жыхар Гожы Восіп Роман заснаваў падпольную школку, дзе выкладаў польскую мову. Школка, аб існаванні якой ведаў нават гожскі валасны старшыня, была ліквідавана, а яе стваральніка на два тыдні пасадзілі ў турму. У сваю чаргу, расійскія ўлады добра ўсведамлялі неабходнасць арганізацыі сярод мясцовага насельніцтва адукацыі на рускай мове для рэалізацыі сваіх ідэалагічных мэт. Яшчэ ў 1885 годзе адзін з адказных расйскіх чыноўнікаў пісаў: «Население всей Гожской волости составляет сплошную массу Католического вероисповедания, которое относилось и относится очень несочувственно к устройству среди его народного училища на общем основании, а потому эта волость составляет единственное исключение в котором от восстания 1863 года по настоящее время ещё не открыто ни одного народного училища, между тем оно в с. Гожа необходимо больше, чем в какой-либо другой местности чтобы воспитать молодое сельское поколение в духе преданности и любви к Русскому правительству и препятствовать в нём развитию католического фанатизма и связанными с ним вредными последствиями, а также отвлекать от влияния католического духовенства, которое в Гожской волости очень сильно».

 

 

 


Народнае вучылішча ў Гожы было адчынена 13 лістапада 1887 года. У тым самым годзе ў ім навучалася 49 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі (46 католікаў, 4 праваслаўных і 2 іудэя). Навучаліся ў ім дзеці не толькі з Гожы, але і з Пальніцы, Лешніцы, Верхаполля і Азяркоў. Пры вучылішчы пастаянна жылі 4 хлопчыка з аддаленых вёсак. Усяго на будаўніцтва ўстановы было патрачана 1600 рублёў з казны і ахвяраванняў сялян.


Усе прадметы выкладаліся па-руску. Закон Божы ў вучылішчы павінен быў выкладаць тагачасны настаяцель парафіі ксёндз Вярцінскі, аднак апошні весці заняткі па-руску адмовіўся, свердзіўшы, што мясцовае насельніцтва хоча, каб заняткі праводзіліся па-польску. У выніку ксёндз быў папярэджаны, што, або пачне выкладаць па-руску, або будзе высланы з парафіі ў іншае месца.


Першая сусветная вайна закранула Гожу ўжо ў самым пачатку 1915 года. Недалёка ад вёскі знаходзіўся пабудаваны расійскімі вайскоўцамі мост праз Нёман, які з’яўляўся стратэгічным аб’ектам, асабліва ў выпадку наступлення германскіх войскаў на Гродна з поўначы. За авалоданне пераправай ў лютым 1915 года вяліся зацятыя баі. На працягу лета 1915 г. ў вёсцы знаходзілася аддзяленне Беларускага камітэту дапамогі пацярпелым ад вайны.


Паводле перапіса 1921 года ў Гожы было 96 дамоў і жыло 540 чалавек (з іх толькі 3 праваслаўных і 2 іўдэя, усе астатнія каталікі). Усё жыхары вёскі запісаліся палякамі. У 1921-1939 гг., у час, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, Гожа была цэнтрам гміны Гродзенскага павета. Пасля 1944 года Гожа - цэнтр сельсавета Гродзенскага раёна.

Вашкевіч Андрэй

Scroll to top